Як рада я, што ты такі высокі
У думах, марах, у жыцці штодзённым.
Што ведамі сваймі не аднабокі,
Што ў прынцыпах праўдзівасці нязменны.
Прыемна мне глядзець табе у вочы
І бачыць чысціню іх і празрыстасць,
Умеюць бачыць, каб ты проста крочыў,
Каб не ўвяла у зман дарог імглістасць.
Лагічна ты ўсё ўмееш узважыць,
І зразумець, і разабрацца у з’явах...
А калі ты мне слова з ласкай скажаш —
Мне свет заззяе радасцю яскравай.
На ласку ты не вельмі знешне шчодры,
І гэта часам нават мне балюча...
Ты не шкадуй людзям душы, ні коўдры,
Тым, з кім цябе мароз жыццёвы мучыў.
Я твая маці... Ты мой сын любімы.
Ты ў маім сэрцы — як ва ўласным доме...
Жыві, сынок! А — боль не пройдзе міма —
Будзь стойкім! Бура гэтакіх не ломіць!
1966 г.