epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

З «барышом» (Па селькораўскіх допісах)

П’янства, цемра ды разбой,

Ад гарэлкі шмат бяды...

Вось што піша дзядзька «Свой»

Нам з Прылуцкай Слабады.

 

Парсюка ці, можа, свінку

(Нешта мне не ў галаве)

Прадаў сёлета на рынку

З гэтай вёскі чалавек.

 

Як заведзена спрадвеку,

Думаў: «Мо не саграшу,

Калі з добрым чалавекам

Вып'ю чарку барышу».

 

Ну і выпіў — ёлкі-палкі! —

Ногі водзяць у бакі.

Выйшаў, бухнуўся ў развалкі:

— Но! Пайшоў, сякі-такі!

 

Дзядзьку блюзніцца спрасонку,

Што пад ім не сані — печ:

Паздзіраў ён з ног валёнкі,

Апранаху скінуў з плеч.

 

Едзе дзядзька, свішча носам,

Нібы дома ўклаўся бах:

На чарэні добра босым

Грэцца з люлькаю ў зубах.

 

Ну і быў жа ён «харошы»,

Як да памяці прыйшоў!

Нос адмёрз, прапалі грошы,

Ногі — пара ледашоў.

Вось якое ліха стала!

«Пакараў, няйначай, бог»:

І без грошай, і без сала,

І кульцяпкі замест ног.

 

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 216-217
Крыніца: скан