epub
 
Падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйло

Помніш вечар?

Помніш вечар? З табою мы ў чоўне былі

І па возеры сонным плылі,

Месяц круглы з блакіту на нас паглядаў,

Залацістыя косы ён путаў і рваў

У вірах, што за чоўнам ішлі...

 

На душы нам так светла, так лёгка было,

Мы шчаслівыя былі... Ты кінуў вясло,

І падняўся з руля, і сеў побач мяне,

І на соннай, ціхой, вадзяной раўніне

Лёгкім ветрам нас ціха нясло...

 

Нам з табой не хацелася там гаварыць,

Мы баяліся возера сон разбудзіць.

Маю руку ў свае ты паволі узяў,

Лёгка сціснуў і ціха, ледзь чутна сказаў:

«Праз жыццё гэтак будзем мы плыць».

 

І замоўк... Месяц з неба так ясна свяціў,

Сваім бляскам ваду ён усю залаціў.

А лазняк малады, што там рос над вадой,

Шалясцеў, і шумеў, і ківаўся над ёй,

Як бы нешта усё гаварыў,

 

Як бы думкі свае хвалі соннай шаптаў

І лісточкі ў вадзе залацістай купаў.

Раптам вецер аднекуль здалёк наляцеў,

І трывожна і грозна лазняк зашумеў.

«Будзе бура», - ты ціха сказаў.

 

З шумам хмара з-за лесу йшла з ветрам на нас,

Ў небе бліснуў маланкі агонь - і пагас,

А віхор на вадзе закруціў, зашумеў,

А на небе ўжо гром раскаціўся, грымеў,

Ў хвалях кідала човен і нас.

 

Ты за вёслы схапіўся і смела устаў.

Човен кідала, гнала, - ты цвёрда стаяў.

Хвалі, гнаныя ветрам, стагналі, раўлі,

З плёскам пырскалі ў човен і далей плылі;

Ты не дрогнуў - стаяў, руляваў...

 

І здавалася мне, ты ўладар над вадой.

Не баялася я - толькі б ты быў са мной.

Ты прыгнуўся, спакойна руку маю ўзяў

І, заглянуўшы ў вочы мне, з моцай сказаў:

«Будзь спакойна, я тут, я з табой...»

 

Хоць нас вецер шалёны па хвалях насіў

І хоць човен ён гнаў, і кідаў, і круціў,

Ані разу ад страху не ўздрыгнула я;

Бо ў руках у тваіх рука была мая,

Бо ты, любы, са мною там быў.

 

1914

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com