epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Год

Нарадзіўся Новы Год, маленькі, слабенькі, маладзенькі; стаў днямі расці, крапчэць і па свету раззірацца, што да чаго належыць дый ходзіць.

Бачыць, на свеце непарадкі вялікія; скрозь Зіма запанавала: усюды снягі залягаюць, марозы трашчаць — у хованкі гуляюць, ветры гудуць, з хмарамі лявоніхі ды мяцеліцы скачуць ды з гурбамі жартуюць. Людзям цесна і цёмна, бо вуліцы пазаносіла роўна з платамі, вокны гурбы пазакрывалі, дый сонейка божае на такія непарадкі і глядзець не хоча. Выбяжыць на неба, дый і то, ухутаўшыся туманам, чым дужэй, уцякае дамоў. Рэдка калі твар свой праз цікавасць адкрые, каб заглянуць на дуроўства ветраў ды марозаў.

Стаў Год думаці ды гадаці, як яму паступіці, як сваю гаспадарку пачаці. І вот клікнуў ён Вясну. Вясна тут як тут у помач яму стала: Зіму вон прагнала, снягі паразмывала, лёды пазрывала, землю адчыніла і пусціла рагу на Белу Русь ды на ўвесь свет.

Ветры, убачыўшы веснавую гаспадарку, адмяніліся, сталі рахманыя, слухмяныя, ласкавыя,— адно калі некалі, убачыўшы хмарку, забунтуюцца, зашумяць, запыляць, а як Вясна іх, ушчуняючы, хопіць хорашанька за чуб, за вушы, кінуцца ў плач і пальюцца слёзы буйным дажджом. Паплачуць, паплачуць ды і сціхнуць і шчырэй яшчэ Вясне памагаюць. Сонейка, убачыўшы другія парадкі, выходзіць на неба ўва ўсей сваёй красе і нярада на кароткі супачынак хаваецца.

З адчыненай зямлі пагнала траву, зляцелася птаства, зверы з нор ды лаговішч павылазілі, папаўзлі вужы, жабы, зазелянелі лясы, дубровы ды гай, зацвілі ўсякія кветкі, загудзелі пчолы, мухі і ўсякія кузулькі і жучкі — усе веснавой гаспадарцы рады.

Ухадзілася Вясна, прыйшло Лета на змену, стала каласы, овачы і ўсякія плады наліваць і спяліць. Людзі сталі карыстаць і ўсё збіраці сабе ў запас, бо ўбачылі, што Год, як скора мужаў, крапчэў, такжа і пачаў старацца і слабець. Ветры сталі часта ленавацца і ляжаць дзесь пахаваўшыся, так што людзям ажно душна становіцца, або задурываюць часам і бягуць уздагонкі за хмарамі і не так ужо Лета слухаюць, як спачатку, калі яшчэ пахла Веснавым духам. Лета не так бо спраўна, як Вясна,— шмат старэйшае, сыцейшае, а затым і цяжэйшае. Ды стала і яно прыставаць.

Прыйшла на змену яму падстаркаватая Восень. Ветры з Восені пакепліваюць, і той падскочыць, той закруціць, той засвішча, той завые; то, абняўшыся з хмарамі, лятуць-бягуць палямі, лясамі, балотамі і з Восені насмяхаюцца, ажно іх смех па лозах разлягаецца. А тым часам Год старэе і старэе, ужо чуць ногі валочыць, і не дабачыць і не дачуе, сядзіць у бога на печы да пацеры гаворыць. Сонца стала свой твар адвяртаць і ўсё болей і болей у сваёй спачывальні вылежвацца, а Зіма, з таго карыстаючы, памаленьку давай у свае рукі гаспадарку прыбіраць.




Беларуская Палічка: http://knihi.com