epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

З фашыстоўскай падваротні

У засценку трушчаць косці,

Пан Луцкевіч чэша ў госці;

Там за працай кат, кат,—

Пан Луцкевіч рад.

 

Даў ахвяру ў рукі ката,—

Не благая будзе плата:

Пан Луцкевіч — нюх, нюх —

Чуе смачны дух.

 

Ён на кухню ваяводы

Дасканала знае ходы:

Пан Луцкевіч — гаў, гаў,

Каб Кіртыкліс даў.

 

Ваяводу ён дагодзіць:

Так на задніх лапках ходзіць,

Так лісліва — віль, віль.

Пап Луцкевіч, піль!

 

Пан Кіртыкліс кінуў злоты,

Пан Луцкевіч ліжа боты:

Так старанна — лізь, лізь,

Каб аж боты — блісь!

 

Пёс рахманы ды ласкавы,

Даць яму вяндліны й кавы!

Пан Луцкевіч, еш, еш,

Будзеш гаўкаць лепш.

 

Начапі на шыю смела

Банцік бел-чырвона-белы.

Як адслужыш — трах, трах:

Не вялікі страх.

 

Вось яшчэ кілішак «вудкі»,

А цяпер — пайшоў да будкі!

Пан Луцкевіч, ляж, ляж,

— Я, паночак, ваш.

 

Шчэрыць зубы на ўсход сонца,

І гайсае па старонцы

Яго верны брэх, брэх —

Здрадзіць пану грэх.

 

А за ім яшчэ паўсотні

З фашыстоўскай падваротні

На працоўных — гыр, гыр! —

«За грамадскі мір».

 

Ланцугі аднак жа рвуцца:

Будзе пану, будзе й сучцы:

Будуць суку біць, біць,

Будзе з панам выць.

 

1932


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 237-238
Крыніца: скан