epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Жарабяты могуць быць

У калгасе «Серп і Молат» Нараўлянскага раёна конюх Ігнат Жур у 1934 годзе атрымаў прэмію (75 руб.) за стопрацэнтную злучку кабыл. Вясной 1935 года выявілася, што ні адна кабыла жарэбнай не была. Атрымліваць і прапіваць прэмію памагаў Журу старшыня калгаса Рапот.

З селькораўскіх допісаў

 

У калгасе на выгодзе,

На палянцы ля крыніцы

Разышліся ў карагодзе

Маладыя жарабіцы.

Развявае вецер грывы:

— Дзе ж ты, мілы, чарнагрывы?

Задзіраюць хвост трубой:

— Пагулялі б мы з табой.

Гоц, гоц, гоца-ца!

Жарабят нам хочацца.

І старыя нават маткі

Капытамі б’юць у ладкі.

Тут прыходзіць конюх Жур

Выганяць з распусніц дур:

— Вось уцешу вас я!

Бач, якія ласыя!

Племяннога жарабца?

А лазовага дубца!

Жарабец на стайні ж,

Як яго дастанеш?

Ён на стайні на чужой,

За калгаснаю мяжой,

Дый вялікі попыт,

Дый дарэмны клопат.

Дырэктыва ёсць — пакрыць?

Дык пра што тут гаварыць!

Першы раз нібыта?

Будзе шыта-крыта.

Вечарком жа таго дня

Піша зводку старшыня.

Піша, не гаруе —

Жура прэміруе.

Растлумачвае, за што:

«Перакрыты на ўсе сто»

І маргае хітра:

— Збегай па паўлітра...

Налівай ды вып’ем, брат,

За калгасных жарабят.

Гэта на пачатак,

А цяпер за матак.

Ну, яшчэ за жарабка,

Дый урэжам трапака —

Гоц, гоц, гоца-ца!

Аж зямля калоціцца.

Прайшло лета, прайшоў год,

Не надзівіцца народ:

— А дзе ж тое племя?

Выдавалі ж «прэмя»!

Прапілі яго даўно,

Жарабят жа не відно.

Халастыя маткі

Скачуць упрысядкі —

Гоц, гоц, гоца-ца! —

Каб давесці людзям,

Што ніяк без жарабца

Жарабят не будзе.

 

Калі жураў добра біць,

Жарабяты могуць быць.

 

1935


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 249-250
Крыніца: скан