epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Навасадскае замчышча

Над рэчкаю, над Слаўкаю, недалёка святога месца Студзянца, дзе з-пад дарогі на гары вада цудоўная выліваецца і спадае ў яр глыбокі, а ярам у Слаўку цячэ, а Слаўка па каменнях шапоча,— стаіць княскае гарадзішча.

Высокія берагі Слаўкі парасталі ўсякім лесам: раслі там і дубы магучыя, і светлыя ясені, і клёны, і альшыны, і асіны, і бярэзіны насатыя, і бразгаліны касцястыя, і чаромхі пахучыя,— ды многа ўсяго было.

Над усім гэтым западала ночка цёмная. Неба было засуплена чорнымі хмарамі, а вецер сярдзіты раз-паразу зрываўся і з шумам і свістам пралятаў пад гарамі, над лясамі і пад тым гарадзішчам, маўляў, штось нядобрае павяшчаў.

Усе ў гарадзішчы ў тым спалі. Спалі і ў месце, што ляжала ў кліпу між Слаўкай і Ус-рэкай. Адна толькі душа ў гарадзішчы не спіць: паволі ўсё ходзіць і, знаць, думу цяжкую думае, бо аж пот на белым лобе выступае перлістымі кроплямі.

А хто гэта ходзіць, як не княжна, слаўная красою і багацтвамі сваімі? І ростам высока, і ліцом красна, хоць не так-то ўжо і малада. І грудзі яе поўныя высока падымаюцца, і вочы карыя аж у цемнаце свецяцца, а буйныя косы вецер па воздусе трэпле.

Ходзіць княжна гордаю ступою, ды на сэрцы яе, знаць, невясёла, бо ўсё то рукі заламае, то вяла іх апусціць, то ўздыхне цяжка, як канаючы, то аберуч галаву сцісне; то, быццам на штось адважыўшыся, вочы падыме і ўдаль смялей гляне і заходзіць байчэйшаю ступою, а праз момант ізноў яе сэрца зойдзецца, і рукі павіснуць, і вочы затуманяцца, і ногі як бы падкашывацца стануць. Ды вось яна канцом на штось адважылася. Пайшла хуткаю ступою ў гарадзішча, чэлядзь сваю будзіць, усе багацтвы свае прыказвае збіраці і што дарожшае, то ў скрыню каваную кладзе, а што меней вартае, тое чэлядзі раздае. Сабраўшы ўсё і спакаваўшы, скрыню зачыніла на тры замкі, а ключы на залаты паясок нанізала і туга ім падпяразалася. Тады, сеўшы на скрыню, горка заплакала:

— Няма ў мяне ні шчасця, ні долі, ні вернага друга, няма мне з кім дзяліцца ні сваёю красою, ні каханнем, ні багацтвам вялікім, а моладасць мая ўцякае, лічка маё бела пажаўцела, грудкі мае поўныя сталі вянуць, вочкі карыя — ліняці, буйныя косы — выпадаці, а сэрца маё стала заміраці... Няхай жа, калі так, я згіну і ўсё са мной: і думкі мае, і каханне маё, і жаданне, і краса, і багацтвы мае, бо так сіратліва жыці не пад сілу мне!..

І загадала сваім служкам прывязаці сябе да скрыні і кінуць у студню дужа глыбокую і поўну вады, што ў тым гарадзішчы на дварэ была. Загудзела, зараўла навальніца з неба з громам, з градам, з пярунамі ды маланкамі, а прайшла навальніца, і краснай княжны не стала... Кінулі яе верныя служкі ў студню глыбокую, і апусцела зараз тое гарадзішча, а после і саўсім яго не стала. Толькі гара з валам ды студняй, поўнай камення, тое месца азначае. Скора вораг люты сюды найшоў, людзей павыразаў, хаты з зямлёю зраўнаваў, а тое месца, дзе места было, людзі Рэзанамі празвалі.

Каму ж з таго месца бог судзіў жывым астацца, тыя трохі аддаль на гары, над крыніцамі, пабудаваліся насупроціў таго ж гарадзішча і Студзянца і празвалі сваё новае селішча «Навасадамі».

1898 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com