epub
 
Падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйло

Лебядзіная песня

Плыла яна, лілась, як громы, так магуча

З прапоўненых грудзей, з прапоўненай душы;

Як ветры, лёгкая, як буры, так кіпуча

Прамчалася кудысь ў пустыннае цішы.

 

Мільёны тонаў там, у песні тэй спляліся:

Любоў, нянавісць, гром, агонь і бура ўраз.

Той, з чыіх грудзей такія зыкі паліліся,

Раз першы у жыцці пяяў, ды ўжо ў апошні раз?

 

І змерлі тоны дзесь ў пустыннай сумнай далі,

Без рэха расплылісь у невядомым краю

І горны вецер там высока ўскалыхнулі...

А лебедзь?.. Ён памёр, спяяўшы песнь сваю...

 

1914

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com