epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Замест прадмовы

Янка Брыль, малады беларускі празаік, упершыню выступае са зборнікам сваіх апавяданняў.

Паходзячы з заходняй часткі Беларусі, Янка Брыль да 1939 года рос і выхоўваўся ва ўмовах панскай Польшчы. Там фармаваўся яго характар, там упершыню ён вучыўся пазнаваць прыроду і людзей, меў магчымасць непасрэдна пазнаёміцца з тымі цяжкімі ўмовамі, у якіх жыло беларускае працоўнае насельніцтва, знаходзячыся пад прыгнётам польскіх паноў.

У 1939 годзе, будучы салдатам польскай арміі, Янка Брыль трапіў у нямецкі палон і, такім чынам, не меў магчымасці прымаць удзел у вялікай урачыстасці — з’яднанні ўсяго беларускага народа ў адной Савецкай дзяржаве. Уцёк ён з палону ўжо тады, калі Беларусь была часова акупіравана нямецкімі захопнікамі. Хутка ён наладзіў сувязь з партызанамі і быў актыўным удзельнікам партызанскага руху.

Тэматыка і змест апавяданняў гэтага зборніка вынікаюць з жыццёвай практыкі самога аўтара і ў той ці іншай ступені з’яўляюцца адлюстраваннем жыццёвага асяроддзя, у якім ён жыў.

Янка Брыль у сваіх творах не займаецца вырашэннем вялікіх палітычных або сацыяльных праблем. Не беручыся пакуль што за шырокія абагуленні, ён пільна ўглядаецца ў навакольнае жыццё, умее падмячаць яго разнастайныя праявы, нават дробныя, і ўмее, часта з добрым гумарам, расказаць чытачу аб тым, што ён заўважыў у жыцці цікавага і вартага ўвагі.

У апавяданнях Янкі Брыля ў цэнтры ўвагі заўсёды знаходзіцца чалавек з яго складанай псіхікай, характарам, паводзінамі. А найбольш блізкі і знаёмы яму чалавек гэта — беларускі селянін, які дваццаць год пражыў ва ўмовах прыгнёту ў панскай Польшчы. Ён з’яўляецца цэнтральным героем амаль усіх апавяданняў зборніка. Але гэты герой не ва ўсіх апавяданнях аднолькавы. Раскрываючы душу селяніна, аўтар як бы непрыкметна дабіраецца да яго класавай сутнасці, ускрывае супярэчнасці, якія існуюць паміж рознымі класавымі катэгорыямі сялянства. У апавяданні «Марыля» ён яскрава малюе кулацкую сям’ю з яе побытам, звычаямі, звярынай прагнасцю і нечалавечай жорсткасцю. Цікавы і арыгінальны вобраз местачковага кулака мы бачым у апавяданні «Зладзеі» ў асобе старога скупярдзяя Петруся Грыба. Вобразы сялянскай беднаты любоўна выпісаны аўтарам у апавяданнях «Як маленькі» і «Зладзеі». Глыбока чалавечнымі і паўнакроўнымі ў гэтым апавяданні з’яўляюцца вобразы краўца-бедняка Лапінкі і яго дзяцей — Косціка і Шуркі.

Апавяданне «У сям’і» па ўсіх адзнаках мае ў значнай меры аўтабіяграфічны характар. Культурны ўзровень паасобных яе членаў і запатрабаванні, якія яны ставяць да жыцця, паказваюць на тое, што гэта не звычайная серадняцкая сялянская сям’я. Гэта людзі, якія ўжо хоць крыху паспыталі пладоў культуры і адчулі на сабе яе ўплыў. Ім знаёмы і блізкі ідэі лепшых прадстаўнікоў чалавецтва. І яны з вялікай цікавасцю прыслухоўваюцца да таго, што адбываецца ў вялікай Краіне Саветаў, дзе гэтыя ідэі ператвараюцца ў жыццё. З асаблівай цеплынёй і любасцю паказаны дзеці гэтай сям’і. Трэба сказаць, што наогул Янка Брыль любіць дзяцей і ўмее цікава і хораша расказваць аб іх чытачу.

Апошняе апавяданне Янкі Брыля «Мой зямляк» з’яўляецца, бадай, самым лепшым у сэнсе паўнаты раскрыцця характару. Героем гэтага апавядання з’яўляецца бедны селянін Паўлюк, чалавек з паэтычнай душой і багатай фантазіяй. Некаторымі сваімі рысамі ён нагадвае тургенеўскага Каліныча, але разам з тым мае свае індывідуальныя і нацыянальныя рысы характару і з’яўляецца паўнакроўным мастацкім вобразам. Аматар-паляўнічы і рыбалоў — Паўлюк добра адчувае і любіць прыроду. Ён любіць расказаць сябрам пра цікавыя прыгоды, якія часта здараюцца ў яго паляўнічым жыцці, пры гэтым умее так пераўвялічыць і ўпрыгожыць, што звычайная жыццёвая з’ява ператвараецца ў казку. Усе ведаюць, што ён маніць, але ахвотна слухаюць яго, бо гэта не звычайная шэрая карыслівая мана, а мастацкі вымысел чалавека з багатай фантазіяй. Нямецкія захопнікі, уварваўшыся ў нашу краіну, адабралі ў Паўлюка не толькі яго маёмасць, але і паэзію жыцця, пазбавіўшы яго магчымасці займацца любімай справай — паляваннем. Затаіўшы лютую нянавісць на іх, Паўлюк, нарэшце, знайшоў паэзію ў паляванні на драпежнага фашысцкага звера.

З той жа ўважлівасцю і любасцю, з якой Янка Брыль ставіцца ў сваіх апавяданнях да чалавека, адносіцца ён і да мовы. Ён не карыстаецца гатовай штампавай фразай, якая сама навязваецца аўтару. Ён шукае і ўмее знайсці патрэбнае свежае слова, каб з найбольшай паўнатой і выразнасцю давесці да чытача свае вобразы, думкі і пачуцці.

Усе гэтыя якасці даюць права сказаць, што Янка Брыль з’яўляецца адным з найбольш таленавітых маладых празаікаў, якія прыйшлі ў беларускую літаратуру ў часе вайны і пасля яе. Гэта папаўненне вельмі патрэбна нашай беларускай прозе, якая страціла за час вайны такіх выдатных майстроў, як Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, і іншых таленавітых празаікаў.

Беларускі чытач з прыхільнасцю сустрэне новае для яго імя маладога празаіка, які ў гэтым першым сваім зборніку выявіў бясспрэчныя здольнасці.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан