epub
 
Падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Забойства ў пушчы

Па пушчы Дулебскай, у ясны дзень, калі млявае лісце па лесе пыша свежасцю і пахам, наводзячы чалавеку столькі гадак усялякіх, і цёплы веснавы воздух размарае яго шлупкі прыятнаю млявасцю, і хочацца расцягнуцца дзе на галу па зялёнай мураўцы,— прабіраецца вядомымі яму сцежкамі дулеб, высокага росту, стройны, каравокі, з невялікаю чарняваю барадою, у белым летнім дулебскім насоўчыку, у сіняй з зялёным кантам шапцы, з гербам і бляхаю на рэмені торбы з лазовых лапак, катора вісіць у яго з левага боку, з калітою і нажом пры поясе і са стрэльбаю за плячыма. То ідзе стралец Жыцінскага абходу Дулебскага аб’езду, лясоў графа Патоцкага — Даніла Цэдрык. Ён верна спаўняе сваю службу, да і па злосці нікога не падасць, як то часта ў другіх стральцоў вядзецца, дый перад ляснічым падлізнікам не будзе.

Вот ён прабраўся праз балота па кладках, па каторых умеюць хадзіць адно палешукі, і выйшаў на голы бор, за каторым зачыналася цёмная старына, як бездна яка. Выбраў ён сабе месца на галу пад векавым стаілам, падзівіўся на муху божую, катора дужа іскавала ля дубовае сіці, што злева ўверсе, выняў з торбы хлеб і сала і расцягнуўся ў верасе, палажыўшы поплеч сябе стрэльбу, стаў рэзаць і спажываці. Перакусіўшы крыху, рэшту хлеба схаваў у торбу і, падпёршы ліцо рукамі, задзівіўся на пушчу. А ў пушчы ціха-ціха ў палудзённу пору, спакойна так і велічава, і чуеш сябе панам у гэтае пушчы, дзе няма табе прызначанае дарогі, ні платоў, ні абмежкаў. Чуеш поўну слабоду і здаецца б так і не выходзіў з пушчы. Хіба згадаеш пра сям’ю, катора дома есці захоча, а як прыйдзе зіма, то і самога з пушчы холадам да голадам выжане. Так і Данілу думаецца аб дзецях, каторых ён так любіць. Мае ён сына Міхалку, падростка, і двух дачок яшчэ малых. Хацелася б яму падвучыць сына граматы, да нельга: раз — што ў Дулебах, у глухім сяле сярод пушчы, школы няма; другое — работу дома некаму рабіць; а тут і годы трудныя насталі...

І думкі яго панясліся ад будучага назад у прошлае. Прадсталі перад ім усе радасці і гора яго, і моладасць, і дзіцячыя годы яго. І мыслі яго так шыбалі і шыбалі што далей і далей, аж у той свет паляцелі, і вочы яго заплюшчыліся, і галава апусцілася да зямлі. І сняцца яму дзівы дзіўныя: як бы то ён перад сваім графам-пакойнікам стаіць, да і граф той як бы не граф, а якісь пан. І зіяе той пан якімсь светам дзіўным і ўвесь як бы празрысты, так што праз яго ён сваё сэрца бачыць, са ўсімі праграшэннямі, каторыя, пахадзя на тоненькія гадзючкі, і стараюцца джалам тое сэрца ўкалоць. І не можа ніяк згадаць, дзе ён пана таго бачыў, хоць, здаецца, знаёмы. Дый то здаецца, не толькі вачыма яго бачыць, а чуе яго ўсімі шлункамі, і перапаўняецца яго душа невядомым дагэтуль чуццём — не то страх які, не то радасць,— і ад гэтага сільнага пачуцця прахапіўся ён, а сэрца яго, як не выскачыць, так калоціцца.

Бачыць, і сонца ўжо дужа к заходу схілілася.

І хацеў іці ён да хаты, да штось яго ў пушчу цягне, у тую старану, што за галам ляжыць і, здаецца, уніз дзесь зыходзіць. І хоць не хочацца яму туды іці, а ідзе.

Ідзе ён у падар, дзе ліпнёг слаўны падняўся, і любуецца ён, расхінаючы высокія гладкія ліпкі, каторыя мяккім сваім лістом ласкочуць яго па ліцы. І такі душа яго дулебская не вытрывала, і супыніўся перад самым гладкім, папаўшымся яму ў вочы, лутком і ўжо ўзяўся за нож, штобы яго зрэзаць, як чуе з глыбі падару ціхі мяккі, знаёмы ўсім палешукам трэск, як бы хто лісце абшморгіваў. Забыў ён свайго лутка і, замкнуўшы нож, нячутнаю, спорнаю ступою пакраўся ў падар, бо пазнаў, што хтось лыкі дзярэ.

Прабраўся ён па гнілому калоддзі, па крапівах ды папаратніках, у каторых мясцамі ён утапаў з галавою, і, дайшоўшы старога дуба, з пакрыўленым падкуром, стаў і настаражыў вушы. Чуе — вот, вот за балоцінаю, паросшаю плюшчаем, касачамі і мячэўнікам, лыкі дзяруць. Ён акружыў балоціну і кінуўся ў гушчар, адкуль чуваць быў трэск.

Зараз падняўся гоман, затым хтось дзікім голасам крыкнуў, потым пачуўся стогнат, а далей усё сціхла, толькі чутно было шэрах і трэск, як бы ўцякала двух або трох чалавек, да і то скора заціхла.

І пушча зноў стаіць панява і маўчыць, як бы нічога не сталася там.

А сонца штораз ніжэй і ніжэй клоніцца — ухадзілася, бач, беднае, за ўвесь веснавы доўгі дзень, і яму пара сапачыць. Вот прыляцеў глушэц на агромністу асіну і стаў набіваць сабе гарляк сочным асовым лісцем. Вот запішчала рабка, склікаючы сваіх куранятак, а вот ад рэчкі Жыцянкі пайшоў посвіст салаўя. А вот і сонейка, укутаўшыся чырвоным пакрывалам, зайшло на спачынак у сваю спачывальню. А дома Даніліха жджэ з вячэраю мужа. Жджэ і не дажджэцца, і думкі благія яе душу штось трывожаць. Забег позна вечарам да Даніліхі другі стралец дулебскага абходу, Сцяпан Слабко, і, пачуўшы ад яе, што Даніла яшчэ з лесу не прыходзіў, папытаўся яе супакоіць словамі: «Вот наўда! Знаць, засеў на каго.., чы то пяршына стральцу ў лесе начаваць?» І пабег дадому.

Прайшла для Даніліхі трывожная ноч, а Данілы няма. Пайшла трывога к аб’ездчыку, к ляснічаму, к прыставу. Сабралі стральцоў, паліцыю, нагналі народу, пайшлі розыскі, а Данілы як няма, так няма. І не знайшлі яго тады, а толькі, як раз’ехалася паліцыя, арыштаваўшы калькіх дулебцаў, пастух дулебскі знячэўку набрыў на безгаловага мярца, падбітага пад гнілую калоду, у каторым прызналі Данілу.

Прыехаў следавацель, доктар, паліцыя: саставілі пратакол і паехалі. Данілу пахавалі, арыштованых павыпушчалі. Адміністрацыя тае меснасці назначыла дажывотную дапамогу Данілісе па 3 рублі ў месяц, а вінаватага такі не знайшлі.

Потым праз гадоў два на трэці як бы аказаўся вінаваты. За Мацеевічамі жывуць шляхты Цвіркі, і раз, як падраліся, то адна Цвірчыха, выскачыўшы з хаты, уцякаючы ад мужняга брата, закрычала: «Што? Ты і мяне хочаш забіць, як Данілу?» Суседзі пачулі, падказалі; тых Цвіркаў пабралі, да нічога не дайшоўшы, бо тая Цвірчыха стаілася, адпусцілі іх. Так яно і засталося.




Беларуская Палічка: http://knihi.com