epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Зацікаўленая асоба

Акт першы
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
Акт другі
  Карціна чацвёртая
  Карціна пятая
Акт трэці
  Карціна шостая
  Карціна сёмая
Акт чацвёрты
  Карціна восьмая
  Карціна дзевятая


П'ЕСА Ў ЧАТЫРОХ АКТАХ, ДЗЕВЯЦІ КАРЦІНАХ

 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ:

Сухадольскі Павел Міхайлавіч — галоўны інжынер аўтазавода.

Антаніна Пятроўна — яго жонка.

Генадзій — іх сын.

Русаковіч Андрэй Данілавіч — галоўны канструктар.

Марыя Васільеўна — яго жонка.

Шугаеў Барыс Пятровіч — дырэктар аўтазавода.

Страмілін Антон Ільіч — парторг.

Зоя Кірылаўна — яго жонка.

Фёдар Мікалаевіч — міністр аўтамабільнай і трактарнай прамысловасці.

Надзя Засецкая — хатняя работніца Сухадольскіх, потым свідравальшчыца.

Валя Жукавец — Надзіна сяброўка, работніца цэха нармалей.

Валодзя Стальмашонак — каваль-штампоўшчык.

Курыльчык — майстар.

Патапаў — майстар.

Падабед Раман Пракопавіч — стары рабочы.

Паўтарак — шафёр.

Целеш — начальнік вытворчасці.

Угараў — начальнік аддзела тэхнічнага кантролю.

Вера Халімончык — новенькая на заводзе.

Шылаў — дырэктар трактарнага завода.

Сазонаў — сакратар партарганізацыі будаўнічага ўчастка.

Рэферэнт міністра.

Дзяўчына — сакратар у прыёмнай Шугаева.

Рабочыя і работніцы.

 

Акт першы

 

Карціна першая

Вясна ўбіраецца ў сілу. Чыгуначная платформа. На пуцях састаў, гружаны самазваламі. На пярэдняй аўтамашыне транспарант: «Будаўнікам Волга-Дона ад беларускага народа». Паступова на платформе збіраецца народ. На пярэднім плане маладая дзяўчына ў спяцоўцы. Гэта лепшая работніца цэха нармалей Валя Жук а в е ц. Яна падыходзіць да высокага плячыстага хлопца, які, прыжмурыўшыся ад сонца, углядаецца ў вышыню.

Валя. Добры дзень, Валодзя!

Валодзя (не перастаючы глядзець угору, працягвае ёй руку). Добры дзень, Валёк!

Валя. Што ты там цікавае ўбачыў?

Валодзя. Ніяк не разбяру — самалёт ці птушка?

Валя (таксама задзірае галаву). Дзе?

Валодзя. Вунь там, правей белай хмаркі.

Валя (углядаецца). Дык ты ж сляпы, Валодзечка: гэта бусел.

Валодзя (углядаецца). Не, зрок у мяне нармальны.

Валя. Значыць, у мяне ненармальны.

Валодзя. Я ў цэху добра бачу.

Валя. Якую ты дэталь штампуеш?

Валодзя. Паваротны кулак.

Валя. Ну, гэта дэталь сама з бусла велічынёй, дзіва, што ты яе бачыш.

Валодзя. Бусел прыляцеў, значыць, вясна.

Валя. Вясна, брат. Можна на курорт ехаць.

Валодзя. Пачакай — на курорт, мне яшчэ экзамены трэба здаваць.

Валя. Праўда ж, ты вячэрнюю школу канчаеш. (Да Надзі, якая праходзіць міма.) Надзюша!

Надзя (абарочваецца). Валя! Здарова! А я цябе і не пазнала ў гэтым убранні. (Вітаюцца за рукі.)

Валя (глядзіць у кашолку). Салацік, радысачка. (Бярэ ў рукі пучок салаты. Да Валодзі.) Вось дзе вясна! Не тое што твой бусел.

Валодзя. Гэта з парніка, а мой бусел не парніковы.

Валя (да Надзі). Ну, як ты жывеш?

Надзя. Ты ж ведаеш.

Валя. УсЁна тым жа месцы?

Надзя. На тым самым.

Валя. А сюды як заблудзіла?

Надзя. Бачу — плакаты, народ збіраецца, дай, думаю, гляну, што тут такое.

Валя. Свята ў нас сёння.

Надзя. Зайздрошчу я табе, Валя.

Валя. Чаго?

Надзя. Дурная была, што не пайшла з табой у рамеснае.

Валя. Гэта яшчэ можна паправіць.

Надзя. Позна.

Валя. У рамеснае позна, а на завод не позна. Валодзя, знаёмся. Гэта мая зямлячка і сяброўка. Разам з калгаса ў горад падаліся. (Надзі.) А гэта наш лепшы каваль-штампоўшчык.

Валодзя (падае руку). Стальмашонак.

Надзя. Засецкая.

Валя. Ты бедаваў, што білет прападзе. Вось запрасі Надзю.

Валодзя. З прыемнасцю. (Да Надзі.) Хочаце сёння на спектакль?

Надзя. На які?

Валодзя. «Рамэо і Джульета». З горада тэатр прыязджае.

Надзя (у нерашучасці). Не ведаю...

Валя. Гэта я павінна была з ім ісці, але сёння на другой змене.

Надзя. Мы ж і не знаёмыя як мае быць.

Валя. Не бойся, я за яго ручаюся. Толькі май на ўвазе, што ў тэатры ён мне заўсёды купляе апельсіны або шакалад. Калі забудзе, дык ты яму напомні.

Валодзя. Добра. Я буду чакаць вас пры ўваходзе ў клуб.

Надзя. Калі гаспадыня пусціць...

Валодзя. А хто ваша гаспадыня?

Валя. Яна ў галоўнага інжынера... хатняй работніцай.

Страмілін (падыходзіць). Валянціна, скажаш некалькі слоў?

Валя. Я?

Страмілін. Ну, так, ты. Як будзеш пісьмо падпісваць.

Валя. Антон Ільіч, ды я ж не ўмею!

Страмілін. Пару слоў. Аб тым, як будзеш працаваць. (Да Валодзі.) І ты, каваль, таксама.

Валодзя. Можа, я лепш молатам скажу сваё слова?

Страмілін. Молатам ты выказваешся нядрэнна, але ж і языком трэба крыху ўмець. Нябось з дзяўчатамі дык ты ўмееш: зразу дзвюх прыгаварыў. (Адыходзіць.)

Валодзя (да Валі). Вось і ўліплі мы з табой.

Валя. Хоць бы падумаць трошкі.

Валодзя (да Русаковіча, які праходзіць міма). Са святам вас, Андрэй Данілавіч!

Русаковіч (спыняецца і вітаецца). З якім?

Валодзя. Ну як жа, вы ж сёння імяніннік, можна сказаць. (Ківае ў бок эшалона.)

Русаковіч. Мы ўсе патрошку імяніннікі. (Ідзе насустрач Сухадольскаму.) Прывітанне, Павел Міхайлавіч!

Сухадольскі. Добры дзень, Андрэй Данілавіч.

Русаковіч. Ёсць што-небудзь новае?

Сухадольскі. Ёсць добрыя водзывы... І дзве скаргі.

Русаковіч. Зноў падрамнік?

Сухадольскі. Так.

Русаковіч. Відаць, прыйдзецца мяняць канструкцыю.

Сухадольскі. Не спяшайцеся. Яшчэ невядома, чаму яны даюць трэшчыну.

Русаковіч. У мяне ёсць некаторыя меркаванні. Калі можна будзе з вамі падзяліцца?

Сухадольскі. Чаго вы не ўпыніцеся? Я ж, як галоўны інжынер, адказваю за прадукцыю ў першую чаргу.

Русаковіч. Мяне непакоіць лёс машыны. Калі яна зразу дрэнна сябе пакажа, то потым падымаць яе рэпутацыю цяжка будзе. Я не хачу правальвацца на першай сваёй самастойнай рабоце.

Сухадольскі. Непакоіцца пакуль што няма чаго. Вось папрацуюць на Волга-Доне, тады будзе відаць. (Праходзіць.)

Валодзя. Не любіць лішняга клопату Павел Міхайлавіч.

Русаковіч. Хоча пачакаць, пакуль карціна праясніцца. А мяне трывога бярэ.

Валодзя. Вядома, гэта ж ваша дзіця роднае.

Русаковіч. Так. І рад, што хадзіць пачало, і баюся, каб нос не разбіла.

Паўтарак (уваходзіць з чамаданчыкам у руках). Добры дзень, Андрэй Данілавіч!

Русаковіч. Добры дзень, таварыш Паўтарак!

Паўтарак. І бывайце здаровы!

Русаковіч. Шчаслівага падарожжа. Не забудзьцеся на маю просьбу. Калі паломка якая — пішыце падрабязна: па якой прычыне, пры якіх абставінах.

Паўтарак. Добра, Андрэй Данілавіч.

Валодзя. Што, Міша, едзеш?

Паўтарак. Еду, брат.

Валодзя. Глядзі ж, не падкачай.

Паўтарак. Пастараюся.

Валодзя. Шчаслівага табе падарожжа!

Паўтарак. Бывай, браток! Давай пацалуемся на развітанне. Сябры ўсё-такі. (Цалуюцца. Да Валі.) Цябе таксама ведаю. (Цалуецца з Валяй. Спыняецца ў нерашучасці перад Надзяй.) А гэта як быццам не наша.

Валя. Цалуй, будзе наша.

Паўтарак. Ну, давай і з табой, так і быць. (Цалуе Надзю і, радасна ўсхваляваны, адыходзіць.)

Страмілін (становіцца на падножку платформы). Таварышы аўтазаводцы! Сёння ў нас выдатны дзень. Мы адпраўляем першы эшалон нашых самазвалаў на Волга-Дон. У пісьме мы ад усяго калектыву запэўняем будаўнікоў Волга-Дона, што апраўдаем іх высокае давер’е. (Апладысменты.) Слова мае дырэктар завода Барыс Пятровіч Шугаеў.

Шугаеў. Таварышы! Гэты адказны дакумент павінны падпісаць лепшыя людзі нашага калектыву. Папросім паставіць першым свой подпіс аўтара гэтай выдатнай машыны — галоўнага канструктара завода таварыша Русаковіча. (Апладысменты.)

Русаковіч. Таварышы! Я стаўлю тут свой подпіс з вялікім хваляваннем. Машына наша пасылаецца туды, дзе ёй прыйдзецца працаваць у незвычайных умовах. Можа здарыцца, што якія-небудзь яе часткі і не вытрымаюць выпрабавання. Не вытрымаюць па маёй віне, а цень ляжа на ўвесь наш калектыў. І ўсім нам будзе балюча, бо ўсе мы ўлажылі ў яе сваю долю працы, сваё сэрца.

Я абяцаю сачыць за кожным крокам нашага самазвала і, калі выявяцца якія-небудзь непаладкі, адразу ж іх выпраўляць.

Апладысменты. Русаковіч падпісвае пісьмо.

Шугаеў. Майстар цэха нармалей таварыш Патапаў.

Патапаў. Я, таварышы, не беларус. Я гаркаўчанін. Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Мы гэта і робім па меры нашых сіл. Дваццаць чатыры стаханаўцы майго ўчастка — гэта маладыя беларускія рабочыя, якія выраслі на маіх вачах. Абяцаю і надалей любоўна расціць маладыя кадры. (Падпісвае пісьмо.)

Шугаеў. Лепшы стаханавец кавальскага цэха Уладзімір Стальмашонак.

Валодзя. Куючы дэталі для самазвала, мы, кавалі, разам з усім савецкім народам куём шчасце нашай Радзімы. Мая брыгада будзе і далей даваць толькі выдатную прадукцыю. (Падпісвае пісьмо.)

Шугаеў. Стаханаўка цэха нармалей Валянціна Жукавец.

Валя. Таварышы! Я чалавек невялікі на заводзе. І дэталі мае маленькія — шрубкі, гайкі, болцікі. Але я разумею, што мае малыя дэталі патрэбны для вялікай справы. Таму ўсе яны сагрэты цяплом маіх рук і майго сэрца. Бяруся выконваць месячнае заданне на дзвесце дваццаць працэнтаў. (Апладысменты. Валя падпісвае пісьмо.)

Шугаеў. Стаханавец зборачнага цэха Раман Пракопавіч Падабед.

Падабед (надзявае акуляры і старанна выводзіць подпіс. Разглядае). Здаецца, не сапсаваў. У рабоце таксама не падгаджу.

Шугаеў. Уручаем вам, таварыш Паўтарак, гэты дарагі дакумент. Кланяйцеся ад нас валгадонцам.

Паўтарак. Таварышы! Я перадам гэта пісьмо і ваша гарачае прывітанне будаўнікам Волга-Дона. Што да мае працы, дык пастараюся, каб вам сорамна за мяне не было. Думаю, што і мне там не прыйдзецца чырванець за марку нашага завода. Бывайце здаровы, жывіце багата! (Кланяецца. Апладысменты. Падыходзіць да Падабеда.) Бывай, дзядзька Раман! (Цалуюцца.)

Падабед. Глядзі ж, пляменнічак! Калі што якое — прыеду, дык мала не будзе.

Валодзя (падыходзіць). Ну, падпісалі, цяпер трымайся!

Свісток. Аркестр іграе марш. Састаў павольна кратаецца. Народ апладзіруе. У кузаве пярэдняй машыны з папкай пад пахай стаіць Паўтарак. Ён на развітанне махае шапкай. У адказ яму махаюць рукамі, касынкамі, насавымі хусцінкамі.

Надзя. Паехалі твае болцікі.

Валодзя. Пайшлі нашы самазвалы бушаваць.

Валя. Хоць бы ўсё добра было.

 

Карціна другая

Вясновы адвячорак. Кухня ў Сухадольскіх. На стале бутэлькі, бакалы, чаркі, талеркі з нарэзанай закускай. Надзя перацірае пасуду, не адрываючы вачэй ад кніжкі, якая ляжыць на падаконніку. Захапіўшыся, яна на момант застывае з прыціснутай да грудзей талеркай.

Антаніна Пятроўна (уваходзіць). Так мая душа і чула.

Надзя (спалохана). Што, Антаніна Пятроўна?

Антаніна Пятроўна. Тое, што ты работы не робіш, а глупствам займаешся.

Надзя. Я толькі адным вокам. Кніжка вельмі цікавая.

Антаніна Пятроўна. Ты вось хутчэй пасуду перацірай. Трэба стол рыхтаваць, зараз госці прыйдуць. (Выходзіць.)

Надзіны рукі захадзілі жвавей, а вочы па-ранейшаму прыкаваны да кніжкі. У дзвярах паказваецца галава В а л і.

Валя. Надзюша!

Надзя. Тфу, тфу, тфу! Ледзь я талерку не ўпусціла. Заходзь.

Валя (уваходзіць у спартыўным касцюме). Як маешся? (Цалуюцца.)

Надзя. Ды вось бачыш — маюся. А ты адкуль гэта ўзялася?

Валя. З тваім Валодзем на веласіпедах ганяліся. Забегла запытацца — можа, разам у кіно пойдзем?

Надзя. Табе ж ёсць з кім ісці ў кіно.

Валя. Прыраўнавала. Не бойся, не перахаплю. Вунь тваё золата (паказвае на акно), глядзіць і вачэй не спускае... Ды глянь жа ты хоць, адпусціся!

Надзя глядзіць у акно, махае рукой, усміхаецца. Адмоўна круціць галавой. Бярэ чарку і паказвае, што будуць піць.

Валя. Не пойдзеш?

Надзя. Няма як. Госці ў нас сёння.

Валя. Якія?

Надзя. Паўлу Міхайлавічу пяцьдзесят год.

Валя. Каму пяцьдзесят год, няхай той і сядзіць дома.

Надзя. Дай ты рады.

Валя. Кідай ты гэтыя чарапы ды прыходзь хутчэй да нас на завод.

Надзя. Я ўжо надумала.

Валя. Дык чаго ж ты марудзіш?

Надзя. Антаніна Пятроўна просіць, каб пабыла, пакуль другую дзяўчыну знойдзе.

Валя. Што табе за выйгрыш тут? Як шчыра ні служы, славы не заслужыш. А там перад табою — шырокая дарога.

Надзя. Я гэта ведаю, але страшнавата неяк.

Валя. Чаго?

Надзя. А раптам не патраплю?

Валя. А як жа я патрапляю?

Надзя. Дык ты ж рамеснае скончыла, а я, апрача мясарубкі, ніякага станка і ў вочы не бачыла.

Валя. Да нас і такія паступаюць. Пройдзе месяц-два, глядзіш — ужо норму перавыконвае.

Надзя. Заўтра ж іду на завод. Чакай, пакуль яна адпусціць, дык яшчэ паўгода будзеш тут чарапамі бразгаць.

Валя. Калі і сама памые пасуду, дык рукі не адваляцца. Вялікая сям’я ў іх?

Надзя. Трое. Самі ўдваіх і Генька пракляты.

Валя. Сын?

Надзя. Ага. Ды такі ж разбалаваны. Проста ў косці ўеўся.

Валя. Малы?

Надзя. Добры малы... З тэлеграфны слуп. Вунь чуеш — раве, як бугай. (Чуваць арыя, якую ў далёкім пакоі напявае Генадзій.)

Валя. Дык што ты так на яго?

Надзя. Прыстае — рады няма. Думае, дурніцу знайшоў.

Валя. Пляснула б мокраю анучаю па зубах, і няхай бы аблізваўся.

Надзя. Ды я з ім не вельмі цырымонюся.

Арыя набліжаецца.

Валя. Мусіць, сюды ідзе. Ну, бывай! (Цалуюцца.) Што Валодзю перадаць?

Надзя. Каб не сумаваў без мяне.

Валя. Можа, пасля кіно сустрэнецеся?

Надзя. Не ўдасца, відаць.

Валя. Бедная Надзюшка!

Валя выходзіць. Надзя глядзіць у акно і махае Валодзю рукой. Пасылае пацалунак.

