epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Акула

Дэманстрацыя на Экспо 67

Думка пра "бамбаваньне" бальшавікоў на Экспо 67 (Мантрэальскай Сусьветнай Выстаўцы ў 1967 годзе) ў Дзень Беларусі нарадзілася ці не паўгода перад адкрыцьцём выстаўкі. Дзень той плянаваўся на 17-га жнівеня, пасьля такіх-жа праграмных дней, прысьвечаных Расеі і Ўкраіне.

Беларускія арганізацыі ў Канадзе існуюць (хацелася-б сказаць - ліпяць) ужо дзясяткі гадоў. Людзі таўкуцца на сваіх рэлігійных і грамадзкіх панадворках, занятыя "вялікімі" справамі. Пытаньню папулярызацыі беларускага імя, культуры й вызвольнага змаганьня запрыгоненага беларускага народу навонкі мала даецца ўвагі. Папершае - замала кампэтэнтных людзей у гэтай галіне працы, падругое - бальшыня нашых людзей добрае волі, на жаль, не разумее нашага асноўнага заданьня на чужыне.

Некаторыя думаюць, што памаліцца ў сваей царкве, паехаць на свой пікнік ці пайсьці на сваю вечарыну - гэта і ёсьць нацыянальная праца. Бязумоўна, гэта жыцьцё нутраное, неабходнае. Але так існаваць можам гадоў сотню ці больш, а чужынцы як ня ведалі так і ня будуць пра нас ведаць. Баліць сэрца, калі чуеш, што людзі сябе змагарамі называюць, ды адно на собскім панадворку топчуцца. Даўно пара выйсьці на сьвет шырокі, штурмаваць бастыёны чужой нясьведамасьці пра Беларусь. На маю думку, адзін добра выкарыстаны момант, дзе ёсьць нагода папулярызаваць вызвольныя інтаресы беларускага народу, дасьць нам больш, чым колькі гадоў дзейнасьці якой нашай арганізацыі.

Беларускі Дзень на Экспо 67 уяўляўся мне такой нагодай. Тут за малы кошт можна вельмі многа здабыць для Беларусі. Адно ўмела зарганізавацца.

Месяцы за два перад адкрыцьцём Экспо 67 зьявіліся да нашых лідараў людзі з РСМП (канадыйскай фэдэральнай паліцыі). Мне ведама, што наведалі яны д-ра В. Жук-Грышкевіча і А. Маркевіча. Хацелі ведаць, ці ў нашым асяродзьдзі ёсьць якія гвалтоўныя (баявыя) элемэнты, ці яны плянуюць падлажыць бальшавіком якую сьвіньню на Экспо 67. Выглядае, што тыя бомбы, якімі Югаславы бамбардавалі Цітавы кансуляты ў канадыйскіх гарадох, завайстрылі паліцыйную пільнасьць "бойсаў" з РСМП.

Сорам прызнацца, але такія візыты з РСМП паднялі годнасьць некаторых нашых мяшчанаў. Бачыце, маўляў, нас за якіх паважных і небясьпечных лічуць! А якая-ж шкода, што ў нас мала баявых - запраўды баявых і ахвярных! - людзей, каторыя ня толькі называлі-б сябе, але й былі-б змагарамі...

Мяркуючы, што справа "бамбардаваньня" бальшавікоў на Сусьветнай Выстаўцы ёсьць справай агульна-грамадзкай, я падняў гэтае пытаньне на ХУІІІ Зьезьдзе Сяброў і Дэлегатаў ЗБК у Тароньце ў пачатку чырвеня 1967 году. Д-р Барыс Рагуля вёў Зьезд.

- Спадар Акула, сядайце, калі ласка, - сказаў ён цьвёрда.

- Як гэта, сядайце? - запратэставаў я. - Я стаўлю пытаньне на разгляд Зьезду. Будзьце ласкавы паслухаць што людзі скажуць.

Рагуля не сьпяшыў. Ён многазначна пераглянуўся зь некаторымі ўдзельнікамі (было ўсяго звыш 20-х) і зноў цьвёрда паўтарыў:

- Прашу вас, спадар Акула, сядайце.

Я быў ашаломлены. Калі-б ён сказаў, што пытаньне, мной пастаўленае, прадыскутуем прыватна, ці як, дык што іншае. Але ён садзіў мяне, як недасьпелага хлопчыка. Абурэньне.

- Што гэта значыць "сядайце", спадар старшыня? - крыкнуў я, усхваляваны. - Ваш абавязак ёсьць паставіць маё пытаньне на разгляд Зьезду. Што за дыктатура! Або вы вядзіцё Зьезд, або не? Калі вам здаецца, што вас паклікалі каб дыктаваць Зьезду, дык адмаўляйцеся старшынстваваць, няхай хто іншы вядзе.

- Сядзь, сядзь, калі табе кажуць! - пачуў я ззаду. Не такая ўжо цьвёрдая рука ціснула мяне ў крэсла. Я азірнуўся. Наш "галоўнакамандуючы" Лявон Карыба стаяў ззаду. Людзі маўчалі.

Так скончылася мая спроба арганізаваньня "бамбардыроўкі". Які сорам! Старшыня не палічыў патрэбным пасьля сканчэньня Зьезду загаварыць да мяне. Маўчалі й іншыя. Вось як РСМП "змагароў" настрашыла. Мо я зрабіў тактычную памылку. Але чаму-ж тады пасьля Зьезду нельга было за стол сесьці й "абцяпаць" гэтую справу? Д-р В. Жук-Грышкевіч прыватна сказаў мне, што ідэя добрая, але на грамадзкім форуме нельга пра яе разважаць. Рабіць трэба дый то арганізавана, але ціха-ціхонька, каб, барані Божа, ніхто ня ведаў пра гэта. - Тады й Рагуля, і яшчэ не адзін, - казаў паважаны доктар, - напэўна ў кішэню палезе й пару даляраў дасьць.

