epub
 
Падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйло

То не песня...

То не песня мая так далёка ляціць,

Як хаўтурны той звон, гулкім сумам гудзіць -

То не песня мая,

Не пяю гэтак я...

Гэта вырваўся стогн з набалелай душы

І расплыўся кудысь сярод сумнай цішы,

І паплыў ён удаль,

І таіўся ў ім жаль,

Тонам ціхім паплыў

Між калосістых ніў...

То не песня мая -

Не пяю гэтак я...

Сваім болем глухім з дна душы ён людской

Зварушыў, разбудзіў розных думачак рой,

З імі ўшыр паляцеў,

Рэхам гулкім гудзеў,

Разліваўся ўдалі між дрыгвы і балот,

То пад неба шыбаў, то кідаўся пад спод,

Аж расплыўся і сціх,

Як пражыты той міг,

Што мільгнуў у жыцці

І прапаў ў забыцці...

То не песня мая -

Не пяю гэтак я!..

 

1914

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com