Пройдзе дзень - і ў вечнасці затоне,
І не вернецца назад ніколі.
Колькі іх, прапаўшых у бяздонні,
Мне б вярнуць хацелася да болю.
І не тых, што шчасцем зіхацелі,
Што далі мне новага шмат зведаць, -
Толькі тых, што марна праляцелі,
Не пакінуўшы ў жыцці ні следу.
Маладосць! Ты маеш дзён багата,
Ты іх, бесклапотная, не лічыш.
Толькі старасць разумее страту:
Мала - ды ні ў кога не пазычыш.
Колькі дум задумана цікавых!
Колькі спраў чакае рук і сэрца!
Мне б вярнуць усе дзянькі, здаецца,
Што прайшлі без радасці і славы, -
Як бы я шырока разгарнула
Ўсе магчымасці свае і сілы,
Ўсё, што недароблена ў мінулым,
Як бы я натхнёна дарабіла!
1963