epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Лейка

Таклюся-сухотніца

(Беларускія тыпы)

Аж жаль бярэ, як узглянеш на Таклюсю: худая, - адны косці, твар асунуўся, пазелянеў, вочы заваліліся глыбока пад лоб, грудзі высахлі, рукі цялёпаюцца, як шчэпкі, - хоць у труну кладзі.

- Сухотніца! - кажуць людзі, з жалем гледзячы на Таклюсю: і ў чым толькі яе душа дзержыцца?

Запаўшыя ў падлоб'е глыбока вочы, смутны задумчывы твар, зморшчаны лоб і моцна сціснутыя вусны, - усё гэта яўна дасвячае, што ў сваёй душы Таклюся носіць нейкую вельмі дакучную думу, ад каторае яна ніяк не можа адвязацца і каторая кіруе ёю, куды захоча. Ад гэтай дакучнай думкі, што, як п'яўка, смокча яе сэрца, яна, мусі, і высахла.

Якая гэта думка апанавала Таклюсіным сэрцам і ссушыла яе самую, - аб гэтым мы даведаемся потым, пачакаўшы крыху, а цяпер паглядзімо, як жыве наша сухотніца.

Хоць на ўзгляд Таклюся паказваецца шчуплаю і благою, але на ўсём сяле лічыцца першай работніцай, вельмі здатнай да ўсякай гаспадарскай справы.

Кожны дзень яна ўстае яшчэ дзе да пеўняў і з пацерамі прымаецца за работу: гатовіць страву для сваёй сям'і, прадзе кудзелю або шые дзецям сарочкі ды нагавічкі. Уецца ў сваёй цёмнай хатцы, як пчолка ў вулейку; і за што ні возьмецца, работа ў яе проста кіпіць і спорыцца.

Нудна гудзе ў Таклюсіных руках пузатае верацяно, трашчыць у печы, разгараючыся, удушлівы ядловец, храпуць на запечку пад старым радном заснуўшыя хлопцы, а над гэтымі галасамі, як звон над кірмашным гоманам, нясуцца поўныя жалю, поўныя надзеі і цёплага чуцця словы Таклюсіных пацераў: «Езу добры, божа міласцівы! змілуйся над намі, людзьмі нямоцнымі, адпусці нам нашы цяжкія грахі і адкрый нам сваю святую волю...»

Зімой Таклюся дагледзіць як найлепей сваю худобу - кароўку і волікаў, накорміць упару авечак, зазаве ў хату азябшых парасятак і абагрэе іх пад запечкам, а затым не забудзе і сваіх хлопчыкаў: таго да школкі выправіць, улажыўшы яму ў радняну торбачку кавалачак хлеба ды дзве-тры бульбачкі, другога пашле да панскага двара на падзённую работу, каб зарабіў які-небудзь грош, а самых маленькіх, што яшчэ на запечку сядзяць без нагавіц, пазабаўляе і ўпару накорміць-напоіць, а калі трэба, то крыху і прыстрашыць...

Улетку, управіўшыся каля хаты, Таклюся з усходам сонца спяшыць на поле жаць. Перш яна жне сабе, а потым, як падгоніць свой каснік да палавіны палеткаў, наймаецца да багатых гаспадароў або да панскага двара, каб зарабіць сабе крыху грошай на розну патрэбу.

Усюды - ці на сваёй, ці на чужой постаці, Таклюся ў рабоце перша; ніхто не ўмее гэтак хутка і роўна жаць, як яна; ні ў кога сноп не выйдзе гэтакім тугім і зграбным, як у яе.

- Не жне, а грае!.. - кажуць людзі, зайздросліва гледзячы на Таклюсіну работу.

У рабоце Таклюся мала гаворыць, больш маўчыць і аб нечым усё думае. Якая думка ляжыць у яе на сэрцы, ніхто не ведае, але па яе вачах і па твары ўсякі можа дагадацца, што думка гэта вельмі цяжкая і неадвязная. Іншы раз у Таклюсі зразу апускаюцца рукі, серп падае на зямлю, плечы выпрастоўваюцца, і яна, уставіўшы ўперад у сінюю імглу свае запаўшыя вочы, пачынае горка плакаць; і слёзы буйнымі круглымі каплямі коцяцца з яе вачэй на калючае ржышча...

- Бог з табой, Таклюська, чаго ты плачаш? - дапытваюцца жанкі.

- Ах, мае вы сястронкі, - адказвае яна, - як жа мне, бяздольнай, не плакаць... Чым мае сіроты будуць жыць, як я памру? Па аднаму загону зямлі, і таго кожнаму не хопіць, а запасу ў гаспадарцы няма ніякага... Прыйдзецца ім, бедным, з торбай па свеце ісці... божа мой, божа мой!..

Як толькі пройдуць гэтыя, нет ведама скуль нахлынуўшыя, цяжкія, журлівыя хвіліны, - Таклюся зноў бярэцца за сваю работу, і зноў людзі дзівуюцца, як яна хутка і зграбна жне...

 

Працавітая і надта разумная кабета Таклюся, але не даў ёй бог добрай долі. Вельмі рана, чуць не на парозе жыцця, спаткала яе няшчасце. Як толькі выйшла замуж, а гэта было на васемнаццатым року яе жыцця, зараз па шлюбе, пан паслаў яе гаспадара на віціну, плыты сплаўляць па Шчары ад Слоніма да Прусаў.

У той рок якраз надта рана пачалася зіма; ужо на крыжа дуў з поўначы востры вецер і злятаўся снег, а з пакроў пачалі замярзаць рэчкі. Плыты па Шчары плылі ціха, з задзержкай і прыплылі на месца не ў той тэрмін, што трэба было паводле дагавору. За гэту няспраўнасць цівун абвінаваціў Таклюсінага гаспадара і, каб скараць, звялеў пасадзіць яго на тыдзень у лядоўню і кожын дзень, разлажыўшы на аполку, секчы розгамі ў тры навароты. Гаспадар ледзьве жывым вярнуўся дамоў і хоць пасля гэтага жыў яшчэ доўга, але работніка з яго добрага ўжо ў гаспадарцы не было: ён больш усяго ляжаў на печы і стагнаў ад ламоцця, што гнула яго ў дугу і крышыла яму рукі ды ногі. І ўсю работу па гаспадарству прыйшлося вынасіць на плячах адной Таклюсе...

Пайшлі дзеці. Тут зноў бяда: слабейшыя ўміралі, трэба было хаваць, а лепшанькіх і дужэйшых, як толькі падрасталі, зараз забіралі ў маскалі, на царску службу; і зноў Таклюся-сухотніца аставалася адна на гаспадарцы і павінна была ўсюды сама паспяваць: і ў дома, і ў полі, і на агародзе. Цяжка доля, але што зрабіць? Паплача кабета, патужыць, пажаліцца людзям на сваю нядолю і зноў бярэцца за работу - ідзе жаць, грабіць сена або малаціць.

Кожын чалавек, якое б ні было цяжкае і цёмнае яго жыццё, заўсягды можа знайсці ў ім дзеля сябе нешта такое, што хоць на адну хвіліну асвеціць і сагрэе яго сэрца. Быў гэты божы дар і ў Таклюсі: яна надта любіла лес, сіне неба і ўсю красу божага свету. Вясной, як толькі што распусцяцца дрэвы, яна выйдзе сабе з сваёй хаты, абапрэцца каля варот на плетнік і доўга-доўга любуецца маладым, адно што распусціўшымся ляском, што расце за сялом, недалёчка ад сялібы, або з вялікім напружаннем слухае спевы салаўя ці кукаванне зязюлькі. Стаіць Таклюся зачаравана красой маладой вясны, стаіць, не шавеліцца, як прыкаваная, і ніяк не хочацца ёй адарваць вачэй ад маладога зялёненькага лясочка і ісці ў курную цёмную хату... Іншы раз гэта любаванне веснавымі чарамі вызывае ў Таклюсі смутак і канчаецца слязамі. Глядзіць сухотніца на зялёны лес, на сіняе неба і абліваецца горкімі слязамі.

- Чаго ты, Таклюська, плачаш? - пытаюцца ў яе суседкі.

- Ой, жоначкі, не магу вытрываць, ад цяжкага жалю сэрца рвецца на кускі... Глядзіце, колькі на свеце ёсць красы, радасці, ласкі і іншых божых дароў, а людзі спавіты жалем, як поле туманам увосень, замучаны горам, цяжкаю бядою ды розным здзірствам... Гаспадар мой замучаны ўмірае: вунь Макрына, Кароцькава дзяўчынка, ляжыць колькі лет хворая, без ног; у дзеда Якуба стараста прадаў апошніх авечак за няўплату падатку... Куды ні ўзглянеш - усюды плач, слёзы, крыўда, знішчэнне. Людзі, як ваўкі, душаць адзін другога. Дужэйшы, каб мог, гатоў слабейшага ўтапіць у лыжцы вады...

- Божа мой! дзе ж праўда, любоў, ласка і радасць... - І зноў запаўшыя вочы Таклюсі напаўняюцца горкімі слязамі...

Сама Таклюся не адукавана, - не ўмее ні чытаць, ні пісаць, але ў другіх людзях адукаванне надта высока цэніць і з усіх сіл стараецца, каб сваіх дзетак давесці да розуму і зрабіць іх пісьменнымі. Як адно што падрасце каторы яе хлопчык, яна на апошні грош справіць яму лапцікі, пашые сярмяжку і пашле да школкі з наказам:

- Глядзі ж, сынок, слухай там настаўніка і добра вучыся, ды будзь асцярожны, каб чым не прашкапіцца.

Апрыч таго, яна вельмі любіць слухаць чытанне і часта вечарамі загадвае сваім хлопчыкам уголас чытаць ёй розныя гісторыі.

- Пачытай мне, сынку, трошкі, бо надта мяне нуда апанавала можа, крышку развеюцца мае чорныя думкі...

Адзін хлопчык, запаліўшы лучыну, свеціць, а другі бярэ кніжку і пачынае чытаць... Таклюся прадзе кудзелю і слухае. Але каб добра чуць, што хлопчык чытае, ёй трэба надта моцна напрагаць слух, бо енк і стогны хворага гаспадара, лежачага на печы, ды завыванне на дварэ мяцеліцы перасільваюць і глушаць слабы голас чытача.

Вот кончыў хлопчык чытанне, звярнуў кніжку і заціх. Таклюся і кажа:

- Здаецца я вельмі добра слухала, як ты, сынку, чытаў, а зразумець усяго ніяк не змагу: у гэтым тваім чытанні ёсць многа чаго цёмнага...

- Ты не сцікавіла ўсяго, - адказвае сын, - бо гэта кніжка расейская...

- Скажы ж ты мне, сынок, - дапытваецца далей маці, - ці не растлумачваў вам у школцы настаўнік або бацюшка, чаму гэта нідзе няма кніжак, надрукаваных нашай мовай, той, што вось мы гаворым з табою?..

- Яны кажуць, што наша мова мужыцкая: яе трэба забываць; у школцы нам не пазваляюць гаварыць па-нашаму. Калісь я перад вучыцелем абмыліўся і ў расказе замест «кусок» сказаў па-нашаму «кавалак». Настаўнік стаў кпіць з мяне і назваў «лапцем». Хлопцы доўга смяяліся...

- Божа наш! - дзівуецца сухотніца, - у касцёле гавораць па-польску і яшчэ па-нейкаму; у школцы ды ў валасным праўленні - па-расейску, - а чаму ж гэта нідзе не гавораць па-нашаму?.. Якія ж мы няшчасныя; нам няможна нават маліцца па-свойму; мы павінны забываць сваю родную мову... Дзе ж гэта праўда?..

Больш у гэты вечар нічога не гаварылі. Патушылі лучынку і ляглі спаць. На дварэ, пад вокнамі, усю ноч круцілася і выла, як адурэўшая, мяцеліца, а на печы цяжка стагнаў хворы гаспадар.

У гэту ноч Таклюсе сніўся вельмі цяжкі і страшны сон. Ёй паказалася, што каваль Пранук перавярнуўся ў чорта, вырас ад зямлі да самага неба і ў сваіх вялізных ручышчах дзяржыць вялізныя абцугі, нагрэтыя ў гарне да чырвацення. Лапамі гэтых абцугоў каваль абшчаміў цэлую грамаду людзей і душыць іх, прыпякаючы так, што аж цела ў небаракаў шыпіць і збягаецца ў пузыры... Тут Таклюся надта спалохалася і раскрыла вочы.

- Згінь ты, мара, прападзі!.. - шаптала яна, жагнаючыся, і больш ужо ў гэту ноч не змагла заснуць...

 

У нашых людзей ёсць шмат яшчэ чаго нявытлумачанага і вельмі загадачнага. Іншы працаўнік жыве ўсё сваё жыццё ў калу ды ў бядзе, не бачыць праз слёзы божага свету, у нудзе плавае, у жалю захлябаецца; здаецца, гледзячы на гэтага ўбогага чалавека, што ў душы яго апрыч думкі аб працы ды пракляцця на сваё цяжкае жыццё больш нічога няма. Але не: часта бывае, што ў глыбокіх тайніцах сэрца гэтых забітых людзей жывуць вялікія мыслі і чуцці, абхватваючыя сабою долю ўсяго народа з усімі яго няўзгодамі і пажаданнем.

Вот гэткая і Таклюся: жыве ў бядзе ды ў цемнаце, працуе, як вол пад ярмом, а мыслямі абыймае жыццё ўсяго свайго народа і хоча разгадаць усе тайніцы яго долі і ведаць яго будучыню.

Перад Таклюсяй цяпер неразгаданаю загадкаю стаяла тры цікавых пытанні:

Першае: калі паміж людзьмі будзе праўда?

Другое: ці дадуць калі-небудзь беднякам зямлі?

Трэцяе: калі ўсім людзям пазволена будзе вучыцца і маліцца на сваёй роднай мове?

Гэтыя тры пытанні. вострым клінам забіліся ў галаву Таклюсі, і яна ніяк не можа ад іх адвязацца. Як цені, яны ўсюды ходзяць за ёю і просяцца на разгадку.

- Каб найшоўся які-небудзь мудрагель, - гаворыць яна сваім суседкам, - і растлумачыў мне ўсё гэта як трэба, можа ў мяне палягчэла б на душы, а то надта цяжка.

І як толькі сустрэне Таклюся якога-небудзь старога маскаля або жабрака, ці пісьменнага старца - зара закліча іх да сябе і пачынае дапытвацца, калі людзям будзе лепш жыць на свеце. На гэта Таклюсіна пытанне адны маўчаць і цяжка ўздыхаюць, а другія гавораць надта многа, але яшчэ ніхто сваёй адповеддзю не прывёў яе да поўнага здаволення.

 

1912 г.


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая