epub
Вільня, 1909
 
падключыць
слоўнікі
 

Канстанцін Вераніцын

Тарас на Парнасе

Народная паэма

 

I

 

Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,

Што палясоўшчыкам служыў?

На Пуцявішчы, у Панаса,

Ён там ля лазьні блізка жыў.

Што ж, чалавек ён быў рахманы,

Гарэлкі ў губы ён ня браў,

Затое ў ласцы быў у пана -

Яго пан дужа шанаваў.

Любіла тож Тараса й паня,

І войт ні разу не збрахаў,

Затое ж ён балота з раньня

Да цёмнай ночы пільнаваў.

Чуць золак - стрэльбу ён за плечы,

Заткне сякеру за паяс, -

Заўсёды ходзіць бор сьцярэгчы

Ды птушак біць з ружжа Тарас.

Хадзіў ці многа ён, ці мала,

Ды толькі нешта адзін раз

Бяда ў бары яго спаткала...

Во як казаў нам сам Тарас.

 

II

 

«На самага Кузьму-Дзям'яна1

Пайшоў я біць цецерукоў.

Устаў я нешта дужа рана, -

Здаецца, зь першых петухоў.

Іду сабе я панямногу,

Але й на пень крыху прысеў,

Аж тут - лоп-лоп! - цераз дарогу

Як быццам цецярук зьляцеў.

Злажыўся стрэльбай - кляпсь! - ня паліць,

Крамзель з другога! - не пякець!

Гляджу - аж вось з-за елі валіць

Як ёсьць хароміна-мядзьведзь!

Хоць не труслівы я дзяціна,

Але затросься, як асіна,

Зубом, як цюцька, лапачу.

Аж бачу - зломана лясіна,

І ўздумаў: дай-ка ўскачу!

 

III

 

Скакнуў - ня трапіў, пасьлізнуўся

І ў яму старчаком лячу!

Ляцеў, ляцеў - як разануўся, -

Аж стала зелена ўваччу!

Ляцеў ці доўга я, ці мала,

Таго ніяк не ўцямлю,

Але ўжо ладно расьсвітала,

Як я зваліўся на зямлю.

Устаў зь зямлі, абкалаціўся, -

Бо быў у гразі я, як свіньня,

І доўга сам сабе дзівіўся -

Дзе апынуўся гэта я?

Рукой паскробшы каля вуха,

Дастаў зь кішэні рагавень2

І храпы напіхаў цяртухай, -

Бо ўжо ня нюхаў цэлы дзень!

Як прасьвятлелі мае вочы,

Мядзьведзя ўжо я не шукаў.

Закінуў стрэльбу я за плечы

І па бакох глядзець пачаў.

 

IV

 

Авохці мне! Як там прыгожа!

Як быццам хто намаляваў!

Чырвоны краскі, мак і рожа, -

Ну, як сукенку хто паслаў!

І птушкі ёсьць там, дужа стройна

Пяюць, палепш за салаўя!

А-ай! авохці мне! авой-я!

Куды патрапіў гэта я?

Стаяў я доўга і дзівіўся,

Разявіў зяпу і глядзеў,

Аж вось адкулечка з'явіўся -

Ці то прышоў, ці прыляцеў -

Хлапчына нейкі круглалікі,

Увесь кудравы, як баран,

І за плячыма ў яго вялікі

Прычэплен лук быў і калчан.

- Адкуль, куды дарога гэта? -

Спытаў я ў хлопчыка той час.

- Дарога гэта з таго сьвета,

І проста йдзе аж на Парнас! -

Сказаўшы, хлопчык таго часу

На крыллях шпарка паляцеў

Дарогу ж паказаць Тарасу,

Ня меўшы часу, не хацеў.

 

V

 

Памысліў я тады нямнога:

Што за шайтан Парнас такі?

Пусьціўся я проста той дарогай,

Узяўшы ў рукі добры кій.

Прайшоў вёрст дзевяць той дарогай,

Аж бачу я - гара стаіць,

А пад гарой народу многа,

Як бы кірмаш які кішыць.

Прыйшоў я бліжэй, што за ліха:

Народ ня просты, ўсё паны.

Хто дужа шпарка, хто паціху,

Усе лезуць на гару яны

І, як у школе, галасуюць,

Гатоў адзін другого з'есьць,

Бо кожны морду ўперад суець,

Каб першым на гару ўзлезьць.

 

VI

 

Усе з сабой цягаюць кніжкі,

Аж з іншых пот руччом плюшчыць,

Друг дружцы выціскаюць кішкі.

Аж нехта з-паміж іх пішчыць:

«Памалу, братцы, не душыце

Мой фельетон вы й «Пчалу»,

Мяне ж самога прапусьціце

І не дзяржыце за палу!

А не, дык дадушы, ў газеце

Я вас аблаю на ўвесь сьвет,

Як Гогаля ў прошлым леце, -

Я ж сам рэдактар ўсіх газэт!»3

Гляджу сабе - аж гэта сівы,

Кароткі, тоўсты, як чурбан,

Плюгавы, дужа некрасівы,

Крычыць, як ашалелы, пан.

Нясе вялікі мех пан гэты,

Паўным-паўнюсенька набіт.

Усё там кніжкі ды газэты,

Ну, як каробачнік які!

Таварыш4 поплеч зь ім ідзе

І несьці кніжкі пасабляе,

А сам граматыку нясе,

Што ў семінар'ях вывучаюць.

Вось нехта, сеўшы ў тарантасе5,

На гору цягнецца трушком;

Знаць, любяць тых і на Парнасе,

Хто ездзіць конна,— не пяшком.

 

VII

 

Во нешта разам зашумелі,

Народ раздаўся на канцы,

І, як бы птушкі, праляцелі

Чатыры добрых малайцы.

Народ то быў усё не такоўскі:

Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі

І Гогаль шпарка каля нас

Прайшлі, як павы, на Парнас.

Ну, словам, многа тут народу

Сабралась лезьці на Парнас:

Былі паны, было й зброду,

Як часам і на сьвеце ў нас.

Праміж людзей і я штурхаўся

І ціснуўся, што ёсьць пары;

Вось чуць-ня-чуць такі прабраўся

І лезу проста да гары.

 

VIII

 

Узьлез. Гляджу - будынак новы

Стаіць, зазвычай панскі двор,

Кругом абнесен тын яловы:

Нябойсь, сюды ня ўлезе вор!

А на дварэ тым сьвіньні ходзяць,

Каровы, козы, бараны...

Знаць, і багі хазяйства водзяць,

Калі сьвіней дзяржаць яны.

На грошы ў тронкі тут гуляюць

Парнаскі хлопцы-дзецюкі,

А хто капейкі зь іх ня маець,

Той лупіць проста ў шлягі6.

Улез к багам тады я ў хату...

Авохці мне! Ні даць, ні ўзяць,

Як у казарме там салдатаў -

Багоў - ня можна пашчытаць!»

 

IX

 

Тарасу ліха што здаецца, -

Ну, як бы ў рандзе7 ён сядзіць:

Хто піпку курыць, хто сьмяецца,

А іншы песьню бурудзіць.

Глядзіць ён, аж на лаўцы шыюць

Шаўцы багіням хадакі,

Багіні ж у начоўках мыюць

Багам кашулі і парткі.

Сатурн там, лыкі размачыўшы,

Падвіркай8 лапці падплятаў;

Па сьвеце добра пахадзіўшы,

Лапцей ён многа патаптаў.

Няптун на лаўцы чыніць сеці

І восьці садзіць на шасты,

Пры ім жа, мусіць, яго дзеці

Дзіравы ладзяць нераты.

 

X

 

Вось 6'юцца Марс ды зь Геркулесам,

А Геркулес, як той мядзьведзь, -

Каб цешыць старага Зевеса,

Хахол ён Марсу добра мнець.

Зевес жа наўзніч лёг на печы,

Сярмягу ў голавы паклаў...

Ён грэў на печы стары плечы

І нешта ў барадзе шукаў.

Во перад люстрам задам меліць

І маслам мажа валасы

Ды нечым белым твар свой беліць

Вянера, знаць, дзеля красы.

Амур жа зь дзеўкамі жартуе,

Ну, проста сьмех ажно бярэ!

То ён зьнянацку пацалуе,

То хустку з галавы зьдзярэ;

То на гармоніку зайграе,

То німфам песьню запяе,

То адным вокам заміргае,

Як быццам бы каго заве.

 

XI

 

Вось затраслася ўся гара:

Зевес на печы зварухнуўся

Зяўнуў і дужа пацягнуўся

Ды кажа: «Есьці ўжо пара!»

Тады праворна дзеўка Геба

Гарэлкі ў чаркі наліла

І, як жарон, букатку9 хлеба,

Прынёсшы, - бразь! - сярод стала!

Яна ў найміткі ў неба ўзята,

Каб есьць варыць і плацці мыць.

Нябось, ня дарам яе плата -

Ці ж лёгка столькіх накарміць?!

Во, з усяго сабралісь неба!

Як тараканы каля хлеба,

Багі паселі ўкруг стала,

І стравы смачны зь печы Геба

Насіць да столу пачала.

 

XII

 

Наперш дала яна капусту,

Тады са скваркамі кулеш,

На малацэ крупеню густу

Дае ўволю, толькі еж.

І з пастаялкай жур сьцюдзёны,

А з кашы сала аж цякло,

Ды і гусяціны смажонай

Уволю ўсім багом было.

Як унясла ж на стол каўбасы,

Бліны аўсяны ў рашаце,

Аж сьлінкі пацяклі ў Тараса

І забурчала ў жываце.

Багі гарэлку піць пачалі,

З насадкі10 ў чаркі так і льюць!

Падпіўшы, песьні запявалі

Ну, як у рандзе, ўсе пяюць.

Бах сьп'яну пеў такі прыпеўкі,

Што аж ня можна гаварыць,

Аж засароміліся дзеўкі,

Так стаў ён брыдка развадзіць.

А Зеўс тым часам насьцябаўся,

Што носам чуць зямлю ня рыў, -

Ён вочы плюшчыў і ківаўся

Ды быццам нешта гаварыў.

Хоць не маё то, праўда, дзела,

Ня сьлед мне, можа, і казаць,

Любіў ён цешыць грэшна цела

Ды часам лоўка падгуляць.

 

XIII

 

Але багі такі ўсталі,

Як ўсё паелі, папілі.

Во... разам у дуду зайгралі,

Скакаць багіні пачалі.

Узяўшы хустачку, Вянера

Пайшла «Мяцеліцу» скакаць.

Прыгожа, стройна цераз меру,

Пяром ня можна апісаць.

Чырвона, тоўста, круглаліца

І вочы, як на калясе,

Як жар, гарыць яе спадніца,

Істужкі ўплецены ў касе.

Хапіўшы келішак гарэлкі,

Амур яшчэ павесялеў -

Іграць пачаў ён на жалейцы

І дзеўкам стройна песьні пеў.

Няптун з прыгожанькай наядай11

Пайшоў упрысядку «казака»;

Нябось, і ў старога гада

Кроў грае, як і ў дзецюка,

А во й сам Юпітар зь Вестай, -

Пусьціўся, стары хрэн, у пляс,

Як бы жаніх перад нявестай,

Заткнуў ён рукі за паяс.

А во й Марс у новых ботах;

Ён, мусіць, ботаў не жалеў,

Бо зь німфамі скакаў да поту,

Гуляў у жмуркі і шалеў.

І кожны бог так разгуляўся,

Што аж ня можна ўдзяржаць.

А хто гарэлкі насьцябаўся,

Таго пад лаўку клалі спаць.

 

XIV

 

Калі зайграў дудар «скакуху»,

Ніяк Тарас наш не ўцярпеў,

І ад парога, што ёсьць духу,

Скакаць на хату паляцеў.

Як стаў прытаптываць атопкам,

Аж рот разявілі багі:

То ён прысьвісьне, то прытопне,

То шпарка пойдзе ў кругі.

Глядзеў Юпітар і дзівіўся,

І пад дуду ў далоні біў,

У канцы к Тарасу прыбліжыўся

І так яго перапыніў:

«А ты адкулечка, прыяцель?

Зачым прыйшоў ты на Парнас?

Ты хто такі? Ты не пісацель?»

«Не, мой панок! - сказаў Тарас, -

Я палясоўшчык з Пуцявішча,

Чуць золак сёньня са двара,

Прыйшоў сюды я апаўдні шчэ,

Ды ўжо й дадому мне пара.

Ці не была б, паночак, ласка

Адсюль дамоў мяне завесьці?

Хадзіўшы па гары Парнаскай

Мне дужа захацелась есьці...»

 

XV

 

Кіўнуў Зевес - і мігам Геба

Крупені ў міску наліла

І добрую краюху хлеба,

Сказаўшы: «Еж», - мне падала.

Крупені смачнай пахлябаўшы,

Усіх падзякаваў багоў;

Кашэль за плечы прывязаўшы,

Сабраўся ўжо ісьці дамоў.

Але зэфіры падхапілі,

Хто за руку, хто за паяс,

І, як бы птушкі, паташчылі

Яны мяне цераз Парнас.

Няслі на крыльлях, быццам вецер,

І проста прыняслі ў наш лес.

Гляжу я: мусіць, ужо вечар,

Бо маладзік на неба ўзлез...»

З тых пор Тарас ужо не ходзіць

Так дужа рана па лясах,

А дзеля гэтага не шкодзіць

Бярвеньне красьці па начах.

Дык вось што бачыў наш Тарас,

К багам узлезшы на Парнас.

Ён гэта мне апавядаў,

А я ў паперку запісаў.

 

 

 

1. Народнае свята, якое прыпадае на глыбокую восень. Кузьма і Дзям'ян — апекуны кавалёў.

2. Табакерка з рога.

3. Маецца на ўвазе Ф. В. Булгарын, беларус па паходжанні, агент царскай ахранкі, рэакцыянер, выдавец (сумесна з Н. I. Грэчам) афіцыйнай газеты «Северная пчела». Менавіта яму прысвяціў А. Пушкін наступную з'едлівую эпіграму, назваўшы яго нават Відокам (вядомы ў свой час французскі шпіён):

Не то беда, Авдей Флюгарин,

Что родом ты не русский барин,

Что на Парнасе ты цыган,

Что в свете ты Видок Флюгарин:

Беда, что скучен твой роман.

4. Разумеецца Н. I. Грэч — аднадумца і паплечнік Ф. Булгарына.

5. Намёк на У. А. Салагуба — вядомага ў свой час рускага пісьменніка, аўтара аповесці «Тарантас» (1845); пачынаючы з другой паловы 40-х гг. ён адышоў ад перадавой літаратуры.

6. У пстрычкі, ад ням. Schlagen.

7. У карчме.

8. Лапатным тылам.

9. Бохан.

10. Пасудзіка з рыльцам.

11. Німфай.


1843-1855?

Тэкст падаецца паводле выдання: Тарас на Парнасе. -- Вільня, 1909
Крыніца: скан
Падрыхтавана: Янук Латушка