epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Чым болей хто мае, тым болей жадае, або Адкуль мядзведзі на свет узяліся

Жыў сабе чалавек бедны ўдваіх з жонкаю. Паехаў гэта ён у лес па дровы і, аблюбаваўшы старую ліпу, прыгатаваўся сячы яе. Але як толькі секануў у ліпу, дык ліпа і загаварыла:

— Чаго табе трэба? — пытае. Мужык азірнуўся сюды-туды ды ізноў стаў секці.

— Чаго табе трэба? — пытае ізноў ліпа.

Мужык тагды, дужа спалохаўшыся, чым дуж на сані ды наўцёкі дадому. Расказаў ён гэта жонцы, а жонка як накінецца на яго: «Сякі-такі, ты дурны! Чаму ты не сказаў чаго нам трэба?» — «А чаго ж нам трэба?» — запытаў мужык. «Едзь і скажы, каб ты быў панам, я паняю». Той хоць нехаця, але паехаў. Прыехаў у лес, падышоў да ліпы дый стук у яе сякераю. «Чаго табе трэба?» — пытае ліпа. «Каб я быў панам, а мая жонка паняю»,— кажа той са страхам. «Едзь дамоў!» — кажа ліпа. Мужык паехаў і скора панам стаў. Жывуць яны часу колькі, а далей падумала баба, што калі маглі стацца панамі, то маглі б стацца і чым большым. Кліча яна мужа і кажа: «Едзь ты, мой дзядулька, да ліпы і скажы, каб ты быў ваяводаю, а я ваяводзіхаю». Той, прыехаўшы ў лес, стук у ліпу. «Чаго табе трэба?» — «Каб я быў ваяводаю, а мая баба ваяводзіхаю».— «Едзь дадому!» Прыехаў — так яго зараз і ваяводаю зрабілі. Пажылі так трохі, а баба і кажа: «Дурны ты, дзядулька! Чаму адразу не сказаў, каб ты быў князем, а я княгіняю?!» Паехаў мужык ізноў у лес ды стук у ліпу. «Чаго табе трэба?» — пытае. «Каб я быў князем, мая баба княгіняю».— «Едзь дамоў!» Так скора і князем зрабілі. А баба і кажа раз: «Чаму гэта мы не дагадаліся ў цары папрасіцца! Нечага б тагды нікому не кланяліся. Паедзь ты яшчэ ў лес!»

Той, прыехаўшы, стук у ліпу. «Чаго табе трэба?» — «Каб я быў царом, а мая баба царыцаю».— «Едзь дамоў». Стаў скора і царом. Але бабе ўсё мала, і кажа: «Слухай, дзядулечка! Купіў — не купіў, а патаргавацца можна. Папрасі ты ў ліпы, каб ты быў богам, а я бажыцаю, бо ўсё ж такі хоць і царом, а паміраць трэба будзе, а багом, дык ніколі». Яшчэ паехаў ды стук у ліпу. «Чаго табе трэба?» — «Каб я быў богам, а мая баба бажыцаю!»

«Вота ж ідзі ты мядзведзем, а твая баба — мядзведзіцаю!» Пайшоў ён да воза, каб дадому ехаць, а конь як убачыў яго, ды як пусціцца наўцёкі, так толькі яго і бачыў. Нечага рабіць, пайшоў пехатою. Толькі на нагах іці яму штось няспраўна паказалася, усё як бы да зямлі клоніць. Ён паспытаў ракам іці, аж шмат лепей, і пайшоў ён так, аж бачыць: звер ідзе к яму насустрач, а падышоўшы бліжэй, пазнаў сваю бабу. Тагды, зароўшы з жалю, пайшлі яны ў лес на векі вечныя.

1902 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com