epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Вандроўка кроплі вады

Яснае сонейка клікала вадзяную кроплю, дачку мора:

— Хадзема са мною, павандруем па божаму свету да пагуляема ў празрыстым блакітным небе.

Кропля б з дарагой душы, ды бацька-мора не пускае. Вота і пасылае сонейка да яе гарачы промень; узяў ён кроплю, зрабіў яе невідзімкаю ды панёс усё вышэй і вышэй, усё бліжэй і бліжэй да сонца. А сонца гуляе сабе па высокай вышыне, угары, па-над гарамі ды марамі. Доўга ляцела кропелька, прытамілася, выбілася з сілы і не можа далей ляцець. Ды не адна яна, а багата такіх валацугаў, яе сёстраў, паўцякала з мора. Сабраліся яны да кучы ў шэрую хмару, сядзяць дый плачуць, што не маюць сілы іці далей да яснага сонейка. Змілавалася над імі сонейка і паслала свайго сына, свежага ветра. Пазбіраў ён іх у купу ды пагнаў па небе дадому. Як зышліся кропелькі да купы, распыталіся і прывіталіся з сабою і перасталі невідзімкамі быць, а зноў у кропелькі перакінуліся. Абняліся яны ды разам і пападалі на землю дажджом.

Наша кропелька пала з дажджом на высокай гары, а з ёю нямала і другіх кропель. А гара гэта была далёка ад мора. Ну, што ж? Нечага ім вылягаціся, трэба і дамоў паспяшацца! Весела кропелькі пабеглі ды паскакалі з скалы на скалу, з каменя на камень, усё ніжэй ды ніжэй. Дабеглі да струмачка і швыдка ды шумна паплылі ўперад. Калі бачаць — ліха людзі загацілі воду, і кропелькам трэба іці на млыновыя колы. Зашумелі яны, загулі, рынаю рынуліся на колы, акруцілі іх і апынуліся на другім баку грэблі.

Плывуць яны сабе ды плывуць спакойна да ціха ўжо ў шырокай рэчцы і мяркуюць:

— Вось, вось недалёчка дадому!

Калі дзе не ўзяліся чоўны,— душаць яны нашы кроплі, душаць іх і важкія віціны, рэжуць іх і прыткія параходы. Ды ці мала выпала на іх долю ліха, покі не дабеглі і не абняліся з бацькам-морам.




Беларуская Палічка: http://knihi.com