epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Акула

Памяці Аркадзя Качана

Стары кукабара* із поўнаю сілай

Сьмяецца-рагоча над сьвежай магілай.

 

        Якісьці нябожчык спачыў тут учора,

        Прыйшоў з-за паўсьвету, спазнаўшы шмат гора.

 

А дзесьці далёка ў забранай краіне

Заплакала восень па страчаным сыне.

 

        Вясёлкі вясны і запах сенажаці,

        І гоман лясоў, песьняў родных багацьце, -

 

Усё адышло із юнацкім імгненьнем,

Насьпелых, нязьдзейсненых мар-лятуценьняў...

 

        Ішоў час злавесны, ішоў час пануры,

        З Усходу й Заходу нахлынулі буры,

 

І хіжыя варвары ўдужкі ўзяліся,

Край родны ў пажарах вайны папяліўся,

 

        І там, дзе зязюля табе кукавала,

        Сабе рыхтавалі Тэўтоны Валгалу**

 

"Рабы раскаваныя" перлі з Усходу,

І гібель, і пекла прынесьлі народу.

 

        Прапалі тады твае мары і ўзьлёты

        У дымах пажараў ваеннай Галготы.

 

Радзіма цярпела ў няволі і ў болі

Ад хіжых тытанаў на Марсавым полі.

 

        І ты, ў ліку тысяч яе абаронцаў,

        Стараўся здабыць зямлю й волю пад сонцам.

 

Змагліся, аслаблі, было ўсіх замала,

Калі Беларусь вас на бой заклікала.

 

        На новых і сьвежых яшчэ папялішчах

        Варвары з Усходу спаўлялі ігрышча.

 

Як хочаш адмерай, - з Бабруйска й Нясьвіжа

Далёкім ёсьць шлях да Паўдзённага Крыжа***!

 

        Маскаль ладзіў дома свабодзе хаўтуры,

        Выгнанца ў чужыне віталі кэнгуры.

 

Ох цяжка! Як цяжка зусім без натхненьня

Пускаць у зямельку чужую карэньне!

 

        Ты гукаў і клікаў сваіх у грамаду

        Жыцьцё на выгнаьні даводзіў да ладу.

 

У працы грамадзкай удзел браў сумленна,

Кароткі свой век ты пражыў не дарэмна.

 

        Ты годнасьць і мужнасьць пакінуў у спадак,

        Каб браў зь цябе прыклад руплівы нашчадак.

 

І богу й народу злажыў ты ахвяру,

Дарма хай рагоча цяпер кукабара.

 

25.03.1983 г.

 

* аўстралійская птушка, што рагоча.

** у нарманскай міталёгіі месца для героя, што ўпалі ў баёх.

*** сузор'е ў хворме крыжа, якое відаць на паўдзённай паўкулі. Яно таксама фігуруе на аўстралійскім дзяржаўным сьцягу.


25.03.1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Кастусь Акула. Усякая ўсячына. Выданьне "Пагоні", Таронта, 1984, ISBN 0-96908969-6-2
Падрыхтавана: Раман Кардонскі