epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Зашумелі вербы над вадою...»

Зашумелі вербы над вадою,

Роняць долу лісце нежывое,

Ў шуме безнадзейнасць, скарга льецца

І кранае нейкім жалем сэрца,

Бо дыхнула гэта подыхам зіма,

Быццам глянула у вочы смерць сама.

Толькі гэта ўсё няпраўда! Ўсё — мана,

Пройдзе час — ад сонца родзіцца вясна,

Абагрэе землю радасным цяплом,

Каб усё ачнулася і ажыло...

Спіце вербы. Спіце ціха над вадою,

Каб ізноў з вясной сустрэцца маладою.

1967 г.


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан