epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

У іншым шчасці няшчасце схавана

Часць першая
Часць другая
Часць трэцяя
Часць чацвёртая
Часць пятая


АСОБЫ

 

Прузына — удава па добрым паўвалочным гаспадару.

Піліп — яе сын гадоў 15.

Марыля — дзяўчына гадоў 17-18 яе дочкі

Еўка — дзяўчына гадоў 12—13

Астап — парабак гадоў 21.

Макрына — старая дзеўка, валачашчая, трохі знахарка, трохі шалёная, вар’ятка.

 

Часць першая

Абед у хаце. З аднае міскі чэрпаюць Прузына, Марыля, Еўка, Піліп і Астап. Марыля, быццам ненарокам, вычэрпвае ў Астапа з лыжкі.

Прузына. А палотны сёння намачыла?

Марыля. А як жа.

Прузына. Годзе, Марыля! Не дурэй, і з’есці яму не дасць!

Марыля. Няхай есць! Ці ж я яму не даю?!

Еўка. О, ты цаца, цаца! (Памаўчаўшы.) Мама! Сёння шуляк хацеў рабенькую курку ўзяць... вось, вось ужо быў на ёй... Адно пад клець скочыла, а ён чуць у сцяну галавою... Адвярнуў нос, абляцеў кругом клеці і палынуў пад жыта...

Піліп. Чаму ж ты яго не злавіла?

Еўка. А! А ты злаві!

Піліп. Вось наўда! Схапіла б камень да па калені сабе каменем — ён бы і сеў.

Еўка (тыкаючы Піліпу ў нос лыжкаю). Ы-ы! Ты так лаві!

Астап кладзе лыжку.

Прузына (да Астапа). Нешта, як я бачу, ты стаў мала есці. Ці не хвор ты часам?

Астап (устае з-за стала, вымае з-за лавы тапор, бярэ брус). Нічагутка, вашэць! Так штось не хочацца... пайду.

Еўка. Закахаўся... хі-хі-хі!!!

Астап. У каго? Можа, у цябе?

Еўка. А я-то не дзеўка?!

Піліп. Ось, жаба!

Еўка. А ты — рак.

Піліп. Дык я цябе з’ем!

Еўка. Хіба рак жывую жабу есць? Ён толькі забітую і то, каб вачэй не бачыў... баіцца.

Піліп. Баіцца, баіцца! А ты ведаеш?!

Еўка. Ведаю. (Павярнулася да маткі.)

Прузына. Заўтра ў нас прысвятак. Трэба да сястры з’ездзіць. Мо ты, Марыля, са мной паедзеш?

Марыля. Няхай Еўка едзе.

Еўка. Я, мама, паеду. Мама, добра?

Прузына (да Марылі). А ты чаму не хочаш?

Марыля. Так, нешта не хочацца... І трэба кашулю Піліпу скончыць...

Прузына. Кашуля не ўцячэ; Піліп не голы ходзіць.

Марыля. А што ж мае валяцца?.. І сабе маю сёе-тое зрабіць...

Еўка. Я, матачка, паеду! Матачка, я!..

Прузына. Ой, ты, Марылька, штось круціш!.. А Васіль старастаў такі нішто дзяцюк... Помніш, як ён усё з табою на ігрышчы гуляў? Табе ўжо і замуж пара.

Марыля. Дык што? Ён мяне не возьме...

Прузына. Па чым знаць?! Едзеш?

Марыля. Няхай Еўка едзе — ёй бо хочацца.

Прузына. Ну, глядзі ж!.. (Да Еўкі.) Дык ты, шурпа, паедзеш?

Еўка (цалуе матку, потым, глянуўшы на Астапа). Няхай Марыля з Астапам гаспадараць. (Выбягае падскакваючы.)

Піліп. Мама, ты мяне пабудзіш быдла гнаць! (Кладзецца спаць, бо прыгнаў быдла з раніцы.)

Завеса.

 

Часць другая

Астап канчае плесці лапаць.

Макрына. Добры вечар малойцу! Знаць, птушкі напяялі... чаго такі маркотны?.. А дзяўчына гдзе?

Астап (кіўнуўшы галавою). Або я ведаю...

Макрына. Ты не ведаеш? То кепска! Ты павінен усё ведаць.

Убягае Марыля. Макрына садзіцца на парозе. Астап пазірае ўсё на Марылю, а далей кідае лапаць пад лаву. Марыля круціцца па хаце, перацінаючы языком, а Макрына прыспеўвае.

Макрына

 

Сярод хаты дзеўча скача,

Бо ў галаве шумна,

А ў куточку хлопец плача,

Бо на сэрцы журна.

 

Марыля (схамянуўшыся, падыходзіць да Астапа). Астап!

Астап. Чаго ты?

Марыля. Чаго ты такі маркотны?

Астап. А навошта табе ведаць?

Марыля. Чаму навошта? Так... бо... бо я цябе шкадую.

Астап. І дужа ты мяне шкадуеш, га?

Марыля. Дужа. Скажаш?

Астап. Бо дзяўчыну пакахаў.

Марыля (павярнуўшыся бокам і замаргаўшы вачыма). Я... я-кую?

Астап (прыцягнуўшы Марылю да сябе). Глянь у вочы! Сказаць?

Марыля. Ну?

Астап. Цябе, Марылька, люблю!

Марыля (абдымае яго за шыю, моцна прытульваецца, а далей, засаромеўшыся, кажа). А я ж і забылася! Гэта ж палуднаваць пара! І Макрына, пэўне, есці хоча. (Становіць палуднаваць.) Сядайце, цётка, з намі палуднаваць!

Макрына. Дзякую, галубка! (Садзіцца на заслоне.) Лётала варона на жыр да арлоў, да толькі лётала, бо жыру не дастала, а накорміць яе галубка сівая. Ой, арол, арол, небяспечна птушка!.. Пакахаўся сакол дай з галубкаю. Пагналі сакала ў край далёкі — ветры буйныя. Наляцеў арол і галубку стаў драць. Пакуль сакол прыляцеў яе ратаваць, дык ужо і па галубцы. Пагнаўся сакол за арлом і сам арлу ў кіпці папаўся... Ха-ха-ха! Малы на большага не парывайся!

Марыля. Што вы, цётка, такое невясёлае байдурыце? Сказалі б што весялейшае! (Паселі за стол.)

Макрына. Калі ж бо ў іншым шчасці няшчасце сядзіць.

Астап (да Марылі ціха). Чаму ж ты мне нічога не сказала?.. Як ты?

Марыля. Я?.. А няўжо ж не! Я даўно ўжо...

Ядуць адну страву, потым другую. Прыбіраючы са стала, Марыля пяе.

Завеса.

 

Часць трэцяя

Астап уваходзіць мокры, накрыўшыся мяшком.

Астап. Бр-р-р! Вось дык пагода! І валы зусім прысталі.

Марыля (смяецца). Ха-ха-ха! Як ты хораша прыбраўся. (Бярэ яго голаў аберуч і цалуе ў губы.) Але ты прамок — пачакай! Я табе адзежу сухую прынясу.

Марыля выходзіць, Астап распяразваецца ды скідае мех і світку. Марыля ўваходзіць з адзежаю і бутэлькаю. Астап бярэ адзежу і выходзіць.

Астап (уваходзіць у сухой адзежы). А дзе ж матка?

Марыля. Пабегла на сяло: можа, хто на места паедзе, каб солі купіў. На, пагрэйся! (Падае бутэльку, сама крыху пацягнуўшы.) Тфу, горкая!

Астап. Ну, будзь здарова! (П’е.) А-а-а! (Абцірае губы.) А дзецям насілі палуднаваць? Што яны там робяць?

Марыля. А як жа, насілі. Яны там коней паганяюць. Але я ў двор болей не пайду...

Астап. Чаму?..

Марыля. Так... бо паніч дома.

Астап. А што паніч? Ці ён у места сяголета не паедзе?

Марыля. А хто яго ведае! Кажуць, дактары казалі на старане пажыць. (Памаўчаўшы.) І што я яму так далася? І прайсці нельга.

Астап. Ведама, пан... Ці мала гэта ён дзяўчат пазводзіў?! (Садзяцца, абняўшыся, на лаве. Астап цалуе Марылю.) Ой, галубка, хутка мне ў дарогу трэба збірацца!

Марыля. Што ты?! Куды?..

Астап. У места на прызыў, а далей — у салдаты... Бог ведае дзе...

Марыля. А мо цябе не здадуць... (Хавае слёзы.)

Астап. Можа-то можа, усё быць можа. Адно мне ўсё думаецца, што здадуць, бо вельмі б я шчаслівы быў, каб не здалі. А чым я гэтулькі радасці заслужыў?

Уваходзіць Прузына і глядзіць на пару. Астап адсунуўся. Марыля пачырванела і, адвярнуўшыся, стала нішчыкам вочы выціраць.

Прузына. Выпраг валы? Гэтак бы даўно зрабіў, усё роўна не даараў? І сам захварэць можаш... гэтак намок.

Астап. Як жа не? Даараў, адно чуць-чуць дацягнуў... валы прысталі. Захварэць-то я б і рад, можа б, у маскалі не здалі. Трэба пайсці нанач каню сечкі нарэзаць, бо на начлег сягоння не паеду. (Выходзіць.)

Марыля (абняўшы матку). Што ж мы, матачка, без Астапа рабіцімем? Хто нам паарэ, хто засее?!

Прузына. Як я бачу, табе ўжо вельмі Астап рупіць! Ён жа табе не пара. Ты ўсё ж такі гаспадарская дачка. Неяк бог паможа... трэба будзе другога наняць.

Марыля (памаўчаўшы). Мама, а чым жа Астап горшы за другіх? Ён жа і не лянуцька, і не п’яніца, і разумны, і харошы...

Прузына. Так-то так, ганьбы яму ніякае няма — адно бедны.

Марыля. А багаты бедным стацца не можа?

Прузына. Да што там перад невадам рыбу лавіць! Пакуль ён сваю салдатчыну адбудзе...

Марыля. А як адбудзе, дык што?

Прузына. Тады пабачым, не дуры галавы! А пакуль што ён табе не пара... (Выходзіць.)

Марыля. Вось, мой божа, які ж суд у людзей! Не пара, кажуць... Жэняцца, шчасце шукаючы, а тут не даюць... Не пара... Бо папраўдзе на хлеб зарабляе і другіх корміць... Не пара! Гаспадарская дачка, а той — найміт. А куды мы без таго найміта варты?! О божа, божа!

Завеса.

 

Часць чацвёртая

Хата непадмецена; вокны непамыты. Прузына скрабе бульбу; убягае Еўка, а за ёю зараз і салдат уваходзіць.

Еўка. Мама, матухна! Нейкі салдат да нас ідзе. Ці не Астап? (Становіцца каля печы, павярнуўшыся да дзвярэй.)

Астап (уваходзіць). Пахвалёны Езус! (Азіраецца па хаце.)

Прузына. На векі векаў! (Устае.) Гэта ж Астап! (Падыходзіць, цалуе Астапа ў голаў, а ён ёй у руку.) Дальбог, Астап! Распратайся, галубок! Садзіся! Зараз з намі паабедаеш. Чаго ты так азіраешся? Бяда, сынку, бяда! Твая ў бога... (Заліваецца слязьмі, галосячы.)

Астап (жахнуўшыся). Што вы, вашэць, кажаце? Кажэце ладом!

Прузына. Праўду нябога казала, што мы без цябе рабіць будзем. Так і выйшла. Дастаўся гэта да нас той Анупрэй Даўбуль, і папсавалася нашая гаспадарка. То тое прападзе, то тое змарнуецца. Бачу я, што кепска. Стала Марылю ў двор выпраўляць. Каб тую долю горкую ведала, лепш бы сама хадзіла. Жалілася яна, нябога, на паніча, каб яму дабра не было! Дык мпе няўцямкі было, каб гэтак выйшла. Ці мала хто каго зачэпіць... Ой, бедная мая галованька!

Астап. Ды вы не бядуйце, а кажэце, дзе Марыля?

Прузына. Я ж кажу: у бога.

Астап (спалохаўшыся). Як?! Памёрла? Даўно?!

Прузына (галосячы). Тыдняў пяць, як пахавала галубачку любенькую. І зазнала ж яна, бедненькая, сораму і мукі ўсялякае!.. (Астап асунуўся на лаву, сціснуў аберуч голаў. А Прузына, трохі супакоіўшыся, гаворыць далей.) Бачыш, нябожа, заходзіў той псявера к ёй і так і сяк і на вёску нават забягаў, ды ўсё нічога. Вось згаварыўся ён з аканомам. Той пры расплатцы ў суботу і кажа: «А ты, Марыля, прыйдзі заўтра па грошы, бо цяпер не стала». Вось яна пабегла, а там аконам з панічом як прысукаліся, дык мусіла выпіць чарку-другую, а далей, як разахвоцілі, дык і добра спаілі. А там... ведама што. (Выцірае вочы.) Падходзіў ён потым і сюды, кажуць... Бог іх ведае! Адно нашая стала чагось вельмі журна і з твару змянілася. Тужыць усё, бывала, ды па начох плача. Высахла на трэску... І злягла... І дзіця чуць паспелі ахрысціць... (Заліваецца слязьмі.)

Астап. Дык бывайце здаровы! Няма чаго мне тут без Марылі рабіць...

Прузына. Ды хоць паабедай з намі!

Астап. Дзякуй! (Выходзіць. Прузына і Еўка плачуць.)

Завеса.

 

Часць пятая

Еўка (убягае з плачам). Мамачка, а родненькая. Прапаў наш Астап, згінуў наш сакалок!

Прузына (жахнуўшыся, а потым махнуўшы рукою). Дзе галубка, там і галубок!

Піліп. Да ты кажы, дзе ён загінуў! Чаго ты соплі распусціла? Ці не закахалася і ты?

Еўка. Распусціла, распусціла! Добра, што сам не... Ведама, шкода ўсякага, а яго і пагатове, бо ён добры, харошы...

Піліп. Ды ты годзе сакатаць! Кажы, што з ім зрабілася?

Еўка. Што зрабілася!.. Зайшла я гэта да Матрунчыкаў, а сам толькі з места прыехаў. Ён туды Астапа вадзіў, дык усё, як было, расказваў.

Піліп. Ну, дык што ён казаў?

Еўка. Стаў ён часта хадзіць...

Пілі п. Хто? Матрунчык?

Еўка. Ды не, Астап!.. Па гасцінцы пад дваром. Спаткаў гэта паніча ды давай яго карыць, а паніч яго па мордзе. А ён — а божухна мілы! — як хопіць паніча за горла ды вобземлю! І давай яго біць кулаком па галаве, па галаве ды па носе!.. Як наляцелі дворныя ды звязалі яго, беднага. Скруцілі яго тугенька, узвалілі на кары і памчалі, як тыя чэрці добрую душу, да станавога. Паніч, кажуць, сказаў, што Астап хацеў яго нажом зарэзаць, каб аграбіць.

Піліп. Вось, чорт, надумаўся! А паніч што цяпер робіць? Можа, да цябе заляцаецца?

Еўка. Не перабівай, калі кажу, а слухай, а то казаць не буду!

Піліп. Ну, ну, не буду!

Еўка. Што я казала? Ага! Адно яму ўдалося нож з рук яго выбіць... Не выйшаў бы ты жыў, каб Астапка наважыў цябе зарэзаць, нябось не такі ён!.. Ага, а станавы ў места яго адаслаў, у турму... А пан таксама за ім ездзіў і да станавога і ў места, каб прыпільнаваць, кажуць, каб добра яго засудзілі. Многа грошай, кажуць, з сабой узяў... Вось быў Астап, і няма!.. (Плача, а маці, прадучы, слёзы выцірае.)

Піліп. Вось і шукай тут праўды на свеце!.. Здаецца б, хто, а то паны!.. Пойдзеш у двор — такія, здаецца, добрыя, так аба ўсім хораша гавораць. А паглядзіш, дык вось што вычвараюць... Ну, я гэтаму панічу не дарую, папомніць ён мяне! Балазе, у маскалі не трэба ісці...

Макрына (уваходзячы). Так яго, так! І сакол арла паб’е, як знянацку нападзе. Ха-ха-ха!..

Завеса.

1903 г.


1903

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан