epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Здаў «акзамінт»

Васілька і сам добра не ведаў, калі і адкуль ён з’явіўся на свет, але мама яму казала, што яго прынёс бусел. Той, што зрабіў сабе гняздо на Цімохавай сушні.

Ну і сярдзіты ж быў Васілька на гэтага бусла!

— Каб ты здох праз ноч! Каб табе дзюба адсохла! — бывала кляне ён, як толькі бусел залякоча.

Не за тое сярдзіты быў на бусла, што ён прынёс самога Васільку, але за тое, што за Васількам бусел прынёс яшчэ і Петрыка і Тадорку, якіх Васільку прыходзілася калыхаць і няньчыць.

А Тадорка ж была гэткая нягодная! Як толькі Васілька з Гарбузовых Тацянаю пачнуць гуляць у вяселле, напякуць пірагоў з пяску, накупляюць піва ды гарэлкі, дык Тадорка ніколі не чакае, пакуль яе пазавуць як сваццю ці як дружку, але падпаўзе неспадзеўкі ды заграбе і пірагі, і гарэлку. Яшчэ не такі быў бы жаль, каб яна зрабіла гэта як людзі, а то раней з’есць пірог, а потым зап’е гарэлкаю.

Ну, хто ж бы сцярпеў гэтакі непарадак? Не цярпеў яго і Васілька, але на яго няшчасце ў Тадоркі было горла, як у добрага пастуха, а слёз, дык, мусіць, па цэлай конаўцы пад кожнай вейкай, і маці заўсёды чула, калі Васілька яе крыўдзіў.

Тады часта здаралася, што разам з Тадоркаю галасіў і Васілька, і можна было падумаць, што там скарэй спраўляюць хаўтуры, а не вяселле.

Акрамя няньчання дзяцей у Васількі быў яшчэ адзін цяжкі абавязак — штодзень маліцца богу.

— «Рошчую... сушчую... багародзіцу... чавель... і чаем»,— цягнуў ён штодзень за маткаю, стоячы на каленках і не разумеючы ні аднаго слова з таго, што гаварыў.

Прабаваў ён дапытвацца ў маткі, што гэта за «рошчая з сушчаю» і «чавель з чаем», але і яна не ўмела растлумачыць яму як след і толькі адказвала, што гэта бог хоча, каб яму так маліліся.

З усіх слоў малітвы яму найболей падабаліся гэтыя незразумелыя «чавель і чаем», бо імі звычайна канчалася яго штодзённая пакута.

Калі Васільку пайшоў шосты год, дык яму прыбавіўся яшчэ адзін абавязак — вучыць азбуку. Тут ён меў справу ўжо з бацькам, які вучыў па-старасвецку і часта ўганяў яму веды зусім не з таго канца, з якога належала.

Не раз тут Васілька ўспамянуў нядобрым словам бусла, які прынёс яго на гэтакую пакуту...

— Татка! Я хачу ў школку,— часта прасіў Васілька.

— Ты яшчэ малы,— звычайна адказваў на гэта бацька.

Тады Васілька хуценька падбягаў да стала і, мераючыся, даводзіў, што ён не малы і што стол яму ўжо толькі па вочы. Разумеецца, бацька супроць гэтага доваду не мог нічога сказаць, але ж яшчэ была маці...

— Сыночак! — гаварыла яна.— Я ж яшчэ табе портачак не пашыла. Пачакай, вось я натку шарачку ды пашыю табе новенькія портачкі, дык тады сабе пойдзеш у школку.

І прыходзілася чакаць, бо ісці ў школку ў адной кашулі, хоць і доўгай, неяк не выпадала.

Так і не пайшоў Васілька тую зіму ў школу.

Летам Васілька пасвіў гусей, бегаў штодня на рэчку купацца, часамі лазіў у Тарасавых бручку і не ўгледзеў, як і тая восень надышла.

Аднаго ранку Васілька толькі што скончыў свае малітвы і сеў за стол есці цалкушкі з кіслым малаком, а бацькі збіраліся ехаць на поле капаць бульбу, як да іх у акно пастукаў Міхась Кураводчын (ён тады старастам быў).

— Кастусь,— гукнуў ён,— мо будзеш сына ў школу выпраўляць, дык няхай ідзе запісвацца — настаўнік прыехаў.

Васільку нібы віхор падхапіў з-за стала, і ён раптам апынуўся ў маткі на шыі.

— Мамачка! Мілая, дарагая, залатая, пусці мяне ў школку! — прасіў ён.— Я ўсё, усё буду рабіць. Што ты ні скажаш, буду цябе слухаць — і з Тадоркаю буду гуляць, і парсючку мяшаць, і на гару па макаўкі не палезу — адно пусці мяне ў школку.

— Ну, як, бацька, пусцім Васіля ў школку? — звярнулася маці да Кастуся.

— Няхай ідзе, калі хоча; няхай пападзірае яго там настаўнік за вушы,— адказаў Кастусь.

Пры гэтых словах Васілька чуць не пад столь падскочыў, нібы ён надта рад быў, што яго настаўнік за вушы пападзірае.

Матка пачала рыхтаваць Васільку ў школу. Яна прынесла яму новыя портачкі і чыстую белую кашульку, валасы расчасала і прыгладзіла, як у нядзельку, нават намазала масла на хлеб і ўсё прыганяла Васільку есці; але яму не наўме была яда.

— Глядзі ж, сынок,— навучала яго маці,— калі настаўнік запытае, як цябе зваць, дык ты скажы — Васіль; калі запытае, як айцец завецца, дык ты скажы — Кастусь; можа, і пра матку будзе пытацца, дык скажаш — Марыля, а прозвішча Асцюк.

— Вось нашла што сказаць! Я гэта яшчэ летась ведаў,— адказаў рызыкоўна Васілька і праз хвіліну стаяў ужо ў Габрусёвых пад акном і чакаў іхняга Паўліка, каб разам ісці запісвацца.

Калі яны з Паўлікам ішлі па вуліцы, дык Васілька ўвесь час голасна гутарыў, смяяўся і выглядаў надта храбрым. Але як толькі яны сталі падымацца на ганак школы, дык у яго сэрца пачало моцна тахкаць і ногі зрабіліся нейкімі млявымі.

Са школы чуцён быў гуд, нібы там пчол раздражнілі. Яшчэ ў сенцах Васілька сцягнуў з галавы шапку і, трымаючыся за Паўлікаву апранаху, увайшоў за ім у клас.

Нейкі час Васілька стаяў і баяўся зварухнуцца,— надта ж незвычайна было ўсё ў гэтай хаце: каля сцен у некалькі радоў стаялі чорныя, вузкія не то сталы, не то скрынкі; пасярэдзіне стаяў жоўты стол, а за ім сядзеў нейкі пан у чорным ды нешта пісаў у вялізнай рабой кнізе. Да яго па чарзе падыходзілі дзеці ды нешта яму гаварылі. Каля самага настаўніка (Васілька здагадаўся, што пан у чорным быў настаўнік) на трох нагах стаяла чорная дошка, нібы і яна прыйшла запісвацца ды чакала свае чаргі.

Баючыся адарвацца ад Паўліка, Васілька неўзаметку для самога сябе падышоў да самага настаўніка.

— Як цябе зваць? — запытаў настаўнік.

— Васіль,— ледзь чутна адказаў Васілька.

— А айцец?

— Кастусь...

— А як фамілія?

— Марыля...

Ззаду пачуўся рогат. Засмяяўся і настаўнік.

Васілька здагадаўся, што ён сказаў нешта нядобрае. Ён зачырванеўся, як бурак, і стаў аглядацца па баках, ці няма як уцячы...

— Яго фамілія — Асцюк,— гукнуў бойка Паўлік.

Настаўнік нешта стаў пісаць, а Васілька ўдзячна паглядзеў на Паўліка і прыхіліўся бліжэй да яго.

Прайшло некалькі дзён.

Васілька ўжо зусім асвойтаўся са школаю і нават раз на каленях стаяў за тое, што парабіў сабе чарнілам вусы.

Аднаго разу большыя вучні нешта пісалі, а з меншымі настаўнік перакладаў малітву «Отчэ наш» з незразумелай славянскай мовы.

— «Отче наш, иже еси на небесех» гэта азначае — айцец наш, які ёсць на небе. Айцец гэты, дзеткі, стварыў неба і зямлю і ўсіх нас,— гэта сам бог,— тлумачыў настаўнік.

Але Васілька дрэнна чуў тлумачэнні настаўніка, бо ён у той час заняты быў важнаю гандлёваю справаю — ён з стражнікавым Юзікам мяняўся грыфлямі і браў блішчасты гузік прыдатку.

— Асцюк Васіль! Скажы, хто цябе стварыў? — раптам запытаўся настаўнік.

«Бусел прынёс»,— мільганула ў галаве Васількі. Але тут жа ён успомніў, як праз сон, словы настаўніка — «айцец стварыў усіх нас...».

— Мяне стварыў айцец,— нясмела адказаў ён.

— Які айцец і дзе ён знаходзіцца? — дапытваўся настаўнік.

— Мой бацька, ён у гумне малоціць...

Пры гэтых словах увесь клас паехаў з рогату, а кніжка, якая была ў руках настаўніка, паляцела ў галаву Васількі. Чырвоны як рак настаўнік падышоў да Васількі і са словамі «Вон, балван!!!» вывеў яго з-за парты. «Не смей больш прыходзіць! Скажы бацьку, што ты ўжо здаў экзамен»,— дабавіў ён.

«За што?! — думаў, ідучы з плачам дадому, Васілька.— Ён жа і сам казаў, што ўсіх нас стварыў айцец. А мне ж мама гаварыла, што айцец, дык гэта значыць — бацька. Але, напэўна, лепш бы было, каб я сказаў, што мяне прынёс бусел,— можа б, я тады і не здаў гэтага праклятага «акзамінту».

Праз нейкі час Васільку зноў прынялі ў школу, але цяпер і вялікія і малыя не давалі яму праходу, просячы, каб ён расказаў, як здаваў «акзамінт», ці проста пыталіся: «Хто цябе стварыў?!»

Цяпер Васіль Асцюк ужо дарослы хлопец і служыць паліткіраўніком у Чырвонай Арміі, але, пэўна, ён яшчэ не забыўся, як здаваў «акзамінт».

1923




Беларуская Палічка: http://knihi.com