Генадзій (за сцэнай). «Сатана там правит бал, там правит бал, там правит бал».

Надзя (бярэцца зноў за талеркі). Сам ты сатана.

Генадзій (уваходзіць і шырокім жэстам абводзіць закускі і бутэлькі). «Сатана там правит бал, там правит бал, там правит бал».

Надзя. Гэта ваш бацька правіць бал, а вы яго сатаной называеце.

Генадзій. Не размаўляць! Бацька мой, а не твой: як хачу, так і называю.

Надзя. Ды мне што...

Генадзій. Э, ды тут і каньячок! (Бярэ ў рукі бутэльку.) О, С.! Што гэта значыць — ты не ведаеш?

Надзя. Я наконт гэтага непісьменная.

Генадзій. А, разумею: он самый. (Бярэ чарку і налівае.)

Надзя. Што вы робіце!

Генадзій (паказвае на горла). Перасохла, разумееш. Як толькі ўбачыў, адразу і перасохла. (Куляе чарку.) Вось і ўсё. І чаго было хвалявацца?

Надзя. Бутэлька ж няпоўная.

Генадзій. А гэта мы зараз... (Бярэ графін з вадой і далівае бутэльку.)

Надзя. А-я-яй! Вы ж пітво сапсавалі.

Генадзій. Не хвалюйся, вадзічка гатаваная.

Надзя. Скажу Паўлу Міхайлавічу, будзе вам!

Генадзій. Скажаш?

Надзя. А што ж, маўчаць буду? Яшчэ каб на мяне падумалі.

Генадзій (з жартаўлівай пагрозай). Ага, дык ты скажаш. (Наступае на Надзю, хоча яе абняць.)

Надзя (выкручваецца). Адстаньце, Генадзій Паўлавіч! Адстаньце, кажу, пасуду паб’яце.

Генадзій схапіў Надзю за плечы і намагаецца пацалаваць. Надзя кідае талерку аб падлогу. Генадзій выбягае з кухні. Надзя ціхенька рагоча.

Антаніна Пятроўна (уваходзіць). Зноў талерку разбіла! Што гэта з табой робіцца? Ты мне так усю пасуду пераглушыш. (Падымае чарапкі.) І талерка сервізная, фарфоравая. Не, галубка, прыйдзецца вылічыць з цябе за гэту талерку.

Надзя. Гэта Генадзій Паўлавіч, з яго і вылічвайце.

Генадзій (прасоўвае ў дзверы галаву). Няпраўда, мама, гэта яна. Рукі, як граблі: так усё і валіцца з іх.

Надзя. Генадзій Паўлавіч каньяк піў, а я не давала, вось ён мяне і штурхнуў.

Генадзій. Хлусіць, хлусіць! хлусіць! Ніякага каньяку я не піў. Глянь, усе бутэлькі поўныя.

Антаніна Пятроўна. Колькі ты мне ўжо талерак перабіла! Напэўна, штук пятнаццаць.

Надзя. Столькі, колькі разоў Генадзій Паўлавіч на кухню забягаў. Вось і палічыце. І наогул, Антаніна Пятроўна, сёння я ў вас апошні дзень. Пасуду памыю пасля гасцей — і бывайце здаровы. Вось вам хамут і дуга, і я вам больш не слуга.

Антаніна Пятроўна. Які хамут? Што ты такое гародзіш?

Надзя. А вось такі... Абрыдлі мне гэтыя чарапы. На завод пайду.

Антаніна Пятроўна. Славы захацела? Можа, стаханаўкай думаеш быць?

Надзя. А чаму б і не? Што я — горшая за людзей?

Антаніна Пятроўна. Не з тваім, мусіць, спрытам. У цябе талеркі і то ляцяць з рук, а аўтамабільныя дэталі гэта табе не талеркі.

Надзя. Вядома, што не талеркі. Яны жалезныя; калі і ўпадзе, дык не разаб’ецца.

Антаніна Пятроўна. Ну што ж, дай божа нашаму цяляці воўка спаймаці.

Надзя. Гэта я ў вас цяля, а там, можа, і чалавекам буду.

Антаніна Пятроўна. Ладна, чалавек... Нясі пасуду расстаўляй. Пра гэта заўтра пагаворым.

Надзя бярэ стопку талерак і выходзіць. Антаніна Пятроўна раскладае на блюдзе нарэзаную цяляціну.

Сухадольскі (уваходзіць з брытвенным прыборам). Вадзічкі гарачай у цябе няма?

Антаніна Пятроўна. Вунь, у чайніку.

Сухадольскі (налівае ваду). Ну як, закускі хопіць?

Антаніна Пятроўна. Думаю, што хопіць. Не з галоднага краю прыехалі.

Сухадольскі. А выпіўкі?

Антаніна Пятроўна Гэта не па маёй часці.

Сухадольскі (лічыць бутэлькі). Па паўлітра на брата. Хопіць.

Антаніна Пятроўна. Гледзячы які брат. Другі літра паўтара выжлукціць.

Сухадольскі. Такіх не будзе. Адзін Русаковіч можа крыху выпіць.

Антаніна Пятроўна. Вось каго б я не хацела бачыць за сваім сталом.

Сухадольскі. Нельга, разам працуем, сябрамі лічымся.

Антаніна Пятроўна. Не мог ты на пасаду галоўнага канструктара лепшага чалавека знайсці.

Сухадольскі. Ён нядрэнны хлопец. Лепшым маім вучнем быў некалі.

Антаніна Пятроўна. Далёка вельмі глядзіць гэты твой вучань. Каб не падтаптаў ён пад ногі самога настаўніка.

Сухадольскі. Ужо і падтаптаў... У мяне яшчэ хопіць аўтарытэту, каб паставіць на месца, калі што якое...

Уваходзіць Надзя, бярэ чарговую стопку талерак і моўчкі выходзіць.

Сухадольскі. Што вы, пасварыліся?

Антаніна Пятроўна. Закруціла дзяўчыне ў носе. На завод хоча ісці.

Сухадольскі. То няхай ідзе, чаго ты яе трымаеш?

Антаніна Пятроўна. Шкада адпускаць. Дзяўчына ўвішная, нічога не скажаш. І не злодзей. Прыйдзе з рынку, усё да капеечкі падлічыць і аддасць. Толькі пасуду б'е. Дня не пройдзе, каб чаго не разбіла, і ўсЁна Геньку складвае.

Сухадольскі. Можа, ён прыстае да яе?

Антаніна Пятроўна. Таксама скажаш! Ён жа яшчэ дзіця горкае.

Сухадольскі. Ты глядзі. Я сёе-тое заўважаю. Каб гэта дзіця не нарабіла нам з табою сораму.

Уваходзіць Надзя, бярэ новую стопку талерак, Антаніна Пятроўна і Сухадольскі выходзяць. Праз хвіліну ў дзвярах з'яўляецца Генадзій і заступае Надзі дарогу.

Генадзій. Ну што, паскардзілася? Думала, мяне павесяць за гэта?

Надзя. Дзе ж вас, такога пестуна, будзе хто ўшчуваць. Хоць на галаве хадзіце, дык вам ніхто слова не скажа.

Генадзій. Зараз мы паходзім крыху на галаве. (Наступае на Надзю).

Надзя (адступаецца да пліты). Генадзій Паўлавіч!

Генадзій. Ого, якія мы грозныя!

Надзя (падымае ў руках талеркі). Вось толькі краніце, дык так і плясну аб падлогу. Фарфоравыя! (Генадзій адступае. Надзя з талеркамі выходзіць.)

Генадзій (круціць галавой). Глядзі ты!

 

Карціна трэцяя

Заводскі пасёлак. Вуліца каля дома Сухадольскіх. Воддаль панарама аўтамабільнага завода. На ўзроўні другога паверха балкон. Шкляныя дзверы на балкон ярка асветлены, з пакоя чуюцца гукі раяля.

З пад’езда на вуліцу, распранены, выходзіць Русаковіч. Ён на поўныя грудзі ўдыхае свежае паветра. За ім, з летнім паліто ў руках выходзіць Марыя Васільеўна.

Марыя Васільеўна. Чаго ты выбег распранены?

Русаковіч. Душна мне ад яго гаворкі.

Марыя Васільеўна (накідвае на плечы Русаковіча паліто). Аж упацеў, бедны, спрачаючыся.

Русаковіч. Сама прастудзішся. (Акрывае яе крысом паліто.)

Марыя Васільеўна. І чаму ты ў мяне такі задзірысты?

Русаковіч. Такі ўдаўся.

Марыя Васільеўна. Бяда мне з табой. Так і бойся, што дзе-небудзь пасуду паб’еш.

Русаковіч. Цяжка табе?

Марыя Васільеўна. А то лёгка, думаеш, з такім сукаватым?

Русаковіч. А ты вазьмі сабе абцякаемага.

Марыя Васільеўна (смяецца). Ну і выдумае! Абцякаемага.

Русаковіч. Будзеш жыць без ніякага клопату.

Марыя Васільеўна. Не ўжо, няхай лепш будзе задзірысты.

Русаковіч. Табе ж цяжка.

Марыя Васільеўна. Нічога, пацярплю... Эх ты, няўрымслівы. (Цалуе яго ў шчаку.)

З дома чуецца песня «Далеко, далеко...». Яны паціху падпяваюць.

Русаковіч (ківае ў бок дома). А ён жа раней не такі быў. Помню, як выкладаў у інстытуце... Іскра божая была ў ім. А тут нейкі мех жыцейскай мудрасці. Нуднай, але ўтульнай. Дзе толькі трэба паварушыцца, загарэцца,— яна тут як тут: не трэба, небяспечна, планам не прадугледжана.

Марыя Васільеўна. Ты ж яго ўсё роўна не пераробіш, дык чаго ты гарачышся?

Русаковіч. Ён мне жыць замінае. Вунь, глядзі, які прастор! Зямля, неба, зоры — усё да нашых паслуг. Любуйся, пазнавай, перарабляй на радасць чалавеку. А тут мех мудрасці жыцейскай. Не магу!

З пакоя чуюцца гукі вальса.

Марыя Васільеўна. Ну, годзе ўжо... Мех дык мех. Хадзем лепш патанцуем. (Цягне яго да дзвярэй.)

Русаковіч (упіраецца). Вось яшчэ выдумала!

Марыя Васільеўна. Я так даўно не танцавала. Усё табе часу няма. Нябось, як кавалерам быў, дык і час знаходзіў.

Русаковіч (здаючыся). Цесна ж там.

Марыя Васільеўна. Дык давай тут.

Русаковіч (скідае паліто). Ну, трымайся, малая!

Яны кружацца ў вальсе. Марыя Васільеўна спатыкаецца. Русаковіч яе падхоплівае і цалуе ў вусны. Яна шчасліва смяецца.

Надзя (выходзіць на балкон). Марыя Васільеўна-а! Вас да стала просяць.

Русаковіч. А што там на стале?

Надзя. Парася.

Русаковіч. Чуеш, Маша!

Марыя Васільеўна. Ідзём, Надзюша! (Русаковічу.) Ты ўжо не пі больш, а то яшчэ пасварыцеся.

Русаковіч. Піць не буду, а сварыцца, мусіць, буду.

Ідуць у дом. Надзя застаецца на балконе. Па ўсім відаць, што яна некага чакае. Воддаль чуюцца галасы.

Надзя (прыслухоўваецца). Ідуць. (Чуваць смех Валі.) Ім весела, чэрці. Цікава, пра што яны гавораць. (Адыходзіць у цень, прыпіраецца да сцяны, прытойваецца.)

Паказваецца Валодзя пад руку з Валя й.

Валя. Так яна цябе і чакае.

Валодзя. А што ты думаеш, можа, і чакае.

Валя (падражнівае). А як жа! Толькі ты ў яе і ў галаве.

Валодзя. А хто ж яшчэ?

Валя. Ха-ха-ха! Наіўны хлопец.

Валодзя (узрадаваны). А вось і ў галаве! А вось і ў галаве! Вунь яна, на балконе стаіць.

Валя (спыняецца, нібыта ўглядаецца). Дзе? Нічога не бачу.

Надзя павольна апускаецца і садзіцца на балконе за крэслам.

Валя. Гэта яна табе ў вачах стаіць. Так набраў у галаву, што здані здаюцца. Як гэта там па-вучонаму называецца?

Валодзя. Галюцынацыя, думаеш?

Валя. Вядома.

Валодзя (углядаючыся). Сапраўды... Гэта нейкая бочка стаіць на балконе. (Валя рагоча.) Дурны смех на цябе напаў.

Валя. Бочку палічыў за сваю каханую. (Рагоча.) Я ж казала, што ты сляпы.

Валодзя. Гэта ж табе, можа, не дзень. Вельмі тут разгледзіш.

Валя. А яна такі і праўда крыху на бочку падобна.

Валодзя. Сціхні, не пасыпай солі на раны. (Адыходзіцца на сярэдзіну вуліцы, падымаецца на цыпачкі, стараецца заглянуць у пакой.)

Валя. Што? Не дарос крышку да другога паверха?

Валодзя (падае ціхі свіст).

Валя. Пасвішчы, пасвішчы. Вось зараз гаспадар выйдзе ды як свісне па патыліцы.

Валодзя. Ёй няма часу, вядома: гасцей трэба даглядаць. То падай, то прымі.

Валя (іранічна). Ну, вядома.

Валодзя. Што ты гэтым хочаш сказаць?

Валя. А тое, што не адзін каваль мурзаты ў яе галаве. За ёю вунь студэнт прысмальвае.

Валодзя. Які студэнт?

Валя. З політэхнічнага інстытута.

Валодзя. Гэта ты хлусіш, мусіць.

Валя. Сама расказвала... Праходу, кажа, не дае.

Валодзя. Падумаеш, важнасць вялікае — студэнт!

Валя. Студэнт, брат, гэта ўсё-такі студэнт, як ты ні кажы.

Валодзя. Вось скончу вячэрнюю школу, паступлю восенню на завочны факультэт...

Валя. Што восень! Восень яшчэ далёка, а цяпер вясна, сама што кроў іграе.

Валодзя. Ды яно ўсё можа быць.

Валя (бярэ Валодзю пад руку). Хадзем, Валодзечка. Мне цябе проста шкада. Ці варта праз нейкую легкадумную дзяўчынку так хвалявацца.

Засмучаны, Валодзя паслухмяна ідзе з ёю.

Надзя (выйшаўшы са сховішча). Ну і свіння ж ты, Валька!

Валя (рагоча). Што, не выцерпела?

Валодзя (пакідае Валю і падбягае да балкона). Надзя!

Валя. Вось дык кавалер! Кінуў дзяўчыну сярод ночы на вуліцы.

Валодзя. Прабач, Валёк! Надзюша, ты пачакай мінут пятнаццаць, я правяду Валю і зараз вярнуся.

Надзя. Можаш сабе і не варочацца.

Валодзя, разгублены, не ведае, што яму рабіць.

Валя. Ну, ладна, чэрці паласатыя. Мілуйцеся сабе, я і адна зайду. Спакойнай ночы!

Валодзя. Спакойнай ночы, Валёк! Ты ўжо даруй мне...

Надзя. Пабяжы, на калені стань ды перапрасі.

Валодзя. А ты ўжо і прыраўнавала.

Надзя. Глядзі, брат, за двума зайцамі пагонішся, ніводнага не зловіш.

Валодзя. За гэтым зайцам я не ганяюся.

Надзя. Дык, можа, заяц за табой?

Валодзя. У нас з ёю старая дружба.

Надзя. Я чула, як яна тут міну падводзіла пад мяне.

Валодзя. Дражнілася. Ты ж яе ведаеш.

Надзя. А наконт студэнта ты так і паверыў?

Валодзя. У жыцці ўсяк здараецца. Чым чорт не жартуе, думаю сабе.

Надзя. За каго ж ты мяне лічыш?

Валодзя. За харошую дзяўчыну.

Надзя. Якая можа кахаць двух адразу?

Валодзя. Якую могуць кахаць два адразу. Адзін горача, ад шчырага сэрца, а другі так сабе, для забавы.

Надзя. Каторы ж гэта ад шчырага сэрца?

Валодзя. А вось гэты, што стаіць тут пад балконам і вачэй не зводзіць.

Надзя. Какие пёрышки, какой носок!

Валодзя. Не верыш! Здзекуешся з майго гарачага пачуцця.

Надзя. Я нешта не адчуваю гэтай гарачыні.

Валодзя. Спусціся сюды, дык адчуеш.

Надзя. Яшчэ спускацца трэба. Помніш, мы глядзелі спектакль «Рамэо і Джульета»? Той, брат, не чакаў, пакуль да яго спусцяцца.

Валодзя. Дык таму вераўчаную лесвіцу падрыхтавалі. Але і мы зараз што-небудзь прыдумаем. (Аглядаецца навокал.) Вунь, здаецца, вяроўка. (Ідзе па вяроўку.)

Надзя (занепакоілася). Не чапай вяроўкі! Мне заўтра бялізну трэба вешаць. (Ласкава). Ідзі сюды, дурненькі. (Валодзя падыходзіць.) Выдумаў! Яшчэ заб'ешся, лезучы!

Валодзя. А чаго ж ты...

Надзя. І пажартаваць ужо нельга.

Валодзя. А можа, усё-такі спусцішся на хвілінку?

Надзя. Не магу, Валодзечка, мяне ж кожную хвіліну могуць паклікаць.

Валодзя. І не надакучыла табе такая работа?

Надзя. Надакучыла. Заўтра іду на завод.

Валодзя. Вось гэта маладзец! Добра б было разам працаваць, толькі цэх у нас нязручны. Горача і сілы кавалак трэба мець. Ідзі хіба ў цэх нармалей. Дэталі там дробныя — якраз для дзяўчат.

Надзя. Вось я і думаю —да Валі. Яна мяне вучыць будзе.

Валодзя. Я буду заглядваць. Мне на работу якраз міма вашага цэха.

Надзя. Сюды ідуць. Бывай, Валодзечка!

Валодзя. Ох ты, гора маё! (Адыходзіць.)

Надзя. Бывай, золата маё! Заўтра ўбачымся. (Адыходзіць у цень.)

З папяросай у зубах уваходзіць Страмілін.

Страмілін (углядаючыся). Хто тут?

Надзя (нясмела). Гэта я.

Страмілін. Надзя?

Надзя. Ага.

Страмілін. Што ж ты тут робіш адна?

Надзя. Выйшла паветрам падыхаць. Месяц вельмі ж прыгожы сёння.

Страмілін. А дзе твой месяц ходзіць — па небе ці па зямлі?

Надзя. Дзе ж гэта бывае, каб месяц па зямлі хадзіў?

Страмілін. Бывае, ходзіць, разбойнік.

Надзя (сканфузілася). Вы ўжо скажаце.

Страмілін. Ды гэта нічога. Не з табой адной такое здараецца.

Надзя. Я вось пра свой лёс думаю. Перамяніць збіраюся.

Страмілін. Ужо? Замуж?

Надзя. Ды не, на завод хачу ісці.

Страмілін. Гэта ты добра прыдумала.

Надзя. Страшнавата толькі. Не ўмею ж я нічога. Што я там рабіць буду?

Страмілін. Машыны будзеш рабіць. Бачыла нашы машыны?

Надзя. Ведаю — пяцітонныя самазвалы?

Страмілін. А дваццаціпяцітонныя бачыла?

Надзя. Бачыла.

Страмілін. Вось і гэтыя будзеш рабіць.

Надзя. Жартаўнік вы.

Страмілін. А я зусім не жартую. Хто ж, ты думала, іх робіць? Вось такія дзяўчаты, як ты. Ну, і хлопцы, вядома. Моладзь у асноўным. Завод малады, і калектыў малады. Вось так і расцём разам... Вунь паглядзі, які горад вырас! А ці даўно тут лес шумеў? І ведаеш, куды мы іх адпраўляем — нашы машыны?

Надзя. Ведаю. Я была на мітынгу, як вы выступалі.

Страмілін. Ну вось. І той, хто робіць гэтыя машыны, сам з’яўляецца ўдзельнікам гэтых будоўляў. Так што ты, Надзюша, правільна надумала.

Надзя. Аж мне весялей стала ад вашых слоў.

Страмілін. А што не ўмееш, гэта не бяда; навучышся, абы ахвота.

Зоя Кірылаўна (уваходзіць). Там Надзю шукаюць, а яна тут з маім мужам какетнічае...

Надзя. Ох, загаварылася я... (Выбягае.)

Зоя Кірылаўна. Э, галубок! Дык ты тут да дзяўчыны падлабуньваешся!

Страмілін. І, ведаеш, не без поспеху.

Зоя Кірылаўна. Ды ты майстар дзяўчат абдурваць.

Страмілін. А ўжо ж, калі цябе абдурыў, дык, мусіць, майстар.

Зоя Кірылаўна (трасе яго за чупрыну). Ты, брат, глядзі ў мяне.

Страмілін. Ды я і так гляджу. Ніводнай харошай не прапускаю.

Зоя Кірылаўна. Спакусіў і гэту?

Страмілін. Яна ўжо і сама нарыхтавалася, я толькі падбадзёрыў.

Зоя Кірылаўна. Антаніна Пятроўна не падзякуе табе за гэта.

Страмілін. Затое Надзя некалі падзякуе.

Зоя Кірылаўна А ведаеш, прыглядаюся я да гэтай Антаніны Пятроўны, і нешта мне ў ёй не падабаецца.

Страмілін. Я яе мала ведаю. Трымаецца як быццам прыстойна.

Зоя Кірылаўна. Яна не зычыць дабра людзям. Пра каго б ні загаварылі, абавязкова знойдзе ў ім нейкую плямінку. Вось і Русаковіча таксама не любіць. Выскачкай называе.

Страмілін. Гэта ад зайздрасці.

Зоя Кірылаўна. Чаго ж ёй зайздросціць? Яе ж муж большы начальнік — галоўны інжынер.

Страмілін. Большы то большы, але нічым асабліва не вызначыўся. А гэты вунь якую машыну сканструяваў. У славу ўваходзіць. Чаго добрага, прэмію атрымае.

Зоя Кірылаўна. Ну і на здароўе.

Страмілін. Не падабаецца гэта Паўлу Міхайлавічу.

Зоя Кірылаўна. Павел Міхайлавіч ганарыцца павінен бы. Гэта ж яго вучань.

Страмілін. Ганарыўся, пакуль той у вучнях хадзіў.

Шугаеў (уваходзіць). Няўжо ён вам дома не абрыдаў, Зоя Кірылаўна?

Зоя Кірылаўна. А калі я яго бачу дома? У восем выходзіць, у адзінаццаць прыходзіць.

Шугаеў. Няўжо ў адзінаццаць?

Зоя Кірылаўна. А то і ў гадзіну ночы.

Шугаеў (іранічна). Ах, праўда, у яго ж пасяджэнні парткома, сходы партактыву, вытворчыя нарады. Так?

Зоя Кірылаўна. Ён так гаворыць.

Шугаеў. Хоць бы яны што-небудзь новае прыдумалі — гэтыя здраднікі... У кожнага тая ж самая песня.

Страмілін. Не выйдзе, Барыс Пятровіч! Дарэмна турбуешся.

Шугаеў. Што, так здорава вочы затуманіў Зоі Кірылаўне?

Страмілін. Уяві сабе.

Шугаеў. Шчаслівы ты чалавек. У мяне дык бывае наадварот. Хоць і не было, дык кажа, што было.

Зоя Кірылаўна. А ці не пара нам, хлопцы, у люлю бай?

Шугаеў. Працоўны народ спіць ужо. Дзе-нідзе толькі агні відаць.

Страмілін. А начальства гуляе.

Шугаеў. Ратуйся, хто можа! Яны сюды ідуць.

Уваходзяць Сухадольскі і Русаковіч.

Сухадольскі. Гэта не так проста, дарагі Андрэй Данілавіч. Вы думаеце — ваша справа начарціць, а наша выконваць па вашаму чарцяжу. Не, перш чым чарціць, вы, будзьце ласкавы, пацікаўцеся, у якіх умовах будзе ажыццяўляцца ваша канструкцыя.

Русаковіч. Нічога гэтага я ведаць не хачу, Павел Міхайлавіч.

Сухадольскі. Ага, вы не хочаце.

Русаковіч. Не хачу.

Сухадольскі. Вы хочаце лунаць у паднябессі і адтуль нам дыктаваць сваю волю.

Русаковіч. Я хачу кіравацца навейшымі дасягненнямі тэхнікі, толькі і ўсяго.

Сухадольскі. Не ўсякае дасягненне можна адразу ў вытворчасці выкарыстаць.

Русаковіч. Я гавару пра тыя дасягненні, якія ўжо выкарыстоўваюцца на перадавых заводах.

Сухадольскі. Вунь куды махнуў! Далёка нам да перадавых. Якія ў нас кадры? Гэта ж учарашнія пастушкі. Як ты ад яго патрэбуеш высокай тэхнікі?

Русаковіч. Дык што ж, загадаеце канструктару на пастушкоў раўняцца? Вучыце, падцягвайце кадры да перадавой тэхнікі, а не цягніце тэхніку назад.

Сухадольскі. Лёгка вам гаварыць. Не, галубок, пабылі б вы ў нашай скуры, тады б не тое запелі. Не разлічвалі б на ідэальныя ўмовы, якіх і ў прыродзе няма, а прыладжваліся б да тых, што ёсць.

Русаковіч. Ну, якія ж ідэальныя ўмовы, Павел Міхайлавіч? Вось жа вам прыклад. У мяне ў чарцяжы значыцца дэталь з коўкага чыгуну, а вы падсоўваеце мне стальное ліццё.

Сухадольскі. Дарагі мой! Мы ж таксама не прафаны ў тэхніцы. Я прывяду вам дзесяткі прыкладаў, калі падобныя дэталі робяцца іменна са стальнога ліцця. Вось Барыс Пятровіч гэта можа пацвердзіць.

Шугаеў. Я катэгарычна пратэстую!

Сухадольскі (збянтэжаны). Супраць мяне?

Шугаеў. Так, супраць вас, Павел Міхайлавіч. Гэта проста бязбожна — запрасіць людзей у госці і цэлы вечар частаваць іх чыгуннымі дэталямі. У гасцях я прызнаю толькі шкляныя дэталі. (Зоі Кірылаўне.) Хадзем! Няхай яны даядаюць тут адзін другога. (Бярэ яе пад руку і вядзе ў пакой.)

Страмілін. Гэтай работы хопіць ім надоўга. (Выходзіць.)

Сухадольскі. Дык вось, дарагі Андрэй Данілавіч. Не разлічвайце толькі на ідэальныя ўмовы. Ідэал — гэта ідэал, гэта тое, да чаго мы павінны імкнуцца. А жыццё — гэта жыццё, гэта тое, з чым мы не можам не лічыцца. Дзеля яго часамі і сваімі ідэаламі прыходзіцца паступацца.

Русаковіч. А я не хачу паступацца сваімі ідэаламі.

Сухадольскі. Прыходзіцца, нічога не папішаш. Калі ўпрэшся носам у рэчаіснасць...

Русаковіч. У руціну? Дык яе трэба ламаць.

Сухадольскі. Ламайстар мой дарагі. Слухаць мне вас хораша.

Русаковіч (з запалам). Так, бязлітасна ламаць!

Марыя Васільеўна (уваходзіць, Русаковічу). Андруша! Як табе не сорамна! Ты проста замучыў Паўла Міхайлавіча. Антаніна Пятроўна нават крыўдзіцца на цябе.

Сухадольскі. Гарачы ён у вас. Ай, гарачы.

Марыя Васільеўна. Вось мы яму зараз халодны кампрэс паставім. (Бярэ Русаковіча за рукаў.) Хадзем! Усе ўжо апрануліся.

Русаковіч (крыху астыўшы). Выбачайце, Павел Міхайлавіч, я вам тут непрыемнасцей нагаварыў.

Сухадольскі. Што за цырымоніі! Мы людзі свае: што думаем, тое і гаворым.

Русаковіч. Паверце, што ў мяне да вас самыя лепшыя пачуцці. Вы мне шмат дапамаглі сваімі парадамі, і я вам вельмі ўдзячны.

Сухадольскі. Дарагі Андрэй Данілавіч! (Цалуюцца.) Можаце заўсёды разлічваць на маю дапамогу. (Цалуюцца.)

У дзвярах кожны з дзвюма чаркамі ў руках з’яўляюцца Шугаеў і Страмілін. Яны даюць па чарцы ў рукі Сухадольскаму і Русаковічу.

Шугаеў. Якраз зручны момант, каб выпіць па апошняй. Вып’ем жа за тое, каб усе нашы спрэчкі канчаліся пацалункамі. (Выпіваюць.)

Страмілін. І бывайце здаровы, Павел Міхайлавіч.

Сухадольскі. Бывайце, Антон Ільіч, да заўтра.

Марыя Васільеўна. Праўдзівей, да сёння, бо ўжо днее.

Усе развітваюцца. Сухадольскі на момант выходзіць у пакой. Развітаўшыся з гасцямі, ён зноў варочаецца на балкон. Да яго падыходзіць Антаніна Пятроўна. Госці выходзяць на вуліцу. Страмілін пад руку з З о я й К і р ы л а ў н а й і Шугаеў накіроўваюцца налева, Русаковіч з М а р ы я й В а с і л ь е ў н а й — направа. Яны праходзяць пад балконам, не заўважаючы Сухадольскіх.

Марыя Васільеўна. Ты там глупства ніякага не нагаварыў?

Русаковіч. Чаму гэта я буду глупства гаварыць?

Марыя Васільеўна. Пад чаркай ты можаш.

Русаковіч. Я яму больш сказаў бы, ды нязручна ў яго доме.

Марыя Васільеўна. Ты вельмі не рвіся ў бойку. Ён можа табе такую ножку падставіць... Галоўны інжынер — як ні кажы.

Русаковіч. А мне напляваць, што ён галоўны інжынер.

Антаніна Пятроўна (Сухадольскаму). Чуў?

Сухадольскі. А я вазьму ды не падстаўлю ножкі. Вось і не выйдзе па-іхняму.

Антаніна Пятроўна. Дзе ўжо нам ножку падстаўляць. Ён табе хутчэй падставіць.

Сухадольскі. Нічога ён мне не зробіць, і нікому я ў крыўду не дамся... У міністэрстве мяне крыху ведаюць. З самім міністрам некалі ў інстытуце на адной лаўцы сядзеў.

Антаніна Пятроўна. Памагаў, за вушы выцягваў... Вось табе падзяка за гэта...

Сухадольскі. Усіх нас хто-небудзь выцягваў.

Антаніна Пятроўна. А самаўпэўненасць якая! Вучыць пачынае!

Сухадольскі. Зазнаўся маласць, гэта праўда.

Антаніна Пятроўна. І няўжо ён прэмію атрымае?

Сухадольскі. Зусім магчыма.

Антаніна Пятроўна. Ну, я не ведаю... Я не перанясу гэтага.

Сухадольскі. Ты дарэмна хвалюешся. Да прэміі яшчэ далёка. Яшчэ невядома, як машына пакажа сябе на Волга-Доне. У ёй могуць і дэфекты выявіцца.

Антаніна Пятроўна. А хто павінен прадстаўляць?

Сухадольскі. Мы ды міністэрства.

Антаніна Пятроўна. І ты падпішаш яму водзыў?

Сухадольскі. І падпішаш, нікуды не дзенешся.

Антаніна Пятроўна (кудлачыць яму валасы). Эх ты... дурань сівы! Хто толькі не захоча на табе выехаць, кожнаму ты свой хрыбет падстаўляеш.

Сухадольскі (моцна пазяхнуўшы). Ведаеш, Тоня, я спаць хачу. (Устае і накіроўваецца ў пакой.)

Антаніна Пятроўна. Урадзіўся ты цялём, так цялём і памрэш. (Выходзіць следам за ім.)

 

Заслона

 

Акт другі

 

Карціна чацвёртая

На сцэне вялікі шчыт з паказчыкамі лепшых вынікаў працы. Партрэты стаханаўцаў. Пад шчытом транспарант: «Выканаем месячны план па ўсіх паказчыках». Улева ад шчыта, на некаторай адлегласці, карыкатура: нехлямяжы чалавечак з усяе сілы цягне назад канвеер з напалову сабранай машынай. Пад карыкатурай подпіс: «Майстар Курыльчык дапамагае выконваць месячны план». Справа — заводская брама і прахадная будка. Ля шчыта група рабочых.

Валя (да Надзі). А каваль твой, глядзі, як сігае!

Надзя (напаўголасу). Твой, твой... Прысвоіла вельмі...

Рабочы. А ты, дзяўчына, дабром не кідайся. Даюць — бяры, пакуль другія не захапілі.

Надзя засаромелася, адвярнулася.

Патапаў (падыходзіць). Добры дзень, дзяўчаты!

Валя. Добры дзень, Міхаіл Пятровіч!

Патапаў. Ну, як нашы справы? Ад каго мы адсталі?

Валя. Трошкі не дацягнулі да першага месца.

Патапаў. А хто ўперадзе нас?

Валя (ківае на партрэт Валодзі). Вось гэты чарцяка са сваёй брыгадай.

Патапаў. Стальмашонак? Ну нічога. Яшчэ два дні да канца месяца. Націснем — і дагонім. Праўда, Надзя?

Надзя. Дык і ў чарцякі ж таксама два дні.

Патапаў. Усё роўна дагонім. І ты ж у нас ужо размахнулася як мае быць. Глядзі, Валя, абгоніць яна цябе.

Валя. Перацягнула на сваю галаву ў наш цэх. Спрабуе ўжо на пяты наступаць.

Надзя, усё яшчэ насупіўшыся, паглядзела на Валю.

Патапаў. Ды яна нешта не ў настроі. Што такое, Надзя?

Валя. Гэта мы з ёю за хлопца пасварыліся.

Патапаў. І тут яна табе на пяты наступае?

Валя. Не, тут ужо я ёй.

Надзя. Ну і язычок у цябе, Валя. Ці не пара пласцінку перамяніць?

Убягае Курыльчык і падыходзіць да карыкатуры.

Патапаў (да Курыльчыка). Што ж гэта цябе, Дзям’ян Трафімавіч, так размалявалі?

Курыльчык (махае рукой). А ну іх!

Валя. Падкачаў, дзядзька Курыльчык.

Курыльчык. Дзіва што з вамі падкачаеш.

Валя. Чаму з намі? Мы ж наперад цягнем, а не назад.

Курыльчык. Языком-то вы ўпраўныя. Вунь яна — кадра... (Ківае ў бок Веры.) Пацягні з ёю, калі хочаш.

Вера засаромелася і адышла ўбок.

Патапаў. Нашто ж так дзяўчыну канфузіць?

Курыльчык. Цярпення майго няма. Дадуць недарэку, і цацкайся з ёю.

Валя. Яна ж у вас яшчэ новенькая. Чаго вы ад яе хочаце?

Курыльчык. Я хачу, каб яна работу рабіла.

Валя. Навучыце, дык і будзе рабіць.

Курыльчык. Ёсць мне час няньчыцца з вамі. Мне трэба план выконваць.

Валя. З такімі адносінамі да людзей вы ніколі не будзеце выконваць.

Курыльчык. Дай добрых работнікаў, дык выканаю.

Надзя. У вас усе дрэнныя, адзін вы добры.

Курыльчык. А ты адкуль ведаеш?

Надзя. Ведаю. Сама ў вас мучылася тыдні два.

Курыльчык. Нешта я не помню такой.

Надзя. Дзе ж вам помніць. Хіба вы цікавіцеся чалавекам?

Курыльчык. Гледзячы якім.

Надзя. За два тыдні добрага слова ад вас не пачула. I няўмека, і недарэка, і пралетарыят кухонны.

Курыльчык. Відаць, заслугоўвала.

Надзя. А вось трапіла да добрага чалавека, дык і я чаго-небудзь варта.

Курыльчык. Няхай ён і гэты скарб возьме ад мяне.

Ківае ў бок Веры.

Патапаў. А што ты думаеш, Дзям’ян Трафімавіч, я і не адмоўлюся.

Курыльчык. І калі ласка. Я яшчэ і паўлітра пастаўлю.

Вера плача.

Надзя. Няма, каб паспачуваць сіраце, паказаць ды расказаць, дык яшчэ здзекуецца.

Страмілін (уваходзіць). А чаго дзяўчына плача?

Валя. Майстар яе пакрыўдзіў.

Страмілін. Што ж гэта ты, Дзям’ян Трафімавіч, сваіх рабочых крыўдзіш?

Курыльчык. Яна мяне больш пакрыўдзіла. Праз яе я прэміяльнай надбаўкі не атрымаю.

Страмілін. Як зваць дзяўчыну?

Валя. Вера Халімончык.

Страмілін (падыходзіць да Веры). Чаго ж ты плачаш, Вера?

Валя. Ды як жа, Антон Ільіч. Дзяўчына-сірата. Сёлета рамеснае вучылішча скончыла... Ну слабенькая яна. Хваравітая дый ростам малая. А ён яе адразу на вялікі фрэзерны станок. Дэталь кілаграмаў дваццаць: ёй, беднай, як падняць. І замацаваць у станку як мае быць не хапае сілы. А ён толькі ходзіць ды ўсялякія словы на яе.

Курыльчык. Вы ўжо нагаворыце.

Страмілін. Цяжка табе на гэтым станку працаваць?

Вера. Я не магу ў цэху працаваць. Дайце мне другую работу.

Страмілін. Якую ж работу ты хочаш?

Вера. Хоць прыбіральшчыцай.

Страмілін. Ну, рамеснае скончыла ды прыбіральшчыцай! Ты ў нас яшчэ стаханаўкай будзеш. (Да Курыльчыка.) У цябе не знойдзецца другога, лягчэйшага станка?

Курыльчык. Няма. Яшчэ не зрабілі такога адмысловага для яе.

Надзя. Знарок ставіць на такі, каб не справілася, а потым выжывае з участка.

Страмілін. Нядобра так, таварыш Курыльчык.

Курыльчык. А мне з імі добра, думаеце, у хвасце плесціся? Выставілі вунь на пасмешышча.

Адыходзіць.

Валя. Антон Ільіч, перавядзіце яе ў наш цэх, да таварыша Патапава...

Страмілін. Возьмеш, Міхаіл Пятровіч?

Патапаў. А чаму ж не? Такую харошую дзяўчыну ды не ўзяць. (Падыходзіць да Веры.) Пойдзеш да мяне, Вера! У мяне, брат, ёсць для цябе станочак — любата. Маленькі, зграбненькі. І дэталькі лёганькія. Будзеш шрубы наразаць. Добра?

Страмілін. Дык вось так, Вера. Я пагавару з начальнікам цэха, цябе перавядуць да таварыша Патапава. Вось і Валя табе будзе памагаць.

Вера (выціраючы слёзы). Добра.

Падыходзіць Валодзя і моўчкі паціскае Надзі руку.

Страмілін (да Надзі). Ну, а ты, Надзя, як маешся?

Надзя. Нічога.

Страмілін. Прывыкла на заводзе?

Надзя. Пара. Ужо чатыры месяцы я тут. Спачатку вось так жа плакала ад Курыльчыка.

Патапаў. Яна ў мяне план перавыконвае.

Страмілін. Ну, вось бачыш, а ты баялася. Помніш, як мы з табой на балконе размаўлялі?

Надзя. Помню.

Страмілін. А на месяц глядзіш часамі?

Надзя (сарамліва засмяяўшыся). Часамі паглядаю. (Яна крадком перавяла вочы на Валодзю.)

Валя. Гэты месяц і сам вачэй з яе не спускае.

Страмілін (глянуўшы на Валодзю). Ага... Зразумела...

Валодзя (з усмешкай). Што, Антон Ільіч?

Валя. Можна вас на хвілінку, Антон Ільіч? (Адводзіць яго на авансцэну.) Просьба да вас вялікая.

Страмілін. Слухаю. Што такое?

Валя. Разам ім ужо трэба было б жыць.

Страмілін. То няхай жывуць на здароўе.

Валя. Дык прытуліцца ж няма дзе. Пакутуюць, глядзець не магу на іх.

Страмілін. А ты што — балельшчыца?

Валя. Прыходзіцца. Сябры мае ўсё-такі.

Страмілін. Дык што ж ты ад мяне хочаш?

Валя. Пакойчык ім трэба які-небудзь... хоць невялічкі. А то адно ў адным інтэрнаце, а другое ў другім,— якое ж тут сямейнае жыццё можна наладзіць? Можа б, вы закінулі слова за іх дырэктару?

Надзя. Што ты там пляткарыш?

Валя. Гэта цябе не датычыцца.

Страмілін. Справа сур’ёзная...

Валя. А што, хіба нельга?

Страмілін. Усе жаніцца хочуць, а кватэр мы столькі яшчэ не набудавалі.

Валя. Ну, ім трэба як-небудзь.

Страмілін. Добра, паспрабую закінуць слова. Толькі пры адной умове...

Валя. Пры якой?

Страмілін. Што Надзя ў гэтым месяцы дасць сто пяцьдзесят працэнтаў нормы. Мне патрэбен моцны козыр. Разумееш? Для стаханаўцаў хутчэй пакой знойдзецца.

Валя. Надзя, згаджайся!

Надзя. Што такое?

Валя. Згаджайся на сто пяцьдзесят працэнтаў.

Надзя. Я ж не ведаю, у чым справа.

Страмілін. Заключаем з табой умову. Ты даеш сто пяцьдзесят працэнтаў плана...

Надзя. А вы што?

Страмілін. А я абяцаю закінуць за вас слова...

Валя. Наконт прытулку.

Надзя. Якога прытулку?

Валя (зазлаваўшы, што Надзя такая някемлівая). Пакой які-небудзь трэба ж вам?

Надзя (з дакорам). Валя, хто цябе прасіў?

Валя. Я сама ведаю, што вам трэба. Можа ж, я і камсорг цэха яшчэ... павінна клапаціцца.

Страмілін. Дык як, згодна?

Надзя сарамліва і дапытліва глянула на Валодзю: ці адабрае ён тое, што іх таямніца раскрыта.

Валодзя. Што ж, Надзюша, няма куды ўжо таіцца.

Надзя. Згодна, Антон Ільіч.

Страмілін. Ну, вось і добра. Дай руку!

Паціскае Надзі руку.

Падабед (уваходзіць з пісьмом у руках. З ім група рабочых. Да Страміліна). Хачу я вам, таварыш начальнік, адно пытанне задаць.

Страмілін. Калі ласка, я вас слухаю.

Падабед. Ці чыталі вы, што тут напісана?

Паказвае на шчыт.

Страмілін (чытае). «З гонарам выканаем заказ будаўнікоў Волга-Дона». Хораша напісана.

Падабед. Напісана-то хораша, але робіцца яно не вельмі хораша.

Страмілін. Чаму?

Падабед. Гонару гэтага нешта не відаць.

Страмілін. Чаму ж не? Глядзіце, якія паказчыкі. Хіба гэта не гонар?

Падабед. Недалёкі гэта гонар. Толькі самі сабой ганарымся. Як за браму завода выехаў, дык і гонар скончыўся.

Страмілін. Хіба пра нас дрэнна гавораць?

Падабед. А вы не чулі? На Волга-Доне вунь нашы самазвалы аскандаліліся.

Страмілін. Гэтага я не чуў.

Валя. Чуеш, Валодзя?

Галасы. Адкуль гэта ты ўзяў? Вось дык сказануў! Сасніў, мабыць, стары.

Уваходзіць Русаковіч і прыслухоўваецца.

Падабед. Мусіць, ведаю, калі гавару. (Да Страміліна.) Пляменнік у мяне там. Можа, помніце — шафёрам тут працаваў. Паўтарак прозвішча. Дык вось піша, што слабаваты нашы машыны для такой работы. Падрамнікі, піша, не вытрымліваюць, рысоры лопаюць, ну і яшчэ там шмат чаго... А пісалі ж у пісьме: «Падарунак ад беларускага народа». Падарунак, выходзіць, непаўнацэнны. Народ, вядома, тут ніпрычым. Народ ад шчырага сэрца. А некаторыя халтуршчыкі гэтага не разумеюць. Ім абы з рук збыць.

Рабочы. Тут не рабочага віна. Інжынеры вінаваты. Рабочаму як сказалі, так ён і зрабіў.

Падабед. Ну і інжынеры — халтуршчыкі. Ды і наш брат — майстры, рабочыя — таксама несвядомыя бываюць. Вунь пятнаццаць машын на дэфектнай пляцоўцы стаяць — гэта што, інжынеры вінаваты? Спартачылі, прапхнулі ў сябе ў цэху праз кантроль, а на зборцы яно ўсЁнаверх і выходзіць. Гэта пятнаццаць такіх, што ўжо ніяк нельга прапусціць, а колькі выпускаецца з усякімі дробнымі недаробкамі? «Нічога, няхай ідзе». А гэта «нічога» — нам жа бокам вылазіць.

Рабочы. Правільна, давай ім дыхту.

Падабед. І вінаватага нікога няма. Вось тут адны стаханаўцы выстаўлены. Трэба гэтых халтуршчыкаў выставіць. Няхай на іх людзі паглядзяць.

Страмілін. Добра, таварышы, што вас хвалююць гэтыя пытанні. Рыхтуйце прапановы, мы іх на сходзе абмяркуем.

Гудок. Рабочыя хутка накіроўваюцца да прахадной будкі.

Страмілін (да Русаковіча). Чуў?

Русаковіч. Чуў... У халтуршчыкі залічылі.

Страмілін. Вось і зрабі вывад.

Русаковіч. Я-то зрабіў. Трэба, каб і другія зрабілі. А то мне аднаму прыходзіцца лбом сцяну прабіваць.

Страмілін. Гузоў на тваім ілбе я пакуль што не бачу.

Русаковіч. Табе жартачкі, а мне горка слухаць папрокі, якіх я не заслужыў.

Страмілін (з іроніяй). Ну, паплач, а я табе слёзы вытру.

Русаковіч. Я не прашу, каб ты мне слёзы выціраў, а на дапамогу партарганізацыі маю права разлічваць.

Страмілін. А ў чым дапамагаць?

Русаковіч. Ты ведаеш, аб чым я гавару. Сам быў сведкам нашай спрэчкі.

Страмілін. Якая скончылася пацалункамі? Ты з ім цалуешся, а я павінен у бойку лезці. Наогул, мне здаецца, што ты тушуешся перад ім. Усё яшчэ вучнем адчуваеш сябе, а не галоўным канструктарам. За падтрымкай справа не стане, ты толькі сам змагайся за тое, у чым пераконаны. (Адыходзіць.)

Русаковіч (адзін). Я яму, старому чорту, пакажу, які я вучань.

 

Карціна пятая

Кабінет Сухадольскага.

Справа, пры самым стале, селектар.

Сухадольскі (націскае кнопку селектара). Канвеер!

Голас. Канвеер слухае, Павел Міхайлавіч.

Сухадольскі. Як у цябе там?

Голас. Зараз стану.

Сухадольскі. Я табе стану! Не забывай, што заўтра ў дванаццаць месячны план закрываем.

Голас. Задні мост канчаецца.

Сухадольскі. Зараз высветлю, у чым справа.

Голас. Правае крыло — таксама.

Сухадольскі. Правае крыло ў афарбоўцы, зараз пададуць.

Целеш (прасоўвае ў дзверы галаву). Я вам патрэбен, Павел Міхайлавіч?

Сухадольскі. Вельмі. (Целеш уваходзіць.) Скажы, Іван Пятровіч, хто з нас начальнік вытворчасці — я ці ты?

Целеш. Дагэтуль быў я.

Сухадольскі. Дык чаму я павінен тваімі справамі займацца?

Целеш. А што такое?

Сухадольскі. Чаму няма задзелу задніх мастоў?

Целеш. Аварыя ў цэху шасі, Павел Міхайлавіч. Адзін электраматор выйшаў са строю, а ў рэзерве няма.

Сухадольскі. Дзе хочаш даставай, а каб заднія масты былі.

Целеш (чухае патыліцу). Задача...

Сухадольскі. Колькі сёння сышло з канвеера?

Целеш. Колькі намечана, але з іх шэсць машын кантроль не прыняў.

Сухадольскі. Вялікія недаробкі?

Целеш. Дробязь, але ж вы ведаеце Угарава?

Сухадольскі (націскае кнопку селектара). Угараў?

Голас. Я Угараў.

Сухадольскі. Размова ёсць.

Голас. Я вас слухаю.

Сухадольскі. Па апарату не магу, сакрэтная.

Голас. Зараз іду.

Целеш. І калі мы ўжо будзем працаваць без аўралаў?

Сухадольскі. Тады, калі ты вытворчасць наладзіш.

Целеш. Як тут яе наладзіш? Адзін цэх яшчэ не разгарнуўся, другі прадукцыі не можа асвоіць як мае быць. А план давай.

Сухадольскі. Яшчэ, можа, прыйдзецца канструкцыю мяняць.

Целеш (спужаны). Машыны?

Сухадольскі. Асобных вузлоў.

Целеш. Ну, гэта магіла! На гэта ніяк нельга ісці, Павел Міхайлавіч.

Сухадольскі. Русаковіч дамагаецца.

Целеш. І вы згадзіліся?

Сухадольскі. Яшчэ не, але прыйдзецца падумаць. На Волга-Доне выявіліся некаторыя канструкцыйныя недаробкі.

Целеш. А дзе ж ён раней быў?

Сухадольскі. Зразу, відаць, не мог усяго прадугледзець.

Целеш. Ды што ў нас — эксперыментальны цэх? Машына пайшла ў масавую вытворчасць, якія цяпер могуць быць эксперыменты?

Сухадольскі. Ён хоча, каб машына была беззаганная.

Целеш. Мала чаго ён хоча. Яму можна хацець, за план жа ён не адказвае. Па ім няхай хоць увесь завод праваліцца, абы яму прыгожым выйсці.

Угараў (уваходзіць). Слухаю, Павел Міхайлавіч.

Сухадольскі. Ты што ж гэта план зрываеш?

Угараў. Не я, Павел Міхайлавіч.

Сухадольскі. Як жа не ты? Шэсць машын хто затрымаў?

Угараў. Зрывае той, хто брак робіць.

Сухадольскі. Можа, ты занадта прыдзіраешся?

Угараў. Паводле інструкцыі і вашага загаду дзейнічаю.

Сухадольскі. Нам гэтыя шэсць машын усю музыку сапсуюць. Праз іх прыйдзецца дакументы пэцкаць... даваць звесткі, што месячны план не выкананы.

Угараў. Значыць, не выкананы.

Сухадольскі. Каб жа сапраўды не выканалі, а то ж машыны зроблены.

Угараў. Зроблены, але недароблены.

Сухадольскі. З гэтымі недаробкамі яны хадзіць будуць?

Угараў. Будуць, вядома, але такую каравую прадукцыю сорамна пасылаць.

Сухадольскі. Гэта ж не «Пабеда». Зямлю вазіць вялікага хараства не трэба.

Угараў. Тут яўнае парушэнне тэхналогіі. Я не магу ўзяць адказнасць за іх выпуск.

Сухадольскі (падкрэслена). А калі я цябе папрашу?

Угараў. Вы патрабуеце?

Сухадольскі. Пасля аўралу ты ўжо будзеш па ўсёй строгасці.

Угараў. Ну што ж... Разам будзем адказваць.

Сухадольскі. Ёсць, дагаварыліся. (Угараў выходзіць. Да Целеша.) Дык ты лічыш, што за палепшанне канструкцыі не варта брацца?

Целеш. Злачынна, Павел Міхайлавіч! Гэта пэўны правал плана. (Сухадольскі маўчыць.) Вы як сабе хочаце, а я свой чэрап пад абух не збіраюся падстаўляць дзеля яго.

Тэлефонны званок.

Сухадольскі (бярэ трубку). Добра, улічым твае меркаванні. (Целеш выходзіць.) Слухаю... Тоня? Што такое? Спакайней гавары, нічога не разбяру... Непрыемнасць? З Генькам?.. Чаго нарубіў?.. Ах, нагрубіў! Ну, гэта не навіна... Двойку паставіў?.. Дык няхай папросіць прабачэння... Не выкладчык, а Генька... Ну, не, прабач, нікому я званіць не буду... Сказаў — не буду... І табе не раю. Ты абавязкова нагаворыш якога-небудзь глупства... (Уваходзіць Русаковіч.) Прабач, Тоня, у мяне людзі. (Кладзе трубку.) Сямейная размова. Генька, разбойнік, наскандаліў у школе. Разбалавала маці, а мне самому няма часу займацца ім. Сядайце.

Русаковіч. Я хацеў бы, Павел Міхайлавіч, закончыць нарэшце нашу размову.

Сухадольскі. Пачатую ў мяне на кватэры?

Русаковіч. Нават яшчэ раней. Што гаварылася на кватэры, я, прызнацца, добра і не помню.

Сухадольскі. А я помню... Вы абвінавачвалі мяне ў руцінёрстве.

Русаковіч. Самі вінаваты: не трэба было каньяком паіць.

Сухадольскі. Ну што ж, слухаю вас, Андрэй Данілавіч.

Русаковіч. Вы раілі мне не спяшацца з палепшаннем, а пачакаць водзываў з Волга-Дона.

Сухадольскі. Гэта вам і дырэктар раіў.

Русаковіч. Цяпер у нас матэрыялу хапае. Для мяне — аж занадта.

Сухадольскі. Гэты матэрыял яшчэ не вывучаны.

Русаковіч. Я яго вывучыў.

Сухадольскі. Спакойнае ў вас жыццё. Аўрал, усе ў мыле, а вы сабе займаецеся вывучэннем матэрыялу.

Русаковіч. Не такое спакойнае, як вам здаецца. Я сёння ноч не спаў, думаў, як лепш скамбінаваць.

Сухадольскі. І што ж вы скамбінавалі... у цішы начной?

Русаковіч. Вы іранізуеце? Гэта не абяцае мне нічога добрага.

Сухадольскі. Не звяртайце ўвагі, я вас слухаю.

Русаковіч. Для мяне цяпер карціна ясная, Павел Міхайлавіч. Трэба ўмацоўваць падрамнік, рысоры, пераканструяваць радыятар.

Сухадольскі. Усё?

Русаковіч. Гэта ў першую чаргу.

Сухадольскі. Фантазёр вы, Андрэй Данілавіч. Такія рэчы вам толькі ў цішы начной і маглі прыйсці ў галаву.

Русаковіч. Чаму — фантазёр? Я прапаную зусім рэальныя рэчы.

Сухадольскі. Таму фантазёр, што вы кіруецеся толькі адным сваім жаданнем.

Русаковіч. А вы хіба не лічыце, што гэтыя палепшанні трэба зрабіць?

Сухадольскі. Пажадана... Але не абавязкова... І нерэальна ў нашых умовах. Вы цікавіліся, пры якіх умовах адбываюцца паломкі?

Русаковіч. Так. Я вяду перапіску з вадзіцелямі. Умовы цяжкія, што і казаць. Замест пяці тон грузяць па шэсць і па сем,— гледзячы, які грунт. І такі груз экскаватар апускае ў кузаў зразу, у адзін прыём.

Сухадольскі. І яшчэ скардзяцца на паломку рысор і падрамніка.

Русаковіч. А з радыятарам яшчэ цікавей атрымалася.

Сухадольскі. Чуў. Соль раз’ядае.

Русаковіч. Аказваецца, на некаторых участках вада салёная.

Сухадольскі. І яны яе ў радыятар заліваюць.

Русаковіч. А што ж ім рабіць, калі другой няма?

Сухадольскі. Яшчэ б яны дагадаліся серную кіслату заліваць.

Русаковіч. Соль асядае ў загібах, таму і раз’ядае.

Сухадольскі. І што ж вы супраць гэтага можаце зрабіць?

Русаковіч. Ужо зрабілі. (Падае чарцёж.) Надалі загібам больш тупы вугал.

Сухадольскі (разглядае чарцёж). І гэта памагае?

Русаковіч. Соль больш не асядае. Праверана на стэндзе.

Сухадольскі (любуецца). Добра прыдумана, нічога не скажаш. (Адкладвае чарцёж убок.) І ўсё ж мяне не пераканалі.

Русаковіч. Мяне гэта здзіўляе.

Сухадольскі. Справа ў тым, што гэта ўсЁне дэфекты канструкцыі, а вынікі варварскай эксплуатацыі. Ёсць інструкцыя. Там не сказана, што на машыну можна валіць па сем тон і заліваць у радыятар салёную ваду. Машына разлічана на пяць тон. Канструкцыя зацверджана міністэрствам, і мы не абавязаны што-небудзь мяняць.

Русаковіч. Фармальна вы маеце рацыю.

Сухадольскі. І фармальна і па сутнасці. Умацоўваць часці — значыць, расходаваць лішні метал. А хто нам гэта дазволіць, калі мы павінны сэканоміць дзвесце кілаграмаў на кожнай машыне?

Русаковіч. Я прапаную канструкцыю падрамніка, якая не патрабуе лішняга металу.

Падае чарцёж.

Сухадольскі (разглядае чарцёж). Гэта ўсё вельмі пахвальна, але нашто гэта нам патрэбна? Тым больш, што з рысорай жа вы такой камбінацыі не зробіце?

Русаковіч. На жаль, не. Там прыйдзецца павялічваць таўшчыню ліста.

Сухадольскі. Вось і эканомце метал пасля гэтага. Апрача таго, прыйдзецца рабіць новыя штампы, нанава распрацоўваць тэхналогію. Усё гэта павялічыць сабекошт і прывядзе да зрыву плана. Вы, праўда, ад гэтага выйгралі б, але толькі вы адзін.

Русаковіч. Ці не занадта змрочную карціну вы намалявалі?

Сухадольскі. Я стаю на грэшнай зямлі, а не лунаю ў надхмар’і.

Русаковіч. Усе гэтыя цяжкасці можна было б перамагчы, калі б па-сапраўднаму захацець і добра арганізаваць справу.

Сухадольскі. Можа б, вы і лепш арганізавалі. У мяне не выходзіць.

Русаковіч. Я думаў, што вы больш прыхільна паставіцеся да маіх прапаноў. Крыўдна проста.

Сухадольскі. Я вас разумею. Машына, напэўна, будзе прадстаўлена на прэмію, і добра было б, каб яна паказала сябе як найлепш. Але я нічога зрабіць не магу.

Русаковіч. Праўдзівей, не хочаце.

Сухадольскі. Дарэмна вы так думаеце.

Русаковіч. Мне здаецца, вы нават рады будзеце, калі машына будзе скампраметавана.

Сухадольскі. Як вы смееце так гаварыць! Вы ж самі дзякавалі за дапамогу. Я ж, можна сказаць, за вушы вас выцягнуў.

Русаковіч. А цяпер спужаліся, ці не зашмат выцягнулі.

Сухадольскі. Чаго мне пужацца? Каб вы не засланілі мяне? Не такая вы яшчэ фігура, каб мяне засланіць.

Русаковіч. Затое вы... якраз такая фігура, каб засланіць шлях да добрай справы.

Сухадольскі. Я прашу вас трымацца ў рамках дзелавой размовы.

Русаковіч. Душаць мяне вашы рамкі. Ламаць іх трэба. I я знайду людзей, якія мяне падтрымаюць.

Ідзе да дзвярэй.

Сухадольскі (услед яму). А я вам заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. (Стукнуўшы дзвярыма, Русаковіч выходзіць.) Бач ты яго! Хлапчук!

Расхваляваны ходзіць па пакоі.

Целеш (уваходзіць). Ну і шуганулі вы яго! Выскачыў як апараны. Чуць мяне з ног не збіў.

Сухадольскі. Эгаіст, сукін сын.

Целеш. Шкурнік. Прэмію яму давай, а завод — чорт яго бяры.

Сухадольскі. Відаць, да Страміліна пабег.

Целеш. Калі людзі даведаюцца, што ён хоча план сарваць, што праз яго яны самі прэміі не атрымаюць, дык тут ніякі Страмілін не паможа... Кішэнь — гэта месца кволае, закрані толькі.

Сухадольскі. Людзі нічога не ведаюць.

Целеш. Уведаюць. Увесці ў вушы якому-небудзь Курыльчыку, дык ён такі гармідар падніме...

Сухадольскі. Без схваткі тут не абыдзецца.

Целеш. Ну што ж, паваюем. Войска ў нас знойдзецца. (Паўза. Кожны ў думках падлічвае свае рэзервы.) Разявіў рот на прэмію... Чакай, галубок!.. Тут ёсць людзі больш дастойныя, ды яшчэ без прэміі ходзяць.

 

Заслона

 

Акт трэці

 

Карціна шостая

Кабінет дырэктара завода Шугаева.

Шугаеў (выходзіць з-за стала і ідзе насустрач Шылаву, які ўвайшоў у кабінет). Добрага здароўя, сусед! Даўненька я цябе не бачыў.

Шылаў. А мы, як у той загадцы: цераз дарогу жывём, адзін аднаго не бачым.

Шугаеў. Але ведаем адзін пра аднаго.

Шылаў (насцярожана). Ведаем, кажаш?

Шугаеў. Усё ведаем. І колькі ты трактараў выпусціў і колькі качак забіў у нядзелю.

Шылаў. Добра ў цябе разведка працуе.

Шугаеў. Трэба ж мне ведаць, чым дыша праціўнік.

Шылаў. Значыць, я табе праціўнік? Добра ж, улічым.

Шугаеў. Я цвёрда вырашыў пабіць цябе сёлета.

Шылаў. Ёсць у цябе на гэта шансы?

Шугаеў. Бясспрэчна. Ужо я на паўгалавы ўперадзе за цябе.

Шылаў. Цяпер я ведаю, чаму ты заказ мой марынуеш.

Шугаеў. Калі ж было? У мяне ў самога з ліццём яшчэ затрымка.

Шылаў. У самога — гэта мяне не датычыцца. Дома ўпраўляйся як хочаш, а мне давай што належыць, іначай я з табой кааперавацца не буду.

Шугаеў. Сур’ёзны таварыш! Чакай, зараз даведаюся. (Націскае кнопку селектара.) Ліцейны!

Голас. Ліцейны слухае.

Шугаеў. Як там заказ трактарнага?

Голас. Яшчэ не пачыналі.

Шугаеў. Пытаюцца ўжо.

Голас. Пачакаюць. У саміх яшчэ няўпраўка.

Шугаеў (падморгвае Шылаву). Яны пагражаюць, што не будуць кааперавацца з намі.

Голас. Пашліце іх к чорту, Барыс Пятровіч. Самі яны не лепшыя.

Шылаў. Но, но! Цішэй там!

Шугаеў. Пазнаеш голас?

Голас. Прабачце, таварыш Шылаў. Незнарок вырвалася.

Шылаў. Калі заказ будзе?

Голас. Праз тыдзень.

Шугаеў. Шылаў кажа, што ты знарок ножку яму падстаўляеш.

Голас. Што ж мы — шкоднікі якія?

Шугаеў. Дык вось і давай. (Да Шылава.) Колькі табе на першы час?

Шылаў. Дай хаця восемдзесят пакуль што.

Шугаеў. Восемдзесят заўтра можаш даць?

Голас. Паслязаўтра.

Шылаў. Толькі з раніцы, а то ты мне канвеер спыніш.

Шугаеў. Паслязаўтра к дванаццаці гадзінам. І ні на хвіліну не пазней. (Выключае селектар.) Не бойся, не падвяду. Мне нявыгадна табе козыр у рукі даваць.

Шылаў. Вось наладжу сваё ліццё, тады пазмагаемся.

Шугаеў. Ты наладзіш, і я што-небудзь наладжу.

Шылаў. На лёгкую перамогу не спадзявайся. Паўгалавы ці паўхваста цяпер яшчэ справы не вырашае. Паглядзім у канцы года.

Шугаеў. Ды ўжо абганю, раз надумаў... Калі не перашкодзяць.

Шылаў. А хто табе збіраецца перашкодзіць?

Шугаеў. Не хто чужы, свае работнічкі. Падсоўваюць тут адну справу.

Шылаў. Ну, з сваімі ты зможаш управіцца... сам гаспадар. Бывай здароў.

Шугаеў. Усяго добрага. Як Галіна Карпаўна маецца?

Шылаў. А ты прыйдзі даведайся. Друг называецца — паўгода носа не паказвае.

Шугаеў. Загляну як-небудзь. Прывітанне перадай.

Шылаў. Дзякую. Наконт заказу не падвядзі. (Выходзіць.)

Шугаеў. Ёсць там яшчэ хто-небудзь?

Сакратарка. Ёсць. Двое.

Шугаеў. Па якой справе?

Сакратарка. Па асабістай.

Шугаеў. Для гэтага ёсць пэўны дзень. У пятніцу, у шэсць гадзін.

Сакратарка. Просяцца, кажуць — тэрміновая справа.

Шугаеў (глядзіць на гадзіннік). Няхай заходзяць.

Сакратарка выходзіць. Уваходзяць па-святочнаму апраненыя Валодзя і Надзя.

Шугаеў (у прытворным жаху). Ой, мамачкі мае! (Зняможаны апускаецца ў крэсла. Валодзя і Надзя спыніліся збянтэжаныя.) Жаніцца?

Валодзя. Так, Барыс Пятровіч... Мы б хацелі...

Шугаеў. Ведаю я, чаго б вы хацелі... А мне што рабіць?

Валодзя. Можа б, знайшоўся пакойчык?

Шугаеў (з дакорам ківае галавой). Эх, каваль, каваль! Як табе не сорам ставіць мяне ў такое бязвыхаднае становішча! А яшчэ стаханавец, свядомы чалавек!

Валодзя. Вы так мяне дакараеце, што хоць і не жаніся.

Шугаеў. Харошыя мае, а ці не маглі б вы крышку пацярпець?

Валодзя. Колькі гэта крышку?

Шугаеў. Вось скончым стокватэрны дом на Савецкай ды ў заводскім пасёлку шэсць дамоў будуюцца. Годзік, паўтара — не больш.

Надзя. Вось дык крышку!

Шугаеў. Што, не згодна?

Надзя. Так і састарэешся, пакуль той дом.

Шугаеў. Чакай... чакай... Ды гэта ж Надзя! (Да Валодзі.) Ты гэта ведаеш?

Валодзя. Я-то гэта ведаю, Барыс Пятровіч.

Шугаеў. Нічога ты не ведаеш. Ёсць выхад. Разумееш? Ідзі да яе пакуль што. У галоўнага інжынера кватэра вялікая, пажывеш годзік.

Надзя. А я ўжо не ў галоўнага інжынера, Барыс }Пятровіч.

Шугаеў. А ў каго ж ты?

Надзя. У вас.

Валодзя. Яна ўжо чатыры месяцы на заводзе працуе.

Шугаеў. Гм... І тут не пашанцавала. Як з планам?

Надзя. Перавыконваю...

Шугаеў. Засецкая?

Надзя. Так.

Шугаеў. У цэху нармалей?

Надзя. Так.

Шугаеў. Чуў, ёсць такая... (Падумаўшы.) Ніяк ад вас не выкруцішся. (У тэлефонную трубку.) Галахвостаў? Вось мне цябе і трэба. Патрэбна, разумееш, кватэра... Ды не палохайся, адзін пакой... Не пакой нават, а пакойчык... Маладажоны, разумееш, народ непераборлівы... Пацерпяць? Ты сам угавары іх на гэта. Стаханаўцы абое, разумееш?.. Не, ты ўжо, будзь ласкаў, зрабі... Скамбінуй як-небудзь... Страмілін таксама прасіў за іх... Я табе загадваю... Падасі заяву?.. Што ж, мы цябе з работы знімем, а яны нежанатымі застануцца?.. Так не выйдзе. Ты спачатку пакой знойдзеш, а потым мы цябе з работы знімем. Вось так. (Кладзе трубку.)

Надзя. Шчырае вам дзякуй, Барыс Пятровіч.

Шугаеў. Уселіцеся, тады падзякуеце. У загсе былі ўжо?

Валодзя. Не, мы раней да вас. Хацелі б, каб з загса ды адразу ў сваю хату.

Шугаеў. Жаданне законнае, ды не ведаю, як там Галахвостаў. (Да Страміліна, які ўваходзіць.) Прывітанне, Антон Ільіч! Я ўжо да цябе збіраўся, ды вось тут у маладых людзей тэрміновая справа.

Страмілін (да Валодзі). Ну што? Усё ў парадку?

Валодзя. Не зусім яшчэ.

Шугаеў. Напусціў ты іх на мяне.

Страмілін. А ты дапамажы, яны гэта заслужылі.

Шугаеў. І што гэта за пошасць такая! Усе жэняцца. Дай кватэры, дык заўтра ж палавіна завода ажэніцца.

Страмілін. А другая замуж пойдзе. (Да Валодзі і Надзі.) Ну, жадаю вам жыць у згодзе і любві ды збудаваць моцную савецкую сям’ю. (Паціскае ім рукі.)

Надзя. Дзякую, Антон Ільіч.

Страмілін. А пакой Барыс Пятровіч як-небудзь выкраіць.

Шугаеў. З мілым, кажуць, і ў шалашы рай, але я ўсё-такі пастараюся.

Валодзя. Дзякуем, Барыс Пятровіч. Бывайце здаровы!

Шугаеў. Жывіце багата! (Страміліну.) Сядай, Антон Ільіч. Ты мне хацеў нешта сказаць?

Страмілін. Як там нашы інжынеры? Не памірыў ты іх?

Шугаеў. Не, разумееш. Заеліся так, што куды там.

Страмілін. А ты як думаеш, каго з іх трэба падтрымаць?

Шугаеў. Вось хацеў з табой параіцца. Цяжкасць заключаецца ў тым, што абодва маюць рацыю.

Страмілін. А прапановы процілеглыя.

Шугаеў. Так, прапановы процілеглыя. Я разумею Русаковіча: ён хоча, каб машына была без сучка, без задзірынкі.

Страмілін. А ты гэтага не хочаш?

Шугаеў. Але калі Сухадольскі прыходзіць да мяне з фактамі ў руках...

Страмілін. Сухадольскі гэта адно, а ты паслухай, што рабочыя гавораць.

Шугаеў. Што б ні гаварылі, нам з горкі ўсё-такі відней. Паставілі мы сабе мэту, і трэба ісці да яе, не адхіляючыся ўбок.

Страмілін. У чым жа ты бачыш мэту?

Шугаеў. Я думаю, у тым, у чым і ты: выканаць план па ўсіх паказчыках і заняць пачэснае месца ў спаборніцтве. Кожнага, хто дапамагае ў гэтым, я гатоў расцалаваць, а хто перашкаджае... ты сам разумееш.

Страмілін. Русаковіч, па-твойму, перашкаджае?

Шугаеў. Калі мы прымем яго прапанову, усе нашы разлікі паляцяць к чорту.

Страмілін. Баязлівы ты, аднак, Барыс Пятровіч.

Шугаеў. Крыўдна, што ты не разумееш мяне, Антон Ільіч! Не разумееш, чаго я хачу, чаго прападаю на заводзе дзень і ноч. Ты тут навічок, а я ўжо тры гады паруся ва ўсякіх непаладках пускавога перыяду. Хочацца хутчэй выцягнуць завод з гэтай паласы, зажыць сапраўдным вытворчым жыццём. Хочацца даць людзям выпрастаць спіну, уздыхнуць на поўныя грудзі і сказаць: «Вось зрабілі! І мы не горшыя за людзей!»

Страмілін. Мне здаецца, што ты крыху аднабока разумееш інтарэсы завода.

Шугаеў. А ты, Антон Ільіч, прабач за шчырасць, і зусім не хочаш іх зразумець.

Страмілін. Вось як!

Шугаеў. Ну, сапраўды... Хто ад нас патрабуе гэтых палепшанняў? Ніхто. Дык нашто ж нам шукаць сабе пятлі на шыю? Нам жа з табой не паздаровіцца, калі план не будзе выкананы. Можа, цябе гэта і не турбуе, а для мяне — гэта справа мае рэпутацыі!

Страмілін. Дык ты думаеш падняць сваю рэпутацыю, выпускаючы непаўнацэнную прадукцыю?

Шугаеў. Мы даём прадукцыю такой якасці, якая ўстаноўлена дзяржаўнай камісіяй.

Страмілін. І такой не даём. Машыны сыходзяць з канвеера з недаробкамі.

Шугаеў. Завод толькі яшчэ ўступіў у строй, дзе ж тут даб’ешся, каб усё было на выдатна.

Страмілін. Дык ты прапануеш халтурыць? Арыгінальны спосаб падтрымання рэпутацыі.

Шугаеў. Завастраеш, Антон Ільіч.

Страмілін. Так, завастраю. І палепшанне і план — вось як я стаўлю пытанне.

Шугаеў. Ставіць-то ты майстар, а вырашаць хто будзе?

Страмілін. Людзі, шматтысячны калектыў.

Шугаеў. Гэта толькі словы. Ты ж не вывучаў гэтага пытання, а я вывучаў.

Страмілін. Наўрад ці ты сам. Сухадольскі табе вывучаў.

Шугаеў. А што, Сухадольскі вопытны інжынер.

Страмілін. Гэта падазрона, што ён так заўзята змагаецца супраць палепшання канструкцыі.

Шугаеў. У чым жа ты яго падазраеш?

Страмілін. Мне здаецца, што ён не зацікаўлены, каб машына была ў лепшым выглядзе. Хутчэй наадварот.

Шугаеў. Нават так?

Страмілін. Іменна так.

Шугаеў. Табе гэта сапраўды здаецца. Я яго ведаю як сумленнага чалавека.

Страмілін. Я думаю паставіць даклад галоўнага інжынера на парткоме.

Шугаеў. Што ж, стаў... Толькі калі мы паміж сабой не маглі дагаварыцца, дык наўрад ці партком тут паможа. А шкада.

Страмілін. Так, вельмі шкада. (Выходзіць.)

Шугаеў (набірае нумар тэлефона. У трубку). Угараў? Ты там што брак прапускаеш? Страмілін мне толькі што гаварыў... Праз гэтыя дробныя недахопы могуць быць буйныя непрыемнасці... Няма чаго хавацца за галоўнага інжынера... За гэта ты адказваеш... Так што глядзі, не вельмі размахвайся. (Да Сухадольскага, які ўвайшоў.) Ну, трымайся, Павел Міхайлавіч!

Сухадольскі. Што такое?

Шугаеў. Твой даклад на парткоме.

Сухадольскі. Мне Страмілін нічога не казаў.

Шугаеў. Скажа яшчэ. Толькі што быў у мяне.

Сухадольскі. Гэта ўжо Русаковіч настроіў яго.

Шугаеў. Відаць.

Сухадольскі. Сарве ён нам план.

Шугаеў. Прывядзі такія аргументы, каб не сарваў.

Сухадольскі. Аргументы ёсць. Ты іх ведаеш.

Шугаеў. Не пашанцавала нам з парторгам.

Сухадольскі. Прывык мітынгаваць, дык думае і тут таксама: паагітаваў — яно ўсё само і зробіцца.

Шугаеў. Няма ў яго сапраўднай любві да свайго завода — вось што дрэнна.

Сухадольскі. А што яму завод? Гэта для нас завод — дом родны, а ён — сёння на заводзе, заўтра ў райкоме, паслязаўтра яшчэ дзе-небудзь.

Шугаеў. Значыць — бой?

Сухадольскі. Так. І кровапралітны.

Шугаеў. Ну глядзі ж, ты на пярэдняй лініі.

Сухадольскі. Нічога, у мяне надзейны рэзерв. (Ляпае Шугаева па плячы.) У асобе самога дырэктара.

 

Карціна сёмая

Кабінет сакратара парткома на заводзе. Прысутнічаюць: Страмілін, Русаковіч, Шугаеў, Сухадольскі, Патапаў, Курыльчык, Падабед, Валодзя, Валя, Паўтарак і іншыя.

Сухадольскі (канчае даклад). Такім чынам, я лічу, што прапанову таварыша Русаковіча мы не можам прыняць.

Па-першае, паломкі здараюцца не па нашай віне.

Па-другое, канструкцыя зацверджана міністэрствам, і мы не маем права самавольна яе мяняць.

Па-трэцяе, змена канструкцыі на хаду, калі машына знаходзіцца ў масавай вытворчасці, справа вельмі складаная. Яна патрабуе дадатковага часу, дадатковых сродкаў, дадатковага металу, дадатковай рабочай сілы. Нічога гэтага ў нас няма. Узяўшыся за палепшанне канструкцыі, мы не выканаем плана.

Па-чацвёртае, не выканаўшы плана, нашы людзі не атрымаюць прэміі, якую заслужылі сваёй сумленнай працай.

І, нарэшце, пятае, усё гэта калектыў павінен прынесці ў ахвяру адной асобе — таварышу Русаковічу, які дзеля сваіх асабістых інтарэсаў хоча падвесці пад удар увесь завод.

Падабед. Дык вы лічыце, што мы выпускаем добрыя машыны? Ніякіх палепшанняў не трэба?

Сухадольскі. Я лічу, што мы выпускаем зусім добрыя машыны. Якраз такія, якія нам зацвердзіла дзяржаўная камісія.

Страмілін. Па-вашаму, Павел Міхайлавіч, Русаковіч праследуе тут свае шкурныя інтарэсы?

Сухадольскі. Я не казаў — шкурныя, я кажу — асабістыя.

Страмілін. Якія, напрыклад?

Сухадольскі. Ён баіцца, што праз гэтыя паломкі машына будзе скампраметавана і яе не прадставяць на прэмію.

Страмілін. Слова мае таварыш Паўтарак.

Паўтарак. Таварышы аўтазаводцы! Шафёры нашай аўтабазы шлюць вам нізкі паклон і вялікае дзякуй за выдатную машыну. Палюбілі мы ваш самазвал. Але, таварышы... З тэхнікі мы павінны выціснуць усё. На вашу машыну можна грузіць не пяць, а сем тон. Падумайце толькі — лішнія дзве тоны! Гэта за адзін рэйс. А колькі рэйсаў зробіць машына за год? А колькі вашых машын працуе на вялікіх будоўлях? Памножце адно на другое. Гэта ж горы зямлі! Гэтыя горы вы можаце зрушыць, калі трошкі пашавеліцеся. А пашавяліцца ёсць дзеля чаго. Камунізм жа будуем, таварышы! Вы, Андрэй Данілавіч, абяцалі падрамнік патаўсціць на два міліметры. Прайшло ўжо некалькі месяцаў, а справа на гэтыя два міліметры не пасунулася. Я сам наварваю сталёвыя палосы на падрамнік, сам стаўлю таўсцейшыя лісты ў рысорах. І еду, і план перавыконваю і зарабляю па чатыры тысячы ў месяц. А вы ж можаце гэта лепш зрабіць. Быў і ў нас такі работнік... галоўны інжынер аўтабазы, які... адным словам, стаяў напоперак стаханаўскаму руху. Ну, яго ўжо ў нас няма... Бо вы самі разумееце... Нельга нам без стаханаўскага руху... Дык вось я і прашу... (Садзіцца.)

Русаковіч. Вось ён — свежы волжскі вецер! Можа, ён праветрыць мазгі тым, у каго яны заброснелі. Прызнаю, і я вінават перад валгадонцамі. Вінават у тым, што не быў досыць напорыстым. Трэба зрушыць гэту сцяну коснасці і руціны. Трэба даць прастор творчай ініцыятыве. Трэба, нарэшце, палажыць канец халтуры.

Сухадольскі. А хто ж за халтуру?

Русаковіч. Вы.

Сухадольскі. Мы гэту халтуру выпускаем па вашых чарцяжах.

Русаковіч. Чарцяжоў вы не прытрымліваецеся. Апрача таго, я вам прадставіў новыя чарцяжы. Вы іх не прынялі. Яшчэ шкурнікам выстаўляеце мяне перад людзьмі. Праз сваіх падхалімаў распускаеце чуткі сярод рабочых, што я хачу ўвесь завод пад удар падставіць. Сорамна вам, старому чалавеку, займацца такімі справамі. Калі не шануеце сябе, дык пашанавалі б хоць пасаду, якую вы займаеце.

Сухадольскі. Што вы мне мараль чытаеце? Хлапчук!

Русаковіч. Гэта вельмі сумна, што хлапчук вымушан чытаць мараль сіваму чалавеку, але не я ў гэтым вінават. Сёння мы гаворым аб важнай справе, аб гонары нашым. І не да твару вам прыкрываць сівізной свае недастойныя паводзіны. Вы тут налічылі кучу ўсякіх цяжкасцей і перашкод, але і пальцам не кранулі, каб пераадолець хоць адну з іх. Вашу заскарузлую душу не кратаюць ніякія довады.

Валя. Таварышы, што ж мы сабе думаем! Пакуль мы тут гаворым, там, можа, дзесяткі нашых машын стаяць з паломкамі.

Целеш. Мы не вінаваты, няхай не ломяць.

Валя. Чакайце, таварыш Целеш, не забівайце мне дух. Вось я даведалася, што дэталь, якую я апрацоўваю, не вытрымлівае. Не мая гэта віна. Але дэталь гэта ў мяне вось тут сядзіць. (Стукае ў грудзі.) Я прашу вас, таварышы інжынеры, зрабіце так, каб будаўнікі Волга-Дона не паміналі нас нядобрым словам...

Валодзя. Праца ў нашай краіне стала справай гонару. Але ёсць людзі, якім напляваць на наш рабочы гонар. Яны думаюць толькі аб сваёй выгадзе: дабіваюцца прэміі, якой не заслужылі. А я не хачу прэміі за дрэнную прадукцыю. Я хачу, каб яна была паўнацэннай, тады і мой стаханаўскі гонар будзе паўнацэнным. Я за тое, каб прыняць прапанову галоўнага канструктара.

Курыльчык. Ты не хочаш прэміі, то і не бяры. Ты яшчэ чалавек малады, несямейны, можаш і без прэміі пражыць. А мне прэмія вельмі патрэбна, і я ад яе не адмоўлюся.

Падабед. Любіш прэмію, Дзям’ян Трафімавіч?

Курыльчык. А чаму ж не? Раз я выканаў план, дык давай мне тое, што належыць.

Падабед. А работы шмат не любіш?

Курыльчык. Хто яе любіць — лішнюю? Цераз сілу і конь не цягне. Выдумаў нехта гэта палепшанне, каб яму дабра не было. Хіба тут выцягнеш на прэмію? (Да Паўтарака.) Ездзіў ты з латаным падрамнікам дагэтуль, то паездзіш і яшчэ крыху. З кім гэта мы будзем гэтыя палепшанні рабіць? З дзецьмі? З невукамі?

Патапаў. Старая песня, Дзям’ян Трафімавіч, ды яшчэ і фальшывая. Кадры маладыя — гэта праўда. Дык хіба ж гэта загана? Маладыя, значыць, ёсць куды расці. А народ харошы, сумленны. Семнаццацігадовая дзяўчына — яна ўжо клапоціцца аб інтарэсах дзяржавы. Чуў вось — Валянціна выступала. Там недзе на Волга-Доне самазвал стаў, а ёй тут сэрца баліць. За справу хварэе... Так што на нашы кадры няма чаго кляпаць. Скажы, што рабіць, пакажы як, а дзеля чаго — гэта яны самі ведаюць. І зробяць. І якасць дадуць. І няма чаго баяцца гэтых палепшанняў. І палепшанні зробім, і план выканаем.

Целеш. Я, таварыш, не лірык.

Страмілін. Мы вас у гэтым не абвінавачваем.

Целеш. І, прызнаюся, не люблю лірыкі, бо гэта ўся лірыка кладзецца на мой горб. (Ляпае рукой сабе па карку.) Я ў першую чаргу адказваю за вытворчасць. Тут прыходзіцца справу мець з тэхнікай, а яе ты лірыкай не возьмеш. Калі штамп прыстасаваны для аднае дэталі, дык ты хоць тры дні яму прамовы гавары, ён табе другой не адцісне... Яго трэба мяняць, рабіць новы. А для гэтага патрэбны сродкі, людзі, час. Так што гэта лірыка не выклікае ў мяне ніякага энтузіязму.

Русаковіч. З энтузіязмам у вас сапраўды дрэнна.

Целеш. Калі мы прымем гэту авантурную прапанову, то я ручаюся, што правалімся з трэскам.

Русаковіч. Пры вашай актыўнай дапамозе.

Целеш. Загадзя заяўляю, што я казлом адпушчэння быць не хачу і знімаю з сябе ўсякую адказнасць.

Шугаеў. Добра мы паспрачаліся сёння, таварышы. І памарылі, і аб справе пагаварылі. Давайце ж мы спалучым добрыя мары з добрымі справамі. Тое, што можна сёння выканаць, выканаем сёння. Чаго нельга, паставім у парадак дня, каб выканаць заўтра. А аб чым жа марыць дырэктар? — можаце вы запытацца. Перш за ўсё я мару аб тым, каб вывесці завод на пачэснае месца. Выканаць і перавыканаць план па ўсіх паказчыках, знізіць сабекошт, сэканоміць дзяржаве мільёнаў дзесяць сродкаў. Каб я, як дырэктар, меў свой дырэктарскі фонд. Каб мог і на курорт паслаць рабочага за выдатную працу, і дапамогу аказаць у патрэбны момант. Вось, напрыклад, жэніцца таварыш Стальмашонак. Абое стаханаўцы. Чаму б не даць ім на абзавядзенне якую-небудзь тысячу рублёў? А вось не магу. Няма ў мяне такой магчымасці.

Страмілін. Спрытна падладжваешся, Барыс Пятровіч.

Шугаеў. І я вам шчыра скажу, таварышы, калі мы возьмемся за палепшанне канструкцыі, гэтага ў нас і ў наступным годзе не будзе. Таму давайце нашы добрыя і законныя пажаданні аб палепшанні канструкцыі адложым да наступнага года, а цяпер дружна возьмемся за выкананне плана па ўсіх паказчыках.

Страмілін. Больш ніхто не хоча выказацца? Тады дазвольце мне некалькі слоў... Вось тут казалі, што Русаковіч праследуе асабістыя мэты: хоча ўдасканаліць машыну, каб прэмію атрымаць. Але ж дзяржава таксама зацікаўлена, каб машына была лепшая. А калі так, дык мы павінны падтрымаць Русаковіча, а не называць яго шкурнікам. А вось галоўны інжынер, начальнік вытворчасці ды і дырэктар таксама — не шкурнікі. Яны думаюць толькі аб інтарэсах завода: аб тым, каб план перавыканаць, дабрабыт рабочых палепшыць. Мэта высакародная, але якім спосабам вы хочаце яе дасягнуць? Любым. Дзеля гэтага можна заплюшчыць вочы на тое, якія машыны сыходзяць з канвеера, можна не палічыцца з просьбай будаўнікоў Волга-Дона. Ну і дапусцім, што мы такім чынам перавыканалі план. А што ад гэтага атрымала дзяржава? Мы ёй прычынілі страту: тым, што не палепшылі канструкцыі, хоць маглі гэта зрабіць; тым, што падсунулі непаўнацэнную прадукцыю; ды яшчэ і тым, што патрацілі сродкі на прэмію, якой не заслужылі. Нам прэміі, нам гонар, а дзяржава ад гэтага траціць. Хіба гэта гонар? Не, гэта не той гонар, які нам патрэбен.

Я прапаную падтрымаць таварыша Русаковіча і ўзяцца за палепшанне канструкцыі.

Сухадольскі. А з планам як жа быць?

Страмілін. Выканаць.

Сухадольскі. Я ўжо сказаў, што гэта немагчыма.

Страмілін. А вось таварыш Патапаў кажа, што магчыма.

Сухадольскі. Дык няхай Патапаў і выконвае.

Страмілін. Я прапаную абавязаць галоўнага інжынера прыняць усе захады, каб канструкцыя была палепшана як мага хутчэй.

Сухадольскі. Прашу вызваліць мяне ад абавязкаў галоўнага інжынера.

Страмілін. Ультыматум?

Сухадольскі. Лічыце, як хочаце.

Страмілін. А можа, вы яшчэ падумаеце, Павел Міхайлавіч? Справа сур’ёзная.

Сухадольскі. Я не падумаўшы нічога не раблю.

Страмілін. Што ж будзем рабіць, таварышы члены парткома? Можа, адмовімся ад свае пастановы? Ці станем на калені ды будзем умаляць таварыша Сухадольскага?

Напружаная паўза.

Падабед. Я думаю, не будзем станавіцца на калені.

Страмілін. Значыць, падтрымаем просьбу таварыша Сухадольскага? Хто за гэта, прашу галасаваць. Большасць.

Шугаеў. Вялікімі кускамі кідаешся, Антон Ільіч. Я хачу табе напомніць, што галоўнага інжынера назначае і знімае міністр.

Страмілін. Я гэта ведаю, але партком таксама можа сваю думку выказаць. Можа, з ім і міністр палічыцца. Я прапаную персанальную адказнасць за палепшанне канструкцыі ўскласці на таварыша Шугаева.

Шугаеў. Вось гэта дарэмна.

Страмілін. Што — дарэмна?

Шугаеў. Дарэмна партком ставіць мяне ў такое становішча. Ты ж сам ведаеш, што гэтай пастановы я выканаць не магу.

Страмілін. Чаму?

Шугаеў. Справа, па сутнасці, ідзе аб стварэнні новай машыны — сямітоннай.

Страмілін. Якой сямітоннай? Што вы прычапіліся да слова? Справа ідзе аб палепшанні пяцітоннай машыны, каб яна з поспехам магла працаваць у новых умовах эксплуатацыі.

Шугаеў. І на тое, і на другое патрэбен дазвол вышэйшых інстанцый.

Страмілін. А я што ж — прапаную самавольнічаць? Паставім пытанне перад вышэйшымі інстанцыямі. На тое мы і кіраўнікі, каб падхопліваць ініцыятыву мас.

Шугаеў. Паставім, толькі не ў тваім асвятленні.

Страмілін. Там будзе відаць, чыё асвятленне акажацца больш правільным. Пасяджэнне парткома аб’яўляю закрытым.

Народ разыходзіцца. Шугаеў, Сухадольскі і Целеш застаюцца ў пакоі.

Сухадольскі. Разумнікі знайшліся! Хочуць на чужым карку ў рай уехаць. Яму што! Закаціў прамову — вось ён і ўнёс уклад у вялікія будоўлі. А ты выкручвайся, як хочаш.

Целеш. Тут і так вочы на лоб лезуць.

Сухадольскі. А шкада, маглі б добра год закончыць.

Шугаеў. І трэба закончыць.

Сухадольскі. Цяпер ужо цяжка... калі дырэкцыя сабе, партком сабе.

Шугаеў. Ты таксама нечага варт. У бутэльку палез. Пойдзеш у адстаўку, а я з кім буду?

Сухадольскі. Няхай адчуюць, што я жартаваць не збіраюся.

Шугаеў. А яны не вельмі і спужаліся.

Сухадольскі. Ну і я іх таксама.

Шугаеў. А прапанову нам усё-такі прыйдзецца ўносіць.

Сухадольскі. І што — прасіць, каб дазволілі палепшыць канструкцыю?

Шугаеў. Так. Рыхтуй матэрыял.

Сухадольскі. А раптам дазволяць?

Целеш. Дык трэба ж умець прасіць.

Шугаеў. Пастанову партыйнай арганізацыі мы павінны выканаць, а там няхай міністэрства глядзіць. (Выходзіць.)

Сухадольскі. Ды я ўжо абгрунтую.

Целеш. Што гэта ён? Спужаўся?

Сухадольскі. Дыпламат. Не хоча ў адкрытую з Страміліным сварыцца. А нас ён падтрымае.

Целеш. А я ўжо думаў, што поле бою за праціўнікам застаецца.

Сухадольскі. Няхай яны яшчэ не радуюцца. Мне толькі ў міністэрства з'ездзіць, з Фёдарам Мікалаевічам пагаварыць.

Уваходзяць Страмілін і Русаковіч.

Страмілін. Што, Барыс Пятровіч пайшоў?

Целеш. Пайшоў.

Русаковіч. Зусім?

Целеш. Зусім.

Сухадольскі і Целеш выходзяць.

Русаковіч (ківае ў бок дзвярэй). Будуць валаводзіць.

Страмілін. Відаць, што так.

Русаковіч. Яны ўжо дадуць асвятленне... Такое, што маім прапановам не паздаровіцца.

Страмілін. А ты дабівайся свайго. Падтрымку парткома маеш і дзейнічай.

Русаковіч. У Маскву ехаць?

Страмілін. А чаму б і не?

Русаковіч. Кажуць, у яго там прыяцелі... ледзь не сам міністр.

Страмілін. Што ж прыяцелі... Праўда на нашым баку. Бяры факты ў рукі і едзь.

Русаковіч (рашуча). Паеду!

 

Заслона

 

Акт чацвёрты

 

Карціна восьмая

Кабінет міністра аўтамабільнай і трактарнай прамысловасці.

Рэферэнт (уваходзіць). Фёдар Мікалаевіч! Па вашаму вызаву прыехаў Сухадольскі.

Фёдар Мікалаевіч. Няхай заходзіць.

Рэферэнт. Зараз?

Фёдар Мікалаевіч. Так, зараз. Учора яшчэ прасіўся на прыём іх галоўны канструктар Русаковіч. Як прыйдзе, даложыце.

Рэферэнт. Добра. (Выходзіць.)

Сухадольскі (уваходзіць). Добрага здароўя, Фёдар Мікалаевіч!

Фёдар Мікалаевіч (устае насустрач Сухадольскаму). Добры дзень, Павел Міхайлавіч! Сядай.

Сухадольскі (садзіцца ў крэсла). Як жывём-маемся?

Фёдар Мікалаевіч. Памаленечку.

Сухадольскі. Выглядаеш нядрэнна. Камплекцыя толькі не па пасадзе. Ніякага гаспадарчага абрастання. Як здароўе?

Фёдар Мікалаевіч. Не скарджуся.

Сухадольскі. Працуеш, мабыць, шмат?

Фёдар Мікалаевіч. Прыходзіцца.

Сухадольскі. Вядома, гаспадарка вялікая. Як жонка, дзеткі?

Фёдар Мікалаевіч. Дзякую, здаровы.

Сухадольскі. Таня, мусіць, ужо нявеста?

Фёдар Мікалаевіч. Нават больш... Яна ўжо замуж выйшла.

Сухадольскі. Таня! Замуж!

Фёдар Мікалаевіч. На Кастрычніцкія святы вяселле гулялі.

Сухадольскі. Дзівосы проста! Ці даўно я яе на руках насіў! Помніш, Фёдар Мікалаевіч, як мы ложачак ёй куплялі?

Фёдар Мікалаевіч. На Цішынскім рынку? Помню.

Сухадольскі. Яшчэ ў нас грошай не хапіла на рамізніка, і мы аж на Трубную на сабе неслі.

Фёдар Мікалаевіч. Відаць, тады я і пераканаўся, што трэба развіваць аўтамабільную прамысловасць.

Сухадольскі. Перадай ёй ад дзядзі Павы самае шчырае прывітанне.

Фёдар Мікалаевіч. Дзякую. Ды ты сам бы лепш гэта зрабіў. Прыходзь да мяне, а я ёй пазваню. Яна ж тут, у Маскве.

Сухадольскі. Выходзіць, сам напрасіўся.

Фёдар Мікалаевіч. Ну, вось яшчэ! Што за цырымоніі!

Сухадольскі. Веры Сцяпанаўне лішні клопат.

Фёдар Мікалаевіч. Яна рада будзе. Прыходзь у пяць гадзін, паабедаем разам.

Сухадольскі. Ну, дзякую. Вельмі цікава мне пабачыць усіх тваіх. Малодшага я ж і не бачыў ні разу.

Фёдар Мікалаевіч. А ён таксама ўжо ў пятым класе.

Сухадольскі. Ляціць час, ляціць... Здаецца, учора яшчэ мы з табой у інстытуце на адной лаўцы сядзелі. Цікавы час быў. Самы разгар барацьбы са шкодніцтвам у прамысловасці... Якія мітынгі былі!

Фёдар Мікалаевіч. Добра ты тады выступаў... з агнём.

Сухадольскі. Мы ж былі першым атрадам чырвоных спецаў, выгадаваных савецкай уладай.

Фёдар Мікалаевіч. Так і рваліся ў бой. Патрабавалі датэрміновага выпуску. Дапусціце, казалі, нас, мы ўжо завернем як мае быць.

Сухадольскі. А што ж, і завярнулі. Папрацавалі нядрэнна. А якія цяжкасці перамаглі! Хіба цяперашнія маладыя ведаюць што-небудзь падобнае? Што ім! Прыйшоў на гатовенькае — працуй, разгортвайся, праяўляй свае таленты.

Фёдар Мікалаевіч. Папрацавалі, праўда, нядрэнна, ды ўжо старэць пачынаем — вось што дрэнна.

Сухадольскі. Гады бяруць сваё, але я б не сказаў... На табе, па крайняй меры, я гэтага не заўважаю...

Фёдар Мікалаевіч. А вось ты пачаў здаваць.

Сухадольскі. Клопату шмат... Ды і здароўе няважнае... Печань ці якое ліха... Ну нічога, яшчэ пацягнем.

Фёдар Мікалаевіч (глядзіць ва ўпор на Сухадольскага). Пацягнуць-то мы пацягнем...

Сухадольскі (адчуваючы сябе няёмка пад позіркам Фёдара Мікалаевіча). Што ты мне скажаш добрае? Я толькі быў у адпачынак сабраўся, а тут тэлеграма...

Фёдар Мікалаевіч. Ды вось аб гэтым і хацеў пагаварыць.

Сухадольскі (насцярожана). Аб чым?

Фёдар Мікалаевіч. Аб тым, што ты пачаў здаваць.

Сухадольскі. Гэта як жа разумець?

Фёдар Мікалаевіч. Старэеш, Павел Міхайлавіч... Духам старэеш.

Сухадольскі. Што ты кажаш, Фёдар Мікалаевіч! Хіба ёсць якія-небудзь адзнакі?

Фёдар Мікалаевіч. Адзнакі ёсць. (Дастае з шуфляды паперу.) Вось яны!

Сухадольскі (занепакоены). Што гэта такое?

Фёдар Мікалаевіч. Акт камісіі дзяржаўнага кантролю... Захацела яна праверыць, якую ты прадукцыю пасылаеш на Волга-Дон,— узяла ды зняла адзін самазвал з платформы, як толькі яны прыбылі. І вось палюбуйся. (Перадае акт Сухадольскаму.) Сорак шэсць дэфектаў.

Сухадольскі (бярэ акт). Не можа гэтага быць! (Праглядае акт.) Мы ўжо і самі бачым, што канструкцыя недасканалая.

Фёдар Мікалаевіч. Не ў канструкцыі справа... Парушэнне тэхналогіі. Поўная адсутнасць вытворчай дысцыпліны.

Сухадольскі (праглядаючы акт). Не ведаю, як гэта магло здарыцца.

Фёдар Мікалаевіч. Пускавы перыяд, трэба магутнасці нарошчваць, план выконваць, а якасць пасля... Вось адкуль гэта ідзе.

Сухадольскі (збянтэжаны). І трэба ж якраз натрапіць на такі самазвал.

Фёдар Мікалаевіч. Падлажыў ты мне свінню, Павел Міхайлавіч. Прыйшлося чырванець у Савеце Міністраў.

Сухадольскі. Вялікія непрыемнасці былі?

Фёдар Мікалаевіч. Халтуршчыкам назвалі. Так што дазволь падзяліцца з табой гэтым «ганаровым» званнем.

Сухадольскі. Прабач, Фёдар Мікалаевіч, паправім.

Фёдар Мікалаевіч. Між іншым, што ж Шугаеў не прыехаў?

Сухадольскі. Хварэе.

Фёдар Мікалаевіч. Думаю, не за якасць прадукцыі?

Сухадольскі (у замяшанні). Не... Грып у яго.

Фёдар Мікалаевіч. Ну, я яму асобна выкажу падзяку.

Судахольскі. Даруй, калі ласка. Я ўжо сам прасачу за якасцю. І канструкцыю мы вырашылі палепшыць. Чытаў нашу дакладную?

Фёдар Мікалаевіч. Знаёміўся, як жа...

Сухадольскі. Адабраеш?

Фёдар Мікалаевіч. Выходзіць, трэба амаль што завод спыніць, каб гэтыя палепшанні ажыццявіць.

Сухадольскі. Дык ты лічыш, што не трэба?

Фёдар Мікалаевіч. Гэта ты так лічыш. Так і дакладная напісана, каб мяне напужаць. Але ты пужаеш, а мне не страшна. У мяне ёсць іншыя разлікі. І людзі ёсць, якія не запрошваюць столькі з дзяржавы...

Сухадольскі (убок). Паспеў-такі наперад забегчы.

Фёдар Мікалаевіч. Здаў ты, Павел, зусім здаў. Тлушчам аброс, цяжкасцей стаў баяцца. Хочаш харошым быць без лішніх клопатаў, без рызыкі. Там людзі гараць энтузіязмам. Вадзіцелі з экскаватаршчыкамі змагаюцца за перавыкананне тэхнічных норм. Тут бы ім і дапамагчы. А ты ў кусты. Сам не робіш і маладым ходу не даеш. Мабыць, тут і зайздрасці старэчай крыху ёсць.

Сухадольскі. Зусім ты ўжо мяне нізашто лічыш, Фёдар Мікалаевіч.

Фёдар Мікалаевіч. Горкая, але праўда.

Сухадольскі. Прабач, не хацеў я табе непрыемнасць зрабіць. Незнарок выйшла. Ты ўжо мне даруй... па старой дружбе.

Фёдар Мікалаевіч. Каб гэта датычылася толькі нас з табой, дык сказаў бы я табе, як бывала: «Свіння ты, Пашка! Такую напасць мне зрабіў» — ды на гэтым бы і справа скончылася. Але ёсць трэцяя зацікаўленая асоба. Яна не паглядзіць на нашы прыяцельскія адносіны.

Сухадольскі. Вера Сцяпанаўна?

Фёдар Мікалаевіч. Тая, якой мы з табой кляліся некалі аддаць усе нашы сілы.

Сухадольскі (прыгнечаны, пасля доўгай паўзы). Якая ж кара мяне чакае?

Фёдар Мікалаевіч. Праветрыцца табе трэба, Павел Міхайлавіч.

Сухадольскі. Куды ж ты мяне? На Калыму ці што?

Фёдар Мікалаевіч. Нашто на Калыму? На Волгу. Самы свежы вецер там. Прасілі ў мяне чалавека на пасаду галоўнага інжынера аўтабазы. Вось і едзь. Там на практыцы і ўбачыш, як працуюць машыны, якія ты выпускаў.

Сухадольскі. Значыць, гоніш з завода?

Фёдар Мікалаевіч. Думаю, што табе перамена клімату будзе карысна... Ты ж і сам прасіў, каб цябе вызвалілі.

Сухадольскі (прыгнечаны і пакрыўджаны). Так, я прасіў. Гэта праўда... (Устае.) Ну, усяго добрага, Фёдар Мікалаевіч. Дзякуй за твае клопаты аба мне.

Фёдар Мікалаевіч. Ды мы яшчэ ўбачымся. У пяць гадзін я цябе чакаю.

Сухадольскі. Дзякую, думаю сёння ехаць. Я абяцаў Антаніне Пятроўне не затрымлівацца. Яна ў мяне нездарова нешта... Усяго добрага!

Фёдар Мікалаевіч (паціскае руку). Дарэмна крыўдзішся. Падумай, можа і не варта.

Сухадольскі. Ды я падумаю... (Выходзіць.)

Фёдар Мікалаевіч. Прывітанне Антаніне Пятроўне! Скажы, няхай не хварэе.

Рэферэнт (уваходзіць і спыняецца ля дзвярэй). Фёдар Мікалаевіч, Шугаеў звоніць. Просіць падняць трубку. (Выходзіць.)

Фёдар Мікалаевіч (бярэ трубку). Слухаю. Так, я... Добры дзень, таварыш Шугаеў! Дакладную? Чытаў... Цікавае сачыненне... Што, сумленне загаварыла?.. А раней вы гэтага не бачылі?.. Дырэктару не шкодзіла б і свой розум мець... Не ўжо, няхай тут застаецца. Гістарычны дакумент усё-такі... Сухадольскі быў... Забіраю я яго ад вас... Каштоўнага берагчы трэба, а вы не ўмееце. Знойдзем... Як ваш грып?.. Дзякуй богу! Ваша хвароба паставіла мяне ў цяжкае становішча... Ды як жа,— чалавеку трэба вымову аб’яўляць, а ён хворы ляжыць... У загадзе ўсё будзе напісана... Хутка сам буду ў вас... пагаворым... Дапамагу, як жа... Усяго добрага. (Кладзе трубку.)

Рэферэнт (з'яўляецца ў дзвярах). Русаковіч прыйшоў, Фёдар Мікалаевіч.

Фёдар Мікалаевіч. Прасіце.

Рэферэнт выходзіць.

Русаковіч (уваходзіць). Добры дзень, Фёдар Мікалаевіч.

Фёдар Мікалаевіч (вітаецца). Добры дзень. Сядайце. (Русаковіч садзіцца.) Што ж гэта вы скандаліце на заводзе, таварыш Русаковіч?

Русаковіч. Я не скандалю, Фёдар Мікалаевіч. Вас няправільна інфармавалі. Я толькі змагаюся за тое, у чым цвёрда пераконаны.

Фёдар Мікалаевіч. Аўтарытэтаў не прызнаяце.

Русаковіч. Аўтарытэт я паважаю, калі ён сапраўдны. Але другі аўтарытэт так заваліць дарогу да добрай справы, што цераз яго і не пералезеш.

Фёдар Мікалаевіч. З міністэрствам не лічыцеся. Мы ж гэту канструкцыю зацвердзілі як добрую, а вы кажаце, што яна дрэнная. Выходзіць, што мы нічога не разумеем у сваёй справе.

Русаковіч. Яна нядрэнная, але яе можна зрабіць яшчэ лепшай. Пры малой затраце можна дабіцца вялікага эфекту.

Фёдар Мікалаевіч. Які ж эфект, калі сабекошт машыны павысіцца, плана завод не выканае...

Русаковіч. Калі ўмела і з душой узяцца за справу, дык і план будзе выкананы, і сабекошт не павысіцца.

Фёдар Мікалаевіч. Сухадольскі з вамі не згодзен. І што ж будзе, калі яму прыйдзецца праводзіць у жыццё вашу прапанову?

Русаковіч. Ён пастараецца даказаць, што я памыляюся.

Фёдар Мікалаевіч. Дык што ж нам тады рабіць? Вас ці што назначыць галоўным інжынерам?

Русаковіч. Я на гэта не прэтэндую, Фёдар Мікалаевіч.

Фёдар Мікалаевіч. Відаць, так і прыйдзецца зрабіць. Самі заварылі гэту кашу, самі і расхлёбвайце.

Русаковіч. Вы, вядома, жартуеце.

Фёдар Мікалаевіч. І не думаю жартаваць.

Русаковіч (спалоханы). Гэта немагчыма, Фёдар Мікалаевіч.

Фёдар Мікалаевіч. Чаму ж не? Мы лічым, што гэта зусім магчыма. Вы ж возьмецеся з душой.

Русаковіч. Аднае душы мала. Вопыт кіраўніцтва патрэбен.

Фёдар Мікалаевіч. Вопыт набываецца на рабоце.

Русаковіч. Ёсць яшчэ адна акалічнасць, якая не дазваляе мне прыняць гэту прапанову.

Фёдар Мікалаевіч. Што гэта за акалічнасць?

Русаковіч. Этыка. Выходзіць, што я сапхнуў Сухадольскага, каб самому сесці на яго месца.

Фёдар Мікалаевіч. Ён павінен быць задаволены. Сам жа прасіў, каб яго вызвалілі.

Русаковіч. Не думаю, што шчыра. Стратэгічны ход.

Фёдар Мікалаевіч. Калі ён стане ахвярай свае стратэгіі, дык і крыўдзіцца няма на каго.

Русаковіч. Я яму шмат чым абавязан, і нядобра было б з майго боку...

Фёдар Мікалаевіч. Апрача вас двух, ёсць яшчэ трэцяя зацікаўленая асоба — дзяржава. Вы пра яе не забывайце. Яна не згодна, каб вы праяўлялі такую велікадушнасць... за яе кошт.

Русаковіч (збянтэжаны). Не ўяўляю, як я прыйду да яго справу прымаць.

Фёдар Мікалаевіч. Мы аблегчым вам гэту задачу. (Русаковіч сядзіць у роздуме.) Ну дык як?

Русаковіч. Што ж, калі трэцяя зацікаўленая асоба сапраўды ў гэтым зацікаўлена...

Фёдар Мікалаевіч. Безумоўна.

Русаковіч. Тады...

Фёдар Мікалаевіч. Тады я даю ўказанне аб вашым назначэнні. Ну, у добры час! (Паціскае Русаковічу руку.)

 

Карціна дзевятая

Веранда дома Сухадольскага на Волга-Доне. Шырокая панарама вялікай будоўлі. На верандзе — стол і некалькі плеценых крэслаў. За сталом з газетай у руках Сухадольскі. Дапіваючы шклянку кавы, ён праглядае газету.

Антаніна Пятроўна (уваходзіць). Наліць яшчэ?

Сухадольскі (не адрываючыся ад газеты). Не, дзякую.

Антаніна Пятроўна. Што там такое цікавае?

Сухадольскі. Пра нас сёе-тое.

Антаніна Пятроўна. Лаюць, вядома.

Сухадольскі. На гэты раз ты не ўгадала.

Антаніна Пятроўна. Няўжо хваляць?

Сухадольскі. Паўтарака хваляць за стаханаўскую працу. Адзначаюць добры стан аўтамабільнага парка. Успамінаюць і маё прозвішча.

Антаніна Пятроўна. Дзякуй і за гэта.

Сухадольскі. Нашто ж такая іронія? Усё ж такі гэта прыемна, калі хваляць.

Антаніна Пятроўна. Калі генерала хваляць за тое, што ён добра ўзводам камандуе, гэта яшчэ не вялікі гонар.

Сухадольскі. Ты ўсё-такі наважыла сапсаваць мне настрой.

Антаніна Пятроўна. Прабач, я не думала, што для цябе гэта так важна...

Сухадольскі. Дзіўны талент — знаходзіць ва ўсім толькі адмоўнае.

Антаніна Пятроўна. Добра, што хоць які-небудзь талент ты нарэшце ў мяне выявіў.

Сухадольскі. На жаль, не ўпершыню.

Антаніна Пятроўна. Спадзяюся, што шкоды табе не было ад майго таленту?

Сухадольскі. Як сказаць. Можа, і я часамі глядзеў на рэчы тваімі вачамі.

Антаніна Пятроўна. Злы геній твой.

Сухадольскі. Ты ніколі не думала, чаму гэта ў нас блізкіх сяброў няма?

Антаніна Пятроўна. Якіх сяброў?

Сухадольскі. Звычайных, якія ў людзей бываюць.

Антаніна Пятроўна. Дык ты лічыш, што гэта праз мяне?

Сухадольскі. Мы добрыя, а ўсе дрэнныя, вось нам і няма з кім сябраваць.

Антаніна Пятроўна. Валі ўсЁна мяне. З завода цябе прагналі, і тут я вінавата.

Сухадольскі. Недаацэньвалі людзей, не верылі ў іх сілы. А вось яны зрабілі. Яшчэ і мяне хваляць за іх работу.

Антаніна Пятроўна. Табе застаецца толькі падзякаваць Русаковічу, што ён цябе вытурыў.

Сухадольскі. Ведаеш што... Ты ўжо дасягнула свайго — сапсавала мне настрой. Давай лепш пакінем гэту гаворку.

Антаніна Пятроўна (збіраючы са стала пасуду). Дурны ты, вось я табе што скажу.

Сухадольскі. Дурны, дурны, не пярэчу, толькі сціхні. Вунь людзі ідуць.

Антаніна Пятроўна выходзіць. Уваходзіць парторг будаўнічага ўчастка Сазонаў.

Сазонаў. Добрай раніцы, Павел Міхайлавіч!

Сухадольскі (устае насустрач). Добры дзень, Мікалай Спірыдонавіч. Сядайце, калі ласка.

Сазонаў. Дзякую. Я на хвілінку. Спецыяльна зайшоў, каб дамовіцца. Прыйдзецца вам выступіць, Павел Міхайлавіч.

Сухадольскі. Дзе?

Сазонаў. На мітынгу. Гадавіна камсамола. Госці прыехалі. З Беларусі, між іншым, таксама.

Сухадольскі. З аўтазавода?

Сазонаў. Так.

Сухадольскі. А да мяне не зайшлі.

Сазонаў. Пыталіся пра ваша здароўе. Я даў ім ваш адрас.

Сухадольскі (да Антаніны Пятроўны, якая ўвайшла). Знаёмся, Тоня. Гэта сакратар партарганізацыі будаўнічага ўчастка — Мікалай Спірыдонавіч Сазонаў.

Антаніна Пятроўна (вітаецца). Ведаю, як жа... Нагрузачку прынеслі майму мужу?

Сазонаў. Невялічкую, Антаніна Пятроўна.

Антаніна Пятроўна. Чула. Я думала, што ён ужо выйшаў з камсамольскага ўзросту.

Сазонаў. Трэба моладзь прывітаць ад аўтабазы (да Сухадольскага). Партбюро лічыць, што гэта найлепш вам зрабіць. Былы камсамолец, і ўсё такое...

Сухадольскі. Трэба яшчэ падумаць, што гаварыць.

Сазонаў. Прывітаеце моладзь, гасцей, падзякуеце аўтазаводцам за добрыя машыны.

Антаніна Пятроўна. Самому сабе і дзякаваць няёмка. Сам жа гэтыя машыны рабіў.

Сухадольскі. Гэта не зусім так.

Антаніна Пятроўна. Як жа не так? Ты ж сам пісаў міністру дакладную аб палепшанні канструкцыі.

Сазонаў. Мы ведаем, якую ролю адыграў на заводзе Павел Міхайлавіч, але каля года ўжо ён працуе ў нас, і з поўнай падставай можа лічыць сябе прадстаўніком Волга-Дона.

Сухадольскі. Ну што ж, раз трэба дык трэба.

Сазонаў. Значыць, дагаварыліся. Ну, добра. Бывайце здаровы. (Развітваецца і выходзіць.)

Сухадольскі. І нашто ты ставіш мяне ў няёмкае становішча?

Антаніна Пятроўна. А што ж, няпраўда, што Русаковіч пажынае плады твае працы?

Сухадольскі. Ты сама ведаеш, якая гэта праўда.

Антаніна Пятроўна. Скромнасць заела таварыша.

Сухадольскі. Ведае ж ён. З завода дэлегацыя прыехала — напэўна, была гаворка пра мяне. Ты заўважыла, як ён сказаў: «Мы ведаем, якую ролю адыграў на заводзе Павел Міхайлавіч»?

Антаніна Пятроўна. Я заўважыла, што ты размазня. Больш я нічога не заўважыла. (Выходзіць.)

Сухадольскі. Зусім ашалела баба.

Генадзій (уваходзіць). «Сатана там правит бал, там правит бал...»

Сухадольскі. Перастань гарлапаніць!

Генадзій. Нешта ты не ў гуморы. Ці не дала табе зноў дыхту мая дарагая матуля?

Сухадольскі. Аб справе падумаў бы. Паступаць куды будзеш?

Генадзій. У кансерваторыю, Рэйзену змена патрэбна.

Сухадольскі. Я ў цябе сур’ёзна пытаюся.

Генадзій. А гэта хіба не сур'ёзна? (Пракашліваецца. На ўвесь голас.) «Сатана там правит бал, там правит бал, там правит бал».

Сухадольскі (крычыць). Перастань, кажу! Асталоп!

Генадзій. Таленавітае выкананне выклікала бурную рэакцыю ўсяе залы. (Тэатральна раскланьваецца і выходзіць.)

Сухадольскі. Вось яшчэ ўцеху бог даў. (Збіраецца выходзіць з дому.)

Уваходзяць Русаковіч з лаўрэацкім значком на грудзях, Валя, Валодзя, Надзя.

Русаковіч. Добры дзень, Павел Міхайлавіч!

Сухадольскі. Добры дзень, добры дзень. (Вітаецца з усімі за руку.) А я ўжо хацеў крыўдзіцца.

Валя. За што ж так адразу?

Сухадольскі. Ды як жа... Чую, што прыехалі, а да мяне не заходзяць.

Русаковіч. Ды мы яшчэ не паспелі агледзецца.

Сухадольскі (прыглядаецца да Надзі). А гэта ж... Надзежда... Прабачце, забыўся, як вас па бацьку.

Надзя (дабратліва). Ды вы, мусіць, і не ведалі ніколі. Завіце, як некалі,— Надзя.

Сухадольскі (няёмка). Вунь вы якая сталая... дзяўчына.

Надзя. Дама, Павел Міхайлавіч.

Сухадольскі. Ну, вось бачыце, тым больш.

Надзя. Вось гэты каваль мурзаты — мой муж.

Сухадольскі. Таварыш Стальмашонак. Помню, як жа... Ды ён і не мурзаты зусім. Віншую вас.

Надзя. Дзякую.

Сухадольскі (да Валі). І вас помню. Лепшая стаханаўка цэха нармалей...

Русаковіч (падказвае). Валянціна Жукавец.

Валя. Ужо не стаханаўка. Сакратар камсамольскай арганізацыі.

Сухадольскі. Гэта таксама пачэсна.

Валя (паказвае на Надзю). Вось яна — лепшая стаханаўка.

Сухадольскі. Вельмі рад гэта чуць.

Надзя. Гэта я на злосць Антаніне Пятроўне. Яна казала, што з мяне стаханаўка не выйдзе.

Сухадольскі. Антаніна Пятроўна шмат у чым памылялася. Аднак жа яна рада будзе вас бачыць. Пайду скажу ёй. (Выходзіць.)

Валодзя. Памякчэў Павел Міхайлавіч.

Надзя. Здаецца, сапраўды рад нас бачыць.

Валодзя. Відаць, пераканаўся.

Русаковіч. Каб не пераканаўся, мы б да яго і не заходзілі. Я за ім увесь гэты час сачыў здалёк. У Маскве даведваўся. Кажуць, пайшло на карысць.

Валодзя. Свежы волжскі вецер, як вы казалі.

Валя. Тут не цяжка пераканацца. (Глядзіць удаль). Вунь яны — нашы палепшаныя. Як мурашкі, працуюць.

Надзя. Вадзіцелі не нахваляцца імі.

Валодзя. Гэта разумна нехта прыдумаў, што яго сюды паслалі. Наглядны ўрок.

Валя (гледзячы ўдаль). Як паглядзіш на гэтую веліч працы, на гэтыя горы перавернутай зямлі, дык нібы крылы вырастаюць. І нашай жа капля працы ёсць тут.

Валодзя. Прамовы на мітынгу, Валя.

Валя. Не, ты паглядзі! Гэта велічныя крокі да камунізма.

Русаковіч. Гэта ранне камунізма. А дзень наперадзе. Ясны, сонечны і... працавіты. Ах, як мы з вамі папрацуем, таварышы! Якіх машын яшчэ наробім на радасць людзям!

Генадзій (за сцэнай). «Жил-был король когда-то, при нем блоха жила...»

Надзя. Во, Генька пракляты!

Валодзя. Вось вам і ўчарашні дзень.

Генадзій (уваходзіць і тэатральна раскланьваецца. Рэчытатывам). Прывітанне дарагім гасцям!

Надзя. Добры дзень, Генадзій Паўлавіч! Як маецеся?

Генадзій. Цудоўна.

Надзя. А талеркі вашы як маюцца?

Генадзій. Таксама нядрэнна... з таго часу, як іх няма каму біць.

Надзя. Вас, здаецца, можна павіншаваць з атэстатам сталасці?

Генадзій. Калі ласка. Атэстат магу прадставіць, а наконт сталасці мяркуйце самі.

Надзя. І што ж вы цяпер парабляеце?

Генадзій (пяе). Жил-был король когда-то. (Паказвае на бацьку, які ўваходзіць.) При нем блоха жила. (Паказвае на сябе.) Ха-ха! Блоха!

Сухадольскі. Перастань блазна строіць!

Генадзій (выходзіць). Ха-ха-ха-ха-ха-ха-ха!

Сухадольскі (ставіць на стол бутэльку віна і закуску). Антаніна Пятроўна прасіла прабачыць. Ёй нешта нездаровіцца.

Валя і Надзя пераглянуліся.

Валя. Мы не ў пару вас патурбавалі.

Русаковіч. А што такое з Антанінай Пятроўнай?

Сухадольскі. Нічога сур’ёзнага. З ёю гэта бывае.

Русаковіч. Нічога гэтага не трэба было, Павел Міхайлавіч. Мы толькі што паснедалі.

Сухадольскі. Не бойцеся, не абкармлю... Сядайце, калі ласка. Андрэй Данілавіч, сюды! Моладзь, бліжэй да стала падсоўвайцеся! (Наліваючы чаркі.) Рассталіся мы нядобра... Давайце хоць сустрэнемся па-людску. Вы ж, напэўна, думаеце, што я вас ворагамі лічу.

Валя, Русаковіч, Валодзя. Што вы, Павел Міхайлавіч!

Сухадольскі. Ды чаго ўжо там... Так яно фактычна і было.

Няёмкае маўчанне.

Русаковіч. Калі вы гаворыце пра гэта ў мінулым часе, дык ужо добрая адзнака.

Валя. Давайце больш не будзем пра гэта.

Надзя. А то, чаго добрага, зноў пасварымся.

Сухадольскі. Крыўдна, таварышы... Крыўдна і горка, калі той, каго ты за вушы выцягваў, лічыў малакасосам, раптам апынаецца ўперадзе цябе — усімі прызнанага майстра сваёй справы.

Надзя (да Валі). Пачынаецца.

Сухадольскі. Цяжка памірыцца з тым, што цябе адціскаюць на задні план. Табе ўсё здаюцца падвохі ды падкопы. Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. І нават калі розум твой пачынае пасягаць ісціну, пачуццё гаркоты яшчэ надоўга застаецца ў душы.

Русаковіч. Магчыма, Павел Міхайлавіч...

Сухадольскі. Магчыма, што мы з вамі так бы і засталіся ворагамі на ўсё жыццё, каб не ўмяшалася ў справу трэцяя зацікаўленая асоба. Перад яе веліччу нашы асабістыя крыўды здаюцца дробнымі і нікчэмнымі. Давайце ж вып’ем за яе шчасце і росквіт!

Русаковіч. Дазвольце мне прадоўжыць гэты тост. Цяжка, таварышы, прычыняць боль блізкаму чалавеку. Асабліва, калі ты яму многім абавязан. Да таго цяжка, што ты гатоў адмовіцца ад сваіх самых лепшых намераў. Але тут умешваецца ў справу, як вы правільна сказалі, Павел Міхайлавіч, трэцяя зацікаўленая асоба. «А ці маеш ты права?» — пытаецца яна. І тады...

Сухадольскі. Тады блізкія людзі становяцца часамі ворагамі.

Русаковіч. Для таго каб потым стаць яшчэ больш блізкімі сябрамі. Давайце ж вып’ем за яе... За тое, што яна ачышчае нашы душы ад усякага смецця.

Валодзя. І адкрывае ў іх сапраўднае золата.

Чокаюцца і выпіваюць.

Сухадольскі. Вось вы пра сяброў сказалі... Няма ў мяне блізкіх сяброў. Нават у сям’і, як ні цяжка ў гэтым прызнацца. І таму гэты другі бакал я падымаю за маіх так званых ворагаў, якія, можа, і ёсць самыя блізкія мне людзі. Вось ён — мой вораг нумар першы. (Чокаецца з Русаковічам.) А за ім усе па парадку. (Чокаецца з астатнімі).

Здалёк даносіцца песня многіх маладых галасоў.

Валя (падыходзіць да акна). Камсамольцы на мітынг збіраюцца.

Сухадольскі (з вінаватым выглядам). Мне выступаць, а я і не рыхтаваўся.

Усе ўстаюць, каб ісці на мітынг.

Русаковіч. Мы вам перашкодзілі.

Сухадольскі. Нічога, скажу... Цяпер я скажу.

Песня набліжаецца. Усе накіроўваюцца да дзвярэй.

 

Канец

 

1952—1953


1952-1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў у пяці тамах. Том 3. П'есы.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 119-184
Крыніца: скан