epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі Якуба Коласа

Беларускі народ за гады савецкай улады дасягнуў вялікіх поспехаў у развіцці сваёй гаспадаркі і культуры. Дзякуючы штодзённым клопатам партыі і савецкай улады вырасла і расквітнела нацыянальная па форме, сацыялістычная па зместу беларуская літаратура. Вырас значны атрад беларускіх пісьменнікаў, якія з поспехам працуюць у розных літаратурных жанрах. Лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў перакладзены на мовы іншых народаў нашай краіны, а таксама краін народнай дэмакратыі і карыстаюцца заслужанай любоўю шматмільённага чытача.

Самым дарагім для нас імем у беларускай літаратуры, побач з імем незабыўнага Янкі Купалы, з’яўляецца імя Канстанціна Міхайлавіча — Якуба Коласа. Неўміручыя творы гэтых двух волатаў беларускай літаратуры знайшлі шырокі шлях да сэрца працоўнага чалавека яшчэ ў змрочную пару царызму. У савецкі перыяд творы іх, узнятыя на яшчэ большую ідэйную і мастацкую вышыню, сталі здабыткам шырокіх працоўных мас не толькі Беларусі, але і ўсяго Савецкага Саюза, увайшлі ў залаты фонд сусветнай літаратуры.

Сямідзесяцігадовы юбілей Якуба Коласа — гэта свята ўсяе савецкай культуры. Гарачай любоўю ўзнагароджвае народ таго, хто, пачынаючы з першых дзён свайго свядомага жыцця, назаўсёды звязаў свой лёс з лёсам народа, хто на працягу амаль паўстагоддзя аддае народу лепшыя парывы свайго сэрца, усе свае сілы і свой вялікі талент. Яшчэ ў бурныя дні першай рускай рэвалюцыі Якуб Колас выступіў як абаронца інтарэсаў народа, як выказнік яго запаветных дум і спадзяванняў. І народ прызнаў у ім свайго сына. Узаемная любоў паэта і народа расла і мацнела з кожным годам. Яна жывіла і жывіць творчы талент паэта, надае яго творам глыбокі змест, багатыя мастацкія фарбы — усё тое, што робіць творы вялікага мастака неўміручымі.

Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч — будучы Якуб Колас — нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў засценку Акінчыцы цяперашняга Стаўбцоўскага раёна Баранавіцкай вобласці ў сям’і Міхаіла Казіміравіча Міцкевіча — малазямельнага селяніна, а потым панскага лесніка. Растучы на адзіноце, сярод лесу, будучы паэт рана зрадніўся з прыродай, якая ўсё больш і больш раскрывала перад ім свае таямніцы. Любоў да прыроды, адчутая з маленства, на ўсё жыццё засталася адной з чароўных асаблівасцей душы паэта і ўпрыгожыла не адзін яго твор.

Леснікову сядзібу зрэдку наведвалі людзі. Гэта найчасцей былі сваякі і знаёмыя з суседняй вёскі — Мікалаеўшчыны, якія вялі гутарку аб сваім гаротным жыцці, аб крыўдах і здзеках з боку паноў і начальства. Часамі заязджалі да лесніка паны і падпанкі з маёнтка або з лясніцтва. Ад гэтых нельга было чакаць нічога добрага, апрача пагарды і знявагі. Малому Кастусю крыўдна было за бацьку, якому ў сілу свайго службовага становішча прыходзілася дагаджаць гэтым людзям і зносіць іх абразы. Адчуванне несправядлівасці рана ўразіла душу паэта і не пакідала яго да самага таго моманту, калі ўсякая сацыяльная несправядлівасць была знішчана ачышчальным агнём рэвалюцыі.

Бацька Канстанціна Міхайлавіча клапаціўся аб тым, каб даць сыну асвету, а разам з ёй і кусок хлеба. З вялікімі цяжкасцямі яму ўдалося ўладзіць сына ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Там з боку семінарскага начальства было ўжыта нямала намаганняў, каб выхаваць юнака ў духу пашаны да цара — «памазаніка божага», умацаваць у ім веру ў непахіснасць і разумнасць існуючага ладу. Але ўрокі жыцця аказаліся мацнейшымі за ўрокі выхавальнікаў. Свежы вецер, прадвеснік надыходзячай рэвалюцыйнай буры, урываўся і ў душныя інтэрнаты настаўніцкай семінарыі, заносячы часамі туды і рэвалюцыйныя пракламацыі.

У 1902 годзе Канстанцін Міхайлавіч канчае семінарыю і накіроўваецца настаўнікам у глухую палескую вёску. Там, ужо вачамі дарослага чалавека, ён зноў бачыць сялянскую галечу, так добра знаёмую яму з маленства. Сяляне прыходзяць да маладога настаўніка са сваімі скаргамі і крыўдамі. Вядома, што ў вялікай спрэчцы працоўнага сялянства з царскім самаўладствам паэт не мог застацца ўбаку, бо іх крыўда была таксама і яго крыўдай. Ён рашуча становіцца на бок пакрыўджаных. Вельмі хутка ў начальства складаецца пра яго думка як пра бунтара. У 1905 годзе мінскі губернатар Курлоў накіроўвае прадпісанне павятоваму начальству аб расследаванні справы настаўніка Міцкевіча, які дапамагаў сялянам вёскі Пінкавічы пісаць петыцыю пану Скірмунту з незаконнымі патрабаваннямі і нават падбухторваў іх захопліваць панскую маёмасць. Мясцоваму начальству прадпісвалася праверыць звесткі і, калі яны пацвердзяцца, арыштаваць «гэту асобу».

Звесткі пацвердзіліся. Крамольная асоба не была арыштавана на гэты раз толькі таму, што начальства баялася выклікаць яшчэ большае хваляванне сялян. Канстанцін Міхайлавіч быў пераведзены з Палесся ў Ігуменскі павет. Гэта рэпрэсіўная мера не запалохала бунтара-настаўніка. У 1906 годзе ён прымае ўдзел у нелегальным з’ездзе беларускіх настаўнікаў і зноў трапляе пад следства, якое цягнецца цэлыя два гады.

У гэтым жа годзе ў газеце «Наша доля» Якуб Колас надрукаваў першы свой верш «Наш родны край». Невясёлымі, змрочнымі фарбамі малюе паэт прыроду роднага краю і жыццё яго насельнікаў:

 

Край наш бедны, край наш родны!

Лес, балота ды пясок...

Чуць дзе крыху луг прыгодны...

Хвойнік, мох ды верасок.

Наша поле кепска родзіць,

Бедна тут жыве народ,

У гразі жыве ён, ходзіць,

А працуе — льецца пот.

А як песня панясецца,

Колькі ў песні той нуды!

Уцякаў бы, бег, здаецца,

Сам не ведаеш куды.

 

Шмат горычы і болю ўкладзена паэтам у гэтыя радкі. Зразумела, што такі твор не мог не выклікаць адпаведнага настрою ў сэрцы беднага селяніна, якому ён быў адрасаваны, не мог не выклікаць гарачага пратэсту супраць такога жыцця, жадання вырвацца, пракласці сабе шлях да лепшай долі. Так з першых крокаў сваёй творчасці Якуб Колас выступае як пясняр народнай долі.

 

Не пытайце, не прасіце

Светлых песень у мяне,

Бо як песню заспяваю,

Жаль вам душу скалыхне,—

 

кажа пясняр у другім сваім вершы.

Скалыхнуць душу, прымусіць працоўнага чалавека аглянуцца на сябе і на сваё гаротнае жыццё, пераканаць яго, што гэта жыццё не варта годнасці чалавека,— такое сацыяльнае прызначэнне сумных вершаў паэта. Ад адчування нездаволенасці сваім становішчам пачынаецца шуканне выхаду з яго. А выхад падказвае сама рэчаіснасць — рэвалюцыйныя падзеі, якія ўскалыхнулі народныя масы, узнялі іх на барацьбу са сваімі крыўдзіцелямі. Паэт выразна намякае на такі выхад у другім сваім вершы, у якім звяртаецца непасрэдна да крыўдзіцеляў народа:

 

Чыімі рукамі

Вы дабро збіралі?

На чые вы слёзы

Дабрабыт куплялі? —

 

пытае ён у іх.

 

Ласкаю чыёю

І з чые вы працы

Замкі збудавалі,

Пышныя палацы?

 

Адказ на гэта запытанне змяшчаецца ў самім запытанні, і вывад напрошваецца сам сабой:

 

Ўжо даўно вяроўкі

Вас, паны, чакаюць,

І па вас асіны

Слёзы праліваюць.

 

Шырокі размах рэвалюцыйных падзей даваў паэту ўпэўненасць у тым, што існуючы лад будзе зламаны і працоўнаму чалавеку адкрыецца іншы свет: «жыцце залатое будзе ў нашай старане». Толькі гэта залатое жыццё само не прыйдзе. Яго трэба здабыць, не спыняючыся перад гвалтам над гвалтаўнікамі.

 

Не, не будзе нам жыцця,

Як паноў не перавешаць,—

 

гаворыць паэт вуснамі аднаго з сваіх герояў.

На гэты раз паны не былі перавешаны. У сілу пэўных гістарычных прычын рэвалюцыя была падаўлена. Царскія каты пачалі жорстка распраўляцца з усімі, хто меў хоць якое-небудзь дачыненне да рэвалюцыйных падзей. Не мінула царская кара і Якуба Коласа. У 1908 годзе адбыўся суд над удзельнікамі нелегальнага настаўніцкага з’езда, і паэта засадзілі на тры гады ў Мінскі астрог.

Цяжка перажываў паэт сваё зняволенне. Усім сэрцам ён ірваўся з-за крат туды, дзе пакінуў сваіх сяброў і любімую справу. Але дарэмна спадзяваліся царскія сатрапы, што пры дапамозе турэмных сцен ім удасца зламаць волю паэта-змагара. Чым больш пераносіў ён фізічных і маральных пакут, тым больш пераконваўся ў неабходнасці далейшага змагання. У вершы пад рашучым загалоўкам «Не дамся» паэт заяўляе:

 

Эх, не радуйся, начальства,

Не злякаўся я турмы.

Хоць навіслі густа хмары,

Хоць на змор мяне бяруць.

Не, мяне не справяць кары.

Толькі злосці паддадуць.

 

За кратамі ж, у самую змрочную пару рэакцыі, напісаны ім баявы верш «Мужык», у якім гэта злосць паэта-рэвалюцыянера выліваецца ў досыць канкрэтную форму:

 

Я мужык, а гонар маю,

Гнуся, але да пары.

Я маўчу, маўчу, трываю,

Але скора загукаю:

Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!

