epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карней Чукоўскі

Тэлефон

У мяне зазваніў тэлефон.

- Алё! Хто гаворыць?

- Слон.

- Хто? Галасней! Не чую!

- Слон! Ад вярблюда званю я.

- А што вам трэба? Параду?

- Не! Я прашу шакаладу!

- Для каго?

- Для сына майго.

- А ці многа прыслаць?

- Пакуль што пудоў пяць

Ці шэсць папрашу прывезці,

Болей яму не з'есці,

Ён у мяне маленькі.

А затым з усіх сіл кракадзіл

Пазваніў і праз плач папрасіў:

- Мой любы, харошы,

Прышлі нам галёшы -

І жонцы, і мне, Татошу.

- Чакай, дружа слаўны,

Здаецца ж, нядаўна

Табе я ўжо выслаў

Дзве пары галёш?

- Ах, тыя галёшы

Адразу мы з'елі,

Мы есці хацелі,

Мы з'елі б іх кош!

А зараз чакаем,

Чакаем і верым,

Што ты нам прышлеш

Для цудоўнай вячэры

Дзесятачак новых галёш!

А пасля - дзын-дзын-дзын - зайчаняткі:

- Ці не можна прыслаць нам пальчаткі?

А затым - дзінь-дзі-лень - і мартышкі:

- Калі ласка, прышліце нам кніжкі!

А затым пазваніў мядзведзь

Ды як стаў і раўці, і мычэць!

- Пачакайце, мядзведзь, не мычыце,

Што вам трэба - вы проста скажыце!

Але ён усё «му» ды «му»,

А чаго і чаму -

Ясна толькі яму.

- Калі ласка, павесьце трубку!

А затым пазванілі чаплі:

- Будзьце ласкавы, вышліце каплі:

Мы жабамі сёння аб'еліся,

І ў нас жываты разбалеліся!

А затым пазваніла свіння:

- Прышліце сюды салаўя.

Мы сонечным днём з салаўём

Дзівосную песню спяём.

- Не! Не! Салавей не пяе для свіней!

Ужо лепей пакліч ты варону!

- О, ратуйце маржа! -

Ад мядзведзя ізноў званок.

- Ён вожыка марскога праглынуў незнарок!

І, нібы авадзень, цэлы дзень:

Дзінь-дзі-лень, дзінь-дзі-лень,

Дзінь-дзі-лень!

То пазвоніць цюлень, то алень.

А нядаўна дзве газелі

Пазванілі і запелі:

- Ах, няўжо, няўжо згарэлі

Усе на свеце каруселі?

- Схамяніцеся, газелі!

Не згарэлі каруселі,

І арэлі ўсе ўцалелі.

Вы б, газелі, не дудзелі,

А прыскочылі ў нядзелю

І паселі, дзе хацелі

На арэлі-каруселі!

Ды не слухалі газелі,

А яшчэ гучней дудзелі:

- Ах, няўжо, няўжо згарэлі

Каруселі і арэлі?

Што за дзіўныя газелі?

Ну, а ўчора самым раннем

Кенгуру з сваім вітаннем:

- Алё! Вітаю шчыра Мыйдадзіра!

Я раззлаваўся ды - як закрычу:

- Я не Мыйдадзір і Мыйдадзірам быць не хачу!

- А дзе ж Мыйдадзір?

- Не магу вам сказаць...

Пазваніце па нумары сто дваццаць пяць...

Я тры ночы не спаў,

Ледзь ад стомы не ўпаў.

Мне б заснуць, адпачнуць...

Але толькі я лёг - званок!

- Хто такі?

- Насарог!

- Што вам трэба? Чаму сярод ночы сюды?

- Мілы доктар! Бяда! Выручайце з бяды!

Ратуйце! Хутчэй!

- Каго?

- Бегемота!

Наш бегемот праваліўся ў балота...

- Праваліўся ў балота?

- Так!

Праваліўся бядак!

- О, доктар, прыйдзіце па ўласнай ахвоце,

А інакш ён загіне ў балоце,

Хутчэй, бо от-от памрэ бегемот!!!

- Добра! Бягу! Бягу!

Калі змагу, памагу!

 

* * *

 

Ох, нялёгкая гэта работа

З балота цягнуць бегемота!



Пераклад: Кастусь Кірэенка

Беларуская Палічка: http://knihi.com