epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Нашыя птушкі

Варона
Крумкач
Груган, або грак
Галіца
Сарока
Сіневаронка
Сойка
Шпак
Мірэза і дрозд


Варона

Кожны — і стары і малы — знае варону, птаху шэрую з чорнаю галавою і чорнымі крыллямі. Плодзіцца яна па ўзлессі, каля палёў, каля рэчак; жывіцца ўлетку хрушчовымі чарвямі, ходзячы за сахою, але выпівае часам яйкі ды выядае малых галышанят іншых птушак; хапае часам гусянят, качанят і куранят.

Голас у вароны брыдкі, ды і сама яна не вельмі хароша. Варона прыносіць чалавеку карысць, выбіраючы чарвей, але падчас робіць і шкоду.

 

Крумкач

Крумкач, іначай воран, ё птаха варонняй пароды, адно большы за варону. У крумкача пер’е скрозь чорнае з пералівам; дзюб у яго тоўсты, крэпкі; ногі гэтаксама. Вока мае быстрае; постаць яго маладзецка і выражае сілу.

Крумкач любіць адзінокае жыццё. Ён закладае гняздо яшчэ зімою дзе ў вялікім лесе на высокай яліне. Стадамі крумкачы не лятаюць,— рэдка бывае, што збяруцца штук пяць-шэсць. Жывіцца крумкач падліпаю. Жыве вельмі доўга,— кажуць, што да сотні гадоў.

У нас дзецям кажуць, што крумкач затым так рана плодзіцца, што пайшоў з мурашкаю аб заклад, хто большую кучу за ноч наносіць, той будзе есці другога. Крумкач з крумкачыхаю насілі-насілі і на гняздо сабе не нанасілі. А мурашка, як склікала ўсіх сваіх сясцёр, дык за ноч муравейнік стаў.

Дзеле таго крумкач стаў заранне гняздо закладаці, каб, пакуль мурашка прачнецца, можна было дзяцей пагадаваць, а то мурашка нападзе ды паесць іх.

Крумкача ўважаюць у нас за птаха злое варажбы.

Дражняць яго ў нас гэтак:

— Кум, кум, табе мяса, а мне кроў, кроў, кроў!

Гэтак быццам ён воўка кліча.

Пра крумкача спяваюць у песнях. Яго можна навучыць гаварыць.

 

Груган, або грак

Гэтакі самы чорны, але шмат брыдчэйшы і слабейшы за крумкача, ё крыклівы птах груган, іначай грак...

Груганы трымаюцца заўсёды вялізнымі стадамі. Плодзяцца ў садох, гаёх, дзе многа людзей ходзіць, бо маладыя груганяты любяць прыглядацца звысоку. Груганы любяць таварыствы. Яны робяць свае гнёзды адно каля другога, як можна бліжэй, і на адным дзераве бывае часам гнёзд з дваццаць і болей.

Груганы жывяцца ўсялякімі ападкамі, хрушчовымі чарвямі і размокшым збожжам. Трымаюцца больш каля гарадоў, але ўвосень лятуць на вёскі, дзе цэлымі хмарамі ўкрываюць раллю.

Пра гругана, як і пра крумкача, гаворыцца ў казках.

 

Галіца

Увосень з груганамі лятаюць па палёх і чапляюцца па стартах меншыя за іх, харапгэйшыя і спраўнейшыя птушкі галіцы. Яны чорныя з сіваватымі галоўкамі. Жывяцца тым, што і груганы. Плодзяцца ў комінах і розных дзірах у муры.

Галіца, як і груган, ё гарадская птушка. Яна прыносіць чалавеку найболей за ўсіх вароніх парод карысці.

 

Сарока

Да варонняе пароды належыць і белабокая сарока. Сарока мае доўгі хвост; вельмі рухавая і цікавая птушка. Яна менша і стараннейша за галіцу. Сярэдзіна яе тулава белая, а перад, зад і крылле чорныя. Плодзіцца сарока нізка ў густым маладняку. Яна не любіць вялікае кампаніі. Жывіцца ўлетку чарвямі, яйцамі і маладымі, яшчэ голымі, птушатамі, а зімою падлятае пад хаты ды збірае на сметніку ўсякія ападкі.

Пра сароку кажуць у казках, загадках і ў дзіцячых песнях. Калі сарока скача па плоце, у нас кажуць, што гасця варожыць (павяшчае). Сароку ўсе любяць, хоць, як у казках кажуць,— яна першая прыслужніца ў чараўнікоў.

 

Сіневаронка

Сіневаронка дужа красная пер’ем птушка: з-пад споду і шыйка блакітная, крыллі сінія, як васілёчак, спінка ружова-чорная. Плодзіцца сіневаронка па дуплох. Яна любіць адзіноту. Жывіцца чарвямі і вусенем. На зіму ляціць у вырай. Голас у сіневаронак, як і ва ўсіх варон, нехарошы, адно кракае. Пра сіневаронку людзі чамусь не гавораць ні ў песнях, ні ў казках.

 

Сойка

Гэтаксама харошая птушка сойка. З галавы яна чырвона-ружовая, да хваста пераходзіць у сівы цвет; хвост чорны, пад хвастом белыя лапінкі; у крыллях — доўгае пер’е, чорнае з белым, а па версе пакрыта кароткімі перцамі пярэстымі ўпоперак трохцветнымі палоскамі: сінімі, белымі і чорнымі. На галаве мае чубок. На шчоках праз вочы ідуць ад клюкі чорныя лапінкі.

Сойка — смелая і бойкая птушка. Яна хоць і варонняй пароды, але шмат паходзіць на імялушку, саракапыта ды саракача, якія напамінаюць ужо каршунову пароду.

Сойка робіць больш шкоды, як карысці, бо выдзірае гнёзды птушак. Яна то чырыкае, як сарока, то канюхом кігікае, то савою загукае. Плодзіцца сойка невысока ў густым лесе.

Ва ўсіх варонніх парод яйцы сінія або шэра пакропленыя, як бы мазкамі.

 

Шпак

Як бы пераход ад варон да пявучых птушак становяць шпак і мірэза, або вілга, а за імі ідуць іншыя певуны: дразды з салаўём і галавакрутам на канцы.

Шпак — харошая птушка. На колер ён чорна-шэры з залаціста-зялёным пералівам, і кожная пярынка закончана сярэбістым астрочкам. Ён мае такую натуру, што пераймае ўсякія галасы. Шпак і гускаю загагоча і як баранавалок, каня поячы, засвішча; то салаўя перадражніць, то курыцу-квактуху, а бывае, што і гутарку людскую пярэйме.

Шпак, як і ўсе пявучыя птушкі, прыносіць людзям вялікую карысць, нішчачы ўсякую чарву, як на полі, так і ў агародзе, у садох і лугох. Плодзіцца шпак у дуплох.

Дзе людзі пазналі, якую карысць прыносіць шпак, там ставяць усюды на высокіх тычынах і на дрэве ў садох дзеравяныя скрыначкі з дзіркаю ў баку. Там шпакі ахвотна робяць сабе гнёзды.

 

Мірэза і дрозд

Мірэза, іначай вілга, развесяляе сваім свістам сады і гаі. Яны парамі ўсё пералятаюць з месца на месца, пасвістваючы ды пакрэкваючы.

Далей — дразды: чорны, цвіркун, вялікі і малы. Усе дразды хораша спяваюць, злашча заходам сонца, сеўшы на самай макаўцы дрэва.

Цвіркуны і вялікія дразды трымаюцца грамадою і гнёзды робяць недалёка адзін ад другога. А чорныя і малыя жывуць апрычна па сабе і гнёзды робяць у гушчары нізка. Гняздо малога дразда значна тым, што з сярэдзіны гладкае, а міска глыбокая, круглая, вылепленая гнілым дзеравам, а іншыя высцілаюць травою, злепліваючы яе балотам.

Дразды нясуць па 4—5 яец. Яйцы сінія, а ў некаторых пакропленыя, як у вароны.

Дразда дражняць гэтак: «Свініна-псіна, а дрозд — добрая звярына: палажыўшы кусок сала, была б добрая страва».


1905; 1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан