epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Захара-дырэктар

«Без струманту

і вошы не заб’еш» —

Вось лозунг баявы

за тэхніку

мінуўшчыны вашывай!

А гадавалі мы іх

на сабе ж,—

Здавалася,

не знішчыць

і машынай.

Шпацыравалі

вошы

па целе,

Сядзелі

чужаеды

на карку.

А мы іх кармілі,

крывавіліся,

пацелі

Ды ўрэшце паставілі

жыццё

на карту:

Такую лазню наладзілі

для чужаедаў,

Якой яшчэ свет

ніколі

не ведаў.

І пачаліся

трагедыі

ды істэрыі

У чужаедаў

Расійскай імперыі.

Маўчала тут спогадзь

Станка ды сахі.

Буржуя — пад ногаць,

І вош — у штыхі.

Ад Якуціі

аж да Мазыршчыны

Чужаедскія кодлы

панішчаны

З іх гнёздамі ўсімі

й рубцамі.

Дзе струмант ужыты,

а дзе без прыладдзя...

Знішчалі старое

мы

самі,

А будаваць жа новае

хто будзе?

Дзядзя?

Ну, дык дружней

напінай гужы!

Дзядзю ў прыпражку,

ды дзядзя чужы.

Пародзісты ён

і падкованы здорава,

Толькі дзядзя той

(не забудзьцеся)

з норавам:

Задам брыкаецца,

перадам б’ецца:

Хадзі асцярожна

і спераду

й ззаду.

З дзядзем

не так ужо лёгка

і спецца:

Рахмана глядзіць,

а рыхтуе нам

здраду.

«У іхні хамут,—

кажа,—

я не палезу».

Вось чаму нам

чырвонага спеца

Патрэба стварыць

да зарэзу.

А то бывае

вось так

(ды не рэдка):

Патрэбен, напрыклад,

чырвоны дырэктар,

А ёсць, напрыклад,

таварыш Захара.

Захара такі,

што і д’ябал

не пара:

Энергіі ў хлопца

хапіла б на трох,

Запалам да працы

гарыць нутро.

І нутро —

не падкапаешся —

рабочае;

Мазгамі

зноў жа

нядрэнна варочае:

Кандыдатура

зусім падышла б,

Ды вось наконт тэхнікі —

слаб.

Адвагаю бродзіць

кроў маладая,

Не страшны яму Гіндэнбургі

і Фошы,

Ды тэхнікай

толькі такою ўладае,

З якою

«не знішчыш і вошы».

Такую ў нас

і ўжыць цяпер недзе ж,

Да камунізма ж на ёй

тым больш

не даедзеш

 

Каб зноў не нашкодзіў

з прампартыі гад

І ўсялякія іншыя

гадзяняты і гады,

Каб нам

папацёмку не йсці,

наўгад,

У новы паход

мы рыхтуем брыгады.

За кадры

(за нашы),

за тэхніку ўдарна,

За новыя веды

старому на злом ісці,

Каб

ад аддзялькома

і да камандарма

У нашай

сацыялістычнай

прамысловасці

Быў маналітны,

моцны

камсклад,

Сацыялізму адданы

шчыра,

Цвёрды заўсёды,

як скала,

І падкаваны

«на ўсе чатыры».

 

1931


1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 136-139
Крыніца: скан