epub
 
Падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйло

Снег

Снег, пуховы і ціхі, зямлю атуліў -

Ад раскідзістых стрэх да разложыстых ніў.

Усё чыста, святочна, і пахне сасной -

У паветры празрыстым духмяны настой.

 

Цішыня - ажно сэрца не можаш суняць;

Толькі кропелькі дзесьці ў застрэшшы звіняць;

Што ж, за комін зіме не схавацца - са стрэх

Капяжамі сцякае растоплены снег.

 

Добра мне пасля працы прысесці ў той час,

Калі ў печы агеньчык яшчэ не пагас,

І ў глыбокай, спакойнай вячэрняй цішы

Лёгка мары аб шчасці снуюцца ў душы.

 

Мне здаецца тады, што і ў той старане,

Дзе калісьці матуля расціла мяне,

Ты цяпер гэтаксама ў задуме застыў,

І ў табе - спіць рачулак вясенні разліў!

 

1959

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com