epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Халера 40-га року

Настала лета саракавога року, і страх вялікі агарнуў людзей, бо як з-пад Менску, так з-пад Койданава і з-пад Радашковіч і адусюль наўкруг чутно было, што халера людзей коціць. Людзі нідзе не выязджалі, ніхто і ў нашу старану не заглядаў. Усе сталі неяк невясёлы, але пакуль што ў нас, каля Волмы, ніхто не захварэў.

У адну так нядзельку святую бог даў раніцу вельмі красную. Якраз зачалася касьба, і месцамі свежанькае сена стаяла ўжо ў копах. Ранні свежы воздух быў пасякшы пахамі новага сена і красак яшчэ някошанай сенажаці. Сонца паволі вылынала з-за далёкага лесу і адбівалася ў расінках, на ўсялякіх кветках аганькамі. Пакоша выглядала, як усыпаная дарагімі каменнямі. Пастушкі выгналі сваю гавядку, каторая са смакам скубла чуць паадскакваўшую сочную травіцу. Так усё было хораша, весела,— здаецца, і не падумаў бы аб якім няшчасці. Тым часам старэйшыя штось як бы чулі. Усякі, каго ні сустрэнеш, ідзе нейкі насуплены і слова не пракажа. А калі запытаеш ці завядзеш гутарку, дык адказваюць нехаця, як бы баючыся большай размовы, ды кожны ідзе па сваёй справе.

Пасуць пастушкі сваю скацінку на свежай пакошы,— аж бачаць, як з дарогі ідзе якаясь баба, уся мокрая да руба. Прыйшла яна да аднае капіцы і лягла пад сена. Пастушкі, вядома, блазнота, падшывальцы,— абступілі яе здалёк, няйначай птушкі саву або вараннё арла, але блізка падысці баяліся, хоць і дужа цікавасць брала. Гэтак стоячы, давай яны шпурляць у яе чым папала: хто пакалкам, хто грудкаю, хто каменьчыкам. І так ёй не давалі супакою амаль ні да поўдня, хоць тая і прасілася і малілася, каб далі ёй сапачыць крыху. А далей не вытрывала дый кажа:

— Чакайце, калі так. Папомніце вы мяне! — ды выйшла ім з вачэй. А з гэтага дня ў нашым сяле стала халера людзей каціць з канца ў канец. Мала хто жыў застаўся.

* * *

Была ўжо сярэдзіна лета. Пагода стаяла харошая. Буйнае жыцейка выспела як мае быць і хіліла свой поўны колас да зямлі, адно жаць яго неяк не хапаліся. Усе хадзілі, як патручаныя, бо халера стала ўжо і ў наша сяло заглядаць, а пра суседняе, то й казаць нечага,— там мала хто жыў застаўся. Толькі на адну ніўку пад лесам выйшла жонка і стала жаці.

Не нажала яна яшчэ двух снапоў, як выйшла з лесу нейкая дзяўчына ўся ў белым і сама белая, як малако, ды прытым такі дужа прыгожая. Тую жонку паняволі якісь ляк узяў.

Падышла белая дзяўчына з сярпом і, заняўшы постаць пры той жанчыне, давай жаць і снапы вязаць,— усё як мае быць. І гэта робіць яна ўсё моўчкі, а жонка гэтаксама баіцца да яе загаварыць, толькі дзівіцца на яе раз ад разу. Так жнуць, завіхаюцца, покі не прыйшла пара палуднаваць. Жанчына адважылася ды кажа:

— Я схаджу дамоў папалудную,— можа, табе чаго прынесці?

— Шклянку малака, калі ласка,— больш нічога,— сказала тая і давай зноў завіхацца. Жанчына,папалуднаваўшы, прынесла той дзяўчыне шклянку малака, а тая выпіла, падзякавала,— ды сталі зноў жаць і маўчаць.

Жнуць так моўчкі, завіхаюцца,— і вечар ужо блізка. Тая дзяўчына паглядзела-паглядзела ў лес ды кажа:

— Зараз, зараз іду.

А сказаўшы, зноў пачала жаць. Жанчына вума ні дабярэ, што яно такое. Чуе — крача, глянула — крумкач ляціць з-за лесу. Дзяўчына абярнулася да яго і кажа:

— Зараз, зараз іду, адно сноп дажну.

Гэта, кажа, мой брат мяне на вяселле кліча.

Як дажала сноп, звязала яго як трэба ды пайшла сабе ізноў у лес, як прыйшла.

З таго часу халера стала сціхаць, сціхаць і заціхла.

1902 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com