epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

З новым шчасцем!

З Новым годам! З новай ёлкай, дарагія грамадзяне! Якраз цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, вы, напэўна, думаеце пра гэту самую ёлку. Вас акружае шумны натоўп дзяцей. Яны тузаюць вас з усіх бакоў, не адстаюць ад вас ні на хвіліну, яны патрабуюць ёлкі.

Для іх гэта нешта невядомае і таямнічае, а разам з тым радасна-прывабнае. Вочы іх гараць нецярплівасцю, яны загадзя хочуць ведаць усё і засыпаюць вас запытаннямі. Яны глядзяць на вас, як на чараўніка — у вас жа сакрэт, вы ж ведаеце, як зрабіць гэту цудоўную ёлку. Але я ўглядаюся ў вашы перадсвяточныя твары і бачу, што многія з вас нібы разгублены, вам як бы няёмка. І мы разумеем гэту вашу няёмкасць, бо мы ж ведаем, што многія з вас родам з былой

 

«Пустопорожней волости,

Из смешных деревень —

Заплатова, Дырявина,

Разутова, Знобишина,

Горелова, Неелова,

Неурожайка тож...»

 

і самі ніколі ніякай ёлкі ў вочы не бачылі. Як жа вам расказаць пра яе дзецям?

Вы чулі, што ёлкай сустракалі свята «божага нараджэння». І вы ўспамінаеце гады вашага маленства: як жа вы самі сустракалі гэта свята? Ці няма чаго пераняць адтуль для навагодняй ёлкі вашых дзяцей? І вось перад вамі паўстае знаёмая карціна з вашага мінулага.

Густы змрок запоўніў куткі хаціны. Вы прыходзіце ў хату і моўчкі залазіце на печ. Снег на вашых лапцях раставаў за дзень дваццаць разоў і дваццаць разоў набіраўся зноў. Мокрыя аборы паўядаліся ў галёнкі. Вы разуваецеся і кідаеце лапці ў кут на смаліну, дзе, пашавельваючы вусамі, таямніча шапочуць прусакі. Прыемна грэць на гарачай чарэні адубелыя ногі і марыць, марыць аб той асалодзе, якая вас сёння чакае. Вы ведаеце, што ваш тата купіў сёння селядца, а мама ўзяла ды кінула цэлага ў гаршчок. Вы насілу стрымаліся, каб не крыкнуць ад здзіўлення, але вы не крыкнулі, баючыся, што мама адумаецца і падзеліць гэтага селядца на пяць дзён. Няхай варыцца цэлы. Ото ж і квас будзе! А яшчэ ж цыбуля і грыбы сушаныя... Ваша мама запаліла газоўку і нешта ўходжваецца каля печы. Вы выцягваеце з-за коміна худую шыю, каб глянуць, чаго яна там марудзіць.

«Задаецца, думаеце вы сабе. Самой жа таксама хочацца, а прыкідваецца, што ёй і не ў галаве».

А яна не спяшаецца, асцерагаецца, каб у такі святы вечар як-небудзь не выказаць прагнасці і бога не ўгнявіць.

Вы бачыце, як яна налівае ў міску вады з вядра, дастае з паліцы знаёмую вам пушачку, бярэ на кончык нажа дробку сахарыну і кідае ў ваду. «Дарма, пацярплю, суцяшаеце вы сябе, але ж затое яшчэ адна смачная страва будзе — куцця з салодкай вадой».

Пра ёлку вы таксама марылі б напэўна, каб чулі пра яе што-небудзь. Ваш тата, можа, і чуў, што паны нейкую ёлку спраўляюць і гасцінцамі яе ўвешваюць. Але ж тата не пан. Ды і як яе справіш? Самую ёлку то яшчэ тата мог бы ўкрасці як-небудзь у панскім лесе, але чаго ж на яе начапляць? Хіба бульбы, ды і то не густа, бо вы самі чулі, як тата казаў: «Асцярожна ты, маці, каля бульбы хадзі, бо і на насенне не застанецца...»

Не, нічога вы не можаце выкарыстаць з колішняй ёлкі для ёлкі вашых дзяцей. Але ж яны ўпэўнены, што вы наладзіце ім гэту цудоўную ёлку. І я ўпэўнен, што вы іх не расчаруеце. Вы, напэўна, звернецеся да вашага знаёмага настаўніка-літаратураведа і запытаецеся, ці няма ў класікаў чаго-небудзь пра ёлку. І вы, па яго рэкамендацыі, можаце прачытаць хоць бы наступнае:

...«Дзеці ўсе былі надзвычайна мілыя і ніяк не хацелі быць падобнымі на вялікіх, нягледзячы на ўсе ўгаворванні гувернантак і мамулек. Яны разабралі ўсю ёлку ў адзін момант да апошняга цукерка і паспелі паламаць палову цацак раней, чым уведалі, каму якая прызначана».

...«Потым я не мог не падзівіцца з мудрасці гаспадароў пры раздачы гасцінцаў. Дзяўчынка, якой прыгатавана было ўжо трыста тысяч рублёў пасагу, атрымала найбагацейшую ляльку. Потым ішлі гасцінцы, паніжаючыся паводле паніжэння рангаў бацькоў усіх гэтых шчаслівых дзяцей. Нарэшце, апошняе дзіцянё, хлопчык гадоў дзесяць, худзенькі, маленькі, з вяснушкамі, рыжанькі, атрымаў толькі адну кніжку аповесцей, у якіх гаварылася пра велічнасць прыроды, пра слёзы замілавання і інш.,— без малюнкаў і нават без віньеткі. Ён быў сын гувернанткі гаспадаровых дзяцей, адной беднай удавы, хлопчык вельмі нясмелы, запужаны. Атрымаўшы сваю кніжку, ён доўгі час хадзіў каля іншых цацак; яму страшэнна хацелася пагуляць з другімі дзецьмі, але ён не адважыўся; відаць было, што ён ужо адчуваў і разумеў сваё становішча».

Для большага ўяўлення аб калішняй ёлцы вы прачытаеце, напэўна, яшчэ і наступны малюнак.

...«Хлопчык, яшчэ вельмі маленькі, гадоў шэсць ці нават менш, прачнуўся раніцой у сырым і халодным падвале. Апранены ён быў у нейкую світачку і дрыжаў. Дыханне яго вылятала белай парай, і ён, седзячы ў кутку на скрыні, ад нуды наўмысна пускаў гэту пару з рота і забаўляўся, гледзячы, як яна вылятае. Але яму вельмі хацелася есці... Напіцца-то ён недзе дастаў у сенцах, а скарыначкі нідзе не знайшоў... «Вельмі ўжо тут холадна»,— падумаў ён, пастаяў крыху, потым хукнуў на свае пальчыкі, каб сагрэць іх, і раптам, абмацаўшы на нарах сваю шапачку, ціхенька, вобмацкам пайшоў з падвала».

...«Божачка, які горад! І які тут стук і гром, якое святло і людзі, коні і карэты, і мароз, мароз!.. Божачка, так хочацца есці, хоць бы кусочак які-небудзь, і так пачалі раптам балець пальчыкі».

...«А гэта што? Ух, якое вялікае шкло, а за шклом пакой, а ў пакоі дрэва пад самую столь: гэта ёлка, а на ёлцы колькі агнёў, колькі залатых паперак і яблыкаў, навокал тут жа лялечкі, маленькія конікі, а па пакоі бегаюць дзеці, прыбраныя, чысценькія; смяюцца і гуляюць, і ядуць, і п’юць нешта. Вось гэта дзяўчынка пачала з хлопчыкам танцаваць, якая харошанькая дзяўчынка!»

...«Вось зноў праз другое шкло бачыць ён пакой, зноў там дрэвы, але на сталах пірагі ўсялякія — міндальныя, чырвоныя, жоўтыя, і сядзяць там чатыры багатыя пані, а хто прыйдзе, яны таму даюць пірагі, а адчыняюцца дзверы штохвіліны, уваходзяць да іх з вуліцы шмат паноў. Падкраўся хлопчык, адчыніў раптам дзверы і ўвайшоў. Ух, як на яго закрычалі і замахалі. Адна пані падышла, хуценька сунула яму ў руку капеечку, а сама адчыніла яму дзверы на вуліцу. Як ён спужаўся! А капеечка тут жа выкацілася і зазвінела па ступеньках: не мог ён сагнуць сваіх чырвоных пальчыкаў і прытрымаць яе. Выбег хлопчык і пайшоў хутчэй, хутчэй, а куды, і сам не ведае».

Апавяданне да канца можаце не дачытваць, канец занадта сумны для нашага навагодняга настрою. Ды і без гэтага вы ўжо досыць ярка ўяўляеце, чым была калішняя ёлка. Тым больш што многія з вас і самі мелі «шчасце» бачыць яе з вуліцы праз вялікае шкло.

І цяпер вам няцяжка будзе наладзіць нашу навагоднюю ёлку. Яна будзе такая, ды не такая. Такая будзе яна таму, што будуць і яркія агні, і зялёнае дрэва, густа ўвешанае гасцінцамі, і вакол яго будуць весяліцца дзеці. Але яны будуць весяліцца без ніякіх рангаў, і ніводзін рыжанькі хлопчык з вяснушкамі ў нас не будзе пакрыўджаны, і ніводзін хлопчык не будзе глядзець з вуліцы праз шкло на гэту багатую ёлку, хукаючы на скарчанелыя пальчыкі. Каля нашай ёлкі хопіць месца ўсім дзецям нашай краіны ўсіх нацыянальнасцей.

Дык з новым шчасцем, любыя дзеці, якога ў вас ніхто ніколі не здолее адабраць!

 

1935


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том 4. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, раман.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 68-71
Крыніца: скан