epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Бутрымава прыгода

У Засуллі ў сяле, што абапал рэчкі дзвюма вёскамі раскінулася, быў гаспадар, Бутрымам празываўся. Тады ён быў яшчэ малады, гадоў колькі як жанаты, ды любіў часам загуляці.

Што буду гаварыць, то не выдумка якая, на то сама жонка яго, Марцэля, будучы ўжо ўдавою, клялася ды бажылася.

Зышоўся гэта той Бутрым са сваім кумам у Мэндалевай карчме, павялі гутарку пра сёе-тое і згадалі пра грошы.

— Ведаеш,— кажа Бутрымаў кум,— дзе нам грошай узяці?

— А дзе? — пытае Бутрым.

— А ў панскім лесе... Я ўчора нагледзеў на Папоўшчыне, каля балота, брускі ляжаць. Дык ты пайдзі, запражы вала ды едзь пад Туры, а я там чакаціму цябе. А там узложыш адзін і ў Стоўбцы... Вот і будзе які рубель...

Як параіў, так і зрабілі. Бутрым запрог вала. Прыехалі пад бруссе, узлажылі адзін на воз і паехалі. Не праехалі яны і дзвюх вёрст, як валы чагось утарапіліся. Калі глядзяць — ажно на дарогу чалавек выходзіць. Яны дужа спалохаліся, бо думалі, што хтось са двара. Адно, прыгледзеўшыся, пазналі, што гэта хтось чужы: у кароткім сурдуціку, у вузенькіх штоніках, у капелюшы і, залажыўшы рукі назад, як бы кійком памахівае. Сказаць пан — не пан, бо на пана затонкі; жыд — дык у жыда полы доўгі, а не кацап — хоць з барадою, бо ў капелюшы і дужа падхірысты... Адным словам, хтось такі незнаёмы. А каб яны лепей прыгледзеліся, то б убачылі, што гэта ззаду ў яго не кіёк, а хвост касматы, а ён адно для віду, рукі залажыўшы, яго прыдзержывае, і што з-пад капелюша рожкі невялічкія тырчаць. Ды ім гэта няўцямкі было.

— Куды гэта, людцы, едзеце? — пытае той ягомасць.

— У Стоўбцы, паночку,— кажуць мужчыны.

— Гэ, гэ! Да вы, кажа, заблудзілі.

— Не можа быць, паночку! Мы ж не толькі дарогу, а кожную хвою, так сказаць, тутака знаем.

— Аднак жа вы заблудзілі, вот прыгледзьцеся добра.

Калі яны сталі прыглядацца, дык і ім здалося, што заехалі ў незнаёмае месца, і, скрабучы за вушамі, кажуць:

— А-а, дык ваша праўда! І што мы цяпер рабіцімем?.. Хіба, панок — будзь так ласкаў,— і пакажы нам дарогу!

— Дык добра, я вас аж у Стоўбцы завяду, бо і сам туды ж іду. Вярнеце налева і едзьце за мною!

Тыя, яму падзякаваўшы, паехалі за ім. То як стаў ён іх вадзіць па нейкіх невядомых дарожках, па карэнні ды па балоце, а яны скрозь за ім.

І няма б ведама, як доўга б ездзілі, але адзін вол паў. Тады яны, дагадаўшыся, давай хрысціцца ды богу маліцца, дык той хрант перш усё корчыўся, пляваў, а далей — як зарагоча ды ў балота як скоча — адно пырскі выш лесу паляцелі.

А нашыя мужчыны назаўтрае на адным вале дамоў прыбіліся.

1902 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com