epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Старажовы курган

Ой, у полі дымна да курна,

За туманам свету не відна!

Цёмная ночка наступае.

Едзе казак ды ўздыхае,

Сон галоўку размарае,

Конь к травіцы прыпадае.

— Пушчу каня на даліну,

Сам прылягу на часіну.

Ой, шчаслівая гадзіначка,

Прыйшла к яму дзяўчыначка!

Ой, вырвала травічаньку

І выцяла па лічаньку:

— Уставай, казача, годзе спаць!

Сюдэма ідуць туркі ваяваць.

Каня возьмуць — другі будзе,

Цябе заб’юць — мне жаль будзе.

— Мусіць, дзеўча, мя кахаеш,

Што ад смерці выбаўляеш?

— Каб я цябе не любіла,

То я б цябе не будзіла,

Я ця, казак, верна кахаю,

З табою з тугі ўміраю!

— Гэй, ты, дзеўча маладзенькая,

Маладзенькая ды дурненькая!

Будзеш хадзіці дый блудзіці,

Будзеш за радзінай тужыці,

Будзеш хадзіці дый наракаці,

Сваю долю дый праклінаці.

— Я за табою на край-свет пайду,

Толькі вазьмі мяне маладу!




Беларуская Палічка: http://knihi.com