epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Акула

Слава "партыі роднай"

Максіму Танку ў вадказ на ягоны верш "Авэ Марыя"

На вежы крамлёўскай гамоняць куранты,

Таўкуцца на плошчы ў чарзе экскурсанты,

Каб муміі жоўтай у змрочнай грабніцы

Падзякаваць, нізка чалом пакланіцца -

                Жыцьцю новаму брава,

                "Роднай партыі" слава!

 

Із слуцкіх палёў чампіён-ільнаводка

Ліпіць у натоўпе із сэрцам дрыготкім -

Савецкая вэрсія слуцкай ткачыхі,

На полі калгасным пазнала хунт ліха -

                Зьмянілася доля народная,

                Слава "партыі роднай"!

 

Гадоў ёй мо трыццаць, на выгляд шмат болей,

Гарбом на плячох узбуйнела нядоля;

Мазольныя рукі, барозны с кастрыцы,

Худая авоська галечай свіціцца -

                Постаць прост жалюгодная,

                Слава "партыі роднай"!

 

За пот мазалі і цяжкую фатыгу

Ёй "родная партыя" тыцнула фігу:

- Ты Леніну едзь у Маскве пакланіся,

Падзякуй, што бульба і хлеб не зьвяліся.

                Шчасьлівая ты і свабодная

                Пад сонцам "партыі роднае".

 

Казала ёй маці: дачушка, бяз Бога

Уладзе ніякай ані да парога.

І цьвет васільковы, і мяккі шоўк лёну

На вуснах парэпаных стануць праклёнам

                Долі нашай прыгоннай -

                Слава "партыі роднай"!

 

Ты знай, ільнаводка, што Плошчы Чырвонай

Ня першы раз слухаць гаротных праклёны,

Ды прыйдзе канец сатаны панаваньню,

Пасьля цёмнай ночы настане сьвітаньне,

                Зьменіцца доля народная,

                Згіне "партыя родная"!

 

Паслухай, як гулкім рэхам хаўтурным

Грукае бот з маўзалея дзяжурных;

Пойдзе ў нябыт той пракляты кастрычнік,

Згіне бязбожны маскоўскі апрычнік,

                І справім у дзень пагодны

                Хаўтуры "партыі роднай"!


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Кастусь Акула. Усякая ўсячына. Выданьне "Пагоні", Таронта, 1984, ISBN 0-96908969-6-2
Падрыхтавана: Раман Кардонскі