epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Здарэнне на вуліцы

Вось па вуліцы дзяўчына,

Кудры — шапкаю;

Камуністкай быць павінна:

Бачыш — з папкаю.

 

Даганяю, зусім блізка

Падыходжу я:

Здэцца, й праўда —

Камуністка,

Дый прыгожая.

 

Падмігнуць хацеў ёй вокам —

Падабаецца,

А яна ўсё — бокам, бокам:

Ухіляецца.

 

Вось налева ад сабору

Купал высіцца,

Тут дзяўчына вочкі ўгору —

Бачу, хрысціцца.

 

Тры, чатыры, дзесяць, трыццаць...

Як не ўтоміцца!

Варта б ёй ужо хрысціцца

Пасаромецца.

 

Пасмяяўся тут з дзівачкі

Мімавольна я:

Каб цябе стапталі качкі,

Багамольная!..

 

Не хадзіць бы табе з папкай

«Бальшавічкаю»,

А сядзець бы табе з бабкай

За кантычкаю!

 

Слухаць казані кудлатых

І паклонамі

Чырваніць бы лоб у святы

Прад іконамі.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 92
Крыніца: скан