Час ішоў. Ніхто нічога не рабіў. Нагоды-ж празяваць ніяк нельга. Адзін Маркевіч мяне добрым словам падтрымаў. Важна было ведаць, што калі будуць лістоўкі, то ці будуць рукі і распаўсюджваць. Пытаўся колькі мясцовых. Ахвотнікаў не знайшоў. Адны адказалі, што працаваць будуць, іншыя наагул ня цікавіліся.

Два тыдні да Беларускага Дня. Няма ніякае арганізацыі, няма лістовак. Прыляцела вестка, што зьмянілі праграму. Украінскі дзень перанесьлі на 22-га жнівеня, а Беларускі дзень ажно на 28-га верасьня. Калі я езьдзіў у пачатку ліпеня на хрэсьбіны Бандраўкавага Марка (Маніна з Ігнатавых, маіх сваякоў у Мантрэалі, сына) дык нічога няведама было пра зьмены (глядзі мой артыкул у "Беларусе" - "Экспо 67 і Беларусь). Праверыў я вестку. Маркевіч таксама праверыў. Праўда. Беларускі Дзень перанесьлі на 28-га верасьня.

29-га ліпеня, калі была нагода быць у Бэлэр-Менск рэсорце, дзе наша моладзь з Канады й Злучаных Штатаў мела спартовыя гульні, пераканаўся я, што ўсе ведалі пра зьмену даты Дня Беларусі. Таму тыя, што меліся быць у Мантрэалі ў днёх 15-17 жнівеня, сказалі, што не паедуць. Катастрофа. Думалася мне, што з амэрыканскіх Беларусаў паможа хто-небудзь бальшавікоў бамбіць.

28-га верасьня выпадае ў чацьвер, працоўны дзень. Хто зь Беларусаў можа быць на Экспо 67? Навет мясцовыя мантрэальскія Беларусы ў бальшыні працаваць будуць. Я сам не змагу паехаць. Мяркаваў быць там на вакацыях сваіх, якія выпадаюць у жнівені. Дык калі што рабіць трэба, астаецца адно Савецкі Дзень - 15-га жнівеня. Мо для распаўсюджываньня лістовак будзе адна ці дзьве пары рук. Спадзяваўся на Антона Маркевіча, хоць ён ніколі мне памагчы канкрэтна не абяцаў. Але ўсё-ж трэба рабіць, спрабаваць стукнуць іх у "Дзень СССР". Увага прэсы й тэлевізіі ўсяго сьвету будзе сканцэнтравана на Экспо 67 хаця-б з тэй прычыны, што Масква, пэўне-ж, прышле некую "большую рыбіну".

Два дні салідна папрацаваў над ангельскім тэкстам лістоўкі. Цяпер-жа патрэбен перклад на французкую мову. Зьвярнуўся да Бандраўкаў. Андрэ Бандраўк, Манін муж, працаваў тады ў гамільтонскім унівэсытэце Мэк Мастэр. Выехаў ён на тыдзень у Мантрэаль. Паслаў ім ліст з ангельскім зьместам наўздагон. Тэлефоны, тэлеграмы. Андрэй парупіўся, пераклаў. Маня, каторая таксама працавала ў Мэк Мастэр, крукам сядзела пры машынапісцы, перапісала. Раней яшчэ папрасіў Міхася Наўмовіча з Парыжу, каб даў для вокладкі адпаведны малюнак. Падаў яму прапанову й прасіў зрабіць за тры дні. Зробіць, ці не? На вокладку для кніжкі чакаў паўгоду. Зрабіў за тры дні. Маладзец! Добры малюнак, якраз у пару вярнуўся.

Спарава друку. Апэляваў да Юркі Станкевіча ў Ню Ёрку, каб за тыдзень зрабіў, каб я атрымаў гатовае перад выездам у Мантрэаль. Раіў яму ў Мантрэал не пасылаць, каб РСМП на пошце не перахапіла. У міжчасе наведаў мясцовых баявых Украінцаў з Тароньце, каб даведацца, што яны рабіць будуць. Можа разам-бы... Іван Байко, загадчык гаспадарчых справаў "Гоміну Украіны", калішні вялікі палітык АБН, які звычайна вельмі добра ведаў усе ўкраінскія эміграцыйныя пазавугольлі, гэтым разам казаў, што нічога канкрэтнага ня ведае, але мяркуе, што нейкія ўкраінскія "вызвольныя" лістоўкі будуць. Мне здалося, што ён нешта скрывае. Падазравалася, што Ліга Вызваленьня Ўкраіны, мясцовы штаб Бандэраўцаў, плянуе нешта большае, ды не патрабуе такіх, як мы, хаўрусьнікаў.

Юрка Станкевіч тэлефанаваў зь Ню Ёрку, што на вызначаны дзень пераслаць лістовак мне ня зможа. Зробленыя будуць, але на паштовае падарожжа часу няма. Таму ён пастанавіў прыляцець разам зь лістоўкамі ў Мантрэал самалётам у сыботу 12-га жнівеня. Ня змог дастаць месца раней, дык прыедзе ажно позна вечарам, палова адзінаццатай. Мусіць ехаць праз Таронта, бо аж да серады ўсе месцы на самалётах зь Ню Ёрку ў Мантрэал занятыя. Пару дзён ён мае пабыць на Экспо 67, ды ў панядзелак, значыцца перад "Днём СССР" вернецца назад на працу.

11-га жнівеня, забраўшы Бандраўкаў з Гамільтону, сваіх сыноў Алеся і Юрку, я ўсіх павёз сваім самаходам Понцьякам у Мантрэал. Жонку з Альгердам пакінуў дома. Жонка хворая. Вярнулася ад бацькоў, якія жывуць якіх 50 кілямэтраў на поўдзень ад Пітсбургу. Яна там тыдні два праседзела бязь лекаў. Я цэлы тыдзень даваў ёй лекі, але да нармальнага стану (калі ейны стан наагул можа быць нармальны) не вярнуў яе. Цяпер-жа - рызыка. Пакінь яе на на тыдзень зноў бязь лекаў, дык Бог ведае што станецца. Ня было выхаду, трэба было ехаць у Мантрэал.

А шостай гадзіне вечарам 11-га жнівеня былі мы ў горадзе. Назаўтра Зіна Ігнатава (мая няблізкая сваячка) ды ейны муж Анатоль сулілі мне паехаць на іхную дачу (катыдж) Хацелася. Але ня мог. Трэба было разглядзецца на месцы, можа дзе знойдзецца якая пара памочных рук. Дзе-ж тут адпачываць будзеш...

Адпачынак так патрэбны быў. Стаяў пры такарцы цэлы год. Ігнатавы надзвычайна прыгожы катыдж у Лаўрэнскіх горах, якіх 60 міляў на поўнач ад Мантрэалю, мелі. Там хочаш - рыбу лаві, купайся, або проста бакі адлежвай. Грыбы дык табе грыбы: баравікі, падасінавікі; лес сасновы із курортным паветрам. Будзе ўлежна і ўежна. Такое яно ўсё прынаднае. Пасьля цэлага году такарных машынаў ды Гардыёнавага вузла жаночых праблемаў, гэта прынада была якраз тым, што мне належылася.

Заўтра-ж чалавек зь лістоўкамі прыляціць зь Ню Ёрку. У наступны аўторак - дзень "бамбардаваньня". Трэба знайсьці памочнікаў. Астаўся ў Мантрэалі й пачаў мабілізацыю. Але дзе там каго намовіш... Адзін паехаў на катыдж, другога па тэлефоне ня знойдзеш. Сядзеў пры тэлефоне тры дні. Начамі спаць ня мог. Будзе правал.

Із добрым чалавекам паехалі ў Дорвал на лётнішча й сустрэлі Юрку Станкевіча. Самалёт ягоны спазьніўся на цэлую гадзіну. Прывёз тысячу лістовак. Станкевіч затрымаўся ў маіх сваякоў. Гаспадары выехалі на катыдж у Роўдэн і хату аддалі пад маю апеку. Антон Маркевіч прыехаў у Мантрэал дзень раней. Затрымаўся ў свайго сябры Астроўскага, у якога непаладкі з жонкай Французкай. Сам ён скалечыў нагу й сядзіць на катыджы, а Маркевічыха праклінае такія вакацыі. Дыміць печ. Астроўскага Французка (зь якой, аказваецца, жыве на веру) гаспадыня ноль. Кухня завалена ўсялякім сьмяцьцём.

У панядзелак каля гадзіны 4-й папаўдні адвёз Юрку Станкевіча ў Дорвал на лёрнішча. Ён вяртаўся ў Ню Ёрк праз Таронта. Едучы з Дорвал назад, заблудзіў. Пракляты Мэтрополітан булвар і дзіўны сьвяты Квібэк. Тут куды не глянеш - усё сьвятое. Які ахвярны гэты чалавек Юрка Станкевіч. Калі-б ня ён, нічога-бы з заплянаванай "бамбардыроўкі" не атрымалася. Гэты дзяцюк страціў свае грошы на самалёты й ня меў ніякага адпачынку.

Юрку свайго й Алеся я пусьціў на выстаўку. Даў кажнаму пашпарт, грошы, на два білеты на ўдушлівае мантрэалскае мэтро. Ідзеце, хлопцы!

Яшчэ ў панядзелак раніцай, разам зь Юркам Станкевічам, разьведаў падыходы да Плошчы Нацыяў, дзе мае адбыцца ўся цырымонія. Даведаўся праграму наступнага дня. Лявон Яўменаў, Беларус із ваколіц Хацімска, паэт, штатны працаўнік савецкага павілёну, падобнага сваей канструкцыяй на расейскі "сарай", сказаў мне, што апроч Палянскага, заступніка прэм'ер міністра Касыгіна, будзе заўтра (ўжо прыехалі) на стадыёне й й больш "вялікіх рыбаў", а між іх і Беларус Шаўра.

Добрая нагода. Як падымецца савецкі сьцяг на машце - бамбі! Скамунікаваўся з Маркевічам. Умовіліся на восьмую гадзіну раніцай. Спадзяваліся-ж і на іншыя народы, у прыватнасьці на Балтаў ды Ўкраінцаў. Але-ж ня ведаем што яны рабіць будуць. Няўжо-ж. няўжо... Няўжо-ж нікога ня будзе? Асабліва Ўкраінцы заўсёды ў вялікіх маштабах плянуюць і часта з таго пшык выходзіць.

Ноччу з 14-га на 15-га жнівеня круціўся як чарвяк на кручку. Адхапіў пару гадзінаў сну недзе пад раніцу. Звычайна як сплю, скрыгаю зубамі. Ці не ад бацькі гэта прывычка. Скрыгаў-жа і ён, гаротнік - вечная яму памяць. Бальшавікі яго ў канцлягеры пасьля вайны змардавалі. У гэных пару гадзінаў сну скрыгатаў я больш чым нармальна. Ці-ж гэта лёгка? Вядома, як Палянскі ды іншыя "рыбы" прыплылі, дык паліцыі будзе ўсюды, як маку. А тутака адзін. Вось і бамбі. На Антона Маркевіча палягаю, але ніколі-ж не давялося мне яго бачыць у такіх сітуацыях. Ці вытрымае ён? Ці паможа? Трэба-ж будзе і ў вязьніцу йсьці. А ён-жа безработны цяпер, ды грошы ў яго не вядуцца. Ці-ж яго вінаваціць будзеш, калі ў апошнюю хвіліну завагаецца?

Пасьля гэткага сну, больш змучаны, чымся ўчора, з балючымі ад скрыганьня зубамі, падняўся да бою. Не. Гэтта не "паказнае гэройства", як пісаў да мяне д-р Жук-Грышкевіч. Каму як каму, а мне трэба было-б удома сядзець, сям'і глядзець. Але хто-ж зробіць? Такая залатая нагода. І дзе падзеліся нашы "палітыкі" й "змагары"? Сорамна за ўсіх. І за тых, што на зьездах надта мудра разважаюць, дый тых, што пры піве й гарэлцы так шмат незалежных і свабодных Беларусяў будуюць.

А гадзіне 8.30 раніцай 15-га жнівеня, абладаваны лістоўкамі, зьявіўся я на кватэру Маркевічаў у Астроўскага. Французка Астоўскага сьпіць яшчэ наверсе, а злосная Маркевічыха катурхаецца на кухні. Дыміць печ. У хаце напружаная атмасфэра. Антон яшчэ не гатовы. Я прынагляю яго, бо найпазьней а гадзіне 9.30 трэба быць на Плошчы Нацыяў, каб заняць стратэгічнае месца. Антон пабрыўся. Ужо блізіцца дзявятая. Адкуль вазьміся Астроўскага Французка, тлумачыць Маркевічу, што аўта ягонае стаіць на вуліцы ў тым месцы, дзе можна паркаваць адно ноччу. Калі не перацягне свой "джалопі" на тое месца на вуліцы, дзе стаўляюць удзень, дык аштрафуюць на пятку.

Ідзем глядзець. "Дзённыя" месцы ўсюды занятыя. Гадзіна восьмая сорак. Маё сэрца скорыць ход. Глядзім навокал. Дзе-ж тут паставіш? Антон лаецца. Гадзіна восьмая, сорак пяць. Дзень цудоўны. Маё сэрца яшчэ больш скорыць ход. Чую, што наплывае вялізная злосьць на Антона.

- Антон, пакінь, - кажу. - Як улепяць пятку, я заплачу. Хадзем, бо позна ўжо.

Антон яшчэ ходзіць. Разглядае суседнія вуліцы. Нарэшце маё цярпеньне канчаецца.

- Антон, даю табе хвіліну. Калі ня пойдзеш, дык пайду сам. - крычу. І баюся. А што будзе як адзін адзіны памочнік адмовіцца?

- Слухай, Кастусь, - марудзіць Антон, - а можа адлажыць на дваццаць восьмага, на Беларускі Дзень? Прыедзем, распаўсюдзім.

Ледзь стрымліваюся. Гадзіна за пяць дзявятая. Экспо адчыняецца за трыццаць пяць хвілін. Даехаць на мэтро займае паўгадзіны. Знайсьці стратэгічнае месца - мо яшчэ колькі часу. Кіпіць у мяне ў сярэдзіне. Няўжо-ж намаганьні людзей аж з трох краінаў (Наўмовіча, Станкевіча й мяне) прападуць з прычыны недахопу месца, каб паставіць аўтамабіль?

- Не, Антон, - крычу, - нельга. - Цяперака тут Палянскі, увага цэлага сьвету канцэнтруецца сяньня на Экспо. Бамбіць трэба сяньня. Пачакай да 28-га верасьня і ўсё прападзе. Зашмат людзей ведае пра нашыя пляны. Саветчыкі пранюхаюць. Ці-ж ты не разумееш?

Кіслы Антон крывіцца. Спачуваю яму. Ідзём нарэшце ў хату. Я даю яму пару сотняў лістовак. Як-жа памалу ён варушыцца! Падагнаць-бы. Ды нельга. Зараз выбухне. Маўчу, сьцяўшы зубы. Так хутка плыве час. Падбягае ягоны сынок.

- Тата, куды едзеш?

- На Экспо, Тэды.

- А мяне возьмеш з сабою? Вазьмі.

- Не, сынок. Ты йдзі з мамай, там сустрэнемся. Лепш за ўсё сядзіце дома, а я пазваню й скажу дзе буду.

Нарэшце выехалі. З палёгкай уздыхаю. Гадзіна палова дзясятай. А можа яшчэ ўсьпеем. Едзем цесны і ўдушлівым мэтро. Вылазім. Усюды вялікі натоўп. Ногі подбегам нясуць да Плошчы Нацыяў. А там чырвоных мундзіраў, як маку. Чорных ня менш. Шэрых (Бясьпекі Экспо) таксама ўволю. А колькі-ж зь іх яшчэ ў цывільнай вопратцы між народу! Кідаем вокам на плошчу. Усе падыходы да трыбуны зачынены. На першых месцах навокал распалажыліся савецкія матросы з тых пару караблёў, што прыехалі ў госьці. Добра падбалі, "ребята", што й гаварыць!

Разглядаемся. Усюды поўна народу. Нідзе ўжо наперад не палезеш. Трэба выбіраць месца ззаду, але такое, каб адразу не схапілі. "Ангелы аховы" пільным вокам сочаць за натоўпам. Нарэшце я выбіраю месца. Мая торба сіняга колеру, купленая на Экспо. На ёй афіцыяльная эмблема, а ў сярэдзіне "кантрабанда". У Маркевіча, таксама напакаваны лістоўкамі, звычайны руды папяровы мяшок з харчовае крамы. Антон прыкрывае яго пінжаком, нязручна хавае. Які ён наіўны, - думаю сабе.

Выбранае мною месца насупраць трыбуны, але зусім з процілеглага боку, далёка ад яе. Уннізе распалажылася аркестра. Побач - сьцягі ўсіх нацыяў пырхаюць на маштах. Я выбіраю месца побач тэлевізійнага апарату. Каб, калі ўдасца, было максімум прапаганды й мінімум намаганьня. Хлопцы з СБС (канадыйскай дзяржаўнай тэлевізійнай карпарацыі, што нашымі падаткамі жывіцца) умеюць навіны лавіць.

Стаю, разглядаюся. Вецер ад возера нясе ў бок натоўпу. Месца-ж маё таксама ледзь ня цантральнае. Вось каб гэту шырокую цётку наперадзе перад мною як з лаўкі сьпіхнуць, ды пасьля на лаўку стануць, на ўвесь свой магутны голас крыкнуць, вось посьпех быў-бы. Але цётка здаравенная. Як ты яе зварухнеш. Тут-жа каля яе й сямейка разьмясьцілася. Жанчына, як курыца, квокча. Джані хоча папсікл, а Майкал там яшчэ якую трасцу. Сэрца маё працуе на вышэйшым хаду. Што будзе, тое будзе, а буду стаяць тут, - пастанаўляю. Як кінеш зь ветрам лістоўкі, дык можа на аркестру пападуць, але мо каторыя і ў рукі гледачоў ці да бальшавіцкіх матросаў далятуць. Вецярок паможа.

Прыходзіць Антон Маркевіч і прыносіць добрыя навіны. Там каля прэсавае сэкцыі лепш было-б, - пераконвае мяне. Бліжэй да Палянскага. Спарачаемся хвіліну-дзьве паўголасам. Каб, барані Божа, не заўважылі. У натоўпе чуваць і расейская гутарка. Пакідаю нагледжанае месца і йду за Антонам. Падыходзім да прэсавай сэкцыі. Кажа мне Антон, што ўжо сустрэў тут нейкага Ўкраінца, карэспандэнта таронцкае газэты "Глоб энд Мэйл" ды нашага Янку Запрудніка ад радыё "Свабода" зь Ню Ёрку.

- Вось каб у самай прэсавай секцыі сесьц! - кажа Антон.

Я, доўга ня думаючы, адразу накіроўваюсдя туды. "Ангел вартаўнік" зь Бясьпекі Экспо 67 хутка растапырвае крыльлі.

- Ваш прэсавы пашпарт, калі ласка!

Як той казаў, адсадзі, братка, назад. Знайшлося месца побач. Тут знаходзіцца ўсё тое, што пазьней пачалі называць "мідыя" - сродкі масавага пераказу, - "вочы й вушы" ўсяго сьвету, у іх ліку карэспандэнты ўсіх найважнейшых прэсавых і тэлевізійных агенцыяў, усяго як казалі, звыш трыста чалавек. Тымчасам там унізе аркестра вядзе нейкую мэлёдыю. Нейкі басіла з "большого" зацягвае:

 

... мы нікогда врага не пошчадім.

 

Забойцы, трутні, калянізатары, вырадкі! У чужой дэмакратычнай краіне рэклямуеце сваё нялюдзкае. А каго-ж ворагамі лічыце? Ці ўсіх гэтых, што побач вас? Колькі-ж гэта зь іх вы расстралялі-бы, а колькі ў "отдалённые места" паслалі-бы? Як вам ня сорамна перад сьветам? Але дзе-ж ваш сорам? Ён у прочкі пайшоў тады як вы Бога адракліся...

Дзьве машты. На аднэй вісіць канадыйскі сьцяг зь кляновынм лістом, іншая пустая. Туды неўзабаве ўспаўзе сымбаль чалавеканянавісьці. Тады трэба бамбіць. Вунь у галоўнай браме ўжо сабраліся "шчасьлівыя" эсэсэраўскія народы. Зараз выйдуць яны на арэну сусьветную, каб паказацца, пахваліцца, адурманьваць нясьведамых... А колькі-ж тут гэтых нясьведамых! Кроў нявінных з вашага чырвонага сьцягу капае. Але ці-ж гэтыя разявякі разумеюць?

Стаю, прыглядаюся. Дзякуй Богу, вецярок паможа - ён адтуль, ад вады ды туды пад прэсавую сэкцыю й галоўную трыбуну. А той сьпявак з "большого" ўсё яшчэ гарлапаніць. Іржавай пілой па сэрцу. Дрыжу, як асіна. Каб-жа гэта сваіх людзей навокал парастаўляў, каб пачалі адзін пасьля аднаго лістоўкі раськідаць ды спынілі гэту ганебную пашану маскоўскіх тыранаў! "Падыманьне мантрэальскіх мертвякоў" не дало ніводнай пары рук. Недзе цяпер ці адзін з маіх суродзічаў робіць "абіртайм"... Каб пабольш у кішэню. Каб быць чалавекам сярод людзей. Дзе мерка? Дзе пачатак? Дзе канец? Якую вартасьць мае кліч "змагаемся за вольную Беларусь"?

Ёсьць нагода плюнуць у твар найбольшым тваім ворагам. Дык дзе-ж тыя, што пляваць павінны? Недзе доктар Жук-Грышкевіч, што Крайслерам маніўся прыехаць, прыслугоўвае жоначцы пры лячэньні зубоў. Мімаволі ў такую хвіліну разважае чалавек аб асноўных вартасьцях людзкіх, наагул аб чалавечай маральнасьці. Вось прыйшла нагода, каб пачуў запрыгонены беларускі народ, што сыны й дочкі ягоныя жывуць у вольным сьвеце, што памятаюць пра яго, што тыранаў маскоўскіх на сорам перад усім сьветам выстаўляюць. А дзе-ж тыя сыны й дочкі? Няма гэтта гаворкі пра нейкае гэройства. Дзе яно, тое гэройства? У простых учынках, у пару зробленых. Ніхто-ж тут нікога за каўнер не бярэ. Калі зьявіліся Маркевіч і Акула, дык чаму не магло прыйсьці яшчэ дваццаць? Дзе ваша звычайная чалавечая сьмеласьць? Вам першкаджае боязьнь, што арштуюць? Дык гэта-ж вайна, а на вайне ахвяры бываюць...

Антон ізноў падыйшоў ззаду, нешта гаворыць. Не адзываюся. Ужо занадта рызыкоўна. Блізка гадзіна ноль. Праз плячо бачу яго й Запрудніка. Мяне цяпер больш цікавіць дзядзька з правага боку, чарнявы, у акулярах і із фотаапаратам. Хто ён такі? Тая жанчына зь левага боку парасейску гаворыць да суседкі. Кроў б'е ў скроні.

Недзе ў натоўпе ёсьць і кадэбэшнік Прокша, і таронцкі рэдактар "Вестніка" Акулевіч і іншая "прагрэсыўная" дробязь. З ратоў ім сьлінькі цякуць. Зараз-жа ў лепшых колерах магутную "пралетарскую" пабачуць.

Аркестра грае нейкі бадзёры марш. На плошчу выходзяць "сувэрэнныя народы" эсэсэсэрыі. Над імі - гіганцкія сьцягі. Трэці з чаргі - беларускі савецкі. Дзьве прыгожыя дзяўчыны ў нацыянальных вопратках. Пасярод іх моцныя дзяцюковы рукі трымаюць сьцяг, Масквой накінуты. Сьцяг пракляцьця. Чырвоная кроў. Серп і молат. Зялёнае поле. Абрабаваная Беларусь. Вэртыкальна маячыцца нацыянальны арнамент. Зганьбаваны. Дзяўчаткі йдуць прыгожа й прынадна, быццам на сцэне. Гэта не калгасьніцы, а бадай акторкі.

На плошчу ўваходзіць канадыйская ганаровая вахта, выпрастоўваецца перад трыбунай. Сьмяецца зьверху ласкавае сонца. Тых прадстаўнікоў народаў эсэсэсэрыі людзі слабымі воплескамі віталі. Цяпер ўсё маўчыць. І вось чуем савецкі гімн. Не "інтэрнацыянал", а гэты новы. Паволі паўзе на слуп чырвоная шмата. Успаўзла. Цяпер пад гукі канадыйскае аркестры матросаў, Палянскі, у саправодзе іншых, ідзе перад першым шэрагам ганаровай варты. Заварачваецца, ідзе перад другім. Гадзіна ноль блізка.

Вешаю торбу на грудзі. Расшпільваю зіпар-маланку. Рукі ўсаджваю ў торбу. Бяру як найбольш лістовак. Каб адным махам. Буду кідаць налева й направа, шырака, над галовамі, каб як найбольш людзям у рукі трапіла. Нясі-ж, ветрык міленькі. Данясі ўва ўсе куткі, каб пачулі народы сьвету пра змагарную, непакорную, запрыгоненую, абрабаваную краіну.

Недзе ззаду Палянскаму салютуюць стрэламі гарматы. Каралеве ангельскай, прыгадваю, білі дваццаць адзін, а савецкаму прадстаўніку толькі дзевятнаццаць стрэлаў. Гарматныя стрэлы паднялі ў паветра гурт галубоў, што былі разьмясьціліся на масыўнай, адмыслова збудаванай эмблеме Экспо, для сьвяткаваньня стагодзьдзя Канады. Галуб - эмблема міру. Гэтта, як на сыгнал, галубы ўзьляцелі быццам, каб прывітаць прадстаўніка найбольш забойчай імпэрыі ў гісторыі чалавецтва. Тады, прыгадваю, я перастаў паважаць галубоў.

Палянскі ўжо паварачвае на трыбуну. Цяпер надыйшоў момант. Усюды ціха. Раптам вялікае напружаньне ў мяне як рукой адняло. Не злавілі. Цяпер маё слова.

Памажы, Божа!

Як тыя дурныя галубы, пырхнулі на натоўпам сотні лістовак із згорбленым прыгоньнікам пад цяжарам чырвонай зьненавіджанай зоркі. І ўвесь цяжар падрыхтовак выліўся ў свабодным і магутным голасе. Перш паангельску:

Death to Moscow murderers!
Сьмерць маскоўскім забойцам!

І другое:

Freedom for Byelorussia!
Вольнасьць для Беларусі!

А тады пабеларуску, каб тыя эсэсэсэраўцы на плошчы чулі:

Няхай жыве вольная Беларусь!

І ў наступны момант моцныя рукі схапілі мяне ззаду й паднялі, як пярынку, у паветра. Навокал быццам бура. Перад вачмі мільгаюць твары. Дзьве рукі закрываюць мне рот. І моцны голас:

- Ня крычы! Не пакрыўдзім! Толькі ня крычы!

Навокал людзі хапаюць лістоўкі. А каля мяне чырвоныя, чорныя й шэрыя паліцыйныя мундзіры. Як груганы, наляцелі.

- Мой капялюш. Давайце капялюш.

Ня ўпіраюся. Спрабуй адно, дык яшчэ дваццаць пятку за супраціў паліцыі ўлепяць. Я сваю работу зрабіў. Цяпер груганьнё ад мяне адляцела, а вядуць два маладыя паліцыянты з гарадзкое мантрэальскае паліцыі. А што там на плошчы? Спыніў урачыстасьць, ці не? Ня чуваць Антона. Ён мусіў быў бамбіць зараз пасьля мяне. Напэўна струсіў.

Перад мною ідзе чалавек із паходнай тэлевізійнай камэрай. Апарат на мяне настаўлены. На маім твары расплываецца ўсьмешка. Удалося. Сьмяюся ў камэру, махаю рукой. Паліцыянт касавурыцца, цісьне маю руку ўніз. Нешта кажа пафранцузку.

- Што кажаш? Не разумею, - кажу пабеларуску.

- Нічога. Ня трэба рукой махаць, - адказвае той паангельску.

Вядуць недзе пад мост, на якім "мінірэйл" (спэцыяльная, здмыслова пабудаваная для Элспо 67 "малая чыгунка") ходзіць. Пустая торба вісіць у мяне на грудзёх. Асталося там лістовак, мусіць, з тузін. Добра выкінуў. На аднаго-ж хіба хопіць.

Удалося. Цяпер вяртаецца спакой.

- Што гэта вы там раскідалі? - пытаецца паліцыянт.

Дастаю лістоўкі й даю кажнаму па аднэй.

- Глядзіце, - кажу.

Бяруць і хаваюць у кішэні. Прыходзіць афіцэр паліцыі. Яму торкаю адну ў рукі. Цяпер зусім іншы чалавек із тэлевізійнай камэрай робіць здымкі. Чакаем. Побач бачу малы фантан. Прашу дазволу напіцца й задавольваю смагу.

Ужо прыехаў "чорны воран" і мяне ветліва запрашаюць сесьці.

- Калі ласка, - кажуць і два паліцыянты сядаюць побач са мной. Закрываюць дзьверы ззаду. Тут горача вельмі. "Воран" робіць баразну ў гушчы людзей на выстаўцы. Куды-ж гэта вязуць? Пазіраю на сваіх "ангелаў-вартаўнікоў". Што гэтыя хлопцы думаюць? Чытаюць лістоўкі (фактычна гэта брашуры па 12 бачын у ангельскай і французкай мовах) й нешта гавораць пафранцузку.

- Вам пашана за гэта, што вы зрабілі, - кажа адзін зь іх мне. - Але нас ня вінавацьце. Мы сваю работу мусім рабіць.

Усьміхаюся й нічога не адказваю.

Высаджваюць перад дзвярмі прыгожага "бангалова", дзесьці на поўдзень ад таго Экспо. Вядуць у сярэдзіну. Спачаткудва маладыя паліцыянты, каторыя прывязьлі, стаяць побач, пасьля адыходзяць, закурваюць, жартуюць.

Першая кантроля. Выцягвай усё з кішэняў. Забралі торбу, кашалёк, цыгарэты, запалкі, абмацалі ўсяго, ці няма зброі. Паліцыянт сядзіць насупраць мяне пры стале й піша прозьвішча ды іншае: адкуль, што, чаму... Аб'яўляе мне, што мяне абвінавачываюць у "закалоце публічнага парадку". Пасьля вядуць мяне ў іншы пакой. Там іншы паліцыянт піша рапарт.

Другі, у цывільнай вопратцы, малады чарнявы, яшчэ раз пераглядае мае рэчы. Ужо не абмацвае мяне, як тыя раней, але глядзіць уважна на капялюш, пальцамі мацае яго навокал.

- Зброі ня маеце? - пытае.

- Ня маю й ня меў.

Ён бярэ з мае торбы ручку-самапіску., раскручвае яе, уважна прыглядаецца кожнай дэталі.

- Уважайце, асьцярожна, - перасьцерагаю яго.

Пазірае на мяне з пытаньнем у вачах.

- Гэта вельмі небясьпечная прылада, - тлумачу.

- Як гэта разумець? - пытаецца заінтрыгаваны.

- А вы ня чулі, што пяро ёсьць магутнейшае за шаблю?

Ён усьміхаецца. Чытае маю брашуру. Той, што пісаў рапарт, выходзіць.

- Але добрая работа, - кажа гэты ў цывільным, - Ня думайце, - глядзіць мне проста ў вочы, - што мы проці вас. Такіх людзей як вы, што змагаецеся за свабоду, мы паважаем. Адно, што свае абавязкі выконваць мусім. Разумееце?

- Так, разумею, - адказваю.

Я ўсьміхаюся да яго, а ён да мяне.

- Як вы называецеся? - пытаю я.

- Констабал Дзюбі.

Ён зьвяртаецца да мяне на "сэр".

Хвіліна страху, - думаю сабе. Гэтыя людзі нас паважаюць.

Констабал Дзюбі знайшоў у маей торбе кнігу "Пра час і пра сябе". Ён, выглядае, ведае кірыліцу, намагаецца чытаць складамі. Я яму памагаю.

Адтуль вязуць мяне ў паліцыйны ўчастак нумар адзін. Вылазім перад вялікім будынкам. Той, што ехаў са мной ззаду, кажа да шофэра: - Скарэй дурак!

А гэта што? Беларус, можа? Нос крукам, але твар славянскі. Едзем ліфтам уверх. Адзін паліцыянт пытаецца другога:

- Колькі, думаеш, яму дадуць? Даляраў сотню?

- Ды за што? - пытаецца другі.

- Ну за зьнявагу чужых дыпляматаў. Помніш колькі ўляпілі таму, што на Дэ Голя крычаў "бандзіт"?

- А хто-ж гэта такі Дэ Голь? - злуе адзін. - Сукін сын.

- Ты што, славянін нейкі? - зьвяртаюся я да таго, што гаварыў пабеларуску.

- Я ня ведаю. Называюся Козэл...

- Можа Казёл? - папраўляю яго.

- Можа й так, - адказвае й рагоча. - Маці папольску мне пару слоў сказала. Казала, што "козел" то "гоўт". Гэта што, самка ці самец?

- Самец, - кажу.

- Чуеш, чуеш? - разрагатаўся паліцыянт, тоўхаючы другога. - Я самец, я самец. А як самка? - пытаецца мяне.

- Каза.

- Чуеш, чуеш? - тоўхае Козэл другога пад бок. - Каза.

І аж заходзіцца ад рогату.

Ліфт спыняецца. Вядуць мяне ў пакой і перадаюць у рукі інспэктара Дзюбі, каторы адносіцца да мяне вельмі ветліва, зьвяртаецца на "сэр". Ён вядзе мяне ў бюро ідэнтыфікацыі. Стаю ў малой каморцы перад вялікім люстэркам, а мяне аглядае там нехта з другога боку... Ці пасуе мой твар да здымкі якога крыміналісты. Значыцца, правяраюць каго злавілі. Ды нарэшце ўжо нацешыліся. Вядуць і замыкаюць мяне разам зь "гіпісамі".

Гэтта зборышча з Канады й Злучаных Штатаў, падоньне жыцьця. Знахожу ў куце тэлефон і спалучаюся з Маняй. Яна й яе муж віншуюць мяне зь перамогай. Маркевіч ужо званіў да іх.. Прашу Маню каб прыслала адваката. Нейкую гадзіну пазьней зьявіўся каля рашоткі чарнявы чалавек, сказаў, што яго прасіла пані Бандраўк. Прозьвішча яго Бега, з паходжаньня Ўкраінец.

- Дужэ, дужэ прыемно, пане Акула, - выцягнуў ён да мяне руку, - вас пізнаты. Вэлыкій гонар. Цэ, шчо вы ныне зробілы, я сам бажаў-бы зробіты. Я такіх людзей, як вы, дужэ шаную...

- Добры чалавек, - думаю. Назаўтра мой погляд адносна "добрага" чалавека зьмяніўся, калі ён за сваю помач засупоніў аж 75 даляраў. Але ў гэны дзень, каля гадзіны трэцяй я стаяў перад судзьдзёй, прызнаўся ў сваей віне. Атрымаў кару 25 даляраў і судовых коштаў тры з паловай даляры.

Ад пачатку "бамбардаваньня" Палянскага і да выхаду на волю прайшло так гадзінаў пяць. У гэны й наступны дзень пісалі пра аднаго Беларуса, каторы прарваўся праз паліцыю, крычаў і раськідаў брашуры пра паняволеную Беларусь на Экспо 67, мясцовыя й іншыя канадыйскія газэты. Бачыў я сябе, арыштаванага, з усьмешкай, у суправодзе паліцыі, на тэлеэкране два разы. Сьвет пачуў пра паняволеную Беларусь.

Цікава, што пра гэтую дэманстрацыю пісалі ў Канадзе й шматлікія іншамоўныя газэты. Харктэрна, што з украінскай прэсы згадаў дэманстрацыю адзін толькі "Канадыйскі Фармар", а прамаўчалі яе зусім галоўныя арлы, як "Гомін Украіны" (бандэраўцы) ці "Новы Шлях" (мельнікаўцы). Паколькі першы быў ворганам Лігі Вызваленьня Ўкраіны, дык зразумела. Гэта Ліга, як аказалася падрыхтавала звыш сотні тысяч лістовак і два малыя самалёты, каб засыпаць лістоўкамі бальшавіцкае сьвята на Экспо. Як ведама, РСМП злавіла іх на мантрэальскім лётнішчы. З таго вялікамаштабнага пляну выйшаў няменшы пшык, а мне сталася зразумелым чаму пан Бойко не хацеў мяне на супалку.

Із Антонам Маркевічам запісалі той посьпех на супольнае конта. Ён тлумачыўся, што за ім стаяў здаравенны РСМП паліцыянт, і так зусім упрытык да яго, што ня мог зварухнуцца і навет рукой у торбу ня мог-бы, каб і хацеў, палезьці.

Дзён пяць пасьля вярнуўся я ў Таронта, дзе даведаўся, што ў сыботу 19-га жнівеня, на паседжаньні Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады, д-р В.Жук-Грышкевіч правёў сваю рэзалюцыю, каб ганьбаваць Акулу за тое, што ў сваім артыкуле "Экспо 67 і Беларусь" (гл. "Беларус", №123-124, ліпень-жнівень, 1967 г.) ён упікнуў "змагароў" і "змагарнага старшыню" за тое, што зрабілі на ХУІІІ-м Зьезьдзе ЗБК. Д-р В. Жук-Грышкевіч таксама дамагаўся, каб забараніць "Пагоні" (выдавецкая й мастацкая суполка ў Таронта) ўжываць адрас Беларускага Рэлігійна-Грамадзкага Цэнтру пры 524 Сан Клэранс вуліцы ў Тароньце. Забароны такой здабыць ня ўдалося, але таго-ж, 1967 году, на сьвяце 450-годзьдзя Беларускага Друку, у залі Беларускага Рэлігійна-Грамадзкага Цэнтру ў Тароньце, дзе адбывалася ўрачыстасьць, не знайшлося месца для кніжнага стала "Пагоні". Наш найбольш заслужаны "кніжны гандляр" у той час у Канадзе й бадай што ў Злучаных Штатах, Антон Маркевіч, быў змушаны разаслаць нейкую дзяружку перад уваходам у залю на дварэ, параскладаць на ёй эміграцыйныя кнігі й газэты, каб зацікаўленыя ў дзень 450 годзьдзя Беларускага Друку маглі зь іх што купіць.

Пасьля павароту ў Таронта я даведаўся, што ў гэны самы дзень, калі "бамбіў" бальшавікоў у Мантрэалі, зараз пасьля майго арышту, нашага япіскапа Мікалая наведала пара людзей ад РСМП, каб даведацца хто такі Акула. А ў Злучаных Штатах старшыню Беларуска Амэрыканскага Задзіночаньня Ўладзімера Курылу наведалі "бойсы" з Эф Бі Ай (Фэдэральнае Бюро Выведкі), якія таксама надта цікавіліся што гэта ёсьць за ягамосьць адзін такі Кастусь Акула...

 

Некаторыя адгалоскі

 

1. Артыкул "Russia has day at Expo" y "The Globe and Mail" August 16, 1967.

2. Артыкул "Police Nab Anti-Soviet Demonstrator" y "The Gazette" August 16, 1967.

3. Артыкул "Expo 67. Chronicle" y "The Montreal Star" August 16, 1967.

4. Артыкул "О врагах без кавычек" у "Новое Русское Слово" 12 октябра 1967 г.

5. І ведамы Прокаша зза Бэрлінаскай сьцяны ў сваёй кніжке "По обе стороны".


1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кастусь Акула. Усякая ўсячына. Выданьне "Пагоні", Таронта, 1984, ISBN 0-96908969-6-2
Падрыхтавана: Раман Кардонскі