epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Бацька сыну

Будзь здароў, сынок,

Ды са святкамі

Са святымі бо

Ды калядкамі!

Будзь здароў, сынок,

Будзь ты дужанькі

Дый у працы ж бо

Дый дасужанькі!

Будзь смялявы ты

І рахманенькі,

Прад настаўнікам

Будзь слухмяненькі!

Што сваё, сынок,

Не цурайся жа,

І чужому ж ты

Навучайся жа!

Бо што знацімеш,

То ўсё згодзіцца,

Бо ўсяляк, сынок,

Дый прыходзіцца.

1907 г., Мінск


1910; 1911?

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан