epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Жывыя і мёртвыя

(Маленькі фельетон)

Мы ведаем не мала казак і легенд аб людзях, якім не ляжалася ў магілах. Яны варочаліся на зямлю, каб скончыць тое, чаго не паспелі зрабіць за жыццё, альбо каб паквітацца з ворагамі, найчасцей — адпомсціць ім за сваю ўласную смерць. Але гэта ўсё было, як кажуць, «у некаторым царстве, у некаторым гасударстве, яшчэ за царом Гарохам», і ва ўсякім выпадку не за нашу памяць. З савецкімі грамадзянамі дагэтуль такога не здаралася. Ды яно і зразумела: савецкі чалавек жыве паўнацэнным разумным жыццём, працуючы на карысць сацыялістычнай радзімы, а калі памірае ўжо, дык памірае з упэўненасцю, што справу, якой ён аддаў сваё жыццё, жывыя таварышы давядуць да канца і што з ворагамі гэтай справы таксама ёсць каму паквітацца.

Але вось у жніўні гэтага года ў Мінскі політэхнічны інстытут вярнуўся студэнт 3-га курса Іван Іванавіч Валадковіч... проста з таго свету. Як жывы дакор, стаў ён перад віноўнікамі свае смерці. Наперакор усім традыцыям нябожчык зусім не падобен быў на шкілет; нават бледнасці, без якой ні адзін парадачны мярцвяк не можа абысціся, і тае не відаць было на твары. Нягледзячы на трохмесячнае прабыванне на тым свеце, нябожчык меў выгляд зусім здаровага чалавека і нават умудрыўся здорава загарэць. Праўда, людзі дасведчаныя кажуць, што «там» у некаторых месцах бывае досыць-такі горача, але ўсё ж гэта не паўднёвы бераг Крыма, каб загараць. Далейшыя паводзіны нябожчыка таксама былі досыць дзіўныя: ён не кідаўся на віноўнікаў свае смерці, не сціскаў іх у сваіх ледзяных абдымках і не правальваўся з імі скрозь зямлю,— ён ціха пасяліўся на сваёй ранейшай кватэры, а калі надышоў час заняткаў, акуратна стаў наведваць лекцыі.

Так бы і дагэтуль Іван Іванавіч Валадковіч быў выхадцам з таго свету, каб у Мінск не прыехаў яго родны брат. Ён зайшоў да знаёмага, каб распытацца, як правёў нябожчык апошнія дні перад смерцю і дзе яго магіла. Доўга не гаворачы, знаёмы апрануўся і павёў за сабой Іванавага брата. Праз некалькі хвілін той убачыў не магілу, а самога жывога Івана. Іванаў брат аслупянеў ад нечаканасці. Ён глядзеў то на Івана, то на паперку, якую трымаў у руках, быццам не ведаючы, каму больш верыць: сваім вачам ці гэтай паперцы. А ў паперцы было напісана:

«Тов. Володкович.

Ваше письмо на имя брата Володковича Ивана, студента торффака Политехнического института получено, но брат Ваш умер от туберкулеза легких в мае с. г., так что институт ставит Вас об этом в известность и отсылает письма.

8/УІІ-Зб г. Вербицкая».

А Іван Валадковіч тым часам праводзіў лета ў лагерах, нічога не падазраючы аб сваёй смерці і аб вялікім горы брата і бацькоў, якім сакратар торффака інстытута Вярбіцкая вярнула іх пісьмы з паведамленнем аб смерці Івана.

Цяпер пакінем на хвіліну братоў пры іх радаснай сустрэчы, а самі кінем вокам у Політэхнічны інстытут.

Інтэрнат: цесната і бруд; умывальнікі забруджаны; бялізну памыць няма дзе. Студэнтам рыхтавацца таксама няма дзе: чытальня ў інстытуце адчынена толькі з 3-х да 9-ці гадзін вечара, ды і то ў ёй адны толькі газеты. Студэнтка Левіна ляжыць пятнаццаць дзён у больніцы хворая на брушны тыф, але ніхто з адміністрацыі не падумаў пра яе, не пацікавіўся. Насілу камсамольская арганізацыя дамаглася, каб выдалі Левінай грашовую дапамогу... 30 руб.!

Асаблівай «чуласцю» да студэнтаў вызначаецца дэкан тарфянога факультэта Дарашэвіч. Захварэў студэнт Несцерчык (той самы, з якім пасля пераблыталі Валадковіча). Калі хворы звярнуўся да дэкана з просьбай аб грашовай дапамозе, дык гэты «добры» чалавек нешта буркнуў сабе пад нос і адмовіўся гаварыць. Атрымаўшы такую «дапамогу», Несцерчык у хуткім часе памёр. Але Дарашэвіча гэта зусім не кратае. Для яго, відавочна, лягчэй занесці чалавека ў спісы мёртвых, чым паклапаціцца аб жывым. Можна было б прывесці дзесятак фактаў бяздушных агідных адносін да студэнтаў у Політэхнічным інстытуце.

Так «клапоцяцца» кіраўнікі інстытута аб жывых людзях, аб кадрах савецкай інтэлігенцыі.

Пры такіх «уважлівых» адносінах да людзей зусім лёгка можна пераблытаць жывых з мёртвымі. Мы не здзівімся, калі Вярбіцкая як-небудзь незнарок занясе ў спісы мёртвых і ўсё кіраўніцтва інстытута. На гэты раз яна не памыліцца: кіраўніцтва сапраўды-такі не жывое.

1936


1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан