epub
 
Падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйло

Магіла

Шумяць кавылі над магілай,

Схіляюцца мяккія травы,

Туман разаслаўся бялявы,

Узняўся над вербай пахілай.

І хто тут ляжыць пахаваны, -

Не ведаюць вербы і елі.

А вецер данёс да кургана

Маленькія зерняткі хмелю.

Хмель хмаркай зялёнай завіўся,

Асеў на высокім кургане.

Дубок маладзенькі прыжыўся,

Расце, і шуміць, і не вяне.

За тое, каб жыць нам на волі,

Каб дыхаць паветрам свабодным,

Зляглі пад курганам саколы -

Салдаты зямлі маёй роднай...

Жывыя ж, каб болей ніколі

Не ганьбілі край наш чужынцы,

На варце ў палёце саколім

Стаяць над праменным гасцінцам.

 

1945

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com