epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Тры алешыны

На краю лесу, недалёчка дзюрчачай па каменнях рэчкі, раслі з аднаго карэння тры алешыны. Раслі яны слабодна і бучна. І вот настала восень 1893 лета; і нашы вольхі скінулі на зіму свой ліст, як заўсёды; адно, як прыйшла вясна, то ўжо болей сваіх веснавых шат не апратывалі, а стаялі голыя і чорныя як улетку, так і зімою. І дзе хто дзівіліся, і стараліся разгадаці прычыну наглай смерці трох сёстраў. Ды нельга не ведаючы разгадаці таго, што толькі бог і адзін чалавек ведаюць. Ды і трудна паверыць, каб ад такой прычыны разам ссохлі такія бучныя, гладкія, здаровыя і жывучыя, як усякая вольха, тры дзярэўцы. Вота ж, хто хоча, няхай паслухае, што паведала сваім таварышкам сава, на той час тамака лятаўшая.

Знаеце, сястрыцы, тую дарогу, што ярам да рэчкі спускаецца, і дзе пры выхадзе з яру да рэчкі з аднаго боку на грудку, між зарасніку, відаць белы крыж, а з другога боку, на супраціў таго крыжа, высока над самым абрывам, стаяў стары выпалены ў сярэдзіне дуб? Павінны вы добра тыя месцы знаць, бо там дужа красныя горы, зараснікі, старыя дуплянастыя дубы, вербы, бярэзіны і ільмы; многа там гарэшніку, а ўнізе — рэчкі працякаюць і багата там для нашае сястры жыру: вавёрак, мышэй і птушак усялякіх. Я, знаючы гэта, часценька тудэма пралятала і часта дзівілася на дзяўчыну, што кожнага вечару хадзіла пад той крыж белы, і на дзецюка, каторы хадзіў часта пад той дуб стары. Часам яны спатыкаліся — прывітаюцца, бывала, як мае быць, скажуць да сябе слоў пару і разыдуцца.

Але часцей усяго мне прыводзілася бачыць, як дзяўчына пад крыжам богу малілася, а дзяцюк стаіць, бывала, панурыўшыся, к дубу прысланіўшыся, або сядзіць пад абрывам ногі звесіўшы, а бывала, што і да раніцы праляжыць там пад кустамі ліповымі. Абое яны былі каравокія і чарнабрывыя, ростам невысокія, і ён сабою неказісты быў, адно вочы неяк хораша глядзелі, і яна была не так красна, як гарна.

Так, па праўдзе сказаўшы, я да іх прывыкла і іх палюбіла і часта, сеўшы на дубе, на іх пазірала. Раз бачыла, як яна малілася, а ён, зняўшы шапку, стаяў у кустах у яе за плячыма і, як яна, пачуўшы, мае быць, яго ўздох, азірнулася,— ён без ніякага шэлесту нырнуў уніз, у гушчар, і потым яго ўбачыла па другі бок яру на абрыве тут, пад дубам. А раз бачу — сядзіць яна пад крыжам, а перад ёю той дзяцюк стаіць, к крыжу плячом прысланіўшыся, і аб чымсь гаварылі, адно я не разабрала, аб чым, бо штось не вельмі я гэту чалавечу гутарку цямлю. І як яны адтуль уходзілі, то яна ішла ў той двор, што там за рэчкаю, а ён ішоў на гору, а там — або ўлева гарою, праз хвайнячок, дзе шляхта дрова рубае і дзе коні пасе, у той хутарок, што за рэчкаю над жывою крыніцаю; або ўправа з гары, каля саду апусцелага, абсаджанага ельнікам і гарэшнікам, дзе жыве тая імесць тоўстая, з сівымі валасамі, што многа катоў і сабак гадуе, у тую сядзібу, дзе з трох бакоў лес, а з аднаго — поле, дзе між лесу логам працякае рэчка і дзе недалёчка хаты, у лесе, стаяць адвечныя тры хваіны і дзе раслі тры вольхі, што пасля адной зімы не распусціліся і так стаялі, аж пакуль не спарахнелі. Калі раней вяртаўся ён дадому, то садзіўся штось пісаці.

А раз бачыла, як ён, седзячы наперад клеці з двума мужыкамі — адзін, што тут за лесам жыў і хадзіў дошкі пілаваць а другі з жоўтымі вялікімі вусамі, што ходзіць ківаючыся і жыве шчэ далей, за лес, у вёсцы,— аб чымсь гутарку вялі, і так мне здаецца, што аб землю гаварылі, бо часта паказвалі на поле і на лес.

Раз лятала я над тым дваром, дзе тая дзяўчына жыла, аж бачу — стаіць сівая акульбачана каняжына, повадам за штахэты пры хаце тае дзяўчыны закінута, а на перамеці тае хаты, на лавачцы, сядзелі яны абое і перакідаліся ціха словамі, а потым яна ўскінула галаву і, страсянуўшы ёю, штось сказала. Тады ён пабялеў неяк, зацяў зубы, скочыў на каняжыну і панёсся, як утрапёны, праз масток і ярам угору. Я гэта пацікавілася і паляцела за ім назіркам. Бачу — прыляцеў на двор к сабе, садраў з каняжыны кульбаку і ўздэчку, кінуў іх назем, каняжыну ў хлеў пусціў, а сам пайшоў к лесу да як паў пад тыя тры вольхі, так там і праляжаў да раніцы, як нежывы, адно час ад часу ўздыхаў цяжка, а як стала днець, то залез у прыстрэшак на сена, і што ён рабіў далей — не ведаю, бо настаў дзень, і я мусіла куды-небудзь прыпыніціся ў зацішак. Гэта было ў жытняе жніво. Тады гэтыя вольхі былі ўкрыты бучным зялёным лісцем. Прыйшла восень, ліст асыпаўся, і як настала зноў вясна, то ўсякае дрэва аджыло і зазелянела, а тыя вольхі болей не распусціліся і стаялі так доўга мёртвыя і голыя.

Прайшло зім дзесяць чы болей, і прывялося мне, лятаючы каля блізкага мястэчка, убачыць яшчэ таго дзецюка, ужо пастарэлага, як ехаў адной марознай ночы па завеянай дарозе, між двух жандараў, з мястэчка на паўстанак. А што яе, то і цяпер спатыкаю часам, як паляту Вусаю далёка ўніз,— так там ё млын. Мае яна сабе мужа мельніка з вачыма светлымі, навыкаце, а сам такі гладкі, мяккі. Маюць яны ўжо і дзетак з пару.




Беларуская Палічка: http://knihi.com