epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

З тысячным нумарам

Прысвячаецца газеце «Савецкая Беларусь»

 

Пажадаю жыць газеце

Тысяч тры гадоў на свеце

І не страціць добры гумар,

Святкаваць мільённы нумар,

Каб і я з мільён і першым

Прывітаў патомкаў вершам.

Каб рэдакцыя шаноўна

Матэр’ялу мела поўна,

А для «лішняга» прыпыну

Мела большую карзіну;

Пажадаю пры астачы

Зачыніць «Куток дзіцячы»...

Выпускаючы каб дату

Помніў так, як свайго тату,

А карэктару — чатыры

Вочы вытарашчыць шырай,

Не прыйшлося каб ніколі

Замест «волі» чытаць «болі».

Ўсім падпісчыкам вясковым

Ужываць прасцейшай мовы

І за месяц ганарару

Атрымаць рублёў хоць пару,

На бутэлечку чарніла

І на пер'я каб хапіла,

І пісаць (не лішне, ў меру)

На адным баку паперы.

Вось мае тут пажаданні

Выліў я ўжо ўсе дазвання,

А з каго мо не даволі,—

Хай жадае сабе болей.

 

1924


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 198
Крыніца: скан