epub
 
Падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйло

«У вырай далёкі лятуць жураўлі...»

У вырай далёкі лятуць жураўлі

Ад любай, утульнай бацькоўскай зямлі,

Лятуць, а за імі спяшаюць мяцелі,

А то б на чужыну яны не ляцелі...

 

Ты чуеш тужлівы, падвоблачны крык,

Важак да далёкіх палётаў прывык,

Вядзе ён трыкутнік увесь за сабою,

Напоўніўшы даль развітальнай журбою.

 

Схаваліся жабы - ніводнай няма,

Вужак гэтаксама схавае зіма.

Куды ні павернешся - некуды дзецца.

А то б не ляцелі нікуды, здаецца.

 

Лятуць... А я ціха на ўзбоччы стаю -

І думаю сумную думку маю:

Вось так жа і мне вылятаць давялося,

Калі ў родным краі нам цяжка жылося.

 

Як сэрца балела! Як плакала я!

Была нас вялікая ў бацькі сям'я,

І часта мы, дзеці, сядзелі без хлеба,

Гняздо нам, як птушкам, кідаць было трэба...

 

Мінула пара - зарунела вясна,

Снягі і ільды растапіла яна.

І гоман птушыны калыша узлессі -

Вяртаецца вырай і я - звонкай песняй.

 

1946

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com