epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Модны шляхцюк

З'ява І
З'ява ІІ
З’ява ІІІ
З’ява IV
З’ява V
З'ява VI
З'ява VII
З’ява VIII
З’ява IX


(Бытавая камедыя ў адной дзеі)

 

АСОБЫ

Гаспадар Ян.

Якуб, сват Пранцішка.

Ганна, дачка Яна.

Пранцішак , Ігнась шляхцюкі з другога засценку.

Андрэй, сват Ігнася.

Суседзі Янавы.

Усё дзеецца ў хаце Яна.

 

З'ява І

Ян і Якуб, седзячы за сталом, выпіваюць, закусваюць і вядуць гутарку.

Ян (выпівае і налівае Якубу). Пі на здароўе!

Якуб. Будзь, ваша (прымае чарку), здароў!

Ян. Пі на здароўе!

Якуб. Так-то яно то... (Глядзіць на чарку.) Так, так, так. (Уздыхае.) А ўсё ж па-людску не выходзіць...

Ян. А што там за бяда такая?

Якуб. Бяда — не бяда, а так, што яно не так, як трэба.

Ян. Дый піце ж, пане браце! Пры чарцы і высказаць лягчэй будзе.

Якуб. Ну, дай, божа, каб усё было гожа. (Выпівае і налівае Янку.) Э, Яне, Яне!

Ян. А што?

Якуб. Дзела, бачыш, маю.

Ян. Ну, дык скажы, што там за дзела такое?

Якуб (скрабучыся за вухам). Так — бачыш, ваша,— я як бы за дзелам, а пачаць не ведаю з чаго...

Ян. Будзь здароў, пане браце. (П’е і налівае.) Так скажы, пане браце, якое такое труднае дзела маеш? Але перш чарку выпі.

Якуб. Дзякую. Калі ж неяк і піці сорамна.

Ян. Чаму так? Чым хата багата, тым і рада.

Якуб. Дзякую, дзякую!

Ян. Я, бачыш, вельмі ўпрашваць не ўмею.

Якуб. Ды не аб тое. Здаецца, не цяпер мы знаемся.

Ян. Так чаму ж гэта ты?..

Якуб. Я, бачыш, ваша, на добры лад павінен бы сам да вас з гарэлкай прыйсці. А так-то і пачаці не ведаю з чаго...

Ян. Та-а-к! Вось яно што...

Якуб. Дык ужо ж...

Ян. Праўда, што яно трохі не па-людску. А дзе ж ваш маладзец? Чаму ён не прыехаў?

Якуб. Га, мода цяпер такая.

Ян. Мода — модаю, а звычай — святое дзела.

Якуб. За тым-то і мне так цяжка. Ці то мне першына сватацца? Ці мала я на сваім вяку паненак кабетамі зрабіў. Бо, па праўдзе сказаўшы, у сватанні шчасце маю. Адно цяпер неяк язык у роце вязне.

Ян. Так, так...

Якуб. Сам не ведаю што рабіць: але мой кавалер так захацеў.

Ян. Кепска, кепска.

Якуб. Кажа, што мода цяпер такая, што па-нашаму не сватаюцца. А ён жа ў гэтым дзеле маракуе, бо хлапец вучоны, шмат свету бачыў, у горадзе бываў, усялякае навукі набраўся, дык ужо і не жыве па-нашаму, але з культураю...

Ян. А што гэта такое?

Якуб (засаромеўшыся, заікаецца). Ну, ку-льту-у-рра...

Ян. Куль-куль-куль... Нешта я гэтага не ўцямлю. Што гэта: баба якая, ці што?

Якуб (заклапочаны). Па праўдзе сказаць, то і я сам не ведаю, што гэта такое.

Ян. Ну, дык чаму ж ты гаворыш, чаго не ведаеш сам? На ліха нам тыя выдумкі заморскія? Ці ў нас сваіх слоў не хватае?

Якуб. Не гневайся, вашэць: гэта ён мяне так навучыў, каб зразу відаць было, што ён не абы-які кавалер.

Ян. Ого-го! Штось мне гэта не спанараўна. А хто ён такі, ваш гэты заморскі паніч?

Якуб. Пранцішак.

Ян. Які Пранцішак? Адгэтуль?

Якуб. Ды гэты з Вішнёўкі, Карчэўшчык.

Ян. Ага-а-а! Гэта Антоняга, вечны яму пакой, сын. Гэта той, што гаспадаркі не любіць і найболей у горадзе бадзяецца.

Якуб. Для навукі, бачыш, усё.

Ян. Ведаю я, якой навукі: у карты гуляць, гарэлку піць, за дзеўкамі валачыцца — вось гэтых панічоў навукі.

Якуб. Мне ён казаў, чаго ён там вучыцца, але штось не ўспомню.

Ян. Была калісь праўда, ды іржа з’ела.

Якуб. Ну, дык як жа будзе?

Ян. Пабачыма.

Якуб. Ды і дачцы скажыце, каб не працівілася. Усё ж то такі паніч бывалы, далікатны,— не так, як нашы засцянковыя.

Ян. Дачкі няволіць не буду. Як яна спадабае. Адну толькі маю. Яна ў мяне і дома гаспадыня і ў полі работніца. Добрае дзіця. Вольную волю мае. Каб я толькі ведаў, што ён хлопец добры, не лайдак, то перашкод рабіць не буду.

Якуб. Так-то яно так. Але растлумачце ёй, што гэта не просты хлопец, а вучоны.

Ян. А што тамака вучоны, вучоны! Хочаце — самі намаўляеце. Я гаварыць не буду.

Якуб. А мо і пагаварыць з ёй?

Ян (кліча). Ганна, а Ганна! Хадзі-тка, дзеткі, сюды.

 

З'ява ІІ

Ганна (убягае босая, падкасаўшыся, з дзеркачом у руках, убачыўшы чужога, засаромелася, абцягнула спадніцу і стала ў качарэжніку). Тата, мяне клікалі?

Ян. Але. Вось пан Якуб з табой пагаварыць хоча.

Ганна (утаропіўшыся). Пан Якуб?

Якуб. Што, паненачка, на мяне так дзівішся? Сядзь лепей, пагаворыма.

Ганна. Дзякуй, я магу і стоячы паслухаць.

Якуб (заклапочаны, памаўчаўшы). Памажэце, ваша, пане Яне.

Ян. Бачыш, Ганна! Пранцішак Карчэўшчык да цябе свата прыслаў.

Ганна, сарамліва павярнуўшыся да печы, нішчком усміхаецца {усмі-

хаецца }і маўчыць.

Якуб. Ну, што ж паненка на гэта скажа?

Ганна (прыкідваючыся нязнайкаю). Не ведаю...

Якуб. Падумай, паненка: ён жа і вучоны і далікатны — па-польску і па-расейску гаварыць умее. Будзеце ў горадзе жыць, з панамі таварыства вадзіць.

Ганна. У-у-га! (Як бы да сябе.) Так многа!

Якуб. Будзеш, паненка, у дарагіх сукнях хаджываць, далікатную страву есці... Ну, ды што ж, паненка, маўчыш? Кажы: пойдзеш за Пранцішка?

Ганна. Не ведаю.

Якуб. Не саромейся, паненка.

Ганна. Нашто гэта мне ўсё? Ці мне ў бацькі дрэнна?

Ян. Дрэнна — не дрэнна, але векаваць пры мне не будзеш?.. Трэба ж калі-небудзь замуж выйсці.

Ганна. Ваша, тата, воля — але пры вас я бы ахвотней асталася.

Якуб. А калі б вам у горадзе добра пайшло, дык і бацьку ўзялі б да сябе. Бацька на старасці спачыў бы ад працы. У горадзе і памаліцца ёсць дзе.{ёсць

Ян. Бог усюды ё, а ў горадзе мне не прынадна. Дый сам, вашэць, я думаю, не вельмі б то ў горадзе рад жыў.

Якуб. Яно-то так; я бы ў горадзе не мог жыць, бо ўжо стары — цяжка прывыкаць. А маладым-то другое.

Ян. Ну, Ганна! А што ты на гэта?

Ганна маўчыць, адно край фартушка зубамі цярэбіць.

Якуб. Бачу, што з паненкаю да ладу не дайду, бо саромеецца,— а сваё дзела я споўніў, дый то толькі праз памяць нябожчыка бацьку Пранцішкавага, бо сам бы я за гэтакае сватаўство не ўзяўся. А цяпер, людцы добрыя, аставайцеся здаровы, хай бацька з дачкою парадзяцца добра, а Пранцішак сам на адповедзь прыйдзе, калі ў яго мода такая. Бывайце здаровы!

Ян. Ідзеце з богам здаровы! (Якуб выходзіць.)

 

З’ява ІІІ

Ян. Ну, што ж, Гануля? Пайшла б за Пранцішка?

Ганна (энергічна). Ды куды там?!

Ян. А што ж з таго будзе, што ўсім адказваеш?

Ганна (прыбіраючы хату). Ці ж бо мне дома кепска? Тата ж мяне не праганяеце...

Ян. Добра, але ўсё ж такі век маладая не будзеш, а як пастарэеш, хто цябе тады возьме? Я ўжо стары, ужо столькі не пражыву, колькі пражыў. Як прыйдзецца рукі злажыць, то хто табе тады ў помач стане? Гаспадарку разарвуць, цябе пакрыўдзяць... Старасць — не радасць.

Ганна. Пажывеце, тата, пажывеце.

Ян. Я ведаю: у цябе ў галаве Ігнась.

Ганна. Ігнась — не Ігнась, а за Пранцішка не пайду.

Ян. То чаму ж свату зразу не сказала?

Ганна (з абідаю). А гдзе ж хто бачыў, каб дзяўчына з сватам гаварыла? Гэта ж сорам! Тагды б мяне на засценку засмяялі.

Ян. Яно-то праўда, што табе неяк не выпадае.

Ганна. Але тату-то я ўсё скажу, як на споведзі. Не пайду за Пранцішка, бо тут яго ўсе знаюць, як аблупленага ката. Усе з яго толькі кпяць і смяюцца. Ніхто аб ім добрага слова не скажа. Ходзіць па-моднаму, увесь у чорным, сурдут доўгі, ззаду разрэзаны... Не раўняючы, як той чорт.

Ян. Бачыш яго! А я гэтага не ведаў!

Ганна. Бо тата ўсё або ў полі, або ў хаце. А я ведаю, бо не раз яго спатыкала. Як сустрэну яго на вуліцы, дык кожны раз ажно жахнуся. А сабакі ненавідзяць яго горш, як воўка. Часам за паўвярсты ад засценку дагоняць яго ды калошы паабрываюць. Цьфу! Сабака яго не можа сцярпець, а я б мела за яго замуж ісці!..

Ян. Кажуць, што вучоны.

Ганна. Вучоны, вучоны! Бульбы ад рэпы не распазнае. А гаворыць дык так, што і зразумець яго трудна. Нашае мовы сароміцца...

Ян. Гэта брыдка! Але хацелася б мне зяця прычакаць — унукаў бы гадаваў.

Ганна. Прычакаеце, прычакаеце.

Ян. Цяжка, бачыш, з гаспадаркаю ўпраўляцца, а найміт — не свой чалавек: і дорага каштуе, і на старану гатоў што перадаць,— ведама, чужы.

Ганна. Але! А хочаце мяне ў горад аддаць. А хто ў вас за гаспадыню будзе, хто каровы падоіць, хто свінні пакорміць? Хто страву вам зварыць? Хто з жнейкамі ў полі стане?

Ян. Я цябе не няволю.

Ганна. Тут я радзілася, тут і матуля мая пахавана, тут я астануся. Хто б тады магілку матчыну прыбраў? Зарасла б яна дзікім зеллем, а вам бы матка супакою не дала за тое, што мяне ад яе адлучылі... (Плача.)

Ян (разжалены). Не плач жа, не плач! Я ж цябе не прымушаю. Мне і самому дужа ён не падабаецца. Дый цяжка мне аставацца аднаму. Ведаю, пра Ігнася думаеш, дый нешта ж ён маўчыць дагэтуль, не сватаецца.

Ганна. Але і да іншых не ўдаецца.

Ян (смеючыся). А ты б яго хацела? (Ад якойсь пары ўжо сабакі брэшуць.)

Ганна. Мала бы што, ды мне і з вамі добра.

Ян. Але каго гэтак сабакі апанавалі? Выскач, дачушка, глянь, каго яны так тамака бяруць? (Ганна выходзіць.)

 

З’ява IV

Ян, зняўшы з кручка кажух, падкінуў сабе пад галаву і прылёг за сталом на лаве, так што яго не відно ад дзвярэй. У хату ўскаківае, уцякаючы ад сабак, Пранцішак — бледны, задыхаючыся; ён у чорным сурдуціку, у чорных нагавіцах, у белых рукавічыках і каўнерыку.

Пранцішак (азірнуўшыся па хаце). І тут нікагусенька! А, псямаць іх, чуць мне сурдута не з’елі. Цэлых пяць рублёў жыду аддаў за яго, але на такія залёты, дык і то дорага. (Падышоў к лаве і змятае яе хустачкай.) Але жыць тутака — то я бы не жыў. Забяру Ганну ў горад, дам сабе з ёю рады, каб толькі пасаг у рукі як прыбраць — вось што.

Ганна (прычыніўшы дзверы). Тата тут? (Убачыўшы Пранцішка.) А-а-а! А гдзе тата?

Пранцішак. Не вем... Добры вечар, паненка! А на цо то паненка таты шукае? Можа, мы і без таты моглісь бы паразмавяць. Я наўмысле тэго пшышэд.

Ганна. А аб чым мы маем гаварыць? Калі якое дзела маеце, тата на тое...

Пранцішак (прыдзержываючы Ганну за руку). Але няхай паненка зачэка. Без таты нам бэндзе свабодней; паненка ве, што пры таты не вшыстко можна робіць. (Памаўчаўшы.) Паненка ве, чаго я тут пшышэдлэсь.

Ганна. Не, не ведаю!

Пранцішак. Як то? Прэце ж ту был пан Якуб, он мне мувіл...

Ганна (нецярпліва). Што вам пан Якуб гаварыў, таго я не магу ведаць.

Пранцішак. Але ж, паненка, я ту пшышэдлэсь да паненкі в сваты, а паненка гневася на мяне, як на злэго.

Ганна. А ці ж у сваты хто гэтак ходзіць і сорам дзяўчыне прычыняе і дзверы заступае?!

Пранцішак. Цо бо то паненка до мне, як до хлопа, гада? Чы бы то мы не моглісь фізычне паразмавяць? Прэце ж, паненка такі шляхетна естэсь, а то па-прастэму і па-прастэму.

Ганна. Няхай сабе і «па-прастэму». Няўжо ж крыва лепш, як проста?

Пранцішак. Я, відзі паненка, я не естэсь просты. А вшыстко токі цоколек розумем. Я ў месце да школы ходілэсь. З ружнымі панамі знамся. Так паведзяўшы, я чловек з культуро, выкшталцоны естэсь,— так то мне неякось ні выпадае так па-хлопску гадаць: гале ды гале.

Ганна. Та чаму ж, паніч, у засценак прыходзіш? Нам гэтага ўсяго не трэба — гэтых хвізыкаў ды культураў. Нам досі нашае мовы, нашых звычаяў.

Пранцішак. Э! то так?! То паненка мне не хцэ! Пачакай, паненка, я патрафя паненка намувіць, што і маёй бэндзеш і нікаму ані піснеш...

(Хоча злавіць яе.)

Ганна. Што гэта?! Адчапіся! Разбойнік! Шалёны! (На сцэне тузаніна, а тым часам з-за стала ўстае Ян.)

Пранцішак (убачыўшы Яна, пускае Ганну і гвалтуе). Гэй, людзі! Ратуйце!.. Ратуйце!..

Ян (падыходзіць з гневам). А гэта што?.. (Ад гневу не можа гаварыць.)

Пранцішак. А, пан? Адкуль гэта пан?.. Чы то пан тутэйшы? Ратуйце! памажыце! Гэта дзяўчына шалёная, ці якое ліха... Забіць хоча...

Ян. Вон, паганец!.. Віш, ты! Брахаць будзе... Вон, каб і нага твая тут не была!.. Я б з табой іначай пагаварыў, але абразы шаную і звычай святы. Адно вынасіся швыдчэй, а то часам і не вытрываю.

Пранцішак (адступаючы да дзвярэй, к сабе гаворыць). Ну, яшчэ добра скончылася... Я баяўся, каб не было горай. (Шмыгнуў за дзверы.)

 

З’ява V

Ганна (туліцца да бацькі). Балазе, татачка, вызвалілі мяне ад гэтага гада.

Ян. Дык праўду казалі аб ім, што не самавіты. Вось табе і моднае сватаўство.

Ганна (утаропіўшыся). Ціха, тата!

Ян. А што там?

Ганна. Як бы званок чутно... чуеце?

Ян (слухаючы). Але ж. Пошта, ці што?!

Ганна. Як бы са шляху звярнулі. (Глядзіць у акно.)

Ян. Зноў бяда, ці што? Да каго ж бы гэта? Хіба што не да нас... Дый хто?..

Ганна (стаіць ля акна). А мо і да нас. (Разам зардзеўшы.) Татачка! Ды гэта ж сваты! І да нас, да нас! Ужо і Бэйшараву хату мінулі.

Ян (паглядаючы ў акно). Праўда! Во, гэта дык па-людску, па-гаспадарску.

Ганна. А што, тата? Ці ж не казала? Вось і сваты!

Ян. Але коні добрыя. Ды хто ж бы то?

Ганна. Ігнась! Ігнась са сватам едзе!..

Ян. Ідзі ж, дзяўчына, прыгарніся трохі, бо растрапалася, з гэтым злодзеем тузаючыся.

Ганна. Што гэта сягоння?! Ажно галава кругам пайшла. (Выбягае.)

 

З'ява VI

Ян ходзіць неспакойна па хаце. Дзверы адчыняюцца, і ўваходзіць сват Андрэй.

Андрэй. Хай будзе пахвалёны!

Ян. На векі векаў! Што гэта, куме: ці не воўк здох, што ўрэшце ўспомніў аба мне? Гэтулькі часу і носа не ткнуў.

Андрэй. Часу, кумочку, не было. Далібог, колькі разоў збіраўся, ды ўсё ніяк не выходзіла.

Ян. Эй, гавары, куме! Вось сядай лепей і кажы, што чуваць. Як баба маецца? Як дзеткі?

Андрэй. Дзякую! Нічагутка, жывём памаленьку. Як сам? Як дачка?

Ян. Здаровы, дзякаваць богу. Але сядай жа, нарэшце!

Андрэй. То і дзякаваць. А калі будзеце рады купцам, дык сяду.

Ян. Ды ўжо ж, хто мае тавар, той і купцом рад. Што да цаны, то ці зойдземся,— а так ласкаве просім.

Андрэй. Калі так, то і аб цану змяркуемся, дасць бог. (Садзіцца і ставіць на стол пляшку.) Так, значыць, ты не працівен, куме?

Ян. Што я? Не мне ж з Ігнасем жыць. А дачкі няволіць не буду.

Андрэй. Яно-то так. Але, пакуль аб цану таргавацца, трэба б тавару паглядзець.

Ян. Пачакайце крышку: я пайду клікну яе. (Выходзіць.)

 

З'ява VII

Ян (уходзіць, ведучы засаромеўшуюся дачку, за ім ідзе Ігнась). Ого! Пакуль мы тут, яны самі праз акно таргуюцца. Кажы, дачка, ці хочаш Ігнася?

Ганна. Як, тата, скажаце... (Падыходзіць да Андрэя і цалуе ў руку.)

Ян. Бач, якая пакорная?! А даўно-то аднаго адправіла. Ну, давай падвячоркаваць. (Ганна выбягае, штурхнуўшы Ігнася.) Ну, Ігнась, сядай, пагаворым.

Ігнась (цалуе ў руку). Дзякую пану бацьку.

Усе паселі за стол. Ганна прыносіць яечню на скаварадзе; бацька рэжа хлеб і кладзе перад кожным па лусце.

Андрэй (налівае чарку). Такі трэба б было нам старгавацца.

Ян. А што нам таргавацца? Дзеці ўжо згаварыліся, а ўсё, што маё, тое іх будзе. Гаспадарка Ігналева невялікая, дык там брат яго ўправіцца,— а Ігнась пры мне будзе.

Андрэй. Ну, дык згода! Будзь, куме, здароў і дзяржыся крэпка! (Выпівае.)

Ян. Пі на здароўе! Хай бог дзецям памагае! (Тым часам пачынаюць збірацца кабеты, хлопцы, дзяўчаты.)

 

З’ява VIII

Ян. Ну, калі і гасцей нам бог прыслаў, то няхай ужо зусім будзе весела. Хадзі, Юрка, сюды. (Падыходзіць шустры чарнявы хлапец.) Схадзі, бач, скрыпку вазьмі, ды няхай і Волесь цымбалы цягне.

Юрка. Мо і Юзіка з клярнетам клікнуць?

Ян. Так бяжы хутчэй. А ты, Ганна, скажы Піліпу, хай з клеці прынясе баклажку.

Ганна выбягае і, як бач, прыносіць разам з Піліпам місу нарэзанага сыру і баклажку з гарэлкай. За імі ўваходзяць музыкі, строяць інструменты і пачынаюць іграць. Ігнась бярэ Ганну і ідзе ў танец, прыпяваючы, а за імі другія.

Хор дзяўчат

 

Кацілася па вуліцы белая талерка.

Слаўны хлопец, слаўны хлопец,—

                                харошая дзеўка.

 

Хор хлапцоў

 

Нашто дзеўцы рэшата,

Нашто дзеўцы сіта,—

Хлапец дзеўку пацалуе,—

Дзеўка будзе сыта.

 

Ганна (да Ігнася)

 

Мая песня ўся:

Люблю Ігнася...

 

Ігнась (да Ганны)

 

У гародзе гарбузы,

У Кіеве дзядзька;

За то цябе палюбіў,

Што цалуеш гладка.

 

(да музыкі)

 

Іграй, іграй, іграчу,

А я табе заплачу,

А я хатку прадам,

Табе грошы аддам...

 

Танцуе з Ганнай. Хор уторыць апошнія словы песні. Пасля Ігнась з Ганнаю выходзяць з грамады і становяцца наперадзе сцэны, каля акна.

Ганна. Чуеш, Ігнась, як сабакі бяруць? Што там за ліха па засценку цягнецца?

Ігнась (пазіраючы ў акно). Цёмна. Не відаць. Трэба выйсці паглядзець, што там такое.

Ганна. А цябе сабакі не парвуць?

Ігнась. Яны мяне ўжо знаюць.

Ігнась выходзіць. Ганна глядзіць у акно. Моладзь танцуе, а старыя частуюцца.

Ігнась (вяртаецца). Нехта дарогаю да нас бяжыць, як жару ўхапіўшы.

Ганна (пазіраючы ў акно). Бачу, бачу — каля загарадзі. Гэта ж наша ліха.

Ігнась (гледзячы ў акно). І якраз сюды звяртае.

Ганна. Тату, тату! Той гад ізноў к нам бяжыць.

Пачуўшы Ганну, усе пакідаюць танцаваць, а за імі і музыкі адзін за адным зарываюць ігру.

Ян (устаючы з-за стала). А ліха ж яго галаве! Хаты маёй не шануе. Ой, мусіць-такі прыйдзецца мне выкінуць яго за дзверы.

 

З’ява IX

Пранцішак (бледны, у абарванай адзежы, у памятым капелюшы; ускаківае на сярэдзіну сцэны). Га, зладзеі! Гэта вы павыпускалі сабак на мяне?! Ну заплаціце ж вы мне за гэта!

Ян. А ягомасць так не крычы, бо тут ёсць і старэйшыя за цябе, ды такія, што цябе супакоіць патрапяць.

Пранцішак. А самі мне за адзежу заплаціце? Мала таго, нада мною тут паздзекаваліся, яшчэ і сабакамі нацкавалі...

Ян. Гэта ж ужо з гадзіну будзе, як ягомасць адгэтуль выйшаў.

Пранцішак. Ужо ў канцы засценку быў, як мяне сабакі апанавалі.

Ян. Мае сабакі ў канцы засценку былі?

Пранцішак. Вашы ці не вашы, але мне заплаціце, бо я ў вас быў.

Ян. Ніхто не зваў.

Пранцішак. Паліцыю паклічу, у суд пацягну.

Ян. Баюся я, як заяц рабой кабылы.

Пранцішак. Сурдут 20 рублёў і порткі 6, а капялюш 2 рублі, то разам 28 рублёў. Плаціце! А то ў суд падам і на вас і на ўвесь ваш засценак.

Ігнась. То мы ўсе будзем плаціць?{гілаціць?

Пранцішак. А ўжо ж усе.

Ігнась. І за той брыль?

Пранцішак. І за той.

Ігнась (выхапіўшы з рук капялюш). Давай сюды! Калі маю плаціць, то няхай хоць пацешуся ім. (Кулаком прабівае брыль.)

Пранцішак. Што ты робіш, дурню?!

Ігнась (спакойна). Што? А беларускую шапку.

Пранцішак (сярдуючы). Мой капялюш папсаваў.

Ігннась. А табе якое дзела? Я заплачу. Гэта ўжо мой, а не твой.

Ян. Праўда Ігналева. Сварыцца я з табою не буду, дый па судох цягацца не хачу. Сам табе заплачу. Але за тое, што ты з мяне па-шальмоўскі хочаш злупіць 28 рублёў за тое, што каштуе 10,— кару, панічыку, дастанеш і свае лапсардакі тутака на мейсцы пакінеш.

Пранцішак. Што? Я ў паліцыю! Я ў суд!

Ян. Паліцыя тут нічога не паможа, а на такога злодзея, як ты, суду ні божага, ні людскога няма. А ну, хлопцы, раздзеньце яго, гэтага панічка. (Хлопцы абступаюць і прытрымліваюць Пранцішка.)

Пранцішак (тузаючыся). Што?! Сурдут? Не задзірайце сурдута! А-ёй! а-ёй! а-ёй... Паненкі глядзяць...

Андрэй. Ніякіх паненак тут няма, адно нашы дзяўчаткі, а яны ведаюць, што чалавек у світцы не родзіцца. Хлопцы, а ну жыва! (Хлопцы здзіраюць сурдут. Пранцішак астаецца ў манішцы наголым целе і ў рукаўчыках на голых руках. Агульны смех.)

Андрэй. Глядзіце! Гэта іх такая гарадская мода, што без кашулі ходзяць.

Ігнась. Ну, а цяпер давай, братка, і нагавіцы.

Пранцішак. Ой-ой-ой-ой! Людцы добрыя, ратуйце! Заб’юць!

Ян. Ціха, не крычы. А то на твой прыродны мундзір яшчэ што прыложым. А калі я за нагавіцы плачу, то давай.

Хлопцы. Скідай барджэй нагавіцы! Скідай! Скідай! (Адны дзержаць Пранцішка пад пахі, а другія пачынаюць нагавіцы спушчаць.)

Заслона.


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан