epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Кабзар

Ой, вецер шуміць, ой, вецер гудзе,

А цераз поле чалавек ідзе,

Ой, полем ідзе І штось ён нясе.

І хлопец яго за руку вядзе.

Ой, праз поле хлопец старца вядзе.

Які гэта старац з хлопцам ідзе?

То кабзар ідзе

І кобзу нясе,

А хлопец за руку к вёсцы вядзе.

У вёску прыйшоў, на прызбе ён сеў

І ціха людзям спяванку запеў,

Укруг людзі стаяць,

На старца глядзяць,

Бо да душы бедным людзям запеў.

Галавою добрым людзям кіўне.

Грудку старую шырока надзьме.

У струны ўтне,

Слова дабярэ

І песню старую свету пяе.

1910 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com