epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Выдатны пісьменнік і чалавек

«Пісьменнік вялікай душы»,— кажуць пра Кузьму Чорнага людзі, якія добра ведаюць яго творы. А той, каму давялося сустракацца з ім у жыцці, хто бачыў яго ў часе працы і ў часе адпачынку, за пісьмовым ці за бяседным сталом, скажа яшчэ, што ён быў цудоўным чалавекам, крыштальна чыстым у сваіх адносінах да людзей і да сваіх грамадскіх абавязкаў.

Вялікі знаўца чалавечай душы, ён умеў падмячаць самыя няўлоўныя яе праяўленні і пасля, ці то ў мастацкім творы, ці ў жывым апавяданні, умеў трапна, яскрава, найчасцей з уласцівым яму гумарам, перадаць свае нагляданні. Чалавек, пра якога ён расказваў, уставаў перад вамі як жывы, з усімі сваімі характэрнымі рысамі.

Але не за адну гэту, дарэчы сказаць, вельмі каштоўную для пісьменніка якасць палюбіў савецкі чытач творы Кузьмы Чорнага, а перш за ўсё за глыбокія думкі і пачуцці, якія ў іх заложаны. Нават у самых «забаўных» з вонкавага боку яго апавяданнях вы сустрэнеце тое, што вас глыбока зацікавіць і ўсхвалюе, бо пісьменнік закранае ў іх жыццёва важныя пытанні і раскрывае істотныя бакі характару і псіхікі сваіх герояў.

Дзяцінства і юнацтва пісьменніка прайшлі ў дарэвалюцыйныя часы. Сын батрака, Кузьма Чорны з малых год наглядаў гаротнае жыццё вясковай беднаты і сам зазнаў усе нягоды гэтага жабрацкага жыцця. Уражанні юнацкіх год надоўга засталіся ў яго чулай душы і сталі зместам першых яго апавяданняў.

Чалавек, пакрыўджаны і прыбіты сацыяльнай несправядлівасцю, але багаты сваім унутраным зместам, моцнымі пачуццямі і глыбокімі перажываннямі, з’яўляецца адной з цэнтральных фігур першага этапу творчасці Кузьмы Чорнага.

Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя вызваліла працоўнага чалавека ад прыгнёту і эксплуатацыі, але траўмы, нанесеныя звярынымі звычаямі капіталістычнага грамадства, не так хутка зажываюць, і перажыткі капіталізма ў свядомасці людзей, перш за ўсё пачуццё ўласнасці, прагнасць да нажывы, не так хутка выкараняюцца.

Многія творы Кузьмы Чорнага, і ў тым ліку адзін з лепшых яго твораў — раман «Трэцяе пакаленне», прысвечаны паказу таго, як свядомасць простага чалавека паступова ачышчаецца ад смугі поглядаў і звычаяў капіталістычнага грамадства, як абломкі эксплуататарскіх класаў, нягледзячы на ўсю сваю звярыную лютасць, аказваюцца бяссільнымі перад новым савецкім чалавекам і вымушаны сысці са сцэны, каб назаўсёды адысці ў нябыт.

Поспехі сацыялістычнага будаўніцтва ў нашай краіне, вялікія дасягненні беларускага народа на гаспадарчым і культурным фронце адкрывалі перад пісьменнікам новыя гарызонты і перспектывы. На абноўленай роднай зямлі ён убачыў новых людзей, душу якіх не верадзілі старыя раны, нанесеныя капіталістычным ладам, не зацямнялі свядомасці людзей, узрошчаных Камуністычнай партыяй і савецкай уладай, старыя звычаі і забабоны. Творчасць пісьменніка ўзбагацілася новымі вобразамі. Гэта вобразы лепшых людзей савецкай прамысловасці, якія ўсвядомілі ўсю веліч задач сацыялістычнага будаўніцтва і для якіх праца стала справай славы, доблесці і геройства; гэта таксама вобразы перадавых людзей савецкай вёскі, якія не толькі самі пазналі ўсю перавагу калгаснага ладу, але арганізуюць і вядуць за сабой іншых, хто яшчэ хістаецца, аглядаючыся на сваю аднаасобніцкую палоску.

Раскрыццю душы працоўнага чалавека ў працэсе яго росту прысвечаны шмат якія творы Кузьмы Чорнага. Разам з тым творчую ўвагу мастака прыцягваў гістарычны лёс беларускага народа, яго цяжкая мінуўшчына і светлая будучыня. Пісьменніка асабліва хваляваў лёс тае часткі беларускага народа, якая ў сілу гістарычнай несправядлівасці да 1939 года не была вызвалена ад кайданоў няволі. Непасрэдная блізкасць граніцы ад родных мясцін пісьменніка і шматлікія іншыя факты штодзённа напаміналі яму аб тым, што побач з намі існуе іншы, драпежны і варожы нам, свет, што амаль палова беларускага народа пакутуе яшчэ пад прыгнётам польскіх памешчыкаў і капіталістаў. Невыпадкова першае сваё апавяданне «На граніцы» пісьменнік прысвяціў гэтаму хвалюючаму пытанню. У далейшым ён не раз, у многіх сваіх творах, так ці іначай закранаў гэту тэму. Пакуты беларускіх працоўных пад прыгнётам панскай Польшчы і радасны момант іх вызвалення найбольш яскрава паказаны пісьменнікам у глыбока прачулай п’есе «Ірынка».

Кузьма Чорны горача любіў сваю вялікую Савецкую Радзіму, радаваўся таму, што беларускі народ, уз’яднаны ў адзінай савецкай дзяржаве, з кожным днём прымнажае свае поспехі і дасягненні. І калі фашысцкія драпежнікі, раптоўна напаўшы, часова акупіравалі тэрыторыю Беларусі і залілі беларускую зямлю крывёю нявінных людзей, пісьменнік балюча гэта перажываў. З першага дня Айчыннай вайны ён аддае ўсе свае сілы і здольнасці барацьбе з заклятым ворагам. Яго выдатныя апавяданні гэтага часу — «Вялікае сэрца», «Бацька», «Маленькая жанчына» і іншыя — паказваюць мужнасць і гераізм беларускага народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі, прасякнуты вялікай любоўю да Савецкай Радзімы і гарачай нянавісцю да ворага.

Цяжкая хвароба ў часе вайны надламала сілы пісьменніка, але не спыніла яго творчага гарэння. Перамагаючы хваробу, ён працаваў над новымі буйнымі творамі — «Вялікі дзень», «Скіп’ёўскі лес». Пісьменнік не расставаўся са сваёй запаветнай марай — напісаць серыю раманаў і аповесцей, каб у мастацкіх вобразах адлюстраваць гісторыю беларускага народа ад паншчыны і да нашых дзён. Заўчасная смерць не дала яму ажыццявіць гэту вялікую і высакародную задуму, але і тое, што ён зрабіў за 21 год творчай працы, з’яўляецца багатым укладам у скарбніцу беларускай савецкай літаратуры і каштоўным здабыткам нашага народа.

Сёння, калі савецкая грамадскасць адзначыла пяцідзесяцігоддзе з дня нараджэння Кузьмы Чорнага, мы з асаблівай цеплынёй успамінаем светлы вобраз гэтага выдатнага пісьменніка і чалавека, які ўсё сваё жыццё і талент аддаў на карысць народа.

1950


1950

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан