epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Памяць

                                     Янку Купалу

 

Смерць не ў час ўзяла у нас паэта,

Ён памёр у поўнай творчай сіле.

Кветкі урну мякка атулілі -

Засталася песня недапетай...

 

Бачыў ён, як родныя палеткі

Спапяліў пажарамі злы вораг,

Бачыў ён, як паміралі дзеткі,

Як сівелі маладыя з гора.

 

І высока над Дняпром радзімым

У зямельцы нашай роднай, мілай

Вырасце высокая магіла,

Маці прыме з ласкай свайго сына.

 

Будуць там шумець ў задуме дрэвы,

Будзе Днепр шумець празрыстай хваляй,

З далі данасіцца будуць спевы,

Кукаваць зязюля будзе ўдалі.

 

А ён будзе спаці бестрывожна

Вечным сном на Беларусі мілай,

І сюды на край Дняпра пахілы

Пакланіцца яму прыйдзе кожны.

 

1942

 


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Вершы.; Паэма [Аўт. уступ. артыкула Д. Чаркасава]. -- Мн.: Маст. літ., 1981. -- 302 с., 1 с. іл.
Крыніца: невядомая