epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Ахота віцгубарнатара на вядзьмедзя

Пашлі наказы ад адміністратара да ляснічага, ад ляснічага да аб’ездчыкаў, ад аб’ездчыкаў да стральцоў, штобы на той і той дзень сабрацца народу і лясной стражы ў паплаўскіх абходах на вядомае месца, будзе бо, знаеш, аблава на вядзьмедзя, і сам віцгубарнатар прыедзе, і ляснічы сказаў раз клічаўскаму аб’ездчыку, што вядзьмедзя павінен забіць віцгубарнатар.

Вось наступіў дзень ахоты. Яшчэ добра не развіднела, а лясная стража тупала ля разведзенага [цяпла] на паляне за паўтары вярсты ад оступа. Зачалі і сяляне гурткамі прыбываць з акалічных сёлаў, а па дарозе з Клічава да зборнага месца расстаўлены стральцы на старожы, а ў Клічаве аб’ездчык вярхом. Прыехаў і ляснічы на зборнае месца.

Вот стаяўшы на ростаньках стралец прыбег задыхаўшыся і далажыў, што ўжо едуць. Аб’ездчыкі пастроілі людзей дзясяткамі і пры кожным дзясятку прыставілі па стральцу. Ляснічы адабраў чалавек шэсць дазнаных стральцоў, між каторымі былі Якаў Самец, Сыдар Крыванос і Мікола Ляскавец, штобы паставіць іх у няпэўным месцы, дзе мог бы звер прарваць, улева ад засадак.

Прайшоў па людзях шорах, і сталі спешна строіцца ў рады, бо ўбачылі на дарозе клічаўскага аб’ездчыка, што скакаў ад мястэчка. За ім зараз паказаліся і падводы з панамі. У пярэднім вазку Яўсташынскага арандатара ехаў сам віцгубарнат з адміністратарам. Адміністратар першы выскачыў з санак; к яму падбег ляснічы і далажыў, што ўсё гатова, толькі яшчэ няма Кузьмы, кухараўскага аб’ездчыка, што пайшоў праверыць оступ. Паны сталі вылазіць, скідаць доўгія шубы, папраўляцца, аглядаць стрэльбы. Даязджаючыя парадкуюцца з сабакамі, дзеляць порах. Мінут праз колькі паказаўся зы стараны і стары Кузьма.

Ляснічы з аб’ездчыкамі абраілі, адкуль даезджачым заходзіць, раздзялілі народ на два крылы, прыставіўшы да іх па аб’ездчыку із малодшых дзеля расстаноўкі людзей, і па камандзе ляснічага ўся чарада рушыла сцежкаю ўлева поўз старыну к зазначанаму на чарце развароту. За імі і даязджачыя адправіліся. А паны з ляснічым і з астаўшыміся аб’ездчыкамі рушылі за Кузьмою. Перш пайшлі за імі, а потым звярнулі ўправа к засадкам, і стала ціха, ціха, як бы ўсё гэта ў зямлю правалілася...

Чуеш! Зайграла трубка ляснічага. Знаць, крылля звялі. На трубку адвеціў стрэл ад разварота, а за ім зайгралі ў трубы даязджаючыя, і пайшлі стрэлы адзін за другім. Ахвотнікі стаяць з захвачанаю душою, зацікаючы стрэльбы ў руках. Вот зайгралі сабакі, і трубы разам перамянілі голас, узяўшы грубую ноту — знак, што звера паднялі. А па чарце прабягаюць ускрыкі і адзіночныя стрэлы.

Вось з таго месца, дзе былі пастаўлены адборныя стральцы, раздаліся гвалтоўныя крыкі і ўчашчана стральба. То агромністая вядзьмедзіца, падняўшыся на заднія лапы, ідзе проста на выбарных стральцоў, каторыя скучыліся і самі не ведаюць, што пачаць, бо крыкі і стрэлы нічога не памагаюць, а вядзьмедзіца ўжо вот, вот прарвецца або ўссядзе на каго.

Вот Якаў, перамігнуўшыся са стральцамі, залажыў у стрэльбу кульку, бухнула разам колькі стрэлаў — і вядзьмедзіца асунулася.

Стральцы, гэта ўбачыўшы, злякаліся, ды зараз паправіліся, яно людзі ўжо бывалыя, і паднялі яшчэ большы крык і голас. К таму і сабакі падскочылі, так што вядзьмедзіца паднялася на пярэднія лапы і, валочачы зад, папаўзла к засадкам, і чуць выставіла галаву з гушчару, як раздаліся два стрэлы з засадак, ад нумара віцгубарнатара, і дзве кулі прасвісталі над галавамі ляснікоў. А вядзьмедзіца ўжо і та стала свяжыцца. Стральцы не дурні,— паднялі крык:

— Гатова! Гатова! Віц папаў...




Беларуская Палічка: http://knihi.com