 

З-за крат паэт кідае жорсткія дакоры тым, хто з-за скарынкі хлеба пайшоў на згоду з прыгнятальнікамі і гатоў зноў узлажыць на шыю тое ярмо, якое раней асмейваў. Да сваіх сяброў ён звяртаецца з заклікам «раскатурхаць народ» і аддаць на змаганне за яго долю ўсе свае сілы.

Адбыўшы пакаранне, Якуб Колас выйшаў з турмы, але не выйшаў з-пад апекі царскай улады, якая акружыла яго такім клопатам, што ён не мог атрымаць нават месца настаўніка. Паліцыя сачыла за кожным яго крокам. Але душа паэта не падуладна была паліцыі. Яна па-ранейшаму балела за народ, і гэты боль і гнеў выліліся ў цудоўныя паэтычныя радкі.

Якуб Колас, паэтычны дар якога з такой сілай праявіўся ўжо ў дарэвалюцыйныя часы, адначасна быў і пачынальнікам беларускай мастацкай прозы. Да рэвалюцыі выйшлі ў свет два зборнікі яго апавяданняў. У іх мы бачым выразнае адлюстраванне эпохі і таго сацыяльнага асяроддзя, у якім жылі яго героі. Рэвалюцыйныя настроі сялянства асабліва выразна выступаюць у такіх апавяданнях, як «Бунт» і «Нёманаў дар».

Як мы бачым, цэнтральнай тэмай дарэвалюцыйнай творчасці Якуба Коласа з’яўляецца тэма аб гаротнай долі працоўнага сялянства. Бядняк-селянін з’яўляецца галоўнай фігурай у яго творах гэтай пары. Мы бачым яго з розных бакоў, у розных тыповых для яго абставінах: у полі на вузкім загоне, дома ў цеснай хаце сярод брудных лахманоў, у астрозе за жалезнымі кратамі. І ўсюды неразлучна з ім горкая доля. І ўсюды неадступна сочыць за ім нядрэмнае вока «цара-бацюшкі» ў вобразе паліцэйскага стражніка. Пільна сочыць цар, каб селянін, чаго добрага, не паспрабаваў вырвацца з тых пут, якімі яго аблыталі па руках і нагах.

 

Куды ні глянь, адно і тое:

Усюды стрэльбы і шнуры,—

 

горка наракае паэт.

Гэтай накіраванасцю сваёй творчасці Якуб Колас як не трэба больш адказваў настроям і запатрабаванням самых шырокіх мас. Сялянскае пытанне было цэнтральным пытаннем эпохі, адной з найважнейшых праблем, якую павінна была вырашыць буржуазная рэвалюцыя.

Прадстаўнікі іншых слаёў грамадства фігурыруюць у дарэвалюцыйнай творчасці Якуба Коласа толькі ў такой меры, у якой яны маюць дачыненне да селяніна, у якой меры яны процістаяць сялянству, з’яўляючыся яго прыгнятальнікамі і нахлебнікамі. Гэта паны-памешчыкі, царскія чыноўнікі, так званая вясковая інтэлігенцыя ў асобе папа, сядзельца ды валаснога пісара. Для іх і таго сацыяльнага ладу, апорай якога яны з’яўляюцца, у пісьменніка знаходзіцца вострае слова сатыры. Успомнім такія выдатныя яго творы, як «Асадзі назад!», «Канстытуцыя», «У судзе», «Першае знаёмства», «Верныя сябры», «Пісарскі вечар», «Злавіў», «Ворагам».

Не абышоў паэт сваёй увагай і самага галоўнага крывасмока. Поўныя сарказму вершы «Малебен» і «Мікалаю ІІ» прысвячае ён цару, якому прадракае скорую пагібель.

Значнае месца ў паэзіі Якуба Коласа займае апісанне прыроды, якую ён так глыбока адчувае. Але і праз гэтыя прыродаапісальныя творы мы выразна бачым душу паэта-грамадзяніна. Якую б прыродную з’яву ён ні апісваў, заўсёды, па падабенству ці па кантрасту, звяртаецца ён да праяў грамадскага жыцця. Месяц у яго наглядае з вышыні, як «без хлеба і без долі працавіты люд наш гнецца», Нёман цячэ ў чужыя краі, каб расказаць пра гаротную долю сваіх сыноў, вецер стогне, «як над нівай селянін-араты», птушкі плачуць над мужычай ніваю, якая «зарасла палыном, травою», у навальніцы паэту чуюцца водгукі рэвалюцыйных падзей.

Такім чынам, у сваёй дарэвалюцыйнай творчасці Якуб Колас выступае як рэвалюцыйны дэмакрат, як прадстаўнік працоўных сялянскіх мас, як прадстаўнік усяго беларускага працоўнага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. З першых крокаў свае творчай дзейнасці Якуб Колас усведамляе сябе слугою народа, барацьбітом за яго лепшую долю. Аб гэтым ён выразна гаворыць у вершы «Песняру»:

 

Заспявай жа ты песню такую,

Каб маланкай жахала яна

І паліла нядолю людскую,

Каб грымела, як гнеў перуна.

 

Гэта не выпадковая дэкларацыя, гэта крэда паэта, з якога відаць, у чым паэт бачыць сваё прызначэнне.

Рашаючым у вызначэнні кірунку літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа з’явілася само жыццё, рэвалюцыйныя падзеі, у якіх ён быў не бесстароннім назіральнікам, кроўная сувязь паэта з народам, з гушчаў якога выйшаў ён сам. Разам з тым вялікі ўплыў на фарміраванне эстэтычных поглядаў Якуба Коласа і яго мастацкага густу зрабіла перадавая руская і ўкраінская літаратура. Дэмакратычныя традыцыі Пушкіна, Гогаля, Някрасава, Шаўчэнкі трапілі на добрую глебу і знайшлі ў творчасці Якуба Коласа сваё далейшае развіццё. Хараство мастацкага слова паэт пачаў пазнаваць яшчэ ў дзяцінстве, калі яго дзядзька падарыў яму кніжку баек Крылова. У далейшым, пасучы каровы, ён чытаў ужо не толькі Крылова. У торбачцы ў яго заўсёды быў томік Пушкіна, і ён мог на памяць прачытаць ад пачатку да канца «Палтаву», «Браты-разбойнікі», «Цыганы» і іншыя творы вялікага паэта. Асабліва вялікі ідэйны ўплыў на фарміраванне светапогляду Якуба Коласа зрабіў Аляксей Максімавіч Горкі, які так любоўна сачыў за развіццём беларускай дэмакратычнай літаратуры і падтрымаў яе лепшых прадстаўнікоў — Янку Купалу і Якуба Коласа сваім цёплым словам, даўшы іх паэзіі высокую ацэнку. «У Беларусі ёсць два паэты: Якуб Колас і Янка Купала — вельмі цікавыя хлопцы,— пісаў Аляксей Максімавіч украінскаму пісьменніку М. М. Кацюбінскаму.— Проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы трошкі такіх якасцей. Вось бы добра было...»

Рэвалюцыйны гуманізм вялікага пралетарскага пісьменніка знайшоў глыбокі водгук у душы беларускага паэта-дэмакрата. Аляксей Максімавіч Горкі быў для Якуба Коласа ўзорам пісьменніка-грамадзяніна, прыкладам высокага служэння народу.

«Ён вучыў нас,— кажа Якуб Колас,— што самая вялікая школа пісьменніка — жыццё, блізкая непасрэдная сувязь з народам. Хто па-сапраўднаму пачуе голас зямлі, пранікнецца яе паэзіяй, той перадасць іх шматтысячным рэхам ва ўсе далёкія куткі нашай Радзімы».

Імперыялістычная вайна, якая пашырылася і на тэрыторыі Беларусі, прынесла шмат гора беларускаму народу і выклікала ў душы паэта-гуманіста гнеўны пратэст, выказаны ім у такіх вершах, як «Ворагам», «Думкі салдата», «Люд стогне, гаруе». Сам паэт быў уцягнуты ў крывавы вір вайны. У 1915 годзе Канстанцін Міхайлавіч быў мабілізаваны ў царскую армію і накіраваны ў ваеннае вучылішча. Давялося яму пабыць і на фронце. У 1918 годзе ён як настаўнік быў дэмабілізаваны і пэўны час працаваў настаўнікам і школьным інспектарам у Абаяні Курскай губерні, куды была эвакуіравана сям’я паэта.

За гэты час адбыліся падзеі сусветна-гістарычнага значэння. Паўстаўшы народ скінуў ненавіснага цара і палажыў канец крываваму рэжыму самаўладства. У хуткім часе рэвалюцыйны пралетарыят у саюзе з працоўным сялянствам пад кіраўніцтвам выхаванай Леніным Камуністычнай партыі назаўсёды скінуў уладу буржуазіі і заснаваў першую ў свеце сацыялістычную дзяржаву. Жыццё апярэдзіла мары і спадзяванні паэта. Як выказнік і абаронца інтарэсаў працоўнага сялянства, ён заклікаў народ да рэвалюцыйнай барацьбы, але не мог прадбачыць канкрэтных шляхоў, па якіх пойдзе руская рэвалюцыя. Паэт не падазраваў, што ў нетрах грамадства вырасла новая, магутная сіла, якая здольна ўзяць у свае рукі лёс велізарнай краіны з яе многамільённым і многанацыянальным насельніцтвам, здольна вырашыць усе балючыя пытанні, у тым ліку сялянскае і нацыянальнае пытанне, якія так хвалявалі паэта. Патрэбен быў пэўны час, каб усвядоміць усю веліч і значэнне падзей, якія адбыліся, убачыць іх у святле новага, марксісцкага светапогляду. Пазней паэт сам вельмі трапна гаварыў аб гэтым моманце: «У чым быў карэнны недахоп беларускай паэзіі? Недахоп, які значна паніжае яе мастацкую вартасць? Перш за ўсё і, галоўным чынам, у тым,— кажа Якуб Колас,— што самі песняры, сапраўдныя выражальнікі народнага гора, не мелі ясна акрэсленых палітычных поглядаў, не мелі таго светапогляду, не ўладалі тымі метадамі барацьбы, якія несла і прапаноўвала марксісцка-ленінская філасофія».

Гэтым, мабыць, і тлумачыцца тая акалічнасць, што ў першыя гады пасля Кастрычніка мы не бачым належнага адлюстравання рэвалюцыйных падзей у творах Якуба Коласа. У гэты перыяд паэт інтэнсіўна працуе над завяршэннем твораў, пачатых ім яшчэ да рэвалюцыі: «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». У іх вялікае дараванне паэта раскрылася перад намі з нябачанай да таго сілай.

Такі твор, як паэма «Новая зямля», з’яўляецца сапраўднай жамчужынай у беларускай літаратуры. Асноўны герой дарэвалюцыйнай творчасці Якуба Коласа, якога аўтар у ранейшых творах паказвае нам эпізадычна, то адным, то другім яго бокам, выступае тут ва ўсёй сваёй паўнаце і яркасці, вылеплены вялікім мастаком. У гэтым сапраўды класічным творы мы бачым жыццё бедняка-селяніна ад калыскі да магілы з усімі яго вялікімі пакутамі і скупымі радасцямі. Яркімі фарбамі намалявана сацыяльнае асяроддзе, у якім ён жыве і дзейнічае, сямейны быт, прырода, якая яго акружае. Носьбітам асноўнай ідэі твора з’яўляецца яго галоўны герой Міхал, беззямельны селянін, які зарабляе горкі кусок хлеба службай у пана на пасадзе лесніка. Міхал не хоча мірыцца са сваім лёсам і напружвае ўсе сілы, каб вырвацца з паднявольнага становішча. Паратунак уяўляецца яму ў выглядзе ўласнага кавалка зямлі.

 

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,

Каб з панскіх выпутацца пут.

 

Усе намаганні яго самога і членаў яго сям’і накіраваны на ажыццяўленне гэтай мары. Перад намі праходзіць поўнае драматызму жыццё галоўнага героя, які так і памірае, не дасягнуўшы пастаўленай мэты. Выбраны ім шлях аказваецца ілюзорным. Адзіным шляхам да вызвалення з паднявольнага становішча з’яўляецца шлях рэвалюцыйнай барацьбы. Міхал смутна здагадваецца аб гэтым ужо на смяротнай пасцелі.

Другім выдатным творам Якуба Коласа гэтага перыяду з’яўляецца паэма «Сымон-музыка». Гэта, бадай, самы задушэўны твор паэта, прасякнуты вялікай любоўю да чалавека. Цэнтральным героем твора з’яўляецца сялянскі хлопчык, надораны чулай, уражлівай душой і вялікімі музычнымі здольнасцямі. У творы паказваецца трагічны лёс таленту з народа, які са сваімі светлымі марамі і высокімі парывамі натыкаецца на суровую рэчаіснасць капіталістычнага ладу. У гэтым творы, як ні ў якім іншым, паэт выказвае свае погляды на мастацтва. Праз увесь твор праводзіцца думка, што крыніцай мастацтва з’яўляецца само жыццё, якое дае яму ідэйны змест і жывыя яркія фарбы. Высокім прызначэннем мастацтва з’яўляецца служэнне народу. Паэма «Сымон-музыка» карыстаецца заслужанай любоўю нашага чытача, асабліва нашай савецкай моладзі.

З празаічных твораў гэтага часу самымі значнымі з’яўляюцца дзве часткі палескай трылогіі — «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся», у якіх аўтар ставіць сабе мэту паказаць шлях беларускай дэмакратычнай інтэлігенцыі да рэвалюцыі. Сярод прадстаўнікоў апошняй у аповесці вылучаецца сваім дапытлівым розумам і высокімі маральнымі якасцямі малады настаўнік Андрэй Лабановіч, які спрабуе асэнсаваць сваё месца і прызначэнне ў жыцці шляхам абстрактна-разумовых разважанняў, беспаспяхова намагаецца знайсці адказ на пытанне — у чым сэнс жыцця? Жыццё вымушае яго стаць на рэальную глебу і прыняць удзел у барацьбе, якую вядуць сяляне супраць пана. У працэсе гэтай барацьбы ён звязваецца з людзьмі рэвалюцыйнага падполля і тут толькі пачынае знаходзіць адказ на пытанне, якое яго мучыла.

Гісторыя Лабановіча ў першых дзвюх частках трылогіі не закончана. Цяпер аўтар працуе над трэцяй часткай — «На ростанях», у якой мае намер правесці Лабановіча праз цяжкія жыццёвыя выпрабаванні і паказаць, як ён стаў на шлях барацьбы за новы сацыяльны лад.

Гэтымі сваімі творамі Якуб Колас як бы падводзіць рысу ў паказе дарэвалюцыйнай рэчаіснасці. Разам з тым ён усё глыбей і глыбей закранае савецкую тэматыку. Гэтаму ў значнай меры спрыяе пераезд паэта ў Мінск, дзе ён апынаецца ў самым цэнтры грамадскага і культурнага жыцця рэспублікі. Гэтаму яшчэ ў большай меры спрыяюць мерапрыемствы савецкай улады, у якіх з усёй сілай праявіліся вялікія заваёвы Кастрычніка, велізарныя здабыткі, якія сацыялістычная рэвалюцыя прынесла беларускаму народу.

Па ініцыятыве Камуністычнай партыі ўтвараецца Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка,— беларускі народ упершыню за ўсю гісторыю атрымлівае сваю дзяржаўнасць. У 1921 годзе ў Мінску адкрываецца Беларускі дзяржаўны універсітэт, у арганізацыі якога Канстанцін Міхайлавіч прымае актыўны ўдзел і вядзе ў ім педагагічную работу. Прымае ён таксама ўдзел і ў арганізацыі Акадэміі навук, у якой ад пачатку яе існавання працуе ў якасці яе правадзейнага члена і віцэ-прэзідэнта, з’яўляецца ён ініцыятарам і ўдзельнікам многіх іншых культурных пачынанняў. На вачах паэта Беларусь, якая раней была адсталай ускраінай царскай Расіі, ператвараецца ў квітнеючую, перадавую, індустрыяльную рэспубліку. Камуністычная партыя, якая так любоўна расціла і выхоўвала маладыя кадры савецкіх пісьменнікаў, вельмі чула ставілася і да пісьменнікаў старэйшага пакалення, дапамагаючы ім пазбавіцца ад уплываў буржуазнай ідэалогіі, засвоіць марксісцка-ленінскі светапогляд. Партыя дапамагла і Якубу Коласу ў яго ідэйным росце. Дзякуючы партыі Якуб Колас здолеў правільна арыентавацца ва ўмовах жорсткай класавай барацьбы. Ён не даў сябе ўцягнуць у балота буржуазнага нацыяналізму, а яшчэ больш узмацніў сваю сувязь з народам, яшчэ больш умацаваўся на пазіцыях савецкага пісьменніка, адданага савецкай уладзе і партыі. Паэт усё глыбей асэнсоўвае вялікія здабыткі, якія прынесла рэвалюцыя беларускаму народу, усё больш пранікаецца марксісцка-ленінскім светапоглядам і з яго пункту гледжання ацэньвае з’явы сучаснасці і мінулага. Ён пераконваецца, што доля народа, за якую так балела яго душа, сапраўды закрасавала на беларускай зямлі. З творчасці Якуба Коласа знікаюць ноткі жальбы і тугі, уласцівыя яго дакастрычніцкай творчасці, і ён пачынае ўслаўляць партыю і савецкую ўладу, якія далі шчасце беларускаму народу, пачынае паказваць вобразы савецкіх людзей — барацьбітоў за новае жыццё, будаўнікоў сацыялізма.

Адным з першых твораў такога характару з’яўляецца апавяданне «Сяргей Карага», у якім аўтар малюе вобраз рабочага-камуніста, што аддаў сваё жыццё ў змаганні за ўладу Саветаў.

У аповесці «На прасторах жыцця» Якуб Колас паказвае вясковых юнакоў і дзяўчат. Іх імкненне да навукі, жаданне хутчэй перабудаваць жыццё на новы лад, светлыя мары аб сваёй будучыні знаходзяць усямерную падтрымку з боку савецкай улады. Атрымаўшы ў горадзе адукацыю, яны варочаюцца ў вёску актыўнымі будаўнікамі новага жыцця, гарачымі патрыётамі свае радзімы.

Аповесцю «Адшчапенец» Якуб Колас адгукнуўся на такую велізарную падзею ў жыцці нашай краіны, як перабудова дробнаўласніцкай сялянскай гаспадаркі на новы, калгасны лад. У вобразе Пракопа Дубягі мы тут бачым прадстаўніка серадняцкай часткі сялянства з яго сумненнямі і хістаннямі, з яго дробнаўласніцкай псіхалогіяй, якая толькі пад напорам неабвержных фактаў і яскравых доказаў уступае месца новым поглядам і настроям.

Аповесць «Дрыгва» і п’еса «Вайна вайне» запаўняюць у творчасці Якуба Коласа той прабел, які быў у паказе імперыялістычнай і грамадзянскай войнаў.

Аповесць «Дрыгва» з’яўляецца выдатным творам беларускай савецкай літаратуры, прысвечаным барацьбе беларускага народа і Чырвонай Арміі з белапольскімі акупантамі, за спіной якіх стаялі імперыялісты Францыі, Англіі, Амерыкі. У вобразе цэнтральнага героя гэтай аповесці дзеда Талаша, яго сяброў і паплечнікаў па партызанскай барацьбе — Мартына Рыля, Цімоха Будзіка, Балука, камандзіра ўзвода Букрэя, камандзіра батальёна Шалёхіна, камуніста-падпольшчыка Нявіднага — Якуб Колас паказвае высокі патрыятызм савецкіх людзей, гатовых ахвяраваць жыццём за свабоду і незалежнасць сваёй радзімы, за вялікія заваёвы Кастрычніка. Гэты высокапатрыятычны твор карыстаецца заслужанай любоўю савецкага чытача. На ім выхоўвалася савецкая моладзь — беларускія юнакі і дзяўчаты, якія ў дні Айчыннай вайны праславілі сябе гераічнымі подзвігамі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Твор гэты перакладзены на мовы іншых савецкіх народаў, а таксама на польскую мову, на якой выдадзены ў народна-дэмакратычнай Польшчы.

У п’есе «Вайна вайне» адлюстроўваецца адзін з важнейшых момантаў рэвалюцыйнай барацьбы — перарастанне імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую. У ёй пераканаўча паказана, як бальшавіцкія ідэі глыбока пранікаюць у масы салдат-франтавікоў, як пад іх уплывам прадстаўнікі рабочага класа, працоўнага сялянства і дэмакратычнай інтэлігенцыі пачынаюць рашуча выступаць супраць крывавай бойні і накіроўваць зброю супраць сваіх прыгнятальнікаў — памешчыкаў і капіталістаў.

Перамога сацыялізма ў нашай краіне абумовіла новы ўздым усяе савецкай літаратуры. Метад сацыялістычнага рэалізму даў пісьменнікам новы магутны сродак у адлюстраванні савецкай рэчаіснасці. Ліквідацыя РАПП, арганізацыя Саюза савецкіх пісьменнікаў, у якім аб’ядналіся ўсе пісьменнікі нашай краіны, што стаялі на платформе савецкай улады, спрыялі кансалідацыі пісьменніцкіх сіл, больш цеснаму згуртаванню іх вакол Камуністычнай партыі. Усё гэта зрабіла дабратворны ўплыў на развіццё беларускай савецкай літаратуры, на чале якой стаялі вялікія песняры беларускага народа Якуб Колас і Янка Купала. Яны знаходзіліся ў першых радах самай перадавой у свеце савецкай літаратуры побач з такімі выдатнымі рускімі савецкімі пісьменнікамі, як Аляксандр Фадзееў, Міхаіл Шолахаў, Аляксей Талстой.

У савецкі перыяд вялікі талент Якуба Коласа дасягнуў свайго поўнага росквіту і праявіўся ва ўсіх жанрах яго шматграннай творчасці. Паспяховае авалоданне метадам сацыялістычнага рэалізму дае пісьменніку магчымасць пранікнуць глыбей у сутнасць з’яў нашай савецкай рэчаіснасці. Значна пашырыўся кругазор пісьменніка, а разам з ім і круг яго тэматыкі, павысіўся ідэйны і мастацкі ўзровень яго твораў. Асноўнай тэмай яго творчасці з’яўляецца, як і раней, тэма народнай долі, але тэма гэта асвятляецца па-новаму, бо і доля народа стала зусім іншай. У дружнай сям’і брацкіх народаў беларускі народ знайшоў сваё доўгачаканае шчасце. З натхненнем і радасцю будуе ён сваё новае жыццё. У розных сферах дзейнасці выяўляюцца ўсё новыя і новыя народныя таленты, якім савецкая ўлада забяспечыла ўсе магчымасці расці і развівацца. У адпаведнасці з гэтым і песня паэта аб народным шчасці набывае іншае гучанне. Яна ўся прасякнута сонечным святлом і цеплынёй. Само аблічча роднай зямлі з’яўляецца новым у вачах паэта і замест ранейшага смутку выклікае ў яго душы радасць і замілаванне:

 

Шумяць па-новаму дубровы —

На край свой люба мне зірнуць...

Цябе, зямля, ў адзенні новым

Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць.

 

Новыя пачуцці працоўнага чалавека — радасць свабоднай творчай працы, упэўненасць у заўтрашнім дні і ў сваім шчасці, любоў да Савецкай Радзімы — ярка адлюстраваны ў творах народнага паэта, які сам быў сведкам сумнага мінулага нашага народа.

Паэта вельмі засмучала тое, што не ўвесь беларускі народ жыў шчасліва, што значная частка яго яшчэ знаходзілася пад прыгнётам панскай Польшчы. Думкі паэта, як і яго натхнёнае слова, пранікалі за калючы дрот, за пагранічныя кардоны і знаходзілі жывы водгук у сэрцы спакутаваных людзей. Творы Якуба Коласа перадаваліся там з рук у рукі, чыталіся на падпольных сходах, за кратамі Лукішак. Яны ўсялялі працоўным беларусам надзею на блізкае вызваленне, узнімалі на барацьбу з прыгнятальнікамі. І калі ў 1939 годзе, дзякуючы мудрай палітыцы нашай партыі, гістарычная несправядлівасць была ліквідавана і ўвесь беларускі народ уз’яднаўся ў адзінай савецкай дзяржаве, паэт горача прывітаў вялікую падзею ў вершы «Свайму народу».

Якуб Колас не забывае і пра тое, што вялікія поспехі краіны сацыялізма выклікаюць лютую нянавісць нашых ворагаў за мяжой, якія не расстаюцца з думкамі аб тым, каб павярнуць кола гісторыі назад, якія рады былі б зноў запрэгчы ў ярмо працоўных нашай краіны. Паэт узнімае свой гнеўны голас супраць імперыялістычных драпежнікаў, якім само існаванне нашай краіны з’яўляецца бяльмом на воку. Іх авантурным планам ён процістаўляе рэальную сілу нашай краіны — палітыка-маральнае адзінства савецкіх людзей, непарушную дружбу народаў:

 

Ніхто гэткай сілай яшчэ не валодаў,

І сілы такой не было.

Імя ёй свабода і дружба народаў,

Друг верны праслаўленых нашых паходаў

Варожаму свету назло.

 

Самае пачэснае месца ў сям’і брацкіх народаў адводзіць паэт вялікаму рускаму народу, які не раз падаваў руку брацкай дапамогі беларускаму народу, які дапамог усім народам былой царскай Расіі скінуць ярмо сацыяльнай і нацыянальнай няволі і сёння дапамагае ім будаваць новае, шчаслівае жыццё, які вынес на сваіх плячах галоўны цяжар вайны з фашысцкай Германіяй.

Здрадніцкі напад гітлераўскіх полчышч прынёс беларускаму народу шмат гора і пакут. Фашысцкія варвары залілі крывёй абшары Беларусі, разбурылі гарады і вёскі, знішчылі матэрыяльныя і культурныя здабыткі нашага народа. Знішчылі яны і дом Канстанціна Міхайлавіча, а разам з домам і рукапісы паэта, яго архіў і бібліятэку, якія складалі вялікую культурную каштоўнасць. Сам паэт вымушан быў пакінуць родныя мясціны і шукаць прытулку ва ўсходніх раёнах краіны. Паэт балюча перажываў часовую акупацыю Беларусі. Яго чулае сэрца глыбока ранілі весткі аб фашысцкіх зверствах над мірным савецкім насельніцтвам. Як гарачы патрыёт Якуб Колас усю сваю творчасць і грамадскую дзейнасць аддае справе вызвалення радзімы. У сваіх мастацкіх творах і публічных выступленнях ён выкрывае звярынае аблічча фашызму, услаўляе гераізм савецкіх людзей. Напісаная ў гэты час паэма «Адплата» з’яўляецца адлюстраваннем гераічнай партызанскай барацьбы беларускага народа з нямецкімі акупантамі, паказам яго высокіх маральных якасцей і нязломнай волі да перамогі над ненавісным ворагам. У думках паэт неразлучны са сваім народам і яго лепшымі сынамі, якія вядуць гераічную барацьбу ў тыле ворага:

 

У кожны міг, у кожны час

Душою, сэрцам я між вас,

Браты мае, байцы-сябры,

Зямлі сваёй багатыры!

 

Паэт ні на адзін момант не сумняваецца, што савецкі народ пераможа ў гэтай крывавай барацьбе, што родная зямля будзе вызвалена ад варожай навалы.

Якуб Колас у гэты ж час працуе над заканчэннем аднае з лепшых сваіх паэм «Рыбакова хата». Гэты выдатны твор пачаты аўтарам яшчэ да вайны. У ім Якуб Колас паказвае барацьбу працоўных Заходняй Беларусі за сваё вызваленне з-пад прыгнёту панскай Польшчы. У вобразе цэнтральнага героя гэтай паэмы — Данілы мы зноў бачым прыгнечанага бедняка-селяніна, над якім з усялякімі прыладамі прымусу і здзеку стаяць усё тыя ж, толькі па-іншаму апраненыя, злавесныя фігуры: пан, кулак, жандар, дзяржаўны чыноўнік. Але ў параўнанні з ранейшым ёсць і вялікая розніца ў становішчы працоўных. Яна заключаецца ў тым, што на ўсходзе існуе і квітнее вялікая краіна сацыялізма. Ясныя зоры Крамля свецяць братам у няволі і натхняюць іх на барацьбу за сваё вызваленне. І няма ў паноў-прыгнятальнікаў ніякіх сродкаў, якімі б яны маглі перагарадзіць доступ камуністычных ідэй у шырокія працоўныя масы. Ідэі гэтыя пранікаюць нават праз мураваныя сцены і жалезныя краты. Іменна ў турме сустракаецца Даніла з носьбітамі гэтых ідэй — камуністамі-падпольшчыкамі, якія паказваюць яму правільны шлях да вызвалення. Надзеі працоўных спраўдзіліся: савецкая краіна падала руку дапамогі братам у няволі. Паэма заканчваецца паказам хвалюючага моманту вызвалення.

У лірычных вершах пасляваеннага часу Якуб Колас услаўляе мірную працу савецкіх людзей, радуецца, гледзячы на тое, як пад іх працавітымі рукамі ўстаюць з руін і папялішчаў нашы калгасы і гарады, як будуюцца новыя гіганты-заводы, як расце і з кожным днём прыгажэе сталіца нашай рэспублікі.

Як паэт і выдатны грамадскі дзеяч Якуб Колас прымае самы актыўны ўдзел у барацьбе за мір. Яго выступленні на канферэнцыях прыхільнікаў міру, яго палымяныя вершы выкрываюць подлыя намеры падпальшчыкаў вайны, якія будуюць свой дабрабыт на чалавечай крыві і слязах. Паэт заклікае ўсіх сумленных людзей стаць пад слаўныя сцягі абаронцаў міру.

Услаўляючы подзвігі савецкіх людзей у творчай працы і ў змаганні з ворагам, апяваючы іх шчаслівую долю, Якуб Колас выказвае пачуцці гарачай любві і глыбокай падзякі Камуністычнай партыі, якая вядзе краіну да новых перамог.

Творчасць Якуба Коласа з’яўляецца не толькі вялікім здабыткам беларускай савецкай літаратуры, але і вялікім укладам у скарбніцу ўсяе савецкай літаратуры. Выдатнай якасцю Якуба Коласа як мастака з’яўляецца яго глыбокае пранікненне ў жыццё, уменне ўбачыць у ім самае істотнае, чым жыве народ у дадзены гістарычны момант, уменне паказаць гэта самае істотнае ў паўнакроўных мастацкіх вобразах. Якуб Колас паказаў сябе вялікім майстрам ва ўсіх літаратурных жанрах. Ён з’яўляецца заснавальнікам беларускай мастацкай прозы, выдатныя ўзоры якой мы бачым у палескіх аповесцях, у «Дрыгве» і шматлікіх апавяданнях. Ён упершыню ў беларускай літаратуры стварыў вялікія эпічныя рэчы ў вершаванай форме, такія, як «Новая зямля», «Сымон-музыка», «Рыбакова хата». Калі мы чытаем яго творы, перад намі праходзіць цэлая галерэя незабыўных вобразаў — яркіх, праўдзівых, выпісаных вялікім мастаком, у распараджэнні якога знаходзіцца, здаецца, неабмежаваная колькасць выяўленчых мастацкіх сродкаў.

Творчасць Якуба Коласа з’яўляецца крыніцай асалоды і пазнання жыцця для мільёнаў савецкіх чытачоў.

1952


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан