epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Ваўчок

Ваўчок малады, па Палессі ходзячы, нагадаў сабе з светам змірыцца. Надумаў ён жыццё сваё перамяніць,— шкоды нікому не чыніць, з авечкамі, козамі дружыць, свінняў не займаць, гусей не пужаць, слабым у бядзе памагаць, а самаму — ягадамі, карэннямі жывіцца.

Спаткаў ён раз каля рэчкі, на палянцы, старога воўка, што смагу вадою праганяў. Разбалакаўся з ім ды і пра думку сваю расказаў. Той паслухаў ды кажа: «Рабі як хочаш. Але я б не раіў, калі зводу не хочаш дазнаць і жыццё сабе збрыдзіць. Свету даволі таго, што ты воўк, каб усюды гналі цябе і цкавалі сабакамі». Ваўчку гэта няпраўда паказалася, каб людзі за дабро злом плацілі толькі за тое, што ён воўк. І, пакланіўшыся стараму воўку, пайшоў ад яго прэч, каб сабе сэрца не ад’ядаць, слухаючы яго нагаворы.

Ідзе ён, ідзе, і захацелася яму есці. Знайшоў птушачку здохлую, высахшую і выпятраўшую на сонцы, каторую жукі растачылі. З’еў яе са смакам, але голаду не прагнаў. Хлябнуў вады з каляіны ды ідзе далей. Бачыць — парасяты пад арэшнікам гуляюць, леташнія арэхі з-пад гнілога лісця дабываюць. Згледзіўшы ваўчка, парасяты кінуліся наўцёкі, а адно з разгону папала ў куст арэшніку і завязла шыйкай паміж сукоў і карэнняў. Ваўчок хацеў яго вызваліць, але парася падняло такі піск, што пачулі свінні недалёчка на балоце. Як дыхнуць, абступілі яго, разрохкаліся,— дык той ледзьве вырваўся з абскубленымі калошамі.

Горка яму стала, але падумаў і ўсцешыўся. «Гэта яшчэ мяне не знаюць. Падумалі, пэўне, што хацеў парася з’есці»...

Гэтак блукаючы, з голаду пацепаючыся,— набрыў ён на воўка, што нёс перад сабою барана. Адабраўшы ў воўка барана, панёс ён яго з лесу да пастухоў, але тыя, згледзіўшы ваўка, кінуліся на яго з кіямі, загукалі, закрычалі,— дык ён і на гэты раз мусіў чым дуж уцякаць з абабітымі бакамі. Забіўшыся ў нетру, зажурыўся горш за першы раз, але зноў думае: «Гэта яны думалі, што я той самы воўк, што барана ўхапіў. Што ж — гэта абмылка... Але пагана, што есці хочацца... Каб я таго барана сам з’еў, то й бакі б не балелі і...» І, засаромеўшыся свае думкі, пашоў далей.

Выходзіць ён з лесу к сялу. Бачыць — на лужку пры лесе дзеці гуляюць. Дай, думае, пазнаёмімся. І ўхмыляючыся, і прысядаючы, хвастом віляючы, ідзе ён да дзяцей, а тыя яго як убачылі, справілі гвалт і нарабілі, спужаўшыся, ляманту. Бачыць воўк, што з сяла мужыкі з каламі бягуць. Мусіў і тут уцякаць, але і на гэты раз знайшоў сабе ўцеху. «Дзеці вядома, дзеці, дурныя». А знайшоўшы кавалак здохлай каняціны, пад’еў наш ваўчок, аправіўся і павесялеў.

Бачыць раз ваўчок: на палянцы, абапёршыся на стрэльбу, чалавек стаіць. Прыбраўшы пакорную паставу, лізгаючы языком і ківаючы хвастом,— выйшаў ён, прысядаючы, да чалавека, сталага і разумнага, знаёміцца, а той, доўга не чакаючы, злажыўся ды як бахне,— аж ваўчок свету не ўбачыў. Усё чырвоным агнём разляглося, і сам не памятае, як у пушчы апыніўся, кроўю ўвесь заліўся, на заднюю нагу ступіць не можа, толькі ад жаху зубамі ляскоча.

І згадаў ён тады старога ваўка, каторы не раіў іці на такую спробу.

Хоць і залізаў ён сваю нагу, але стаў пакульгваць на ўвесь век, і ўжо болей не думае дабра рабіць, застаючыся злым і збродным, як і кожны воўк.

1911 г. Турма




Беларуская Палічка: http://knihi.com