epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Што кажух, то не вата

Давялося раз зімой гарадскому панічу паехаць у двор на імяніны.

Прыехаўшы па чыгунцы на станцыю, ён пайшоў на сяло, што ад станцыі за паўвярсты было, каб падводу наняць, бо яшчэ трэба было вёрстаў з чатырнаццаць канём ехаць. Вось зайшоў ён у адну хату, а там якраз абедаць садзіліся. Ён зняў шапку і кажа:

— Дзень добры!

— Дзень добры! — адказваюць.

— Ці не завезлі б мяне туды і туды?

— Чаму ж не, можна,— кажа гаспадар, пагадаўшы.

— А колькі ж хочаце за хурманку?

— Аб цане то мы змяркуемся, а цяпер сядзьце, капусты сербаніце, бо да таго двара няблізка.

— Дзякую! — я ўжо гарбату піў.

— Ну, як воля ваша.

Гаспадар, пад’еўшы, не спяшаючы, закурыў люльку, сказаў цану, катора панічу проці гарадскіх паказалася зусім малой, але ён з тым не пахваліўся: і яму грош, знаць, недарма даецца. Пасля гаспадар апрануў кажух, надзеў шапку і пайшоў запрагаць. Запрогшы каня, прыйшоў у хату і, зняўшы з жэрдзі кажуха, дае яго падпрануць панічу; але паніч не адважыўся апрануць мужыцкага кажуха і кажа:

— Дзякую! У мяне паліто на ваце.

— Ну, як воля ваша,— кажа гаспадар. Аднак жа як ішлі садзіцца ехаць, то гаспадар узяў з сабой кажуха ў запас.

Вот яны едуць. Спачатку панічу цёпла паказалася, але, праехаўшы вёрстаў пяць, бачыць гаспадар, што паніч стаў корчыцца, каўнер настаўляць, шапку на вушы нацягваць і носам сёрбаць. Гаспадар і пытае:

— А можа кажух, паніч, надзенеш?

— Не! Дзякую.

Едуць далей.

Праехалі яшчэ вярсты са дзве, бачыць гаспадар, што паніча сталі дрыжыкі прабіраць, і пытае:

— А можа, кажух, паніч, надзенеш?

— А добра, бо штось халаднавата.

Даў яму кажуха апрануць, і едуць далей. Ужо і да двара блізка, ажно бачыць гаспадар, што паніч неяк бледнаваты, дык пытае ў яго:

— А што, панічу, не сцюдзёна цяпер?

— О, не! Цяпер цёпла.

— А можа, паніч есці хоча?

— О, і дужа хачу.

— А што, панічу: што кажух, то не вата, а што капуста, то не гарбата? Але пацярпі, паніч, хвіліну, незабавам прыедзем! — І паказаў яму пугаём на той двор, каторы ўжо відаць было.

1911 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com