epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

З народам

Карціна першая
Карціна другая
Карціна трэцяя
Карціна чацвёртая
Карціна пятая
Карціна шостая
Карціна сёмая


ДРАМА Ў СЯМІ КАРЦІНАХ

 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ:

Гудовіч Павел Андрэевіч — кампазітар, 50 год.

Ганна Якаўлеўна — яго жонка.

Браніслава Адамаўна — пляменніца Ганны Якаўлеўны, 32 гады.

Юля Муравіцкая — партызанка.

Шкуранкоў Антон Еўдакімавіч — кампазітар, 60 год.

Марфа Пятроўна — суседка Браніславы Адамаўны, 55 год.

Максіменя Антон Іванавіч — сусед Гудовіча, партызан.

Мігуцкі Анатоль Захаравіч — загадчык аддзела мастацтва пры немцах.

Людвіг Шуфт — афіцэр, гестапавец.

Стракач — перакладчык у гестапа.

Жабрак.

Камісар партызанскага атрада.

Гараджане, партызаны, нямецкія салдаты, паліцэйскія.

 

Дзея адбываецца ў 1941—1942 гг. у адным з акупіраваных гарадоў Беларусі.

 

Карціна першая

Летняя раніца. Вялікі пакой у кватэры Гудовіча. У задняй сцяне — дзверы ў калідор. У левай — дзверы ў суседні пакой. Вокны адчынены. Косыя праменні сонца кладуцца на падлогу, на засланы каляровым абрусам стол. Лёгкі ветрык пакалыхвае фікусы. Гудовіч у халаце — дрэмле, седзячы ў крэсле. Ганна Якаўлеўна ўваходзіць з вядром і конаўкай. Яна на момант спыняецца ў дзвярах, глядзіць на Гудовіча, потым на цыпачках падыходзіць да фікусаў.

Гудовіч (не паварочваючы галавы). Гэта ты, Аня?

Ганна Якаўлеўна. Прабач, я цябе пабудзіла.

Гудовіч. А я і не спаў... Так, драмаў трошкі.

Ганна Якаўлеўна. А ты лёг бы ў пасцель.

Гудовіч. У восем гадзін раніцы? Хто ж гэта кладзецца?

Ганна Якаўлеўна. Той, хто да васьмі не клаўся.

Гудовіч. Дык гэта не я.

Ганна Якаўлеўна. А хто ж гэта ноччу ўставаў?

Гудовіч. А ты і гэта бачыла?

Ганна Якаўлеўна. Бачыла.

Гудовіч. Ну, дык гэта ты і не спала да васьмі гадзін. То табе і трэба легчы ў пасцель.

Ганна Якаўлеўна. Праўда, і я не спала. Учора нахвалявалася.

Гудовіч. Чаго ж хвалявацца? Усё добра абышлося.

Ганна Якаўлеўна. Добрае хваляванне таксама спаць не дае. Ты ж ведаеш, як я заўсёды перажываю і твае поспехі, і твае няўдачы.

Гудовіч. Адно месца ў арыі ўсЁніяк не ўдавалася. А тут раптам прыйшло ў галаву. Прыйсці-то прыйшло, а выйсці ніяк не выходзіла. Я і так, я і гэтак варочаўся — не магу заснуць дый годзе. Прыйшлося ўставаць запісваць. Запісаў, лёг і адразу заснуў.

Ганна Якаўлеўна. Адпачыць табе трэба, Паўлуша. Не беражэш ты сябе.

Гудовіч. Скончу, тады адпачну.

Ганна Якаўлеўна. Калі тое будзе. І лета пройдзе. У дождж, у холад — што за адпачынак?

Гудовіч. Не забывайся, што ў мяне ўмова з тэатрам. К першаму жніўня я павінен клавір здаць.

Ганна Якаўлеўна. Здасі на месяц пазней, пачакаюць.

Гудовіч. Цяпер гэта мне не да твару. Чытала ў газеце: «Заслужаны дзеяч мастацтва кампазітар Гудовіч працуе над новай операй «Шчаслівая доля». Савецкая грамадскасць з цікавасцю чакае новага твора таленавітага кампазітара». Чула? (З націскам.) Савецкая грамадскасць чакае. Народ чакае. Хіба я магу падводзіць людзей, якія ўчора так цёпла мяне віталі?

Ганна Якаўлеўна. Вось як звалішся з ног, дык і падвядзеш.

Гудовіч. А чаго гэта я буду валіцца з ног?

Ганна Якаўлеўна. Таго, што ты хворы.

Гудовіч. Хворы, кажаш? Нешта я гэтага не заўважаю.

Ганна Якаўлеўна. А ці даўно скардзіўся, што ў цябе сэрца баліць.

Гудовіч. Калі тое было, што я скардзіўся? Тады, як не рабіў нічога. Ад гэтага яно і балела. А цяпер я здаровы, матухна. Як бык, здаровы.

Ганна Якаўлеўна. Храбрышся.

Гудовіч. Вось скончу оперу, а тады і адпачыць можна. У Крым ці на Каўказ. У Кіславодску хораша ўвосень. Паветра ў гарах чыстае, сумленне ў цябе чыстае — адпачывай, колькі душа жадае. За адным разам і ў нарзанчыку памокнем, сэрца падлечым.

Ганна Якаўлеўна. А Шкуранкоў у Сочы збіраецца. Пуцёўкі ўзяў ужо.

Гудовіч. Шкуранкоў мне не прыклад. У яго свае «Мары шчасця», а ў мяне свая «Шчаслівая доля».

Ганна Якаўлеўна. Не любіць ён цябе.

Гудовіч. Ведаю. Учора павіншаваў, як тры грошы даў.

Ганна Якаўлеўна. Седзячы ў зале, усё рэплікі кідаў. «Агітка,— кажа.— Не прызнаю такой музыкі». Я ледзь утрымалася.

Гудовіч. А ты не хвалюйся. Няхай не прызнае, абы мяне народ прызнаваў.

Ганна Якаўлеўна. Табе, можа, варта было б назву змяніць. Ён кажа, што ты ў яго тэму ўкраў і нават назву запазычыў.

Гудовіч. Няхай гаворыць, што хоча. Тэма шчасця гэта не яго ўласнасць, гэта спрадвечная народная тэма. Ён напісаў оперу аб тым, як народ марыў аб шчасці, але не знайшоў яго, а мая опера аб тым, як народ здабыў гэта шчасце дзякуючы савецкай уладзе.

Ганна Якаўлеўна. Гэта ўсё добра, але пра адпачынак трэба ўсё-такі падумаць. Выгляд твой мне не падабаецца.

Гудовіч. Пра выгляд мы падумаем крыху пасля, а цяпер — працаваць. (Напяваючы нешта сабе пад нос, ён ідзе ў суседні пакой.)

Ганна Якаўлеўна (ківае ўслед яму галавой). Ну, пайшоў... (Сцірае пыл з фікусаў.)

З суседняга пакоя даносяцца гукі музыкі. Паўтараюцца варыяцыі таго ж самага матыву: Гудовіч працуе. Лёгкі стук у дзверы. Ганна Якаўлеўна, не адгукваючыся, ідзе да дзвярэй, прыадчыняе. На парозе паказваецца Броня.

Броня. Дзень добры, цёця.

Ганна Якаўлеўна. Тсс... (Ківае галавой у бок суседняга пакоя.) Рана нешта ў госці прыйшла.

Броня. На работу іду. Забегла даведацца, як вы маецеся пасля ўчарашняга.

Ганна Якаўлеўна. Ды вось маемся... Павел Андрэевіч не спаў цэлую ноч.

Броня. Перахваляваўся, мабыць, учора.

Ганна Якаўлеўна. Вядома. Некаторыя шаптуны правал прарочылі, а тут поспех.

Броня. Ды яшчэ які поспех!

Ганна Якаўлеўна. Вось нервы і расхадзіліся.

Броня. На сэрца не скардзіўся?

Ганна Якаўлеўна. Храбрыцца, не прызнаецца.

Броня. А я яму парашкоў прынесла.

Ганна Якаўлеўна. Угаворваю, каб у адпачынак ішоў, дык і слухаць не хоча.

Броня. А куды ў адпачынак?

Ганна Якаўлеўна. Яшчэ не ведаем. Скончыць оперу, тады ўжо будзем думаць.

Броня. Вазьміце і мяне з сабою.

Ганна Якаўлеўна. Ды ўжо ж... возьмем цябе, сірату.

Броня. Не магу я без вас. З таго часу, як аўдавела, і дня не магу пражыць, каб не наведацца.

Ганна Якаўлеўна. А куды ж табе ісці, як не да нас? Цётка ж я табе. І Павел Андрэевіч цябе таксама любіць.

Броня. Ён мне, як бацька родны.

Ганна Якаўлеўна. Бацька-то бацька, а замуж табе трэба было б ісці. Памром мы, і застанешся адна-адзінокая.

Броня. Абы за каго я не хачу, а якога б хацела — не трапляецца.

Ганна Якаўлеўна. Трапіцца яшчэ... Маладая, прыгожая...

Гудовіч (уваходзіць). Хто гэта тут малады ды прыгожы? Ну, вядома — Браніслава Адамаўна.

Броня (ідзе яму насустрач). Добры дзень, Павел Андрэевіч!

Гудовіч. Чакай, чакай хвіліначку! (Разглядае Броню здалёк, як карціну.) Та-ак...

Броня. Што — так, Павел Андрэевіч? Вы мяне прымушаеце чырванець.

Гудовіч. Сапраўды — зноў пахарашэла.

Броня. Сур’ёзна?

Гудовіч. Досыць сур'ёзна. Працэнтаў на пяцьдзесят.

Броня. Ой! Дык якая ж я ўродзіна была дагэтуль!

Ганна Якаўлеўна (смяецца). Не ўдаўся твой камплімент.

Гудовіч (ляпае Броню па плячы). Нічога, яна мяне і так палюбіць.

Броня. Даўно люблю, Павел Андрэевіч.

Гудовіч. Доказы?

Броня. Калі ласка! Вось парашкоў вам прынесла. (Дастае з сумкі парашкі.)

Ганна Якаўлеўна (насмешліва). Каб стары не кашляў.

Броня (з дакорам). Ну што вы, цёця! Гэта для заспакаення сэрца.

Гудовіч. О не, не! Нізашто не буду піць.

Броня. Чаму?

Гудовіч. Гэта, мусіць, некае прываротнае зелле.

Ганна Якаўлеўна. Будзе яна такое дарагое зелле траціць на старога.

Броня. Сур’ёзна, Павел Андрэевіч,— выпіце! Гэта вельмі добрыя парашкі.

Гудовіч. Ах, сур’ёзна? Калі сур’ёзна, тады ведаеш што?

Броня. Што?

Гудовіч. Нясі іх назад.

Броня. Ды што вы, Павел Андрэевіч!

Гудовіч. Нясі, нясі, каб я іх не бачыў! (Выходзіць.)

Ганна Якаўлеўна. Давай сюды.

Броня. Два разы на дзень. (Аддае парашкі.) Ну, я пайшла ў бальніцу. Дзяжуру сёння. (Гукае.) Бывайце здаровы, Павел Андрэевіч!

Гудовіч (высоўвае галаву). Бывай, чараўніца! Заходзь часцей, толькі без парашкоў. Так ты мяне хутчэй прыварожыш. (Броня выходзіць.)

У акне паказваецца верх вудзільна, а потым галава Максімені.

Максіменя. Добры дзень, Ганна Якаўлеўна!

Ганна Якаўлеўна. Добры дзень, суседзе!

Максіменя. Гаспадар на рыбку не збіраецца?

Ганна Якаўлеўна. А вы яго падгаварыце.

Максіменя. Вось і я ж думаю. Няхай бы пайшоў праветрыўся. А то ад гэтай музыкі ў яго ўжо, мусіць, аж у галаве гудзе.

Гудовіч (уваходзіць). Антону Іванавічу прывітанне!

Максіменя. Добрай раніцы, Павел Андрэевіч!

Гудовіч. У рыбку сабраліся?

Максіменя. У рыбку, Павел Андрэевіч.

Гудовіч. Мабыць, позна ўжо. Гэта трэба на досвітку.

Максіменя. На досвітку я не мог. Толькі што з работы прыйшоў.

Гудовіч. А цяпер якая ж рыба?

Максіменя. Чаму — якая? Звычайная.

Гудовіч. Сур’ёзная рыба днём адпачывае дзе-небудзь у халадку.

Максіменя. Ой, не кажыце! У тую нядзелю нагледзеў я адну мясціну. Язі во такія ходзяць. Як засланкі.

Гудовіч. І злавілі?

Максіменя. Баяцца, не асвойталіся яшчэ. Але я іх добра занадзіў, бульбы накідаў. Сёння павінны быць рахманыя.

Ганна Якаўлеўна. А добра было б свежай рыбкі на абед усмажыць.

Гудовіч. Са смятанкаю. Язь — смачная рыба, калі добра зрабіць.

Максіменя. Аднаго я ўсё-такі ўвабраў. Фунтаў так на... не менш як на сем.

Гудовіч. Ого! І вуда вытрымала?

Максіменя. Я яго натаміў як мае быць. Ён на яму цісне, а я назад заварочваю; ён пад корч, а я яго зноў назад. Мінут, можа, пятнаццаць так вадзіў. Потым ён усё-такі змогся: перавярнуўся пузам дагары і толькі шчэлепамі зяхае. Вось я яго сачком падчапіў і хадзі сюды!

Гудовіч. Прыемна такога дзядзю падчапіць.

Ганна Якаўлеўна. Дык я прыгатую табе з сабой што-небудзь узяць.

Гудовіч. Занадзілі, кажаце?

Максіменя. Занадзіў, Павел Андрэевіч. Добра занадзіў.

Гудовіч. Ну, лавіце на здароўе.

Максіменя (расчараваны). А вы?

Гудовіч. Другім разам. Рада б душа ў рай, ды грахі не пускаюць.

Максіменя. Вось прывалаку торбу язёў, дык будзеце каяцца. А вам на тую злосць і панюхаць не дам. (Адыходзіць.)

Гудовіч (высунуўшыся ў акно). Адпусціцеся, сэрца не камень. Мая чарачка, а ваша рыбка, як-небудзь і паладзім. (Да Ганны Якаўлеўны.) Вось жа ахвотнік! Цэлую ноч працаваў, не спаў, а ўсё роўна — на рыбу.

Ганна Якаўлеўна. Натура такая.

Гудовіч. Жывая натура. УсЁна свеце яго цікавіць. І пагаварыць з ім прыемна. (На стук у дзверы.) Калі ласка!

Юля (з парога. Відаць, што хвалюецца). Добры дзень! Прабачце, Павел Андрэевіч, што я вас турбую з самага рання.

Гудовіч. Калі ласка, Юлінька, я рад вас бачыць. Праходзьце далей, сядайце.

Юля. Гэта ж у нас у школе сёння выпускны вечар, дык мы вельмі просім вас з Ганнай Якаўлеўнай прыйсці да нас.

Гудовіч. Значыць, вас сёння можна павіншаваць з атэстатам сталасці?

Юля. Вечарам, Павел Андрэевіч.

Гудовіч. І куды ж вы цяпер?

Юля. Не ведаю, трэба падумаць. Можа, на юрыдычны.

Гудовіч. Зусім не ўяўляю вас пракурорам. Я думаў... Па-мойму, вы тэатрам захапляліся. І голас у вас нядрэнны.

Юля. Такіх галасоў повен свет.

Гудовіч. Гэта як сказаць. Каб вы заняліся як след... Я чуў, як вы спяваеце ў гуртку.

Юля. Сёння мы выступаем, і мне даручылі прасіць вас... Праўда, гэта нахабства... Вы заняты творчай працай...

Гудовіч (смяецца). Даруйце мне за такое нахабства...

Юля (зусім збянтэжылася). Я, здаецца, глупства сказала. Нахабства, што мы вас турбуем.

Гудовіч. Турбуйце ўжо, што зробіш.

Юля.} Можа б вы прыйшлі крышку раней ды паслухалі, як мы спяваем. Параілі б, з чым нам выступаць, з чым не варта.

Гудовіч. За гэта з вас хабар.

Юля. Калі не вельмі вялікі...

Гудовіч. Зараз пабачыце. (Ідзе ў суседні пакой і выходзіць адтуль з нотамі.) Гэта песня з мае оперы. Вы з ёю ўжо знаёмы.

Юля (чытае ноты). «У надхмар’і сокал кружыць. У надхмар’і сокал кружыць, а па ім дзяўчына тужыць...» Так, знаёма.

Гудовіч. Я хачу паслухаць яе ў вашым выкананні.

Юля. Баюся, што не здолею.

Гудовіч. Паспрабуйце. Гэта не цяжка. (Пяе казліным голасам першыя радкі песні.) Вось так! (Юля стрымлівае ўсмешку.) Не так, вядома,— лепш. Голас у мяне не вельмі што.

Юля (становіцца ў позу, адкашліваецца). Мусіць, нічога не выйдзе.

Гудовіч. Выйдзе, выйдзе. (Ідзе ў суседні пакой. Адтуль чутны гукі музыкі.)

Юля (пачынае пець).

 

У надхмар’і сокал кружыць,

У надхмар’і сокал кружыць,

А па ім дзяўчына тужыць:

 

Пяе яна спачатку няўпэўнена, потым голас яе патроху мацнее.

 

— Ой ты сокал, мой саколе!

Ты не бачыш, як на доле

Па табе саколка тужыць.

 

Яна ўжо зусім авалодала сабой і пяе з натхненнем.

 

— Бачу, мілая, і чую,

Бачу, мілая, і чую —

Нам груган бяду вяшчуе:

Ён маёй краіне любай

Пагражае страшнай згубай,—

У крывавы бой лячу я.

 

Раптам у зладжаныя гукі песні ўрываецца прарэзлівы роў сірэны. Юля змаўкае, трывожна прыслухоўваецца.

Гудовіч (пакінуў граць, выходзіць з суседняга пакоя). Чаго спужаліся?

Ганна Якаўлеўна. Трывога.

Гудовіч. Асавіяхім людзей палохае.

Ганна Якаўлеўна. Хто яго ведае... У такі час...

Гудовіч. А што — час? Святам самы раз практыкавацца.

Юля. Мне трэба на зборны пункт.

Гудовіч. Гэта куды ж?

Юля. На Камароўку.

Гудовіч. Ну, мілая! Пакуль вы дабяжыце, дык і адбой будзе. Давайце скончым. Няхай толькі раўці перастане.

Ганна Якаўлеўна (прыслухоўваецца). Нібы яна з мяне жылы цягне.

Сірэна змаўкае.

Гудовіч. Ну, вось і ўсё. (Ідзе да раяля. Зноў чутны гукі музыкі.)

Юля (пяе).

 

Хмара чорная віецца,

Хмара чорная віецца...

 

Трывога яе не пакідае. Яна збіваецца з такта, кусае губы, змаўкае.

Гудовіч. Яшчэ раз гэта месца, Юлінька, і я перастану вас мучыць.

Юля (намаганнем волі авалодвае сабой, пяе).

 

Хмара чорная віецца,

З чорным птахам сокал б’ецца,—

За Савецкую Айчыну,

За цябе, красу-дзяўчыну,

Кроў гарачая пральецца.

 

Без стуку ўваходзіць Мігуцкі. Усе здзіўлена на яго глядзяць.

Мігуцкі. А тут ціш ды гладзь.

Ганна Якаўлеўна (зашыкала на яго, }замахала рукамі). Не перашкаджайце!

Юля (пяе).

 

Храбра біся, сокал ясны!

 

Мігуцкі слухае з іранічнай усмешкай.

 

Храбра біся, сокал ясны,

Каб не стрэў нас лёс няшчасны;

Каб груган не каркаў болей

Над шчаслівай нашай доляй,—

Храбра біся, сокал ясны.

 

Гудовіч (уваходзіць, да Мігуцкага). Па-першае — добрай раніцы.

Мігуцкі. Сёння гэта не абавязкова.

Гудовіч. А па-другое — зусім не ціш. Мы тут шумім.

Мігуцкі. Зайздрошчу вашым нервам.

Гудовіч. А што нервы? Нервы як нервы.

Мігуцкі. Вайна, а вы песнямі забаўляецеся.

Гудовіч. Што вы выдумалі! Якая вайна?

Мігуцкі. Сур’ёзная, з немцамі.

Гудовіч. Хоць бы вы раз, Анатоль Захаравіч, прыйшлі з прыемнай навіной! Вы адчыняеце дзверы, і я ўжо калачуся: ведаю, што вы што-небудзь жудаснае скажаце. Хто гэта вам казаў пра вайну?

Мігуцкі. Сам Молатаў.

Гудовіч. Вам аднаму?

Мігуцкі. Усім, па радыё. (Уключае рэпрадуктар.) Ды ў вас і радыЁне працуе.

Гудовіч (з дакорам). Аня, я ж прасіў пазваніць на радыёвузел.

Ганна Якаўлеўна. Званіла. Абяцалі паправіць і не прыйшлі.

Гудовіч. Дык вы не жартуеце?

 

Зноў чуваць роў сірэны.

 

Мігуцкі. Вось, калі ласка.

Гудовіч, Ганна Якаўлеўна і Юля з трывогай прыслухоўваюцца.

Юля. Пабягу. Мне на зборны пункт трэба. Бывайце здаровы!

Гудовіч. Бывайце, Юлінька. Відаць, мы сёння не сустрэнемся.

Юля. Вечар напэўна адкладуць.

Гудовіч. Вось яно — самае страшнае.

Мігуцкі. Справа сур’ёзная.

Ганна Якаўлеўна. А вы гаворыце так спакойна...

Мігуцкі. Няма сэнсу хвалявацца.

Гудовіч. Я таксама не сумняваюся, што мы пераможам, але ж...

Мігуцкі. Я то ў гэтым не зусім упэўнены.

Гудовіч (не верыць сваім вушам). Як! Вы думаеце...

Мігуцкі (спакойна). Гітлер ударыў знянацку. Ён не дасць нам правесці мабілізацыю.

Гудовіч. Дык што тады?

Мігуцкі. А тады... Самі можаце здагадацца. Вы не маленькі.

Гудовіч (з раптоўным абурэннем). Вы зноў мяне пужаеце? Страшэнны вы чалавек! Лепш бы вы не прыходзілі.

Мігуцкі. Я не пужаю. Але ж я не страус, каб хаваць галаву ў пясок.

Гудовіч. Вы — не страус, вы — груган.

Мігуцкі. Груган — цвярозая птушка.

Гудовіч. Дык чаго ж гэта цвярозая птушка, чорт бы яе пабраў, так спакойна каркае, калі яна чуе пагібель?

Мігуцкі. А чаго нам трапятацца, Павел Андрэевіч? Ад нас тут нічога не залежыць. Усё без нас вырашыцца.

Гудовіч. Як гэта без нас? Лёс краіны вырашаецца, а мы склаўшы рукі будзем збоку наглядаць?

Мігуцкі. Ён вырашаецца там, на фронце. Калі вы такі ваяка, дык бярыце вінтоўку ці кулямёт ды вырашайце.

Гудовіч. Не абавязкова ж на фронце. На фронце я, вядома, не ваяка.

Мігуцкі. Дык як жа вы думаеце вырашаць лёс краіны?

Гудовіч. Я яшчэ не ведаю. Але я папытаюся, мне скажуць, што рабіць.

Мігуцкі. Пакуль вы надумаецеся, дык немец сцапае вас, як курапатку.

Ганна Якаўлеўна. Ціпун вам на язык!

Гудовіч. Ну не, дудкі! Як вы ні каркайце, яны сюды не дойдуць. А калі б гэта няшчасце здарылася, дык я не дурань аставацца тут ім на здзекі.

Мігуцкі. А нашто ім з вас здзеквацца? Вы — чалавек мастацтва, ніякі не палітык, чалавек глыбока беспартыйны.

Гудовіч. Але ж я — чалавек савецкі. (Схамянуўся.) Ды вы што? Угаворваеце мяне?..

Мігуцкі (штучна смяецца). Дзівак вы, Павел Андрэевіч.

Ганна Якаўлеўна (устрывожана). Гэта што?

Мігуцкі. Зеніткі... А можа, бомбы.

Ганна Якаўлеўна. Няўжо, бомбы?

Мігуцкі. На досвітку бамбілі Севастопаль, Каўнас, Брэст. Прыйшла чарга і да нас.

Ганна Якаўлеўна. Паўлуша, можа гэта што рабіць трэба?

Гудовіч. А што ж рабіць?

Ганна Якаўлеўна. Нешта ж робяць у такіх выпадках. Помню, па радыё перадавалі. Мы гэтым ніколі не цікавіліся, а вось і прыйшлося.

Мігуцкі (падыходзіць да акна). Гарыць недзе. Здаецца, вакзал.

Усе глядзяць у акно.

Ганна Якаўлеўна. Што ж гэта такое? Чаму ж нашы іх не адганяюць?

Гукі выбухаў чутны выразней.

Мігуцкі. Адыдзіцеся ад акна. (Садзіцца ля сцяны.)

Ганна Якаўлеўна. А вокны трэба зачыніць.

Гудовіч. Няхай, што гэта паможа?

Ганна Якаўлеўна. Я заўсёды ў навальніцу зачыняю. (Зачыняе акно. Моцны выбух, і яна падае, схапіўшыся за грудзі.)

Гудовіч (падбягае да Ганны Якаўлеўны). Аня, што з табой? Анечка! (Аглядае.) Мусіць, паветрам яе.

Мігуцкі (падыходзіць і таксама аглядае). А вось, бачыце? Відаць, невялікі асколак.

Гудовіч. Анечка! (Да Мігуцкага.) Няўжо канец?

Мігуцкі (мацае пульс). Пульс б’ецца.

Гудовіч. Вы ўмееце перавязваць?

Мігуцкі. Давайце бінт.

Гудовіч. Няма.

Мігуцкі. Дык што-небудзь. Хутчэй!

Гудовіч мітусіцца па кватэры, нарэшце прыносіць прасціну, але не ведае, што з ёй рабіць.

Гудовіч. Вось гэта хіба.

Мігуцкі (бярэ прасціну, раздзірае). Якая ж вы расцяпа! (Глянуўшы ў акно, кідае прасціну і бяжыць да дзвярэй.)

Гудовіч. Куды ж вы, Анатоль Захаравіч?

Мігуцкі. Дом гарыць, мая кватэра занялася. (Выбягае.)

Гудовіч (падбягае да акна, праз якое відаць полымя). Гэй, людзі! Таварышы! Памажыце хто-небудзь! Ніхто не чуе. (З намаганнем падымае Ганну Якаўлеўну на рукі.) Родная мая! Куды ж мы цяпер? (Стаіць у нерашучасці, асветлены заравам.)

 

Карціна другая

Бедна абсталяваны пакой гарадской кватэры. Гудовіч адзін. Ён моцна змяніўся, асунуўся. На ім паношаны касцюм, відаць, не на яго шыты. Ён нешта запісвае на нотную паперу, потым бярэ скрыпку, грае. Гэта ўрыўкі з оперы «Шчаслівая доля», якія мы чулі ўжо ў першай карціне.

Броня (уваходзіць). Прачакаліся, Павел Андрэевіч?

Гудовіч. А мне не здоўжылася.

Броня. Есці, мабыць, хочаце?

Гудовіч. Ды як табе сказаць... За працаю дык яно і не рупіць.

Броня. А мяне затрымалі сёння. Ды яшчэ на рынак забягала.

Гудовіч. Можа, што добрае чула?

Броня. Не чуваць добрага, Павел Андрэевіч. Зводку іх чула. Гітлер перамогамі выхваляецца.

Гудовіч. Чым жа ён выхваляецца?

Броня. Хваліцца, што праз два дні Сталінград возьме.

Гудовіч. Ці не зарана ён хваліцца? У прошлым годзе таксама хваліўся, а потым і паперлі яго ад Масквы. Каб не было яму і пад Сталінградам тое самае.

Броня. Усе чакаюць гэтага. Прафесара Каліноўскага бачыла. Прывітанне перадаваў. «Скажыце,— кажа,— Паўлу Андрэевічу, няхай не падае духам. Хутка павінны пачуць добрыя навіны». А што — не сказаў.

Гудовіч. Народ верыць у перамогу. А вера — гэта вялікая сіла. Глядзі, як заекаталі гітлераўцы наконт партызан. Значыць, народ за зброю ўзяўся. Вось што значыць вера!

Броня. І сёння нейкага чына хавалі. Кажуць, ля Рудзенска недзе партызаны ўходалі.

Гудовіч. Ну, вось! А ты казала, няма добрых навін.

Броня. Дык гэта мала.

Гудовіч (бярэцца за скрыпку.) Пераначуем, болей пачуем.

Броня. Як вам сёння працуецца?

Гудовіч. А, ведаеш, нішто. У галаве як быццам ясней стала. Сёння я досыць ладны кусок другога акта аднавіў.

Броня. Мучыцеся вы, а не працуеце. Цесна, няўтульна, інструмента няма. Скрыпка — гэта ж не тое ўсё-такі.

Гудовіч. Я ўжо прывык.

Броня. Сесці б вам за раяль, як бывала, ды ў цяпле, ды ў святле.

Гудовіч. Давай лепш думаць пра будучае: пра тое, як гэту маю оперу будуць слухаць савецкія людзі. Як ты думаеш — будзе гэта?

Броня. Будзе, Павел Андрэевіч. Толькі... прыйдзецца крыху пачакаць.

Гудовіч. Вось я і баюся, ці дачакаюся. Не хацелася б, каб запісаныя тут пачуцці ляглі ў магілу разам са мною.

Броня (устрывожана). Вы дрэнна сябе адчуваеце?

Гудовіч. Звычайна.

Броня. Дык нашто ж такая гаворка?

Гудовіч. Ты ж ведаеш, што такое сэрца. Гэта можа здарыцца раптоўна. Дык я вось і прашу цябе...

Броня. Пакажыце ваш пульс... (Садзіцца ля Гудовіча і бярэ яго руку.) Ніякіх перамен я не заўважаю. З вашым сэрцам можна яшчэ сорак год жыць.

Гудовіч. Я пастараюся. Але ты, Бронечка, усё-такі дай мне слова, што захаваеш вось гэта (паказвае на ноты) для нашых людзей.

Броня. Аб гэтым мяне прасіць не трэба, Павел Андрэевіч. Усё ваша для мяне дарагое.

Гудовіч. Дзякую.

Броня. Але найлепшы спосаб захаваць вашы творы — гэта захаваць вас. І я буду старацца гэта рабіць.

Гудовіч. Як жа ты мяне будзеш захоўваць? Я ж не малое дзіця, сам захаваюся як-небудзь.

Броня. Вы чалавек дарослы, але вас часамі трэба і даглядзець і перасцерагчы.

Гудовіч. Я чалавек не вельмі практычны, гэта праўда. Нябожчыца ўсе дробныя клопаты брала на сябе.

Броня. Я хацела б замяніць вам яе... наколькі гэта ў маіх сілах. У вас павінен быць блізкі чалавек, які б вас любіў і бярог.

Гудовіч. Табе і самой цяжка, а ты яшчэ лішні цяжар хочаш узяць на сябе.

Броня. А можа, для мяне гэта і не цяжар якраз. Можа, гэта палёгка ў жыцці.

Гудовіч. Ну, ужо і палёгка!

Броня. Вы сабе жартуйце, а я сваю задачу ведаю. Мяне і цёця перад смерцю прасіла аб гэтым.

Гудовіч. Нябожчыца ведала, каго прасіла. А толькі мне няёмка. Я і так у цябе на карку сяджу: хлеб твой ем і ў хаце тваёй жыву.

Броня. Як вам не сорамна, Павел Андрэевіч! Вы проста крыўдзіце мяне. Хіба што вы мяне за чужую лічыце.

Гудовіч. Ціха, маўчу, маўчу.

Шкуранкоў (уваходзіць). Добры дзень, Павел Андрэевіч.

Гудовіч (адкладвае скрыпку). Добры дзень, Антон Еўдакімавіч!

Шкуранкоў. Што гэта вас не відаць нідзе. Я думаў, ці не захварэлі?

Гудовіч. Ды вось працую патроху.

Шкуранкоў. Заказ узялі?

Гудовіч. Які там заказ! Хачу аднавіць сваю оперу.

Шкуранкоў. «Шчаслівую долю»?

Гудовіч. Сваю «Шчаслівую долю», якую фашыст загубіў.

Шкуранкоў. «Шчаслівая доля»... Ці не занадта іранічна гэта гучыць сягоння.

Гудовіч. Нават дзёрзка, калі хочаце. Няшчасны жабрак, які страціў усЁна свеце, адважваецца жыць сваёю «Шчасліваю доляй». Хіба гэта не нахабства? А як гэта добра, што ёсць такі куточак, куды не дацягнуцца паганыя рукі акупантаў! Гэта мае творчыя мары. Тут я поўны ўладар. Магу рабіць добрых людзей шчаслівымі, колькі захачу, магу благаслаўляць усё сумленнае, высакароднае і праклінаць звярынае і подлае. І нават сам паршывы Гітлер нічога мне не зробіць.

Шкуранкоў. Прабачце, Павел Андрэевіч, але гэта ўсё самападман, дзіцячая ўцеха, якая не мае ніякага практычнага значэння. Шчаслівай долі ўсё-такі няма.

Гудовіч. Была і будзе. Яна яшчэ будзе.

Шкуранкоў. Будзе, калі нас не будзе.

Гудовіч. А гэта не важна, што нас не будзе. Я веру ў гэта, значыць, я загадзя, ужо сягоння, перажываю гэту шчаслівую долю ў сваіх творчых марах. Я ёю жыву. Яна — гэта вера — ратуе мяне ад адчаю, дае мне сілу і мужнасць быць чалавекам.

Шкуранкоў. Гэта зноў жа ўсё толькі мары. Я думаю, што нам з вамі пара стаць на рэальную глебу і больш дакладна вызначыць лінію сваіх паводзін.

Гудовіч. Вось гэта вы праўду кажаце — бліжэй да жыцця. Мы са сваімі марамі занадта замкнуліся ў сваёй лупіне. Народ не толькі марыць, але і змагаецца. І мы павінны яму дапамагчы, чым можам. Я ўжо сам думаў пра гэта.

Шкуранкоў. Вы мяне не так зразумелі, Павел Андрэевіч. Я зусім не збіраюся ісці ў партызаны. Божа мяне барані! Несур’ёзна гэта ўсё.

Гудовіч. Што не сур’ёзна?

Шкуранкоў. Ды вось гэта гульня ў партызанскую вайну. Хіба можна супроць такой сілы што зрабіць? Ну, заб’юць сотню, другую гітлераўцаў, хіба гэта вырашыць лёс вайны? Вунь жа дзе апынуліся ўжо: да Грознага падыходзяць. Сталінград не сёння-заўтра будзе ў іх. І няма такой сілы, якая магла б іх спыніць.

Гудовіч. Такая сіла ёсць.

Шкуранкоў. Дзе?

Гудовіч. У народзе, у Савецкай дзяржаве.

Шкуранкоў. Відаць, мы з вамі пераацанілі моц Савецкай дзяржавы. Не бачу, Павел Андрэевіч, ніякай сілы.

Гудовіч. Відаць, не праз тыя акуляры вы глядзіце, Антон Еўдакімавіч, калі не бачыце.

Шкуранкоў. А праз якія акуляры я гляджу, па-вашаму?

Гудовіч. Ці не праз берлінскія вы пачынаеце глядзець...

Шкуранкоў. А мы давайце скінем акуляры: я — берлінскія, якія вы мне прыпісваеце, а вы — маскоўскія, і давайце паглядзім на рэчы цвяроза. Ну, дзе? Пакажыце мне гэту сілу.

Гудовіч. Хто страціў здольнасць бачыць, таму не пакажаш.

Шкуранкоў. Дарэмна вы, Павел Андрэевіч, мне Берлін закідаеце. Я, здаецца, нікуды не лез, устрымліваўся ад якой бы там ні было палітычнай тэмы, пісаў нявінныя рэчы. Але ж гэта становіцца небяспечным. Нас пачынаюць абвінавачваць у сабатажы. Гэта да дабра не давядзе.

Гудовіч. У нашых умовах небяспечна быць сумленным чалавекам. Значыць — далоў сумленне?

Шкуранкоў. Ну і супроць ражна не папрэш. Хочаш не хочаш, а прыходзіцца лічыцца з рэальнымі абставінамі.

Гудовіч. І гэта гаворыць той самы кампазітар Шкуранкоў, які быў вядомы ў народзе.

Шкуранкоў. Недарэмна. Я такі сёе-тое зрабіў для народа.

Гудовіч. Вы сёе-тое зрабілі тады, у спакойны час, калі вам нічога гэта не каштавала. А цяпер, калі народ у бядзе, вы гатовы адрачыся ад яго. А якраз цяпер ваш голас пратэсту яму патрэбен.

Шкуранкоў. Які пратэст? Аб чым вы гаворыце, Павел Андрэевіч? Гэта непатрэбнае і небяспечнае донкіхоцтва. Яно нікому не дапаможа, а нас загубіць. Вынік барацьбы ўжо вырашан.

Гудовіч. Шкада мне вас, Антон Еўдакімавіч. Вы — чалавек без веры.

Шкуранкоў. Была ў мяне вера, ды больш ёй няма на што абаперціся.

Гудовіч. Не было ў вас сапраўднай веры. У вашай веры былі вельмі кароткія крылы: яны не ўтрымалі вас на вышыні, і вы плюхнуліся ў балота, проста да ног ката. Бязвер'е парадзіла ў вас трусасць, а ад трусасці недалёка і да подласці.

Шкуранкоў. Ну, гэта вы ўжо хапілі праз меру, Павел Андрэевіч. Ніякай подласці я яшчэ не зрабіў.

Гудовіч. Я кажу — недалёка.

Шкуранкоў. Я бачу, што ў нас недалёка да сваркі. (Устае.) З вамі сёння нельга гаварыць. Думаю, што пры наступнай сустрэчы мы лепш зразумеем адзін аднаго. (Выходзіць.)

Гудовіч (адзін). Я цябе і так добра разумею.

Броня (уваходзіць). Чаго ён нешта насуплены пайшоў? Ці не паспрачаліся вы тут?

Гудовіч. Ды як жа! Прыйшоў выведаць, ці не састаўлю я яму кампанію падымаць лапкі ўгору. Дагэтуль сядзеў і чакаў, чыя возьме, а цяпер лічыць, што ўжо ўсё вырашана, і таму можна не саромецца.

Броня. А вы не хвалюйцеся. Мала хто што вярзе. Ці вам жа ўсё гэта трэба перажываць?

Гудовіч. Слухаць агідна.

Броня. Можа перакусіце крыху?

Гудовіч. А, ведаеш, не пашкодзіць.

Броня (разгортвае скрутак). Вось хлеб і агуркі. Перакусіце пакуль што, а я пайду суп згатую.

Гудовіч (бярэ ў рукі хлеб). Дзе ўзяла?

Броня. Агуркі — на рынку, а хлеб там — у бальніцы.

Гудовіч. А ты сама? Абедала без хлеба? (Адсоўвае хлеб.) Не, я не буду есці гэтага хлеба.

Броня. Вось і дарэмна. Хлеб смачны.

Гудовіч (бярэцца за скрыпку). Заўтра і я пайду хлеб зарабляць.

Броня. Якім гэта спосабам?

Гудовіч. Сумленным. Я людзям пайграю, а людзі заплацяць.

Броня. Дзе гэта вы пайграеце?

Гудовіч. Я гэта табе пасля скажу.

Броня. Дайце слова, што вы не зробіце ніякага глупства.

Гудовіч. Глупства? Не. Даю слова, што глупства не зраблю. (Наладжвае скрыпку.)

Броня. Ну, глядзіце ж! (Выходзіць.)

Гудовіч. Паглядзім, што ў мяне за рэпертуар. (Наігрывае паціху беларускія і рускія песні, з кожнай па куплету. Часамі адразу не трапляе на лад, паўтарае. Спыніўся. Механічна адшчыпнуў хлеба. Есць. Наігрывае «А ў полі вярба». На стук у дзверы.) Заходзьце!

Уваходзіць Мігуцкі, добра апрануты і чыста паголены.

Мігуцкі. Нарэшце я вас знайшоў. Добры дзень, Павел Андрэевіч.

Гудовіч (не ўзрадаваны). Добры дзень.

Мігуцкі. І зусім выпадкова. Іду, чую — нехта грае «А ў полі вярба». Ну, думаю, хто-небудзь з нашых.

Гудовіч. Адно ж...

Мігуцкі. Адно ж так яно і ёсць. (Прыглядаецца да Гудовіча.) Перамяніліся вы моцна. Даўно я вас не бачыў.

Гудовіч. Я вас таксама. З таго часу, як вы кінулі мяне з раненай жонкай на руках.

Мігуцкі. Та-ак... Гэта ўжо больш года будзе. Я чуў, што Ганна Якаўлеўна памерла.

Гудовіч. Праз два тыдні пасля таго. А я вось... застаўся тут.

Мігуцкі. А ў мяне тады таксама... амаль усё згарэла. Мала што паспеў выхапіць. (Гудовіч маўчыць. Няёмкая паўза.) Як вы жывяце, Павел Андрэевіч?

Гудовіч. Нічога, добра жыву.

Мігуцкі (скептычна, амаль грэбліва аглядае пакой, самога Гудовіча). Я б не сказаў... Чорны хлеб з агуркамі...

Гудовіч. Надакучыла: штодзень белы ды белы. Загадаў чорнага прынесці.

Мігуцкі. Жартаўнік вы, Павел Андрэевіч. Гэта добра, што вы не траціце гумару, але жыць так... Працуеце вы дзе-небудзь? Я чуў, вы ў аркестры працавалі... радавым музыкантам.

Гудовіч. Другая скрыпка.

Мігуцкі. Смеху варт! Лепшы беларускі кампазітар... Вам у мастацтве першая скрыпка належыць.

Гудовіч. А мне і другой не даверылі. Прагналі.

Мігуцкі. За што?

Гудовіч. Ды вось за гэта самае. Кажуць,— занадта шмат гонару для іх.

Мігуцкі. А ведаеце, я б вас таксама прагнаў. Няма чаго дурыкамі займацца. Я хачу вам прапанаваць сапраўдную работу... паводле вашых сіл і таленту.

Гудовіч. А вы... Гэта ў вашых магчымасцях?

Мігуцкі. Я — загадчык аддзела мастацтва.

Гудовіч. А-а, тады зразумела.

Мігуцкі. Трэці месяц. Усё хацеў з вамі пагаварыць, ды вас не відаць нідзе. Я хачу з вамі падпісаць умову.

Гудовіч. На што?

Мігуцкі. На оперу.

Гудовіч. На якую?

Мігуцкі. На «Шчаслівую долю».

Гудовіч. Вы... здзекуецеся?

Мігуцкі. Зусім не. Опера на тую ж самую вашу тэму: як беларускі народ знайшоў сваё шчасце. Толькі там гаварылася аб шчасці савецкім, а тут...

Гудовіч (перабівае). Аб шчасці нямецкім?

Мігуцкі. Беларускім. (Гудовіч маўчыць.) Падумайце. Лібрэта гатова. Гана-рар — трыццаць...

Гудовіч (падхоплівае). Срэбранікаў.

Мігуцкі (пасля доўгай паўзы). Вы — чалавек савецкі, я гэта ведаю. Вы мне заявілі аб гэтым яшчэ ў першы дзень вайны. Але з таго часу шмат што змянілася. Вы тады назвалі мяне груганом. Вы цяпер бачыце, што гэты груган правільна каркаў. Я не хачу гвалтаваць вашага сумлення, але давайце разважаць сур’ёзна. Ну, што з таго, што вы савецкі чалавек? Каму гэта можа спатрэбіцца сёння ці, скажам, на працягу бліжэйшых пяцідзесяці год? Немцы, калі што робяць, дык робяць грунтоўна. А вы ж ведаеце, дзе яны цяпер. Савецкая ўлада дажывае апошнія дні.

Гудовіч. Вы зноў прыйшлі мяне пужаць.

Мігуцкі. Але ж вы са мной згодны?

Гудовіч. Я не хацеў бы з вамі дыскуціраваць на гэту тэму.

Мігуцкі. Можаце смела гаварыць, што думаеце. Я ў гестапа не пабягу... Дык вось, мы дамовіліся, што савецкая ўлада...

Гудовіч. Я з вамі не дамаўляўся наконт савецкай улады.

Мігуцкі. Усё роўна, гэта без нас станецца. Ну, а народ беларускі? Ён жа астанецца. Якая б ні была яго псіхіка, немцы не будуць прыстасоўваць да яе сваю палітыку. Значыць, трэба беларускую псіхіку прыстасоўваць да нямецкай палітыкі. Іначай атрымаецца разлад, які скончыцца дрэнна для беларускага народа. Вось тут мастацтва і можа адыграць вялікую ролю.

Гудовіч. Беларускую псіхіку прыстасоўваць да нямецкай палітыкі... Вы сваю ўжо прыстасавалі?

Мігуцкі. Я заўсёды разважаю цвяроза.

Гудовіч. Але ж ваш прыклад можа аказацца непераканаўчым. Народ скажа, што ён не згодзен прыстасоўваць сваю спіну да нямецкай палкі і сваю шыю да нямецкай пятлі.

Мігуцкі. Чаму ж пятля? Пятля — гэта на выпадак разладу.

Гудовіч. Як я зразумеў, вы мне пакуль што прапануеце палку?

Мігуцкі. Я вам прапаную трыццаць тысяч. (Паўза.) Што вы на гэта скажаце?

Гудовіч. На жаль, я павінен вам падзякаваць.

Мігуцкі. Адмаўляецеся?

Гудовіч. Зусім незалежна ад тэорыі прыстасавання. Я непрацаздольны чалавек. Пасля ўсіх няшчасцяў, якія на мяне зваліліся...

Мігуцкі. А вы паспрабавалі б.

Гудовіч. Спрабаваў, нічога не выходзіць. Ні думак, ні пачуццяў — поўная прастрацыя.

Мігуцкі (недаверліва). Скажыце, калі ласка! Вось няшчасце!

Гудовіч. Дайце рады. Ёлап ёлапам стаў. Як быццам і таленту ніколі не было.

Мігуцкі (з націскам). Я спадзяюся, што гэта пройдзе.

Гудовіч. Я таксама спадзяюся, што некалі пройдзе.

Мігуцкі. Вы проста без яды аслабелі. Вось атрымаеце аванс, крыху падкорміцеся.

Гудовіч. Ад авансу я ўстрымаюся. Я магу яго не апраўдаць.

Мігуцкі. Будзем лічыць, што гэта не апошняе ваша слова. Падумайце, а пасля мы сустрэнемся.

Броня (уваходзіць). Добры дзень!

Гудовіч. Гэта мая сваячка... і гаспадыня.

Броня. Мы з Анатоліем Захаравічам знаёмы.

Гудовіч. Не, ты яшчэ не знаёма, Бронечка. Гэта спадар Мігуцкі, загадчык мастацкага аддзела.

Броня. А-а, разумею. (Сама ж не ведае, як да гэтага паставіцца, і дапытліва глядзіць на Гудовіча.)

Гудовіч. Спадар Мігуцкі такі добры, што прапануе мне трыццаць тысяч за оперу.

Броня. За якую?

Гудовіч. За «Шчаслівую долю». (Броня здзіўлена.) Не падумай чаго дрэннага: за шчаслівую долю пад немцам. Падумай, якая куча грошай!

Броня. Дык вы ж хворы.

Гудовіч (да Мігуцкага). Ну, вось. Я вам праўду сказаў — хворы. Не так целам, як духам.

Мігуцкі. А ў чым жа той дух будзе трымацца? Вы, Браніслава Адамаўна, лепш даглядайце Паўла Андрэевіча, дык ён хутчэй паправіцца. Зайдзіце да мяне, я вам запіску дам на паёк.

Гудовіч. Не паможа. Нічога не паможа.

Мігуцкі. Ну, гэта мы пабачым. Няма чаго загадзя сябе адпяваць. (Да Броні.) Дык вы зайдзіце. (Да Гудовіча.) Жадаю вам хуткай попраўкі. Мы яшчэ пагаворым. (Развітваецца і выходзіць.)

Гудовіч (з абурэннем). Падлюга!

Броня. Дабіраецца да вашага сумлення.

Гудовіч. Трыццаць тысяч ён мне патыкае. Удавіся ты імі.

Броня. Супакойцеся, Павел Андрэевіч.

Гудовіч. Правільна я зрабіў, што адмовіўся?

Броня. Зусім правільна. Але на гэтым яшчэ не канец. Трэба быць асцярожным,

Гудовіч. Не шкада трыццаці тысяч?

Броня. Звязацца з фашыстамі — значыць загінуць.

Гудовіч. Маладзец ты ў мяне. Дай я цябе пацалую за гэта.

Цалуе, Броня выходзіць. Гудовіч бярэ скрыпку і працягвае перапыненую работу — рыхтуе рэпертуар на заўтрашні дзень. У яго яшчэ не ўляглося абурэнне, і ён з асаблівым націскам, амаль са злосцю, грае «Чаму ж мне не пець».

 

Карціна трэцяя

Гарадская плошча. Гудовіч са скрыпкай у руках стаіць на рагу невялікага сквера. Ля ног ляжыць перавернуты дагары капялюш. Халодны асенні вецер развявае сівыя валасы. Твар яго нібы акамянеў.

Гудовіч грае народныя песні: «А ў полі вярба», «Як памерла матулька», «Зялёны дубочак» і інш.

Праходзяць людзі. Некаторыя не звяртаюць на музыку ніякай увагі. Другія спыняюцца, слухаюць, кідаюць у капялюш рублёвую паперку і ідуць па сваіх справах. Іншыя не спыняюцца. Яны кідаюць у капялюш грошы, стараючыся не глядзець Гудовічу ў твар. Па ўсім відаць, што гэта яго знаёмыя.

Мужчына. Гэта ж Гудовіч!

Жанчына. Ён самы.

Мужчына. Да чаго давялі чалавека, сволачы!

Жанчына (аглядаецца на Гудовіча). У яго, небаракі, рукі адубелі. Ледзьве струны перабірае.

Дзяўчынка. Дзядзя, а «Восень» умееш?

Гудовіч, нічога не адказваючы, грае «Восень».

1-я Жанчына. Песня якая гаротная.

2-я Жанчына. Як наша жыццё.

Падыходзяць тры нямецкія салдаты. Людзі разыходзяцца і з апаскай наглядаюць здалёк. Салдаты з выглядам гаспадароў пакурваюць цыгаркі, задаволена ўхмыляюцца. Потым, як па камандзе, яны кідаюць акуркі ў капялюш і, рагочучы, ідуць далей. Гудовіч не звяртае ўвагі на гэта нахабства, і твар яго нерухомы, як і раней.

1-я Жанчына (хуценька падыходзіць і выкідае з капелюша акуркі). Каб на вас шэрсць курэла, злыдні праклятыя!

Мігуцкі (падыходзіць). Што гэта вы робіце, Павел Андрэевіч?

Гудовіч. Хлеб зарабляю.

Мігуцкі (заглядае ў капялюш). Не многа ж вы зарабілі.

Гудовіч. Затое сумленна.

Мігуцкі. Небяспечны гэта хлеб.

Гудовіч. Хіба ён каму-небудзь поперак горла стаў?

Мігуцкі. Гэта дэманстрацыя. Вы наўмысля выстаўляеце напаказ свае пакуты: «Вось глядзіце, да чаго мяне давялі!»

Гудовіч. Я нічога страшнага не раблю: граю людзям песні. Калі і гэта страшна каму-небудзь, дык дрэнная іх справа.

Мігуцкі. Вы гуляеце з агнём. Кіньце гэта небяспечнае глупства. Пакуль вам падаюць руку дапамогі, прыміце яе. Гэта вам раіць ваш сапраўдны друг.

Гудовіч. Друг мой сапраўдны! Не перашкаджайце мне зарабляць свой хлеб. Вы адпужваеце ад мяне людзей.

Мігуцкі (адыходзіць). Стары вар'ят.

Марфа Пятроўна (з рыначным кошыкам). Не, ён не вар’ят. Ён добры чалавек.

Мігуцкі. А вы адкуль ведаеце, што ён добры чалавек?

Марфа Пятроўна. А гэта мой сусед. Мы з ім цераз калідор жывём.

Мігуцкі. Гэты ваш добры чалавек пагана робіць.

Марфа Пятроўна. А што ж тут паганага? Песні не благія. Вось толькі што жабраваць пайшоў. Ну, дык, мусіць жа, гора прыперла.

Мігуцкі. Гора прыперла. Вось табе і суседка. Цераз калідор жыве, а нічога не ведае.

Марфа Пятроўна (заінтрыгаваная). А што такое?

Мігуцкі. Хадзіце сюды (адводзіць яе ўбок). Як вас зваць?

Марфа Пятроўна. Марфа Кульбацкая.

Мігуцкі. А бацьку як звалі?

Марфа Пятроўна. Пятрусь.

Мігуцкі. Дык вось, Марфа Пятроўна. Ваш сусед сапраўды добры чалавек. Мала таго — ён выдатны чалавек, і мне яго шкада. Ён можа загінуць.

Марфа Пятроўна. Праз гэта, што грае?

Мігуцкі. Ага. Бачыце, грае ён тут не так сабе. Яго нехта падбухторвае на гэта. Немцы, як даведаюцца...

Марфа Пятроўна. Хто ж яго падбухторвае?

Мігуцкі. Мала цяпер усякай поскудзі? Можа, хто знарок хоча пад манастыр падвесці. Вы там нікога не заўважалі?

Марфа Пятроўна. Прыходзіць да яго зрэдку яшчэ такі самы музыкант... Шкуранкоў ці як яго. А больш я нікога не бачыла.

Мігуцкі. Вы, мусіць, не вельмі прыглядаліся.

Марфа Пятроўна. Ну, вядома. Хіба мне ў галаве. Як пайду на рынак, дык бывае, што і цэлы дзень там.

Мігуцкі. Шкада чалавека. Яшчэ на шыбеніцу трапіць. Вы ўсё-такі наглядайце.

Марфа Пятроўна. А што толку, што я буду наглядаць? Чым я тут дапамагу?

Мігуцкі. А вы скажыце мне, калі хто да яго будзе прыходзіць. Больш вам і рабіць нічога не трэба. Ну, можа, часамі падслухаць, што будуць гаварыць. Вось вам мой адрас. (Вымае блакнот, запісвае і дае ёй адрас.) І крыху грошай... за турботу.

Марфа Пятроўна. А за што ж грошы? Турбота невялікая. Дзеля добрага чалавека я і без грошай паслухаю.

Мігуцкі. Вы толькі яму, суседу, нічога не гаварыце, а так цішком. Калі ён будзе ведаць, то, вядома, да яго ніхто не пойдзе. Сам ён будзе куды-небудзь хадзіць. Гэта яшчэ горш.

Марфа Пятроўна. Што ж, мне не цяжка, цераз калідор жывучы. Я разоў пяць на дзень бываю ў іх.

Мігуцкі. Ну, вось і добра. Я хацеў бы ведаць, хто там яго падбівае на такія справы. Значыць, дагаварыліся. Я вас буду чакаць. (Адыходзіць.)

Гудовіч (грае і пяе ахрыплым голасам).

 

Ой, восень, восень,

Скуль ты ўзялася?

Жалем, слязамі

Скрозь разлілася:

Бедныя людзі

Крыюцца ў хатцы,—

Страшна ім, страшна

З холадам знацца.

Кепска, ой, кепска

Жыці ў няволі...

 

Раптам чысты дзявочы голас падхоплівае песню.

 

Трэба шукаці

Лепшае долі.

 

Людзі аглядаюцца на дзяўчыну. Гэта Юля, апраненая ў шэрую ватоўку, укручаная цёплай хусткай. Гудовіч стрэўся з ёю вачыма і пазнаў. Губы яго задрыжалі, твар прасвятлеў. Маскіруючы сваю ўзрушанасць, ён закашляўся. Песня абарвалася. Людзі шчодра кідаюць у капялюш рублі, дзеляцца ўражаннем, разыходзяцца. Улучыўшы момант, Юля кідае ў капялюш паперку і хутчэй адыходзіць. Гудовічасцярожна кладзе на зямлю скрыпку, бярэ ў рукі капялюш і выбірае з яго рублі. Зайздросна пазірае на грошы жабрак, што сядзіць побач.

Жабрак. Ты, пан, мяне аграбіў. (Гудовіч глядзіць на яго няўцямліва.) Грошы мае загроб. Гэта ўсё ў маёй шапцы было б, а трапіла ў твой капялюш. Прыйшоў на маё месца і дазволу не папытаўся. У нас, жабракоў, так не водзіцца.

Гудовіч. Я цябе сапраўды пакрыўдзіў. На! (Кладзе рублі яму ў шапку.)

Жабрак. Пакінь сабе крыху. Ты ж таксама пілікаў тут і горла драў.

Гудовіч. Мне не трэба.

Жабрак. І мне твайго не трэба. Жабрак жабраку не дорыць. На, забірай. (Кладзе частку грошай Гудовічу ў кішэнь.)

Не вымаючы з капелюша, Гудовіч разгортвае паперку і чытае. Аглядаецца вакол сябе. Хавае паперку ў кішэнь. Людзей ля яго няма: усе падаліся ў процілеглы канец сквера. З таго боку даносіцца стрыманы гул. Хутка на сцэну выходзіць г і т л е р а в е ц з аўтаматам у руках. За ім, са звязанымі назад рукамі, спатыкаючыся, ідуць Мужчына і Жанчына. Вопратка на іх вісіць шматкамі, праз дзіркі відаць скатаванае цела, на тварах сляды пабояў. У жанчыны адно вока зусім запухла. У кожнага на грудзях фанерная дошка з надпісам. У мужчыны: «Я страляў у нямецкіх салдат», у жанчыны: «Я памагала партызанам». За арыштаванымі, з аўтаматамі напагатове, ідуць гітлераўцы. Паводдаль, па баках і ззаду — натоўп людзей. У натоўпе прыглушаны гул абурэння і словы спачування.

Галасы.— Іх на шыбеніцу гоняць.

— Бедныя! Чаго ж вы пападаліся ў рукі гэтым катам?

— І жанчына-небарака.

— Можа, дзеці-сіроты засталіся.

— Не плачце. Ім і так цяжка.

— Радзіма вас не забудзе!

Партызанка. Смерць фашысцкім... (Удар прыклада збівае яе з ног. Два салдаты зноў паставілі яе на ногі і штуршкамі прымушаюць даганяць пярэдніх.)

Галасы.— Вырадкі праклятыя!

— Звяругі!

— А нашы — героі. На смерць ідуць з узнятай галавою.

— Героі. Шапку перад імі трэба здымаць.

Усе, як па камандзе, знімаюць шапкі.

Немец (рэзка паварочваецца і настаўляе аўтамат). Цурук!

Канвой з арыштаванымі аддаляецца. Людзі, прыгнечаныя бачаным, стаяць панура і маўкліва. У жанчын на вачах блішчаць слёзы. Нечыя нервы не вытрымалі: жанчына заплакала наўзрыд. Гудовіч стаіць на тым жа месцы. Усе на яго забыліся. Вось ён прыкладае скрыпку да пляча і ціха, ледзь чутна, грае «Широка страна моя родная...». Нібы электрычны ток прайшоў па натоўпе. Узняліся галовы, выпрасталіся плечы. Людзі хвіліну слухаюць, як зачараваныя, а пасля таксама паціху, як змоўшчыкі, пачынаюць пець. Пяюць мужчыны, трымаючы шапкі ў руках, пяюць жанчыны з мокрымі ад слёз вачыма. Апусцілася заслона, а песня ўсё яшчэ гучыць як перамога нязломнага духу.

 

Карціна чацвёртая

Дэкарацыя другой карціны.

Броня, апранутая, стаіць ля акна. У парозе суседка Марфа Пятроўна.

Броня. Вы добра бачылі, што гэта ён?

Марфа Пятроўна. Добра. Гэтак, як цябе бачу.

Броня. На пляцы?

Марфа Пятроўна. Ага. Там, дзе жабракі сядзяць.

Броня. Што гэта ён надумаўся?

Марфа Пятроўна. Надумаешся, голад не цётка.

Броня. Я думала, работа трапілася. Казаў учора, што пойдзе хлеб зарабляць.

Марфа Пятроўна. Казаў, то і пайшоў. Табе ж лягчэй будзе. І чаго ты над ім так дрыжыш? Што ён — дзіця малое? Гляджу я на вас і дзіўлюся. Ні бацька ён табе, ні дзядзька — чужы чалавек, а ты куска не з’ясі, ды ўсё яму.

Броня. Ён мне радней роднага.

Марфа Пятроўна. Радней роднага толькі муж можа быць. Але ж... А ўрэшце — бог вас ведае.

Броня. Якое глупства вы гаворыце, Марфа Пятроўна!

Марфа Пятроўна. Стараваты, гэта праўда. Але каб добры харч, то ён бы яшчэ акрыяў. Маладога — дзе ж ты яго ўхопіш цяперашнім часам?.. Ды яшчэ ўдавою быўшы.

Броня. Душа ў яго цудоўная, таму я яго люблю. А больш мне нічога не трэба.

Марфа Пятроўна. Пры целе і душа хараша.

Броня. Пра яго так няможна гаварыць. Ён выдатны талент.

Марфа Пятроўна. Дык і трымайся! Абедзвюма рукамі трымайся. Раз даў табе бог такі талент, дык не выпускай. Прыйдуць нашы, ён зноў у славе будзе. Ты за ім яшчэ пакрасуешся.

Броня. Ой, Марфа Пятроўна! З вамі гаварыць нельга. Вы ўсЁне з таго боку падыходзіце. Хіба я пра гэта думаю?

Марфа Пятроўна. А ты думай і пра гэта. За цябе ніхто не падумае. Я, мілая, век пражыла, ведаю, з якога боку да каго падысці, і табе дрэннага не параю.

Броня (глядзіць у акно). Ідзе, здаецца. Так, ідзе. (Узрадаваная, яна распранаецца і пачынае наводзіць парадак у пакоі.)

Марфа Пятроўна. Адлягло? Ну, то я пайду. Ты яму не гавары, што я тут балбатала. А трымаць — трымай!

Броня махае на Марфу Пятроўну рукой. Тая выходзіць. Уваходзіць Гудовіч. Ён празяб і адчувае сябе крыху вінаватым перад Броняй, але задаволены сабой.

Броня. Ну, ідзіце, ідзіце, бліжэй! Зараз вам лазня будзе.

Гудовіч. А і няма за што. Дарэмна ты заняла баявую пазіцыю.

Броня. Як няма за што? Вы сёння моцна правініліся.

Гудовіч. Я працаваў. Вось і заработак. (Выкладвае на стол грошы.)

Броня. Вы жабраваць хадзілі? Можа, там яшчэ дзе торба з кускамі? (Ідзе і заглядае ў пярэднюю.)

Гудовіч. А нашто торба, калі ў мяне капялюш.

Броня. На вуліцы? І як вам не сорамна?

Гудовіч. Ні капелькі. Гэта чыстыя грошы. Іх мне даў народ. Яны не заплямлены ні крывёю, ні здрадніцтвам. Бяры смела. (Бярэ са стала грошы і дае Броні.)

Броня (беручы грошы). А рукі ж, як лёд.

Гудовіч. Рукі пазяблі, а душы цяплей стала. Цэлы дзень са сваімі людзьмі. Я бачыў іх вочы, чуў, чым яны дышуць.

Броня. А вы глупства там ніякага не зрабілі?

Гудовіч. Не, я толькі граў.

Броня. Што вы гралі?

Гудовіч. Песні. Нашы, народныя: «Перапёлачку», «Вярбу»; не важна — што, важна — дзе граў, каму граў — вось што важна!

Броня. Я вас прашу — не рабіце гэтага больш.

Гудовіч. Гэта ты дарэмна просіш.

Броня. Родненькі! Паберажыце сябе. Баюся я за вас.

Гудовіч. Чаго? Я ж не з бомбаю хадзіў, а во (бярэ ў руку скрыпку) — са скрыпкай толькі.

Броня. Усё роўна. Не хадзіце больш.

Гудовіч. Во страху нагнаў! Не такі я герой, як ты думаеш.

Броня. І не трэба. Будзьце тым, кім вы ёсць. Ваша пара прыйдзе.

Гудовіч (распранаецца. Паліто вешае на вешалку, а капялюш кладзе на акно. Трэ рукі і хукае). Бачыў я сёння герояў.

Броня. Дзе?

Гудовіч. На шыбеніцу іх вялі... скатаваных. Людзі плакалі, і я... (хукае на рукі) ледзь не заплакаў. А яны... Гімны ім трэба складаць. (Прыкладае рукі да печы. Паўза.) Жыў буду — складу.

Броня. Я чула — павесілі іх.

Гудовіч. І жанчына там была... Маладая яшчэ. (Паўза.) Броня, дзе тая лістоўка?

Броня. Якая?

Гудовіч. З вершам Янкі Купалы, што мне прафесар Каліноўскі прынёс.

Броня. Я схавала.

Гудовіч. Дай мне яе сюды. (Броня выходзіць і хутка варочаецца.)

Броня. Вось яна.

Гудовіч (чытае).

 

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны!

 

Вось і я напішу. Музыку напішу. Няхай людзі пяюць, гневам распаляюцца.

Броня. Толькі з лістоўкай асцярожна.

Гудовіч. Я на памяць вывучу. А лістоўку ты зноў схаваеш. (Прыкладае рукі да печы. Паўза.)

Броня. У нас, у бальніцы, сёння аблава была. Кругом ачапілі гестапаўцы.

Гудовіч. Лавілі каго?

Броня. Партызана шукалі. Усіх хворых пературбавалі.

Гудовіч. Знайшлі?

Броня. Не, не знайшлі. Як падышлі да ложка, дык я ні жывая, ні мёртвая была. Але наш ардынатар — ён па-нямецку ўмее — сказаў ім нешта, яны паківалі галовамі, паглядзелі гісторыю хваробы і пайшлі далей.

Гудовіч. Дык партызан такі быў?

Броня. Ён у нашай палаце ляжыць.

Гудовіч. Ён табе сказаў, што партызан?

Броня. Не, мне ніхто не казаў. Я дзяжурыла, як яго прывезлі пад выглядам паліцая. Адзін толькі ўрач, Антон Піліпавіч, ведае пра гэта. Але я таксама здагадалася.

Гудовіч. І нікому не сказала?

Броня. Не. Нават яму самому. Няхай думае, што і я лічу яго за паліцая. Так яму спакайней будзе.

Гудовіч. Выходзіць, ты яго пакрываеш.

Броня. Ну і што ж такое? Свой чалавек.

Гудовіч. Такога нічога, толькі за гэта фашысты вешаюць. Дык, можа, і мне прасіць цябе, каб ты так не рабіла?

Броня. Мне можна, я чалавек звычайны.

Гудовіч. А мне няможна, бо я, па-твойму, незвычайны.

Броня. А вы павінны берагчы сябе.

Гудовіч. Дзякуй табе за такую прывілегію.

Броня (лагодна). Ну, годзе, супакойцеся. Мы пра гэта пасля пагаворым. А зараз я пайду да суседкі папытаюся, ці няма ў яе кіпятку. Вам трэба сагрэцца. (Мімаходам бярэ з акна капялюш і нясе на вешалку. Выходзіць.)

Гудовіч (бярэ з вешалкі капялюш і зноў кладзе на акно. Вымае з кішэні паперку, глядзіць у яе). У шэсць гадзін. (Глядзіць на гадзіннік.) Зараз павінна быць. Таксама канспірацыя. Капялюш ёй палажы на акне. На табе капялюш. Паглядзім, што ты мне скажаш. Напэўна, ноты прасіць будзе. А ў мяне і ў самога нічога няма.

Броня (уваходзіць са шклянкай чаю, ставіць на стол). Грэйцеся.

Гудовіч. Дзякую. (П’е.) Чаёк — гэта добра.

Броня (глядзіць на капялюш). Я ж яго, здаецца, вешала.

Гудовіч. Гэта ты, мусіць, думала вешаць.

Броня паціскае плячыма, вешае капялюш зноў на вешалку і выходзіць.

Гудовіч (зноў нясе капялюш на акно). Канспірацыя дык канспірацыя. (Ён яшчэ не данёс капелюша да акна, як увайшла Броня.)

Броня. Да вас прыйшлі, Павел Андрэевіч.

Гудовіч. А-а... Прасі, прасі. (Зашпільвае пінжак, папраўляе гальштук.)

Юля (уваходзіць). Добры вечар. (Яна на момант спыняецца ў дзвярах.)

Гудовіч. Добры вечар, Юлінька.

Ідуць адно другому насустрач.

Юля. Дарагі Павел Андрэевіч! Як я рада! (Працягвае яму абедзве рукі.)

Гудовіч (усхваляваны). Я таксама рад, Юлінька. Убачыў вас на плошчы і ўзрадаваўся. (Ён усё трымае яе рукі.) Толькі я заўважыў, што гаварыць там вы са мной не хочаце. Дзякуй, што зайшла наведаць старога. (Глядзіць ёй у твар.) Такая ж... ясная, як і была. Нібы прамень з майго мінулага. Як слаўна, як хораша мы жылі! (Паўза.) Распранайцеся. (Памагае ёй распранацца.)

Юля раскручвае хустку, знімае ватоўку, застаецца ў паношаным скромным плацці. Яны зусім забыліся на Броню, якая наглядае за імі збоку, як чужая.

Юля. Чула я пра ваша гора, Павел Андрэевіч.

Гудовіч. Гора, Юлінька, вялікае гора. Ды не ў аднаго мяне.

Юля. Як убачыла я вас, як вы на холадзе, без шапкі, ды песня гэта, аж сэрца ў мяне зайшлося. Забылася на ўсякую асцярогу і падцягнула вам.

Гудовіч. Вельмі дарэчы падцягнула.

Юля. А пасля пайшла і паплакала трошкі.

Гудовіч. А вось гэта, можа, і не дарэчы. Як жа вы жывяце, Юлінька? Дзе паварочваецеся?

Юля (глянуўшы на Броню). Усюды, Павел Андрэевіч. Дзе мяне толькі няма.

Гудовіч. Выбачайце, я забыўся вас пазнаёміць. Гэта — мая сваячка, гаспадыня, строгі апякун, найлепшы друг. Пры ёй можаце гаварыць смела, як і пры мне.

Броня. Часамі і друг можа быць лішнім.

Гудовіч. А гэта — мая былая вучаніца і добрая прыяцелька Юля Муравіцкая.

Броня і Юля паціскаюць адна другой рукі.

Гудовіч. Бронечка, можа ты яшчэ раздабудзеш шклянку чаю? (Броня выходзіць.) Сядайце, Юлінька. Раскажыце мне што-небудзь.

Юля (садзіцца). Раскажу. Я да вас прыйшла не з пустымі рукамі.

Гудовіч. Ну, ну, я слухаю.

Юля. Перш за ўсё прывітанне вам ад вашых шчырых сяброў, якіх вы нават не ведаеце, але якія вас добра ведаюць і любяць.

Гудовіч. Дзякую. Ад каго ж бы гэта?

Юля. Не магу вам пералічыць — іх шмат... Аднаго вы нават ведаеце. Шле вам нізкі паклон ваш былы сусед... рыбак, што язёў лавіў.

Гудовіч. Антон Іванавіч?

Юля. Ага, Максіменя. Чакае вас да сябе ў госці.

Гудовіч. Зайду, абавязкова зайду. Дзе ж ён жыве?

Юля. А жыве ён... супроць ліха на ўзгорачку.

Гудовіч. Ну, гэта, відаць, далекавата. Ліха то я ведаю дзе, а вось узгорачак той... Без вас я туды не патраплю.

Уваходзіць Броня. Ёй непрыемна, што Гудовіч так захоплен гаворкай з Юляй. З непрыязню глянуўшы на Юлю, яна ставіць перад ёй чай. Юля дзякуе кіўком галавы. Броня выходзіць. Чуваць, як яна на кухні бразгае вёдрамі, збіраецца ісці па ваду.

Юля. Гэта вам адна загадка. А цяпер другая: угадайце, ад каго вам пісьмо?

Гудовіч. Чакайце, падумаю.

Юля. Ад выдатнага чалавека, вашага прыяцеля і сябра па працы.

Гудовіч. Такіх тут у мяне няма. Усе мае прыяцелі і сябры па працы там, на свабоднай зямлі. Адзін я застаўся тут, як падбіты жораў.

Юля (вымае з кішэні пісьмо, паказвае канверт, прыкрываючы адваротны адрас). Пазнаяце, чый гэта почырк? (У дзвярах паказваецца галава Марфы Пятроўны. Яна пільна прыслухоўваецца.)

Гудовіч. Чакайце, чакайце. Почырк гэты я недзе бачыў. Гэта почырк напамінае мне... напамінае мне почырк нашай дарагой Аляксандры Патапаўны, нашай народнай артысткі. Але ж гэтага быць не можа. Яна ж там, наколькі мне вядома.

Юля (дае яму пісьмо). Прачытайце адваротны адрас.

Гудовіч (чытае). «Москва, Пушечная, 9, ЦЕДРИ, Александре Потаповне Гаевской». Юлінька, скажыце — я не сплю? Як жа гэта? Адкуль? Дзе вы ўзялі гэта пісьмо?

Юля. З неба звалілася. І проста мне ў рукі.

Гудовіч (паказвае пальцам угару). З неба? Так, так, разумею. Толькі з неба яно і магло зваліцца. (Разрывае канверт, чытае.) «Дарагі Павел Андрэевіч! Гарачае прывітанне вам з Вялікай зямлі ад вашых сяброў. Не думайце, што мы забылі пра вас. Мы ўсе вас помнім і любім па-ранейшаму. Прымаюцца захады, каб вы былі з намі. Прыязджайце, мы вас чакаем з гатовымі абдымкамі. Тут ваш талент зноў распрастае свае магутныя крылы, звязаныя фашысцкай няволяй. А пакуль гэта станецца, просім неадкладна прыслаць нам клавір вашай «Шчаслівай долі». Тэатр прыступае да працы, і мы хацелі б пачаць вашай операй. Жадаю вам мужнасці, здароўя і шчаслівага падарожжа. Да хуткага спаткання ў Маскве. Ваша Алеся». Чакайце, чакайце. Дайце апамятацца. (Усхваляваны ўстае і ходзіць па пакоі. Галава Марфы Пятроўны знікае.) Масква! Няўжо гэта можа быць? І якія гэта захады? Хто іх прымае?

Юля. Цэнтральны Камітэт і наш урад. Наконт вас даўно было запытанне: дзе знаходзіцца, што робіць.

Гудовіч. Помняць! У такі час! Аб адным чалавеку клапоцяцца. Каб, скажам, генерал быў, а музыка — хіба да яе цяпер?

Юля. Лічаць, што і музыкай можна ворага біць.

Гудовіч. Яна просіць, каб я зараз клавір паслаў. А як жа я пашлю?

Юля. Давайце мне.

Гудовіч. Вам?

Юля. Не бойцеся, дойдзе па прызначэнню.

Гудовіч. Дык вось вы хто!

Юля. Паштальён, усяго толькі.

Гудовіч (адчыняе шуфлядку стала). Але ж ён у мяне ў такім выглядзе... На кавалачках паперы, карандашом... Тут ніхто нічога не разбярэ. Ды і не скончаны яшчэ. Мне трэба не менш месяца, каб прывесці гэта ўсё ў парадак. Я акуратна, дробненька перапішу ў адзін сшытак, каб гэта менш месца займала.

Юля. А самі вы хіба не збіраецеся?

Гудовіч. Я рад бы, але як? Што? Якім чынам?

Юля. Такім жа самым чынам, якім у нас апынуўся доктар Данілевіч.

Гудовіч. А ён што? Я ж яго тыдзень таму назад бачыў у горадзе.

Юля. А цяпер ён там.

Гудовіч. Значыць, і я магу?

Юля. Вядома, можаце. У мяне ёсць прапанова наконт гэтага.

Гудовіч. У вас?

Юля. Так. Не мая, вядома. Мяне паслалі людзі трошкі важнейшыя, чым я. Мне даручылі прывесці вас у партызанскі атрад.

Гудовіч. Вы адтуль?

Юля. Так. Мяне паслалі да вас, бо каму другому вы маглі б не паверыць.

Гудовіч. Вось дык Юлінька!

Юля. Вы не давяраеце?

Гудовіч. Ды што вы, што вы! Я сабе, сваім вушам не веру. Стары Гудовіч — партызан. Крышку не вяжацца. Гэта такія людзі!.. Я іх бачыў сёння на вуліцы. І жанчына там была. Можа, такі ж паштальён, як і вы. Толькі не дай бог бачыць вас у такім становішчы.

Юля. Дык як, Павел Андрэевіч? У нас вам будзе добра. Будзеце сядзець у зямлянцы і працаваць над «Шчаслівай доляй». А прыйдзе самалёт, сядзеце і праз тры гадзіны ў Маскве.

Гудовіч. Вы мне казку расказваеце.

Юля. Якая стане праўдай. А тут вам заставацца небяспечна.

Гудовіч. Што ж, я згодзен. Толькі ж гэта не сягоння?

Юля. Не, я вам скажу, калі. Мы змайструем вам пропуск, падрыхтуем фурманку. Тут адзін шафёр збіраецца да нас перайсці... з нямецкай машынай. Я з ім трымаю сувязь. З ім бы вельмі зручна было. Вы будзьце напагатове і трымайцеся асцярожна. Граць на вуліцу больш не хадзіце.

Гудовіч. Не пайду. З сённяшняга дня буду лічыць сябе партызанам.

Юля. Шчыра вітаю вас! (Паціскае Гудовічу руку.)

Гудовіч. А што на фронце чуваць? У вас жа весткі пэўныя.

Юля. Пад Сталінградам страшныя баі.

Гудовіч. Нашы трымаюцца?

Юля. Цяжка ім, але трымаюцца. Пакляліся стаяць насмерць.

Гудовіч. Дай ім бог сілы. Ну, а як настрой там, на Вялікай зямлі?

Юля. Лётчыкі расказваюць: настрой адзін — перамагчы. Будзе і на нашай вуліцы свята.

Гудовіч (усхваляваны ходзіць па пакоі). Хацелася б дажыць да гэтага свята.

Юля. А мы і дажывём.

Гудовіч. Трэба дажыць, Юлінька. Дажыць, чаго б гэта ні каштавала! А тады ўжо мы і пасвяткуем. На ўвесь свет будзе наша свята чутно. (Ходзіць усхваляваны.)

Юля. Ну, мне пара. У нашым становішчы падоўгу гасцяваць не прыходзіцца. (Устае.)

Гудовіч. Дзякую, Юлінька, за добрыя весці. Перадайце прывітанне свайму начальству, і дзякуй ім за клопаты аба мне.

Юля. Дык рыхтуйцеся, Павел Андрэевіч. Я думаю, не пазней як дзён праз пяць, я да вас зайду.

Гудовіч. Ды ўжо ж буду рыхтавацца. (Ён знімае з вешалкі Юліну ватоўку, з якой падае на падлогу фінка. Гудовіч падымае яе.) О-го-го! Вы нават са зброяй.

Юля (засаромеўшыся, хуценька хавае фінку ў кішэнь). Гэта так... на ўсякі выпадак. Бывайце здаровенькі, Павел Андрэевіч!

Гудовіч. Бывайце, Юлінька. Жадаю вам шчасліва таптаць вашы сцежкі. (Цалуе яе ў лоб. Юля выходзіць. Гудовіч зараз жа бярэцца ўпарадкоўваць свае запісы. Уваходзіць Броня.)

Гудовіч. Пайшла яна?

Броня. Пайшла. Што гэта за дзяўчо?

Гудовіч. Гэта залатое дзяўчо. Яна мне адчыніла акно ў іншы свет.

Броня (насцярожана). Што гэта за свет такі?

Гудовіч. Свет, дзе няма фашысцкай ночы.

Броня. У вас святочны настрой.

Гудовіч. Для настрою ёсць прычына.

Броня. Якая?

Гудовіч (таямніча). Мяне клічуць у Маскву.

Броня (здзіўлена глядзіць на яго, як на вар'ята). У Маскву?

Гудовіч. Так. Да партызан, а пасля ў Маскву.

Броня. Хто кліча? Гэта блазніца?

Гудовіч. Аляксандра Патапаўна Гаеўская. Прымаюцца захады.

Броня. І вы паверылі?

Гудовіч. Вось яе пісьмо.

Броня (бярэ пісьмо і разглядае). І вы згадзіліся?

Гудовіч. Так, я даў згоду. (Броня, прыгнечаная, садзіцца на крэсла.) Ты што? Не рада?

Броня. А чаго ж мне радавацца? Што вы розум страцілі?

Гудовіч. Чаму я страціў розум? Быць на свабоднай савецкай зямлі, тварыць для савецкіх людзей — хіба гэта не разумнае жаданне?

Броня. Пакуль вы з гэтай дзяўчынкай дойдзеце да партызан, вас дзесяць разоў застрэляць. Гэта ў лепшым выпадку.

Гудовіч. А ў горшым што ж, калі гэта лепшы?

Броня. А ў горшым вас схопяць тут, на кватэры, і павесяць. За сувязь з партызанамі.

Гудовіч. Адкуль яны будуць ведаць?

Броня. Вы ўпэўнены, што гэта почырк Гаеўскай?

Гудовіч. Па-мойму, яе.

Броня. А па-мойму, такое пісьмо можна і тут напісаць.

Гудовіч. Нашто ж яго будзе хто пісаць?

Броня. Каб вас у пастку злавіць.

Гудовіч. Па-твойму, і Юля хоча мяне ў пастку злавіць?

Броня. Адкуль вы ведаеце, што не?

Гудовіч (смяецца). Вунь куды махнула! Не, галубка. Здрада такімі вачыма не глядзіць.

Броня. Вас ніхто не бачыў, як вы гралі на вуліцы?

Гудовіч. Мігуцкі бачыў. Усё працягваў мне сваю паганую руку дапамогі.

Броня. Вось ён і мог падаслаць.

Гудовіч. Глупства, глупства! (Закрывае вушы рукамі.) Не хачу слухаць. Ты сама ад страху розум страціла.

Шкуранкоў (уваходзіць). Пакрыўдзіўся быў на вас, думаў не заходзіць, ды не ўцярпеў. Усё ж мы людзі аднае прафесіі і ў аднолькавым становішчы знаходзімся... Мне трэба з вамі параіцца.

Гудовіч. Гэта аб чым жа?

Шкуранкоў. Вельмі цікавае здарэнне. Толькі вам і магу сказаць пра гэта. (Аглядаецца на Броню. Броня выходзіць.) Ведаеце, ад каго я атрымаў пісьмо?

Гудовіч. Ад каго?

Шкуранкоў. З Масквы.

Гудовіч (моцна зацікаўлены). З Масквы?

Шкуранкоў. Так, ад Аляксандры Патапаўны.

Гудовіч. Што вы кажаце!

Шкуранкоў. Уявіце сабе. Я проста вачам сваім не верыў.

Гудовіч. І што ж яна піша?

Шкуранкоў. Піша глупства, вядома. Толькі бабскі розум да гэтага можа дадумацца. У Маскву мяне запрашае. Відаць, ім там вельмі не хапае мяне.

Гудовіч. Дык вы што на гэта?

Шкуранкоў. Ды што вы пытаецеся! Хіба гэта магчыма? Абсурд, вядома. Мяне турбуе не гэта. Пісьмо прынесла партызанка — вось што мяне турбуе. Вы разумееце маё становішча?

Гудовіч. Зусім разумею.

Шкуранкоў. Гэта ж мазгоў трэба не мець, каб падвяргаць мяне такой небяспецы. Што там за камандзіры безгаловыя. Я ж ім не які-небудзь цюха-мацюха, што хоць і загіне, дык не вялікая бяда.

Гудовіч. Яны лічаць, што вялікім людзям уласціва і вялікая мужнасць.

Шкуранкоў. Глупства. Яны не маюць права падводзіць мяне пад абух.

Гудовіч. І што ж вы сказалі дзяўчыне?

Шкуранкоў. Я яе прагнаў. Сказаў, калі яшчэ раз прыйдзе, дык паліцыю паклічу.

Гудовіч (іранічна). Тут вы праявілі вялікую мужнасць.

Шкуранкоў. Я думаю, што я зрабіў разумна. А яна — такая дурніца. «Я,— кажа,— не веру, вы не такі. Гэта вы знарок пужаеце паліцыяй, думаеце, што я падаслана. Усё роўна,— кажа,— я да вас прыйду яшчэ». Ну, мяне яшчэ горшая злосць узяла.

Гудовіч. Сапраўды, злосць. Гэта вельмі крыўдна, калі цябе лічаць сумленным чалавекам, а ты такім не з’яўляешся.

Шкуранкоў. Добра вам іранізаваць. Паглядзеў бы я, што б вы рабілі на маім месцы.

Гудовіч. На вашым месцы я зрабіў бы, можа, якраз наадварот.

Шкуранкоў. Дай божа чутае бачыць. А я не прэтэндую на геройства. Мне вось і пісьмо гэта не дае спакою. Здаецца, грудзі яно мне пячэ. (Вымае з кішэні пісьмо.) Спаліць хацеў, ды перадумаў: а раптам даведаюцца як-небудзь! Скажуць — пакажы, а ў мяне яго няма. Значыць — канспірацыя, змова.

Гудовіч. А вы... нясіце яго ў гестапа.

Шкуранкоў. А што, гэта, бадай, самае разумнае. Ёй ніякай шкоды не будзе, і я невінаваты.

Гудовіч. Нясіце... Толькі рукі больш я вам не падам.

Шкуранкоў. Што зробіш. Мне шкада траціць прыяцеля, але жыццё мне даражэй вашай рукі.

Гудовіч (абураны ходзіць па пакоі). І вось прыйдзе час, святы час вызвалення, якога чакаюць усе сумленныя людзі. Як вы тады народу ў вочы глянеце?

Шкуранкоў. А мне і глядзець не прыйдзецца. Я ўжо вам казаў: пакуль гэты час прыйдзе, дык нас з вамі чэрві з’ядуць.

Гудовіч (спыняецца). А ведаеце, што, Антон Еўдакімавіч... Мне здаецца, што вас ужо чэрві з’елі. Яны растачылі ваша сумленне, усё лепшае, што ў вас было, і ў вас засталося толькі самае паганае, што і чэрві есці не будуць — подласць.

Шкуранкоў (абураны). Як вы смееце! Ды я вас!.. Ды я вас знаць больш не хачу. (Выходзіць, стукнуўшы дзвярыма. Гудовічабураны ходзіць па пакоі.)

Броня (уваходзіць і нейкі час моўчкі наглядае за Гудовічам). Павел Андрэевіч! Малю вас, адумайцеся! Не ідзіце насустрач сваёй пагібелі!

Гудовіч. Дарэмна просіш. Я ўжо гэта цвёрда вырашыў. (Паліць пісьмо, потым апранаецца.)

Броня (кідаецца да яго). Куды вы?

Гудовіч. Не бойся, не ў партызаны. Хачу прайсціся па вуліцы, разабрацца з думкамі. (Броня садзіцца і пачынае плакаць. Гудовіч падыходзіць і кладзе ёй рукі на плечы.) А гэта ты дарэмна. Радавацца трэба, а не плакаць. Усё складаецца як не трэба лепш. Я зараз прыйду, і ўсё спакойна абдумаем. (Выходзіць.)

Броня, апёршыся на стол, моцна ўсхліпвае. У пакой заглядвае Марфа Пятроўна.

Марфа Пятроўна. Што гэта ў вас тут парабілася? Ён пайшоў, а ты плачаш. Ці не пасварыліся?

Броня. Пакіньце мяне, Марфа Пятроўна!

Марфа Пятроўна. А што гэта за яна прыходзіла?

Броня. А вам нашто?

Марфа Пятроўна. Як гэта нашто? Мне цікава ведаць, хто каля майго парога швэндаецца.

Броня. Знаёмая Паўла Андрэевіча.

Марфа Пятроўна. Што гэта за знаёмая? Чаго ёй тут трэба?

Броня. Не ведаю.

Марфа Пятроўна. Не ведаеш. А чаго ж ты плачаш?

Броня. Мусіць, па ноты прыходзіла.

Марфа Пятроўна. Глядзі, мілая, каб па гэтых нотах табе пець не давялося.

Броня. Што гэта значыць?

Марфа Пятроўна. Звядуць яны яго з пуці. Гэта ўжо як піць даць.

Броня. Вы так гаворыце, нібы нешта ведаеце пра яе.

Марфа Пятроўна. Можа, і ведаю.

Броня (зацікаўлена). Што ж вы ведаеце, Марфа Пятроўна?

Марфа Пятроўна А тое, што я гэту тваю знаёмую з нямецкім афіцэрам бачыла.

Броня (моцна занепакоеная). А вы не памыляецеся?

Марфа Пятроўна. Не памыляюся. Ты маё вока ведаеш.

Броня. Гэта вельмі небяспечна, калі так.

Марфа Пятроўна. Дык вось глядзі, мілая, я цябе папярэдзіла. (Выходзіць.)

 

Карціна пятая

Пакой у гестапа. За сталом лейтэнант Людвіг Шуфт. Перад ім у крэсле Мігуцкі. Абодва кураць.

Шуфт (гаворыць з моцным акцэнтам). Хутка тут будзе ваш падшэфны — кампазітар Гудовіч. Перад гэтым я хацеў бы мець ад вас інфармацыю.

Мігуцкі. Вы яго арыштавалі?

Шуфт. Не, запрасіў на гутарку. Вы з ім гаварылі?

Мігуцкі. Гаварыў, пане Шуфт.

Шуфт. І што ж?

Мігуцкі. Упарты стары.

Шуфт. Грошы?

Мігуцкі. Не бярэ.

Шуфт. Ідэя? Служэнне народу? Гаварылі з ім на гэту тэму?

Мігуцкі. Гаварыў. У яго наконт гэтага свой погляд.

Шуфт. Савецкая закваска!

Мігуцкі. Так, яшчэ трымаецца.

Шуфт. Значыць, гаворка з ім скончана?

Мігуцкі. У мяне, пакуль што, скончана. Можа, у вас знойдуцца іншыя сродкі, каб пераканаць яго.

Шуфт. У нас сродкі вельмі радыкальныя. Вы іх ведаеце.

Мігуцкі. Для такіх няма яшчэ падстаў, пане Шуфт.

Шуфт. А гэта дзяўчына з пісьмом? Змест пісьма вам вядомы?

Мігуцкі. Не. Гэта дурная баба — яго суседка — нічога пэўнага не высветліла.

Шуфт (паказвае Мігуцкаму пісьмо). Можа, такое пісьмо? Гэта мне прынёс Шкуранкоў.

Мігуцкі (разглядае пісьмо). Магчыма, што і такое. Вельмі магчыма.

Шуфт. Вось вам і падставы.

Мігуцкі. Калі і такое, дык роля Гудовіча тут, відаць, пасіўная.

Шуфт. Усё ў нашых руках. Мы зробім яе актыўнай.

Мігуцкі. І што ж вы яго... павесіце?

Шуфт (зацягваецца). А вы як бы зрабілі на нашым месцы, пане Мігуцкі?

Мігуцкі. Я б на вашым месцы не спяшаўся, пане Шуфт.

Шуфт. Вы шкадуеце яго?

Мігуцкі. Не шкадую, а ранавата.

Шуфт. Вашы довады?

Мігуцкі. Улічваючы яго папулярнасць, нам выгадней было б мець яго жывым... на нашым баку. За ім пайшлі б другія.

Шуфт. Ёсць яшчэ шансы?

Мігуцкі. Я думаю, што ў яго гэтай закваскі ненадоўга хопіць. Асабліва, калі вы намалюеце яму перспектыву ў выглядзе перакладзіны з пятлёй. (Зацягваецца.) А пасля я з ім яшчэ пагавару.

Шуфт (кладзе акурак у попельніцу). Добра. Мы над вашай прапановай падумаем. (Устае.) Заходзьце, пане Мігуцкі.

Мігуцкі (устае). З прыемнасцю, пане Шуфт. (Кланяецца.) Бывайце здаровы! (Выходзіць.)

Шуфт націскае кнопку. Уваходзіць Яфрэйтар-гестапавец.

Шуфт. Іст Гудовіч берайтс гекоммен?

Яфрэйтар. Яволь, гер лёйтнант.

Шуфт. Голен зі ін гер.

Яфрэйтар выходзіць. Шуфт вымае з шуфляды пісталет і кладзе на стол. Праз хвіліну ўваходзіць Гудовіч і спыняецца ў парозе.

Шуфт. Добры дзень, пан Гудовіч! Падыходзьце сюды. (Гудовіч падыходзіць.) Сядайце.

Гудовіч. Пастаю. Відаць, не ў госці запрасілі.

Шуфт (настойліва паказваючы рукой на крэсла). Зэцэн зі зіх. (Гудовіч павольна садзіцца ў крэсла.) Гаворыце па-нямецку?

Гудовіч. Не.

Шуфт (націскае кнопку. Уваходзіць яфрэйтар). Іх браўхэ дэн долмэчэр! (Яфрэйтар выходзіць. Шуфт прапануе Гудовічу папяросу.) Курыце?

Гудовіч. Не куру.

Уваходзіць перакладчык Стракач.

Шуфт (Гудовічу). Прабачце, што я вас патурбаваў.

Гудовіч. Гэта ваша справа — людзей турбаваць.

Шуфт. Як вы сябе адчуваеце?

Гудовіч. Як у гестапа.

Шуфт. Што вы цяпер робіце?

Гудовіч. З ласкі пана лейтэнанта і яго фюрэра я цяпер адпачываю.

Шуфт (да Стракача). Вас?

Стракач. Эргольт эр зіх ецт.

Шуфт. Чаму вы адмаўляцца працаваць?

Гудовіч. Я страціў здольнасць да творчай працы.

Шуфт. Як гэта?

Гудовіч. Стаў круглым ідыётам.

Шуфт. Я не веру гэтаму.

Гудовіч. Мне нязручна вам даводзіць, што я — ідыёт.

Шуфт. Вы ўсё ж сёе-тое робіце.

Гудовіч. Напрыклад?

Шуфт. Напрыклад — граеце песні на вуліцы.

Гудовіч. Для гэтага не трэба вялікага таленту.

Шуфт. Для гэтага патрэбна... фрэхгайт.

Стракач. Дзёрзкасць патрэбна.

Гудовіч. Песні самыя нявінныя, народныя.

Шуфт. Гэтыя песні мне не падабаюцца.

Гудовіч. Народ наш не ведаў мастацкага густу пана лейтэнанта, калі складаў гэтыя песні.

Шуфт. Гэта ёсць пратэст. Вы айнэн дорнэнкранц на галаву палажылі і выйшлі на вуліцу, ві ауф гольгота.

Стракач. Вы ўсклалі на галаву цярновы вянок і выйшлі на вуліцу, як на галгофу.

Гудовіч. Я не Хрыстос: не магу сваімі пакутамі вызваліць ад іх свой народ.

Шуфт (гарачліва). Так, вы ніякі не Хрыстос, і калі з вамі здарыцца такая непрыемнасць, як з ім, дык васкрэснуць вам не ўдасца. Для вас лепш было б знайсці з намі агульную мову. Мы гарантырэн вам добрыя ўмовы.

Гудовіч. Калі я не Хрыстос, дык гэта не значыць што я Іуда.

Шуфт. Вы прапануеце нейтралітэт? Вы свой нейтралітэт парушылі ўжо.

Гудовіч. Якім чынам?

Шуфт. Вы падаліся ў партызаны.

Гудовіч. Новы анекдот.

Шуфт. Не будзем траціць лішніх слоў. (Пакручвае ў руках пісталет.) Да вас перад два дні прыходзіла дзяўчына?

Стракач (паціху). Не прызнавайцеся.

Гудовіч. Два дні таму назад? (Нібы ўспамінае.) Не помню.

Шуфт. Успомніце, хто вам прынёс пісьмо.

Стракач (паціху). Пісьма не было.

Гудовіч. Пісьмо было.

Шуфт. Ад каго?

Гудовіч. Ад народнай артысткі Гаеўскай.

Шуфт. Што яна піша?

Гудовіч. Яна просіць у мяне клавір оперы «Шчаслівая доля».

Шуфт. Вы паслалі ёй клавір?

Гудовіч. Нават каб хацеў, дык я не мог бы гэтага зрабіць: праца мая згарэла.

Шуфт. Што яна піша яшчэ?

Гудовіч. Нічога.

Шуфт. А не запрашае яна вас у Масква?

Гудовіч. Запрашае.

Шуфт. Што ж, вы збіраецеся?

Гудовіч. Калі вы падручыцеся мяне туды даставіць.

Шуфт. Вас туды той даставіць, хто адтуль даставіў пісьмо.

Гудовіч. Пісьмо мне прынесла дзяўчынка. Мяне даставіць ёй не пад сілу.

Шуфт. Тая самая дзяўчынка, якой вы не маглі ўспомніць?

Гудовіч. Я ўспомніў: пісьмо прынесла дзяўчынка.

Шуфт. Дзе гэта пісьмо?

Гудовіч. Я яго спаліў.

Шуфт. Нашто вы гэта зрабілі?

Гудовіч. Я палічыў, што яго лепш спаліць: пісьмо ўсё ж маскоўскае.

Шуфт. Такім чынам, мы ўстанавілі, што вы мелі сувязь з партызанамі.

Гудовіч. Партызан я і ў вочы не бачыў.

Шуфт. А дзяўчына хто ж, па-вашаму? Анёлак божы?

Гудовіч. Не ведаю. Я не паспеў у яе запытацца, хто яна.

Шуфт. Вы помніце яе ў твар?

Гудовіч. Не, не помню.

Шуфт. А калі мы яе вам пакажам? Пазнаеце?

Гудовіч. Не пазнаю. Гэта было на змярканні, і твару яе я не разгледзеў. Я яшчэ не паспеў распячатаць пісьмо, як яна пайшла.

Яфрэйтар (уваходзіць). Гер лёйтнант! Гер обэрст руфт зі.

Шуфт (кіўнуў Гудовічу галавой). Прабачце.

Шуфт выходзіць.

Стракач (мяняе тон). У непрыемную гісторыю трапілі вы, Павел Андрэевіч. Я вам шчыра спачуваю. Вы, вядома, маеце падставы мне не давяраць. Вы не ведаеце, хто я, чаго тут і хто мяне сюды паставіў.

Гудовіч. А вы мяне адкуль ведаеце, што так са мной размаўляеце?

Стракач. Божа мой! Хто ж вас не ведае? Я помню яшчэ прэм’еру вашай першай оперы. Гэта быў трыумф. Бура авацый. І сёння бачыць вас у такім становішчы — душа баліць.

Гудовіч. Я ніякага злачынства не зрабіў. Мне няма чаго баяцца.

Стракач. Яны на гэта іначай глядзяць. Дарэмна вы так шчыра з ім размаўляеце. Трэба было ўсё адмаўляць: дзяўчына не прыходзіла, пісьма не было, з партызанамі ніякай сувязі не маеце. Да іх дайшлі нейкія чуткі, вось яны і бяруць вас на бога.

Гудовіч. Я не лічыў патрэбным што-небудзь скрываць.

Стракач. Не, гэта небяспечна. Яны могуць вас заблытаць. Я вам вось што параю. (Аглядаецца на дзверы, таямніча.) Да вас прыйдзе жанчына.

Гудовіч (зацікаўлена). Так?

Стракач. Дык вы заявіце сюды.

Гудовіч. А хто яна такая?

Стракач. Тсс...

Уваходзіць Шуфт. Стракач зразу надае твару службовы выраз.

Шуфт. Такім чынам, мы ўстанавілі, што вы наладзілі сувязь з партызанамі.

Гудовіч. Я не наладжваў ніякай сувязі.

Шуфт. Партызаны наладжвалі, а вы не заявілі. Гэта дапамога партызанам. Вы ведаеце, што мы робім у такіх выпадках?

Гудовіч. Ведаю.

Шуфт. Але мы з вамі не спяшаемся. Мы даём вам час абдумаць становішча. Спадзяёмся, што мы з вамі знойдзем агульную мову. А павесіць вас, пане Гудовіч, мы заўсёды паспеем. (Хлопае па плячы.)

Гудовіч. Дзякую за прыемную перспектыву.

Шуфт. Будзем лічыць, што ўмова паміж намі заключана: мы вас не вешаем, а вы абяцаеце трымацца лаяльна і падумаць аб перспектыва. Ауфвідэрзэен. (Падае Гудовічу руку. Той яе «не заўважае» і цяжкаю ступою накіроўваецца да дзвярэй.)

Шуфт (Стракачу). Гаварылі яму пра жанчыну?

Стракач. Гаварыў. Здаецца, клюнула.

Шуфт (падморгвае Стракачу). А вешаць яго ўсё-такі прыйдзецца. Як вы думаеце?

Стракач. Думаю, што прыйдзецца. І неўзабаве.

 

Карціна шостая

Дэкарацыя другой карціны

Гудовіч адзін у пакоі. Ён піша музыку на словы Янкі Купалы. Бярэ скрыпку, грае і падпявае: «Партызаны, партызаны...» Уваходзіць Броня. Яна, апраненая, спыняецца ў дзвярах. Закусвае губы, выходзіць. Праз хвіліну ўваходзіць распраненая, і цяпер Гудовіч яе заўважае. Ён адкладвае скрыпку ўбок.

Броня. Ніхто не прыходзіў?

Гудовіч. Не. Мне страшна думаць пра гэта. І не думаць таксама не магу.

Броня. Хоць бы ён намякнуў, хто яна.

Гудовіч. Хто яна, хто ён сам — нічога не ведаю.

Броня. Давайце возьмем сябе ў рукі і спакойна абдумаем усё па парадку. Перш за ўсё — хто ён? Гэты, што намякнуў пра жанчыну? Прыяцель ці вораг?

Гудовіч. Што прыяцелю рабіць у гестапа?

Броня. Можа, яго туды нашы паслалі... каб людзей перасцерагаў? Фашысты пастку строяць, а ён ратуе вас, папярэджвае, што да вас падашлюць правакатара.

Гудовіч. А я думаю, што ён сам правакатар. Хоча, каб я выдаў ім партызанку, калі яна прыйдзе. Тады мне адна дарога — да іх. Сярод сумленных людзей месца мне не было б.

Броня. Вось тут і ўгадай, хто прыйдзе: партызанка ці правакатар.

Гудовіч. А не ўгадаеш — смерць.

Броня. Няўжо смерць?

Гудовіч. Калі прыйдзе правакатар, ды я не заяўлю — мне смерць, а калі партызанка прыйдзе, а я заяўлю — ёй смерць.

Броня. Калі прыйдзе незнаёмая жанчына, тады ясна: падаслалі.

Гудовіч. Нічога не ясна, і хутчэй за ўсё, што прыйдзе іменна незнаёмая. Я баюся, што Юлю яны схапілі.

Броня. Чаму вы так думаеце?

Гудовіч. Немец пытаўся, ці пазнаў бы я тую дзяўчынку, што пісьмо прыносіла.

Броня. Вочнай стаўкі ўсё ж не было.

Гудовіч. Можа, яна ў такім стане, што гэтага нельга было зрабіць.

Броня. Можа, яна і сапраўды там, але...

Гудовіч. Што але? Дагаворвай, чаго ж ты маўчыш?

Броня. Але не ў ролі палоннай.

Гудовіч. Што ты гэтым хочаш сказаць?

Броня. Я вам казала, што Марфа Пятроўна бачыла яе з нямецкім афіцэрам.

Гудовіч. Брахня, гэтага не магло быць.

Броня. А калі не брахня?

Гудовіч. Гэта подласць думаць так пра чалавека, які, можа, канае цяпер у фашысцкім засценку.

Броня. Дык гэта не брахня, Павел Андрэевіч. Я сама сёння бачыла яе з нямецкім афіцэрам.

Гудовіч. Гэта ты толькі што выдумала.

Броня. Не выдумала, а бачыла на свае вочы.

Гудовіч. Тады табе проста здалося.

Броня. Я не магла памыліцца — гэта была яна. Выйшлі з машыны ўдваіх і зайшлі ў адзін дом.

Гудовіч. Не веру, не веру і не веру. Гэтага не магло быць.

Броня. А чаму вы ў яе так уверылі?

Гудовіч. Я яе ведаю: гэта мая вучаніца, сумленная дзяўчына, камсамолка.

Броня. Хіба няма такіх, што былі нібы харошымі дзяўчатамі, а цяпер з нямецкімі афіцэрамі круцяцца?

Гудовіч. Ты не смееш так думаць пра яе!

Броня. Я ўпэўнена, што яна — правакатар.

Гудовіч. Ты падбіваеш мяне на подласць.

Броня. Я вас ад смерці ратую.

Гудовіч. Чуў ужо. Шкура табе даражэй за ўсё.

Броня (моцна абражаная). Мне цяжка чуць гэта ад вас, Павел Андрэевіч. (Усхліпвае.) Каб яны згадзіліся ўзяць маю шкуру... за ваша жыццё... я з радасцю дала б яе садраць.

Гудовіч. Ну, не твая, мая шкура табе даражэй за ўсё. Гэта ўсё роўна.

Броня. Ваша будучыня мне даражэй за ўсё.

Гудовіч. У здрадніка няма будучыні. Праз яе мне Радзіма руку падае, каб выратаваць, а я яе пад вісельню.

Броня. Глядзіце, каб яна сама не падвяла вас пад вісельню.

Гудовіч (страшна абураны). Не смей!

Броня ціха плача. Гудовіч падыходзіць да яе.

Гудовіч. Прабач. Я змучаны, хворы чалавек.

Броня (абнімае яго за плячо). Родны мой! Голуб вы мой сівы! Я ж бы хацела параіць вам, як найлепш. Калі я і глупства скажу, дык не гневайцеся. Ад вялікай любасці да вас і дурнею. Загінеце ж вы! І я загіну. За што? За правакатарку. Калі ўжо так суджана, дык лепш няхай яна адна. Яна ж здрадніца, а вы... Вы тварыць павінны.

Гудовіч. Каму патрэбна творчасць, на якой ляжыць каінава пячаць? Хіба я магу апяваць гераізм людзей, якіх сам паставіў пад вісельню?

Броня. Значыць — смерць?

Гудовіч. Геройская смерць — гэта не смерць. Жыццё, купленае подласцю,— вось гэта смерць.

Броня (з адчаем). Я не хачу! Вы жыць павінны. Я не дапушчу!

Гудовіч. Ты, неразумная, хочаш стаць мне на дарозе ў самы адказны момант майго жыцця?

Броня. Я не толькі стану — трупам лягу, а выратую вас.

Гудовіч. У мяне хопіць сілы пераступіць і цераз твой труп, і я пайду туды, куды кліча мяне мой народ і маё сумленне.

Броня. Вы не дойдзеце, смерць пяройме вас на дарозе. Але я перайму яе.

У пярэдняй чуецца бразгат конаўкі аб бітон.

Голас з пярэдняй. Малачка не будзеце браць?

Гудовіч. Хто там?

Голас. Малачка, пытаюся, не будзеце браць?

Броня. Не, мілая, грошай няма.

Юля (уваходзіць з бітонам у руках). А я пачакаю на грошы.

Гудовіч (углядаецца). Юлінька! Дарагая мая! (Ідзе ёй насустрач.) Я тут душою збалеў па вас. (Цалуе ў лоб. Да Броні.) Ну, глянь жа ты на яе. Чый яна пасланец? (Броня панура і няветліва глянула на Юлю.) А мы тут чорт ведае якіх страхаў сабе навыдумлялі. Распранайцеся, Юлінька.

Юля. Дзякую, Павел Андрэевіч, няма часу. Я прыйшла па вас.

Гудовіч (збянтэжаны нечаканасцю). Ужо?

Юля. Усё падрыхтавана, Павел Андрэевіч.

Гудовіч. Ну вось! А я і не сабраўся. А ўсё ты, Бронечка, вінавата.

Юля. Ніякіх збораў не трэба. Апранайцеся і пойдзем.

Гудовіч. А клавір?

Юля. Клавір вазьміце абавязкова.

Гудовіч. А ён у мяне схаваны. (Выходзіць.)

Броня. Дзяўчына мілая! Я не ведаю, хто вы, але хоць якое-небудзь сэрца ёсць жа ў вашых грудзях. Я вас малю — не чапайце гэтага чалавека.

Юля. Не разумею, чаго вы хочаце.

Броня. Не чапайце, не губіце старога. У імя вашага бацькі, калі ён у вас ёсць.

Юля. Мяне паслалі ратаваць яго, а не губіць.

Броня. Не, вы прыйшлі, каб загубіць яго. А ён нявінны, як голуб, даверлівы, як дзіця. Вы клічаце яго ў пятлю, і ён паслушна ідзе за вамі.

Юля. Вы перавялічваеце небяспеку. Паверце, што гэта не так страшна.

Броня. Прашу вас, змілуйцеся, адкасніцеся ад яго. Скажыце таму, хто вас паслаў, што ён прагнаў вас, што ён і слухаць не хоча аб партызанах.

Юля. Я гэтым вельмі засмуціла б таго, хто мяне паслаў. Не магу я гэтага зрабіць.

Броня. Малю вас, не адбірайце яго ў мяне.

Юля. Прызнайцеся: вы вельмі яго любіце?

Броня. Вы гэта бачыце.

Юля. Я вас разумею: вы хочаце захаваць яго для сябе. А я прыйшла, каб захаваць яго для Радзімы. Мая мэта — вышэйшая, і я вам не ўступлю.

Броня (устае). Вы абавязкова хочаце бачыць яго на шыбеніцы?

Юля. Адкуль вы гэта ўзялі?

Броня. Я ведаю, хто вас паслаў.

Юля. Хто, па-вашаму?

Броня. Гестапа.

Юля. Ха-ха-ха! Вы, мабыць, звар’яцелі.

Броня. Так, не прыкідвайцеся. Я бачыла вас з нямецкім афіцэрам. Я не памылілася — гэта былі вы. Толькі, вядома, не ў гэтым убранні.

Юля. Я не прыкідваюся — вы маглі мяне бачыць з чалавекам у афіцэрскай форме. Я лёгка магла б развеяць ваша падазрэнне, але я не маю права гаварыць, што гэта за чалавек і чаго я з ім была.

Броня. Вядома, што ж вам яшчэ гаварыць. Пры вашай прафесіі праўды гаварыць не паложана.

Гудовіч (уваходзіць з папкай у руках). А мяне ж тут, Юлінька, у гестапа выклікалі.

Юля (устрывожана). У гестапа? Чаго?

Гудовіч. Пра пісьмо даведаліся.

Юля. Як жа яны маглі даведацца?

Гудовіч. Я думаў, што вас яны сцапалі. А Броня дык чорт ведае што пра вас падумала.

Юля. Я ведаю: яна мяне правакатарам лічыць.

Гудовіч. Вы прабачце ёй, Юлінька. Гэта яна так за мяне баіцца, дык ёй невядома што здаецца.

Юля. Ды гэта што, сцярплю як-небудзь. З нашай сястрой і не тое бывае. Пазаўчора маю падругу гестапаўцы схапілі. Ёсць падазрэнне, што яе выдаў Шкуранкоў.

Гудовіч. Ах, які падлюга! Ён гэта мог зрабіць. Помніш, Броня, я табе гаварыў.

Юля. Ён, вядома, не прызнаецца.

Гудовіч. Калі яго, паскудніка, некалі будуць судзіць, я б хацеў быць за сведку.

Юля. Гэта будзе тады, калі мы ўсіх здраднікаў паклічам на суд, а цяпер...

Гудовіч. Я гатоў, Юлінька. Толькі апрануся.

Юля. Я пайду раней, а вы назіркам за мной.

Гудовіч. Добра. (Прыслухоўваецца.) Там, здаецца, нехта ўвайшоў. Я дзвярэй не замкнуў.

Броня выходзіць у пярэднюю і зараз жа ў дзвярах з’яўляецца Мігуцкі.

Мігуцкі (стаўшы ў дзвярах). Добры дзень, Павел Андрэевіч! Зайшоў вас наведаць. Кажуць, з вамі маленькая непрыемнасць здарылася? (Сочыць вокам за Юляй.)

Гудовіч. Якая непрыемнасць?

Мігуцкі. Кажуць, выклікалі вас некуды.

Гудовіч. З кім цяпер гэтага не бывае.

Мігуцкі. І мяне праз вас турбавалі. «Гэта,— кажуць,— вашы кадры». (Раптам да Юлі.) Пачом малачко?

Юля. Па дваццаць рублёў.

Мігуцкі. Дорага, дорага.

Юля (хоча прайсці ў дзверы). Дазвольце!

Мігуцкі (заступае ёй дарогу). Можа, для знаёмага ўступіце крыху?

Юля. Я вас не ведаю.

Мігуцкі (напявае песню, якую пела Юля ў першай карціне). Помніце?

Юля. А што гэта такое? Вы, мусіць, мяне палічылі за некага другога. (Хоча прайсці.)

Мігуцкі (настаўляе пісталет). Хвіліначку. (Юля падаецца назад.) Адыдзіцеся ў куток. Яшчэ далей!.. Вось так. (Да Гудовіча.) А я яшчэ заступаўся за вас! З пятлі выратаваў.

Гудовіч. Нешта я не помню.

Мігуцкі. Ну як жа! Вас жа павесіць хацелі.

Гудовіч. Дык гэтым я вам абавязаны?

Мігуцкі. Толькі мне.

Гудовіч (іранічна). Шчыра дзякую. Але прычым тут малочніца?

Мігуцкі. А вось мы зараз даведаемся, прычым яна тут. (Гукае.) Марфа Пятроўна! (Уваходзіць Марфа Пятроўна.) Гэта прыходзіла з пісьмом?

Марфа Пятроўна. Гэта, гэта самая.

Мігуцкі. Збегайце ў паліцыю, скажыце, што я яе затрымаў. Няхай прыйдуць, забяруць.

Марфа Пятроўна (разявіла рот ад здзіўлення). У нямецкую паліцыю?

Мігуцкі. А ў якую ж яшчэ?

Марфа Пятроўна. Ну, добра... Я зараз збегаю. (Выходзіць.)

Мігуцкі. Што ж нам рабіць, Павел Андрэевіч?

Гудовіч. Вы ведаеце, што вам рабіць.

Броня. Павел Андрэевіч яе не клікаў. Яна сама прывязалася.

Мігуцкі. У такіх выпадках трэба заяўляць. Вунь аб’явы вывешаны.

Броня. Ды яна толькі што прыйшла.

Мігуцкі. Шкада мне вас, Павел Андрэевіч. Улезлі вы ў непрыемную гісторыю.

Гудовіч. Не трэба мне вашага шкадавання.

Мігуцкі. Мне шкада, што прападае творчы работнік. Звязаўшыся з агентамі Масквы, вы здрадзілі беларускай справе. (Паказвае на Юлю.) Яны — прычына ўсіх няшчасцяў. Каб не такія, беларускі народ спакойна жыў бы пад аховай вялікай Германіі.

Гудовіч. Ваша «вялікая Германія» ахоўвае толькі такіх вялікіх падлюгаў, як вы, якія гатовы прадаць ёй свой народ.

Мігуцкі. Дарэмна, дарэмна вы так, каб не прыйшлося вам раскаяцца.

Броня. Даруйце старому, Анатоль Захаравіч. Ён упарты і наравісты, але дрэннага нічога не робіць.

Мігуцкі. Як я магу дараваць? Не я буду яго справу разбіраць.

Броня. Вы можаце, калі захочаце, выратаваць яго.

Мігуцкі. Вядома, я мог бы сказаць, напрыклад, што гэта не я паслаў па паліцыю, а ён сам — і ўсё. Больш нічога не трэба. Але мне прыйшлося б пакрывіць душою. А дзеля чаго? Гэта я мог бы зрабіць толькі дзеля беларускай справы: калі б, скажам, Павел Андрэевіч даў слова, што ён будзе з намі супрацоўнічаць.

Гудовіч. Якое вы маеце права называць подлае здрадніцтва беларускай справай? Беларуская справа — гэта тое, што робіць беларускі народ, а не яго каты.

Мігуцкі. Вось, чуеце! Як ты яго выратуеш, калі ён сам у пятлю лезе?

Броня. Гэта ён з гарачкі не ведае, што гаворыць. Дайце яму адумацца, узважыць усё, і ён будзе з вамі. Ды вы прысядзьце, Анатоль Захаравіч.

Мігуцкі. Не турбуйцеся. (Глядзіць на гадзіннік.) Зараз павінны прыйсці.

Броня (падносіць крэсла). Сядайце. Што ж вам стаяць, як на пасту. Нікуды яна не дзенецца.

Мігуцкі. Дзякую.

Не зводзячы вачэй і пісталета з Юлі, Мігуцкі павольна апускаецца ў крэсла. Броня рыўком падхоплівае крэсла і штурхае Мігуцкага ў грудзі. Мігуцкі падае. Броня навальваецца на яго. Яна абедзвюма рукамі ўхапіла правую руку Мігуцкага і прыціснула яе да падлогі.

Броня (крычыць). Уцякайце праз акно! (Але Юля, якая зразу кінулася Броні на дапамогу, ужо ўзмахнула фінкай. Рука Мігуцкага абвяла і выпусціла пісталет. Броня і Юля адначасова ўсталі і апынуліся адна супраць другой.)

Юля. Дзякую.

Броня. Прабач за абразу.

Адчыняюцца дзверы, і на парозе паказваецца Марфа Пятроўна. Юля хапае пісталет Мігуцкага і настаўляе на дзверы, чакаючы паліцыі.

Марфа Пятроўна. Не бойцеся! Я не хадзіла ў паліцыю. Уцякайце хутчэй!

Юля. Пайшлі, Павел Андрэевіч!

Марфа Пятроўна. А я нічога знаць не знаю, ведаць не ведаю.

Юля, Гудовіч і Броня выходзяць.

Марфа Пятроўна (праходзячы міма трупа Мігуцкага). О, ірад! Абдурыць хацеў. Прыяцелем прыкідваўся! (Выходзіць.)

 

Карціна сёмая

Позняя восень. Адвячорак. Лясная палянка. Недзе побач то пачынае гусці, то зноў змаўкае матор самалёта. Цераз палянку праносяць раненых, відаць, для пагрузкі на самалёт. На ўскраіне лесу відны капітальна пабудаваныя партызанскія зямлянкі. З лесу даносіцца песня многіх галасоў. Песня набліжаецца. На палянку выходзяць: Гудовіч — у кажуху, у валёнках, шапцы-вушанцы, з чамаданчыкам у руках; к а м і с а р а т р а д а, г р у п а п а р т ы з а н і п а р т ы з а н а к, сярод іх Юля і Максіменя.

Партызаны (пяюць).

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

Камісар атрада (становіцца на пянёк). Таварышы! Сёння ад нас на Вялікую зямлю, у родную Маскву, адлятае наш друг, наш лепшы партызан Павел Андрэевіч Гудовіч.

Гудовіч (круціць галавой). Ну і жартаўнік.

Камісар. Так, наш лепшы партызан. Праўда, ён не страляе з кулямёта, але ў яго ёсць свая моцная зброя, з якою ён стаў на абарону Радзімы. Мы ганарымся, што вырвалі такога чалавека з фашысцкіх кіпцюроў. Сёння мы перадаём яго з рук на рукі нашым баявым сябрам — савецкім сокалам, якія даставяць яго жывым і здаровым у родную Маскву. Давайце прызнаемся, таварышы: шкада нам адпускаць Паўла Андрэевіча. Мы ўсе яго моцна палюбілі за тое, што ён сапраўдны савецкі чалавек. Наш, родны. Але мы не павінны быць эгаістамі. Наш атрад — вельмі вузкае поле для дзейнасці такога таленту. Там, на Вялікай зямлі, яго оперы будуць слухаць тысячы, дзесяткі тысяч савецкіх людзей. Яго творы будуць натхняць іх на гераічныя подзвігі. Пажадаем жа яму далейшых творчых поспехаў. Спадзяёмся, Павел Андрэевіч, хутка сустрэцца з вамі на вызваленай беларускай зямлі, пры шчаслівай долі. (Доўгія апладысменты.)

Гудовіч (усхваляваны). Дзякую, сябры мае... Баявыя мае сябры. Я ганаруся тым, што вы называеце мяне партызанам. Гэта значыць, што, як савецкі грамадзянін, як савецкі мастак, я трапіў на правільную дарогу. Шчыра дзякую вам, дарагія сябры, за паратунак. Кажуць, што я таксама валодаю зброяй, якою можна біць ворага. Абяцаю вам, што я выкарыстаю гэтую зброю на ўсю яе магутнасць, наколькі хопіць маіх сіл. А наконт сустрэчы мы ўжо ўмовіліся: на вызваленай роднай беларускай зямлі. І хутка. Жадаю вам, сябры мае, баявых поспехаў і ўсяго найлепшага. (Ён цалуецца з камісарам, падыходзіць да Юлі.) Ну, Юлінька! Дзякую табе, галубка, за ўсё. (Юля абхапіла яго за шыю і моцна пацалавала. Гудовіч падыходзіць да Максімені.) Ну, суседзе, дзякую і табе. (Яны абнімаюцца і тройчы цалуюцца.)

Гудовіч (да Броні, якая падышла да яго з санітарнай сумкай цераз плячо). Вось бачыш, Бронечка. Ты баялася за мяне. Адна хацела мяне ўберагчы. А Радзіма ўсіх нас беражэ... І мяне, і цябе. І мы павінны ёй паслужыць. Вось і ты партызанкай стала. Спадзеюся, што ты будзеш баявой партызанкай. Не плач, чаго ж ты?

Броня. Гэта я з радасці, Павел Андрэевіч.

Гудовіч. Ну, з радасці можна. Бывай! Не сумуй, хутка ўбачымся. (Цалуюцца.)

Максіменя. Прывітанне Маскве...

Гудовіч (кланяецца, расчулены, усім у пояс). Дзякую ўсім вам, слаўныя людзі.

Ён шукае на зямлі чамаданчык, але яго ўжо ўзяў камісар. Гудовіч і камісар накіроўваюцца да самалёта. Партызаны праводзяць іх да краю палянкі. Пяюць зноў: «Партызаны, партызаны...» Зараўлі маторы. Партызаны сочаць за стартам. Хутка на фоне вячэрняга неба паказваецца сілуэт самалёта. Партызаны махаюць яму рукамі.

Максіменя. Шчаслівага падарожжа, сусед!

Партызаны пяюць «Широка страна моя родная».

 

Канец

 

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў у пяці тамах. Том 3. П'есы.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 5-60
Крыніца: скан