Памяць хавае ў глыбокае скрыні
Думы, і дзеі, і з’явы,
Рупнай скупой дзён былых гаспадыні
Дадзена гэтае права.
Ўсё, што адчуе душа, ўбачаць вочы,
Ўсё, што кране тваё сэрца,
Хочаш таго ты ці, можа, не хочаш,
Ў ёй навякі адаб’ецца.
Часам, у самай няздатнае хвілі,
Бачаць здзіўленыя людзі,
Як адлятаеш ад іх ты за мілі,
Холад душу тваю студзіць.
Ціхі і сумны, імгненна збляднелы,
Ты апускаешся ў крэсла...
Памяць былога з дзён далі сцямнелай
Раптам жывою ўваскрэсла!
Кажуць: прайшло што — назад не
прыходзіць,
Кажуць: памерла, не ўстане...
Памяць! Як горка ты часам падводзіш,
І... Як балюча ты раніш...
1967 г.