epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

На сплаве

Быў хмурны марцовы дзень. Сярдзіты сівер то прыціхне крыху, як бы для таго, каб, адпачыўшы, з новаю сілай закруціць мяцеліцаю, або запыліць дробным дажджом, каторы прамачыў адзежу і праймаў да касцей холадам. Вада сама што разлілася і з шумам неслася канаваю, а дзе берагі былі нізшыя, там шырока разлілася па луках, адно матляліся макаўкі лазняку і кіты леташняга чароту. Снегу па лясох і па ярох было многа, а пры берагох з шэлестам збіваліся дробныя крыгі лёду. Дзе-нідзе плылі па канавах бярвенні (гэта астаткі прагнаных сюдою плытоў, каторыя падбіраюць па дарозе пагубленыя пярэднімі плытамі бярвенні),— знак, што сюдою ўжо ішлі плыты, бо хоць плытнікі і ловяць пагубленыя пярэднімі плытамі бярвенні, але не ўсцерагуцца, каб самым нічога не згубіць.

Вось у тумане на кругазоры паказаліся дзве чалавечыя постаці, каторыя з даўжэзнымі каламі бегаюць то ўлева, то ўправа, то адпіхаюцца, то плыт падлегчаць. Гэта ішоў вялізны плыт, лавак з дваццаць, а два плытнікі — ужо нам знаёмыя савіцкія мужычкі Яўхім з сынам Астапам. Трудна ім было ўпраўляцца, бо вецер шыбаў плытам і трэба было ім вельмі пільнавацца, каб не выкінула на бераг. Ды яны ўжо з гэтым дзелам зналіся, і, хоць прамокшы да ніткі, занятыя труднаю работаю не чулі холаду, і спраўна бегалі па аблітых лёдам кругляках, дзе непрывычны чалавек і разу не ступіў бы.

Але вось яны мінулі лукі, і плыт схаваўся ў лес. У лесе было зацішней; абапал капавы цягнуўся стары лес. Знізу дрэвы былі заняты вадою, а голае галлё падымалася к небу, як бы рукі, просячы ў бога сонца і цяпла. У лесе не трэба было кіраваць плыта, каторы проста нёсся па гудучай канаве. Астап першы кінуў свой кол на плыт і пайшоў у зробленую пасярод плыта саламяную будку.

— Але холадна,— прамовіў Астап, лезучы ў будку.— Можа папалуднуем, тата? Эх, каб цяпер ганучы перамяніць!

— Вось чаго захацеў! — маркотна сказаў Яўхім.— Як дабярэмась да начлегу, дык абсушымся. На, вот бравэрку, накрыемся ды хлеба ўкусім, а вады маем паддастаткам.

Кажучы гэта, бацька падаў сыну запасную бравэрку, дастаў з-пад саломы бохан чорствага хлеба і, выняўшы з-за поясу ножык, каторы, як ведама, вісеў пры поясе на доўгім раменчыку, і стаў ім рэзаць хлеб, і моўчкі сталі яго спажываці.

— А жыд, каб яго трасца, такі з лодкамі ашукаў! — першы загаварыў Яўхім.

— Усіх, тата, ён ашукаў.

— А ўжо ж усіх! Што ж яму нас адных ашуківаць?! Тут то яшчэ пустое, але вось як у Дзікае балота выберамся, вось дзе паскачам! Бог ведае, як мы без лодкі ўправімся...

— Можа яшчэ не разлілося? — нясмела заўважыў сын.

— Не разлілося! Ого!.. Кажухінскія казалі, што і берагоў не відаць. Там вецер, як дасць, дык без лодкі ані рады! Загоніць цябе ў камышы і кукуй, покуль людзі добрыя не выцягнуць. Хоць і не многа — тры вярсты гэтым балотам іці, а пайдзі паспытай! Вельмі паганае месца...

— А можа, не саб’ёмся з канавы?

— Можа і не. Бог ведае, як удасца. Трэба будзе добра колам папарабляці.

— А каб нам, тата, у лесе прыпынуцца і пачакаць другіх плытоў?

— Не, сынку! Нельга канавы загароджваць. Да чым жа бо нам і затрымаць плыт? Чы ў нас гакі ё, або што? Да і пакалеем чакаючы. Лепей рушайма, абмінём Дзікае балота, а там і да Дзякавіч нанач. А добра цяпер пры агні!..

— А ўжо ж, чаму не!.. Дома цяпер, нябось, так жа палуднуюць...

— У Дзякавіч пераначуем,— кажа бацька,— а там да Птыча ўсяго 20 вёрст застанецца. Назаўтрае і ў Птычы будзем, дый дамоў... Плыты здадом дубавікам, сядзем на чыгунку і да хаты. Добра чугункаю ехаць: і цёпла і швыдка.

— Вёрст 10 у гадзіну пройдзе? — пытае сын.

— Да ўсе трыццаць!..

— Вось яе! — Астап нават прышчурыўся.— А па Птычы, тата, хто плыты пагоніць?

— Там ужо другія, грамадамі з атаманамі ды дубавікамі. Там гэтыя плыты павяжуць у адзін вялізны — не так, а добра — і паплывуць уніз да Прыпяці, а Прыпяць — у Днепр да Кіева. Там астаноўка будзе. Паз’язджаецца купцоў дрэва перакупляць. Быў я раз у Кіеве, на места хадзіў...




Беларуская Палічка: http://knihi.com