epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Акула

Запіскі Яўхіма Крайняга

1
2
3
4
5
6
7


Каму прысьвячаю, той сам адгадае.

Аўтар

 

1

Прызнаюся адразу: ніколі ў галаве маей не нарадзілася-б думка, каб за пяро ўзяцца, каб ня мой кум Максім Яўтух. Дальбог, праныра гэты чалавек дый толькі. Паваротлівы, агрэсыўны, кемлівы, - пальца яму ў рот не тыцкай. Самааховец калішні. Бальшавіцкую нечысьць па лясох дубасіў, ды й Немцам на карак свой узлезьці не даваў. Я-ж у той час у школе пачатковай настаўнічаў. З дому мы суседзямі вядзёмся.

Аднаго вось вечара, раньняй восеньню, прыйшоўшы з працы, прысеў я за стол, каб баршчу пасёрбаць. Жонка й дзеткі раней павячэралі, а я "абіртайм"* рабіў. Сяджу я гэта самае пры стале, страву перажоўваю, праз вакно на вуліцу вокам кідаю. Зьмяркала. Баба ўсялякую пацяруху языком меле, дзеці там нешта сабе, а я ў рот сабе; вядома, як чалавек, што на працы добра папацеў. Ажно гляджу, джгае да нас на сваёй чартапхайцы, гэта значыць на старым Фордзіку, сам кум Яўтух. Не скажу, каб зьдзівіўся я. У Канадзе далекавата ад мяне жыве, але заглядае да нас часьценька.

* ад ангельскага overtime - паза нормай, зьверх часу.

Увайшоў. Прывіталіся. Слова за слова, а тады ён і кажа:

- Яўхім, пішы гісторыю ды мне ў працы памагай.

- Ты пра што гэта? - пытаюся.

- Пра сваё-ж, а не чужое. Глянь, вунь увесь наш беларускі рух варушыцца, а ты збоку гніеш, толькі зарабляеш ды кішку напіхаеш. Ты зломак які, ці што? Падпрагайся, разам цягнуць будзем, бо моташна нам. Дый апісывай што робіцца. Некалі прыдасца. Кацялок твой добра варыць.

Я задумаўся, а мая доўгаязыкая баба быццам вады ў рот набрала. Мусіць кум Яўтух узяў яе зьнячэўку. У яго гэта было на парадку дзённым.

- Што мне там куды лезьці! - гукнуў я ў вадказ. - Няхай там ужо за мяне разумнейшыя Рады дадуць. Мая хата з краю...

- І я нічога ня знаю, - перадражніў мяне Яўтух, - Грашыш кумішча! Галава ў цябе вунь якая й кругом ты не калека. Чаму мне трэба?

- Ну ты-ж усюды пхаешся.

- А хто табе дарогу загароджвае, га? Папхніся й ты! Бо памагаць трэба. Іш ты, цацанька які: мая хата з краю, я анічагусенькі не знаю..., - зноў саліў мне кум Яўтух, - Сядзіць во такая сабе цнотка ды кішонку напіхае. Даволі абломаўшчынай займацца, памагаць треба!

- Ты гаворыш, каб памагаў працаваць вам. Гэта, братка, клыкатая справа. Тут галавы мала. Напісаць што-небудзь дык яшчэ...

- Дык бярыся хоць пішы на пачатак. Ты-ж умееш. Можа некалі якім пісьменьнікам зробішся.

Сказаць вам праўду, кум Яўтух проста ў мэту папаў. Ведаў ён як найкарацейшы шлях да чалавека знайсьці. Даўно разгадаў маю слабасьць, што люблю зь пяром пацацкацца.

- Пра што пісаць? Якую гісторыю? - пытаюся.

- Што ў нашым беларускім жыцьці робіцца, от якую. Усё чысьценька запісвай, а калі дзе можна дык і падмалюй. Знаеш? Няхай будзе, каб некалі народ ведаў, як мы тутака за яго вызваленьне змагаемся...

- Дык я і сам усяго ня ведаю.

- Толькі вушы настаўляй, распытвайся людзей. Скажу я, дакінуць іншыя. Дый пара табе было-б у наш грамадзкі сьвет часьцей паказвацца, дапамагаць.

Іншая справа пісаць, а ўжо зусім ня тое, калі самому ў тую калатушку лезьці. Ужо адчыняў я рот, каб прыгадаць куму дзе стаіць мая хата, як тут загаманіла мая Параска:

- Праўду Максім гаворыць. Нястыднік ты! Людзі робяць, а ты што, зломак які? Прылажыўся-б во!

Памагла мне баба, як хваробе кашаль. І чаму прысьпічыла ёй кумаву руку падтрымаць? Я заўсёды большым быў за яе патрыётам, а гэтта наадварот выходзіць. Хоць і прызнавацца ніякавата было, але гордасьць за сваю Параску расьпірала мае невялікія грудзі.

- Параска! - клікнуў я. - Чаму-ж ты мне раней не сказала? Я-ж думаў, што ты, як і другія бабы, задаволеная, што я нідзе не мяшаюся й нікому нічога...

- Якое там задаволеная? Сьмягну во ў гэтым адлюдзьдзі, як-бы які чорт сьвет дошкамі загарадзіў. Як другія дык сваіх і па людзях павядуць, і пагуляць пагуляюць. Што я, горшая за іх ці што? Га?

- Ты-ж ведаеш, далекавата... Дый праца замінае, - зьмікіціўся я.

- Абы захацеў то часу знойдзеш. А што да каго далекавата, дык гэта не бяда. Купі вонь якую дрынду й даедзем. Людзі купляюць дык і ты можаш.

Братцы вы мае, мне аж дух заняло. Калі вам невядома, дык дазвольце, шапну на вуха: у Канадзе бабы вялікія правы маюць. От, мая пранюхала гэта й свайго дамагалася. Як-жа тут апраўдаешся? Хвост падтуліў я ды маўчу, слухаю што далей Параска запяе. Работа ў мяне ніштаватая: працую пры аграноме. У яго вялікі бізнэс: фэрма й экспэрыментальная дзялянка. Зарабляю добра. Гэта зь Беларусі я яшчэ аграном; буду ім і гэттака як толькі акзамінт канадыйскі здам.

Як толькі Параска параіла мне дрынду купіць, кум Яўтух да мяне смалою прыліп:

- Купляй маю, надта танна аддам. Так танна й такой добрай машыны нідзе не купіш. Сам вунь назаўчора яе задубіў і не магу ёй нацешыцца, але, каб табе пасобіць, дык за поўцаны адпушчу.

Гэтта-ж учапіўся ён за маё рукаво дый цягне на двор сваю чартапхайку-дрынду паказваць. Я як голы ў вар ускочыў. Як тут з такога палажэнья вылезьці? Сталася гэта вельмі-ж раптоўна й неспадзявана. Характарам я чалавек памяркоўны. Што новае люблю перажваць паволі й грунтоўна. На аўтах адкуль мне знацца? Яўтух, дык той вунь у дэпісаўскім абозе ў Нямеччыне адно й рабіў, што ўсякі лом сьцягваў, з трох адну ламачыну майстраваў кляпаў. Ён іх знае навылёт. І вось цяперака ён мне сваю суліў.

Каб вы спарахнелі шэльмы белабокія! Стаю я й гляджу на кумаву чартапхайку, як баран на новыя вароты, а той дык побач малоціць языком, як мужык цэпам. Але-ж і цыган! Ну адкуль мне было ведаць, ці ён праўду кажа? Ён аўты часта мяняў. Я навет ня ведаў, каторае й калі ў яго было. Добра-такі ён мне тады прыпарыў, каб ты спарахнеў.

Жонцы давялося паступіцца. Захацела баба ў людзі й хоць ты гвалт крычы. Круці ня круці, а ня выкруцішся. Купіў я ад кума тую дрынду, а ён мне ўжо барыша паставіў. Пэўне-ж, зарабіў, але добраму чалавеку не шкада. Барышом тым, значыцца пляшкай найлепшай канадыйскай віскі, што завецца "Канэд'ен кляб" у гэны вечар добра-такі мы мы таго, цяпер ужо майго першага й собскага Фордзіка падмазалі. Каб роўна й шчасьліва езьдзілася.

Неўзабаве езьдзіць я рэй чартапхайкай навучыўся, "лайсанс"* атрымаў, дый із Параскай і дзеткамі сюды-туды ўжо свае насы паказалі.

* анг. license, - дазвол, пасьветка.

Першы грамадзкі дэбют зрабіў я на Дзень Герояў, калі даручылі мне даклад прачытаць. Тутака пару слоў агаворкі. Пабачыў я, што некаторыя з нашых зусім у сваю грамаду ня гарнуцца, іншыя нават твары пазьмянялі, то пшэкамі ці якой накшай нечысьцяй парабіліся. Як рыхтаваў я даклад, думаю сабе: упікну-ж гэтых людзей. Быць-жа ня можа, каб да іх дарогі не знайсьці.

Вось пад канец дакладу й зачынаю сыпаць праўдай у вочы. Бяру з Ластоўскага: "...чалавеча, лішне многа ў цябе рабскага. Нягрыцянскі нявольнік больш захаваў у сабе годнасьці, чым у цябе, чалавеча, засталося. Бачу, як праз праз доўгія вякі пагляд твой плюгавіўся пакорай, галава паклонамі, вусны - лізаньнем рук нячыстых. Няволя затуманіла памяць тваю; забыўся ты людзкой назовы сваей і гэтым сьцёр ты з твару твайго знамя людзкое".

Даклад мой выклікаў немалы эффект. Здорава білі брава. Але як із сцэны зыйшоў то некаторыя, як восвы з распоранага глязда, на мяне населі.

- Ты гэта адкуль вылез, такі заслужаны разумнік? Цэлы час крычаў, што яго хата з краю, а цяпер во выпаўз, золатца, бачылі яго!

- Шалапут!

- Разумны дурак, во!

- Дыплямаваны нікчэмнік, от што!

Каго больш мае словы ткнулі, хто чуўся вінаватым, той і крычаў мацней. Некаторыя хвалілі:

- Маладзец, Яўхім, так ім і трэба. Няхай памагаюць, а не тое, што для прыліку пакажуцца рады ў гады.

- За гэта, кумішча, ты ў мяне гярой! - трос маю руку кум Яўтух. - Так ім і трэба, ядроні іх палку.

Бабка мая, Параска, ні так ні гэтак.

- Што мне? Гэта тваё дзела. Мусіў знаць што казаць...

Але ў вачох ейных жыўчыкі гэйсалі. Задаволеная, мусіць, што я ледзь не на самы фронт выбіўся. Ды гэта адно пачаткі. Паглядзіцё што далей будзе.

2

Кум Яўтух раіў апісваць толькі гісторыю эміграцыйнай Беларусі. Мне-ж рупіць вокам кінуць і на норавы ды навыкі тутэйшых людзей, Канадыйцамі званых. Усё гэта найлепш відаць падчас сьвятаў і гульняў. Тутака якраз прыходзяць Каляды, якія Канадыйцы сьвяткуюць зь вялікім шумам і трэскам. Шумяць людзі ў крэдытовых кампаніях і крамах, крышацца перад і падчас Калядаў аўтамібілі на дарогах, трашчаць у выжыўшых пасьля сьвятаў галовы ад перапою й нованажытых даўгоў.

Дык вось, думаю сабе, у гэткі час найлепш наглядаць тубыльцаў, што яны вырабляюць, на якія штучкі здольныя, узяць запісаць, каб некалі дзеткі ці прадзеткі на вольнай бацьйкаўшчыне ведалі ў якім асяродку мы, выгнанцы, жылі, якое гора пераносілі.

Перш за ўсё скажу вам, што я - чалавек у меру рэлігійны. У царкву ўсяго пару разоў на год нос усаджу. Можа-б ён, гэты мой нос, паказваўся там калі й часьцей, калі-б яму не даводзілася чырванець за свайго гаспадара. Справа такая: як толькі пакажуся ў сьвятыні, дык сьвятар паказеліць на мяне вочы й насядзе(у множным ліку для прыліку): Вы, малаверуючыя, посту ня трымаецеся; грэшнікі вы невылячальныя, у царкву ня ходзіце, а калі заглянеце рады ў гады дык да канца выстаяць на службе ня можаце, а зараз шмык за дзьверы. І так далей...

Шчыры служка Божы нагрувасьціць такое бярэмя грахоў на твае плечы, што хоцькі-няхоцькі пад іх уяўным цяжарам прыгінацца пачнеш. Дый слухаць, лагодна гаворачы, ніякавата. Некаторыя людзі нашто ўжо цярплівыя, веруючыя й талерантныя, дый тыя адназгодна прызнаюць, што мерку духоўнік перабірае. Але гэта я толькі між іншага.

Тутака я сваю "у меру рэлігійнасьць" згадаў таму, каб вы бачылі, што мае пагляды на сьвяткаваньне Калядаў дома і ў гэтай Канадзе - пагляды чалавека нармальнага, як - прабачце за параўнаньне, - скажам, і вы самі, дый многа з вас. Ну дык вось. Цяпер пярэйдзем да галоўнага.

Перш за ўсё, калі каторы з вас забыўся, хачу прыгадаць аб хатнім. У нас Каляды не сьвяткавалі перад Калядамі. Праўда ці не? Перад Калядамі быў пост. Ня помню - вялікі ён быў ці малы. Гэта залежала, што ў каго ў хаце на паліцы, у кладоўцы ці ў сьвірне было. У каго сьвяціла пустэча, той меў вялікі пост, а хто меў запас той і пасьціў мала. Адваротна прапарцыянальна значыцца, калі "эрудычнае" слоўца тутака ўжыць.

У гэны пост, апроч таго, што ўсе менш елі, ніхто не сьпяваў, не танцаваў, ну і - вядома-ж, - не жаніўся, ці замуж ня йшоў. Усюды панавала пабожная хрысьціянская "зьмірэнная" атмасфэра. Навет лаянкі людзі высьцерагаліся. Многа хто пабожна толькі охкаў ды ахкаў, ці іншымі вонкавымі рухамі выяўляў сваю пашану да посту й надыходзячага вялікага сьвята.

Прыходзіла Куцьця, а за ёю Каляды, ну і, значыцца, нарэшце пачыналася сьвята. Ізноў-жа, як хто сьвяткаваў залежала ад таго, колькі ў яго наагул было есьці, дый колькі мог у пост устрымацца, гэта значыць адлажыць еміны на гэты радасны й вялікі дзень. Адно ўсім вядома: як у пост, так на Куцьцю, Каляды, дый пасьля Каляд ажно да Вадохрышча галоўная ўвага аддавалася Нованароджанаму Богу, чыны й думкі веруючых належалі Яму. Я ня знаў людзей, якія ў нас дома пачыналі-б сьвяткаваць Каляды наперад, а канчалі-б на першы дзень сьвята. Навет ялінка ўбіралася на Куцьцю й стаяла аж да Вадохрышча.

Канадыйцы-ж пачынаюць перадсьвяточны гармідар ці ня месяц а то й больш перад Калядамі, а канчаюць на першы дзень сьвята. Тутака ўжо ў канцы лістапада, або навет і ў сярэдзіне яго прыходзіць Дзед Мароз, якога мясцовыя гукаюць Сантай. Звычайна ў горадзе бывае парад, дзе гэтага сівога старога вязуць на аграмаднай плятформе - адмыслова змайстраваным возе із прыгожымі, запраўды памастацку зробленымі й адмаляванымі аленямі. Зьбіраецца шматтысячны натоўп, найбольш дзеткі.

Ну, - думаеш сабе, - Бог з вамі, што племя то свае норавы мае. Але тут неўзабаве выяўляецца, што не адзін Санта на вялікіх санях прыджгаў, а, калі ўжыць вайсковых слоўцаў, адбылася суцэльная вялікая інвазія Сантаў. Ад гэтага часу ў які бок ня плюнеш, дык абавязкова ў Санту пападзеш. Ён на аграмаднай рэлямнай дошцы "кока-колу" папівае, ён і "Кэмбэл суп", сівую бараду памачыўшы, сёрбае, ён і пры кожнай краме "бізнэс" падпіхае, ён на цябе з тэлевізійнага экрану вокам міргае, тавары сулячы, ён і з радыя гарлапаніць, ён і тут, і там, і ўсюды. Мясцовыя гандляры з гэтага барадача зробяць такога "бізнэсовага" праныру, што й сам той жыдоўскі біблійны Язэп, што Эгіпцянаў гаспадаркі вучыў, мог-бы гэтаму канадыйскаму Санту вынаходлівасьці пазайздросьціць. А як бліжэюць Каляды, дык "бізнэсовы" гармідар пераходзіць у такое фортыссімо, што праваслаўнаму чалавеку хоць ты вушы затыкай.

Збоку нараджаецца іншы хор галасоў, пераважна ад сьвятароў, што сугучна паўтарае адно: "Вернем Каляды Хрысту!" Ня думайце, што Канадыйцы - пагане. Не. Але ў сьвятынях іх бывае менш, чым хацелі-б бачыць духоўнікі. Матар'яльшчына занадта ўкаранілася. Дык і гамоняць духоўнікі пра тое, што грэшнікі із занадта вялікім вэрхалам гандлююць, замнога ядуць і п'юць, быццам у тым уся калядная мудрасьць.

Я гэтта да духоўнікаў далучаюся із спагадаю, бо разумею іхнае палажэньне. Яны крычаць і пагражаюць, а за гандлёвым вэрхалам ніхто іх ня чуе. Тыя з нашых суродзічаў, што гадамі раней на гэтую грэшную зямлю ступілі, кажуць, што нічога не йдзе на паправу, а ўсё пагаршаецца. Расьце прагавітасьць і распуста.

Ужо бліжэй сьвятаў пачынаюцца выпрабаваньні фізычнай устойлівасьці аўтамабіляў дый звычайных галоў на шосах і дарогах. Тутэйшыя ладзяць "парты", або, панашаму, выпіўкі пры месцах свае працы. Гэткім чынам пасьмялеўшы, назапасіўшы духова-сьвяточнага імпэту, яны падчас язды прабуюць, чыё аўта хутчэйшае й мацнейшае. Наглядаць такое цікавае штогодняе зьявішча сьпяшыць на вуліцы, шосы й дарогі гарадзкая й правінцыянальная паліцыя. Актывізуецца жыцьцё ў судох, на "абіртаймы" працуюць людзі ў страхавальных супалках, поўняцца вязьніцы, закасваюць рукавы магільшчыкі, гудуць перапоўненыя шпіталі. Бурліць і пераліваецца каляровае перадкаляднае жыцьцё ў гэтай новай і дынамічна растучай краіне.

Нам, праваслаўным, у калядны сэзон найбольш пападае зь дзвёх прычын: папершае таму, што нашы сьвяты цягнуцца два тыдні ў хвасьце за ўсім рэлігійным сьветам; падругое таму, што тутэйшыя пачынаюць сьвяткаваць які месяц наперад. От і жыві. Клаі маеш дзетак, дык яны шчасьлівыя, бо маюць аж тры ялінкі ці "Крысмас парты": адну там, дзе працуеш, другую дома, ну й трэцюю робіць-жа нашая праваслаўная царква. Гэткім чынам, нашы дзеткі, зь якога боку не глянь, сьвяткуюць аж тры разы.

Калі-б чалавек пастанавіў трымацца сваіх традыцыйных сьвяточных правілаў і абрадаў, дык і так нічога ня выйшла-б. Не адгародзішся ад гэтага сьвету так, каб ня чуў перадсьвяточнага вэрхалу-гармідару, ня бачыў п'яных, ці не спасьцярог жніва сьмерці на дарогах. Так ужо нагудзяць, натрашчаць, што покуль твае праваслаўныя Каляды прыйдуць, адпадае ахвота іх сьвяткаваць. Калі ўжо сапсуюць табе гандлёвай барабаншчынай нэрвы, калі няма ўрачыста-пабожнага прыўзьнятага настрою, дык, пытаюся вас, даражэнькія мае, якія-ж гэта Каляды?

І так кожны год. Гэтак будзе й налета, і далей. Што-ж... Вольная краіна. А ў ёй вольнаму воля! Вядома-ж, воля добрая й зусім неабходная для жыцьця рэч, так, як прыкладна, сьвежае паветра. Але-ж распуста ня знае супыну, ня ведае межаў...

3

Каб не грашыць Богу, кажу адразу, што рыбак зь мяне ніякаваты. Гэта ня значыць, каб на ведаў з каторага канца за вуду дзяржацца, ці што. Але на рыбу час трэба. Прызнаюся, што маю ўсе асновы рыбаком стацца: умею адрозьніць шчупака ад карася, акуня ад плоткі. Больш таго, - вокам ня міргнуўшы, калі захачу, магу выхваляцца й хлусіць як запраўдны рыбак.

Тутака ў Канадзе, пакуль кум Яўтух мяне не папароў і ў людзі не паказаў, ня меў я часу пра рыбу й думаць. Прыджгаў ён да мяне на сваей дрыньдзе неяк пасьля Вадохрышча й кажа:

- Зьбірайся, кумішча, едзем на рыбу.

Зіма. Усюды завеяла Апроч галоўных і чыстых дарог, не праедзеш. Рэкі й вазёры лёдам скованыя, а куму рыба ў галаве. Думаў я, што той жартуя, дык і кажу:

- Ты што, зь мяне старэйшага, насьміхацца ўздумаў? Якая табе зімой рыба?

- А спад лёду то што, ня рыба? Палонку прасячэш, сядзеш і цягай, піпку пакурваючы... Куды ляпей як улетку. Проста так і пнецца на прынаду.

Намовіў мяне. Бабу зь дзяцьмі пакінуў дома. Кажу ёй, што разгледжуся што, дзе й як, і калі ўсё на лад, дык другі раз цэлай сям'ёй паедзем.

- Завязу цябе да такога чалавека! - усьміхаецца й паказвае ўверх мезенцам Яўтух, калі мы селі ўжо ехаць.

- Рыбак зь яго першай маркі, навет хатку на лёдзе мае.

- Як гэта так?

- Ну такую малую хатку, што ў ёй на канапе ляжыць, люльку пакурва, газэту чытае й рыбу з возера цягае. Га-га-га! Ня верыш?

- Каб ты спарахнеў! Няўжо праўда? - кажу. - А хто ён сам такі, гэны рыбак?

- Свой, братка Беларус, ды яшчэ й заслужаны. Кірпач завецца. Цяпер ён нічагусенькі ня робіць, каб табе палец аб палец... Кажа, што ён ужо на пэнсіі ад грамадзкай працы.

- Часу ў яго на рыбу, мусіць, хапае?

- Хоць ты яго скараці. Жонка сястрой у шпіталі, а ён ля дому. Бязьдзетныя. Дык і чаму-ж ня выдумляць?

Ехалі мы побач вялікага возера, куды большага чым наша Нарач. На лёдзе, як бокам сягнуць, чарнеў лес рыбацкіх хатак. Калі ўехалі ў мястэчка Ваву, дзе жыў той Кірпач, дык захрасьлі на вуліцы ў хвасьце аўтаў і каб табе зь месца. Зьехалі крыху набок і наважылі пайсьці наперад паглядзець, што нас затрымала. Падыйшлі якога паўкілямэтра, ня больш, ажно глядзім: на сярэдзіне дарогі стаіць рыбацкая хатка, а ля яе людзі мітусяцца.

- Дык гэта-ж Кірпачова будка! - крыкнуў зьдзіўлены кум.

Як выявілася, Кірпач цягнуў яе на лёд, няўдала прыладзіўшы на падсанках. Будка спаўзла на асфальт і спараліжавала ўвесь рух. Тут і паліцыянт стаіць ды падганяе, і кучка людзей стогне-пяліцца з усіх сілаў, каб сапхнуць яе набок. Ніштаватая й цяжкая хаціна, на роскаш пабудаваная. Падыйшлі мы бліжэй.

- А во дзе ён сам, - паказаў мне пальцам кум.

Гляджу: маленькі й сівенькі чалавечак таропіцца й скача ля той хаткі, як смаргонскі мядзьведзь на гарачай пліце. Пабачыўшы Яўтуха, твар яго распрамяніўся.

- Братачка, Максім, - кліча ён, - хадзі памажы, бо не дамо радачкі!

Узяліся мы памагаць. Яшчэ пяць хвілін страху, сапхнулі будку набок, каб людзям праезд даць. Заладавалі яе на падсанкі, асьцярожна прывязалі да аўта і гайда на лёд. Там, як піць даць, за якую гадзіну ад той мітусьні на дарозе Кірпачова хатка красавалася ледзь не пасярод возера.

Гэтта ўжо рыбак хваліўся сваім майстэрствам. Перш на лёд палажыў чатыры прадаўгаватыя, роўна абчэсаныя, драўляныя палены. Тады на іх палажыў упоперак колькі дошчак, заслаў драцяной сеткай, а зьверху ліналеюм і дзяругай. Гэтак паўстала падлога. У вадным куце пакінуў чысты лёд для палонкі. Тры ваконцы добра асьвятлялі нутро будкі. Збоку ля сьцяны расьцягнуў складаны зялезны ложак, разаслаў матрас, прасьцірадла, коўдру й падушку, побач паставіў малы столік, наладзіў і запаліў бінзінную печку, каб цёпла было. Па Кірпачовых падрыхтаваньнях відаць было, што меў у гэткай рабоце немалую практыку.

Дакладна й мэтадычна, маленькай сякеркай рыбак прасякаў лёд. Каб вы толькі бачылі яго! Зь якой дакладнасьцю й спрытам рабіў ён палонку. Калі дабраўся да вады, адчысьціў дробны лёд, папароў даўгім кіем уніз і ля берагоў, каб упэўніцца, што ўсё было зроблена, як трэба. Закурыў люльку, выгадна ўсеўся на нізкі зэдлік і пачаў кідаць пад лёд прынаду.

- Гэта нашто вы? - пытаемся.

- Трэба-ж рыбу абласаваць. От яна да маёй палонкі прызвычаіцца, а я заўтра яе на кручок. Самі паглядзіцё.

- Дык мы-ж заўтра тут ня будзем.

- Навет і ня думайце ўцякаць. Пераначуеце, заўтра рыбы паловіце, а тады паедзеце.

Таму, што была сыбота, дык мы й і ня ўпіраліся. Кірпачыха аказалася асобай надта рухавай, жыцьцярадаснай і гасьціннай. Дарыла нас вялікай увагай, шчодра падкладала еміны на талеркі. Былі й іншыя госьці - Украінцы Маныўскія з Радфарду. Гэта былі Кірпачовы сябры па сабачых справах і таму цэлы вечар гамонка йшла пра сабак.

Спадар Кірпач меў вялікага ваўчара, а пан Маныўскі такога самага. Спаткаліся й зьнюхаліся некалі гэтыя сабакі на дарозе, а пасьля пазналіся й гаспадары іхныя. Карпач назваў свайго Гіль (Hill), каб адмыслова пабеларуску й паканадыйску пасавала. Калі Кірпачу хацелася паказацца ў людзі, а Гілю ў сабакі, дык абое выбіраліся да пана Маныўскага. Іншым-жа разам - тыя да іх.

У гэны вечар абмяркоўвалі сабачыя харчы, дыеты, колькі разоў на тыдзень шампом сваіх гадунцоў мыць, які іх часаць, калі й якія ўколы даваць, як часта да вэтэрынара вадзіць,на якой пасьцельцы класьці спаць. Бедавалі, што навокал сучак няма. Не забыліся абмяркаваць норавы й капрызы Гіля й гадунца пана Маныўскага - Боба.

Ніколі ў жыцьці сваім ня чуў я такой займальмай і павучальнай гамонкі пра сабак. Перада мной адкрыўся цікавы й каляровы сьвет. Спачатку зь цікавасьці я рот разявіў, пасьля зяваў, а пад канец пляваць хацелася. Рэшту даказаў мне кум Яўтух, калі назаўтра ехалі дадому:

- Каб ты ведаў, кумішча, што за камэдыя! Задумалі Кірпач з Кірпачыхай із свайго ваўка Беларуса зрабіць. От павёў, значыцца, Кірпач Гіля ў сабачую акадэмію. Гэта такая школа, дзе сабак на розныя штукі муштруюць. І кажа тады ён цэламу прэзыдэнту гэнай акадэміі:

- Ты глядзі, каб мой сабака Беларусам, а не Канадыйцам быў.

Той кажа:

- Ес сэр. Чаму-ж не. Абы грошы.

А Кірпач далей навучае:

- Як будзеш вучыць яго скакаць, дык крычы - гоп! - чуеш?

А той кажа: - I hope, I hope*.

* Я спадзяюся.

Скончылася тым, што Кірпачовага Гіля падвучылі, але зьбеларушчыць так і не змаглі. Давялося самому гаспадару на чужы лад язык крывіць, каб із сабакам паразумецца. Так і выдурняецца вось, то із сабакам, то із рыбай. Каб трохі, дык чорт з табой, ато цэлы час, - закончыў кум.

Як усталі мы назаўтра, Кірпач ужо быў на возеры. Пасьля сьнеданьня, пасьпяшаліся туды й мы. У рыбаковай хатцы перад нашымі вачыма зьявілася такое: ляжыць сабе на ложку, пакурвае люльку Кірпач. Збоку куча рыбы ў корабе, на століку жыўчыкі ў слоіку хадыром ходзяць, а рыбак адно закідае кручкі пад лёд і цягае.

Мы пабылі нядоўга. Ужо едучы дадому, думаў я пра тое, што бачыў. Кум мой быў нейкі маўклівы, як усядно злосны.

- Чаго ты надзьмуўся, як індык? - пытаюся.

- Знаеш, кумішча, чаго я цябе да Кірпача вазіў?

- Рыбы палавіць, зь людзьмі пазнаёміцца...

- Гэта ня ўсё, братка. От хацеў, каб ты пабачыў, што чалавек з дуру вырабляіць. Я калі пагляджу на ўсё гэта, дык такі злосны, што трахнуў-бы... Іншыя вунь пры грамадзкай ці якой працы для народу душацца. На хлеб мусяць зарабляць, ды бальшыню свайго вольнага часу для беларускай справы пасьвячаць, а гэты во сабаку ў акадэмію вядзе, беларускага патрыёта зь яго робіць, рыбкі цягае. Чую, што апошнім часам і за паляўніцтва меціцца. Гэта во каб хоць палову энэргіі, што ўкладае ў гэтыя дурноты ды аддаў на нацыянальную працу, дык глянь якая вялікая падпора была-бы... А ці-ж у нас гэта толькі адзін такі, як ён!

Кум змоўк. Я бачу, што кіпеў ад злосьці, дык збыў яго маўчаньнем. Ды й што мне казаць? Мне раней апавядалі, што калісьці Кірпач нямала працаваў для народу. Ня ведаю, ці гэта праўда. Гадоў яму, як я чуў, яшчэ шасьцідзесяці мяма. Чалавечак крэпенькі й шустранькі з выгляду, дык пры працы папанатужыцца мог-бы, каб захацеў.

Мая-ж хата да нядаўняга часу таксама была з краю. Узяўся, відаць, кум Яўтух і мяне падвучыць. Калі гэтак, то першая наглядная лекцыя яму вельмі ўдалася.

4

Карціць мне добрай навіной пахваліцца: на пачатку году быў я сьведкам гістарычных падзеяў.

Калі род Адамаў ня будзе забаўляцца атамнымі цацкамі, і я дажыву старых барадата-лысых гадоў, дык раскажу пра гэта сваім унукам і ўнучкам. Так і ўяўляю сабе як гэта выглядаць будзе. Пазьбіраю іх вакол сябе, загадаю, каб перасталі назаляць бацьком пра грошы для куплі бялетаў на падарожжа на Месяц, ці, можа, Юпітар, і зь вялікай таямнічасьцю пачну прыблізна так: "Ведаеце вы, жэўжыкі, што за маіх сівых гадоў адбылося?"

Так і бачу іх, як пакідаюць свае самаробныя супэр-ракеты ды. паразяўляўшы раты, анямеюць ад цікавасьці. А я буду гаварыць: "Гэта-ж я быў сьведкам не чаго іншага, як гістарычнага аб'еднаньня Беларусаў у Канадзе."

Пачуўшы такое, у дзетак ад цікавасьці ажно сьлінькі пацякуць. Трэба-ж вам ведаць, што ў гэнай адлеглай будучыні адно благі памін па камунізьме застанецца, а ўсе народы сьвету так паразумнеюць, што пад адзінай сусьветнай дэмакратычнай уладай будуць жыць. Дык маладое пакаленьне й ведаць ня будзе, што такое вайна ці грамадзкі раскол.

Але гэта мой водхін адносіцца да далёкае будучыні. Цяпер-жа хачу гэтта проста, каб з памяці ня выпетрыла, запісаць як тое аб'еднаньне пачалося. Факты, значыцца, і толькі факты.

Ёсьць тут у нас дзьве грамадзкія арганізацыі. Адна завецца Згуртаваньне, а другая - Аб'еднаньне. Хоць яны, - прыспор ім, Божа, як найбольш сяброў, - гадоў ці не па дзесяць гуртавалі й аб'ядноўвалі ўсіх Беларусаў, апроч ліхіх бальшавікоў-камуністаў, дык самі ніяк не маглі дасьпець і злучыцца. Перашкодай стаяла дробнае палітыканства, а ў памяці людзей сьвежай яшчэ была перастрэлка за ўладу.

Народ, нарэшце, паразумнеў, і дамогся ад лідараў, каб спынілі шпурляньне каменьня ды зьядналіся.

Хоцькі-няхоцькі (воля народу - воля Бога!) зыйшліся згуртаванцы й аб'еднанцы на перамовы. Клёк мелі ў галовах, бо адразу пастанавілі, што найлепш пачынаць з малых рэчаў, такіх вось як агульнае сьвята Дня Незалежнасьці - 25-га Сакавіка.

Каб разам сьвяткаваць, трэба было найперш даведацца, хто на сакавіковай плошчы стаіць. Тыя, знацца, маюць толькі права ўдзелу. Выявілася, што многія ня толькі на гэнай плошчы стаялі, але навет сядзелі дый чаго ў ёй дзірак не папраседжвалі.

Калі-ж пытаньне пра плошчу ўдакладнілі, пастанавілі тады, што ўсе маюць на ёй стаяць,а сядуноў-абібокаў на бок прагналі. Тады прыйшлі такія празаічныя пытаньні, як: хто й што на тым супольным сьвёце мае рабіць, хто мае выступаць, каго віншаваць, каму й колькі даць часу для гутаркі ды іншыя дробязі арганізацыйнага парадку.

Трэба прызнаць, што людзі нашы надта-ж гаваркія, на словы вынаходлівыя, аднак не гаварылі так доўга, як калісьці тыя касавокія камуністы з уладамі Аб'еднаных Нацыяў у Панмунджоме. І, дзякуй Богу, дагаварыліся. Першы крок, цяжкі, але ўдалы, быў ужо ззаду.

На сьвяткаваньне паехаў я з усёй сям'ёй. Таму, што народу была ўжо бітком поўная вялікая заля набіта, прымасьціўся я ў заднім куточку, а жонку й дзетак маіх пасадзіў воддаль, дзе было месца, заўсёды рухавы кум Яўтух.

Ня ўсьпеў я палюдзку расьсесьціся ды толькі паставіў вушы, каб пачуць, што там гавораць, і пабачыць што робяць, як тутака прыліп да мяне нейкі мізэрнінькага росту сівенькі дзядзька гадоў так вышэй пяцідзесяці.

- Завуся, - кажа, - Затычка, - ды суне мне на прывітаньне сваю лапу, вялічынёй з малы пранік. Што-ж... Будзь ты сабе затычкай, думаю. Павіталіся.

Сусед аказаўся вельмі-ж мулкім. Ашчаперыў сваімі шчопцямі маю правую руку ды давай так па-сяброўску распытвацца: а хто ты, а як доўга тут, а чаму збоку быў і іншае. А тады-ж як пачаў, усіх тых лідараў, што ў залі былі, ледзь не па костачках перабіраць. Дый так пабальшавіцку ён гэта, амаль што ад прадзедаў і сацыяльнага паходжаньня пачынаючы. Гудзіць мне, як шаршэнь, на вуха, хоць ты ратунку кліч! А што слова ні скажа, дык з роту ў маё вуха сьлінькі пырскаюць. От, - думаю, - затычка зь цябе, каб табе заткнула. А слоўцы ў яго якія адборныя: проста з жаргона сельскага бальшавіцкага агітатара.

Перабраў, думаю, ты, чалавек, мерку. Я яго нахабна адпіхнуў, выцягнуў зь кішэні насатку й зусім дэманстрацыйна пачаў з правага вуха ягоныя сьлінькі выціраць. Здагадаецца, дунаю, адчэпіцца. Дык не, каб ты спарахнеў. Я вуха выцер, а ён зноў за мяне ўчапіўся. Я тады тыц - за дзьверы выйсьці, а ён за мною. А во, каб на цябе гаручка, - думаю, - дзе-ж ты такі на маю галаву ўзяўся. Каб гэта я тады знаў, хто ён такі гэты Затычка, дык хоць і ня біток зь мяне, але-ж чмыхнуў-бы яму кулайком туды, у што закаханыя людзі цалуюць.

Як скончылася сьвяткаваньне, адсьпявалі нацыянальны гімн, тады адліп. Пытаюся кума Яўтуха:

- Што гэта за сьлюнявая гніда, што мне ўсё вуха там у кутку запляваў? Затычкай сябе назваў...

- Каторы, гэты камлюкаваты, дохлы з выгляду?

- Ага.

- Гэта ханжа! Дык гэта-ж і ёсьць той, што ўсіх тут мясцовых калісьці пасварыў. Трымайся ад гэтай брыды здалёк.

Тады я зразумеў. Але, дзякаваць Богу, першы крок на супольнай дарозе быў зроблены. Нашы людзі пачалі гаварыць мовай дружбы й адкінулі ханжу набок.

Гэткім чынам я быў сьветкай пачатку важнага працэсу.

5

Часамі ня ведаеш, якіх суседзяў маеш, ажно выплыне на паверхню жыцьцёвай плыні такі цымус, што самае характэрнае й цікавае пакажа. Кагадзе здарылася адна хлёсткая гістарычная падзея, што добра паказала маіх суседзяў. Пра тое, што ў нашым мястэчку Сторывіл так многа забаўных і асаблівых людзей, я да таго часу ня ведаў. Але перш за ўсё - кароткая дыгрэсія.

Сабака, як кажнаму на сьвеце, асабліва-ж малалеткам, ведама, жывёла ня толькі карысная, але й мілая, таварыская. Асноўнай рысаю сабачага племя ёсьць поўны давер, паслухмянасьць і проста нявольнічая адданасьць свайму гаспадару. Гэта рыса, як ведама, якой ня мае бальшыня людзей. І дзіва няма, што некаторыя паэты, ці іншыя добрыя людзі, рашчараваныя найбольш скамплікаванай істотай, што выйшла спад рук Стварыцеля, пасьвячалі сабакам пахвальныя вершы - "лісты да сабакі" ці накш выказвалі пашану й адданасьць чатырохногім гаўкалам.

Вось словы вялікага Байрана на помніку ньюфаўлендзкаму сабаку:

"Блізка гэтага месца ляжаць астанкі таго, якому была даравана прыгажосьць бяз марнасьці, сіла без нахабнасьці, мужнасьць без лютасьці і ўсе дабрадзенасьці чалавека безь ягоных заганаў. Гэткая пахвала, што была-б няпрыкрытай лісьлівасьцю, калі-б фігуравала на помніку над чалавечымі астанкамі, ёсьць адно справядлівай данінай памяці Боўтсвэйна, сабакі."

На любоў ці прывязанасьць да сабак ніякі народ, здаецца, ня мае манаполію. Праўда, некаторыя цьвердзяць, мо' не беспадстаўна, што выперадзілі ўсіх у гэтым кірунку Англасаксы, а зь іх ліку - самі Ангельцы. Мне невядома (прабачце за невуцтва, чырванецца даводзіцца!), ці які навуковец пацеў над працай на гэткую, скажам, тэму: "Як Ангельцы выяўляюць свае характэрныя народныя прыметы ў любові да сабак". Мо' й была такая ці падобная праца, мо' льга было-б знайсьці яе ў якой запыленай кніжцы дзесь на бібліятэчнай паліцы. На пошукі часу ня маю.

Хачу прыгадаць тут адно, ці ня ўсім нам, што ў бездарожжах па чужым сьвеце між англамоўных народаў апынуліся, агульна ведамае: цікавыя дачыненьні гэтых народаў да сваіх і чужых сабак. У іх сабака стаіць куды на вышэйшым п'едэстале, чымся ў нас, Беларусаў. У судовых актах краінаў Альбіёна й Калюмба знойдзеце шмат выпадкаў, дзе сабакі былі спадкаемцамі маёмасьцяў вартых міліёны даляраў, дзе ціраз сабачае жыцьцё ставілася вышэй чалавечага. А ў нашы часы шмат хто раскажа вам, прыкладна, пра аўтамабільную аварыю на шасы, спрычыненую сабакам. Едзе Англасакс аўтам. Дарогу перабягае сабака. Каб цюцьку не пакалечыць, яздок кіруецца ў чужую каляіну, зь ведамымі насьледкамі. Здараецца, што ў газэце на першай бачыне пабачыш вялікую здымку сабакі, а пад ёй такі напіс: "Пазаўчора прапаў Спукі. Дванаццацігадовая Мэры Сміт морыцца бяссоньніцай і апелюе да ўсіх, каб памаглі ёй знайсьці Спукі. Ці ты ня бачыў Спукі? Калі так, дык тэлефануй на такі й такі нумар."

Спачуваеце Мэры Сміт? Дзяўчынка ў вялікім горы. Ейны маленькі гадунец прапаў і можа ваўкі яго ня зьелі, але валочыцца, бедны й галодны, дзесьці па нейкай Квін ці Кінг вуліцы.

Перагледьце ўважна тую-ж газэту й на далейшых бачынах знойдзеце, прыкладна, такія навіны: "У Магілеве засудзілі чатырох на доўгія тэрміны за рэлігійную дзейнасьць", або: "Мао прызнаўся, што падчас камунізацыі Кітаю зьліквідавана 12 мільёнаў людзей".

Параўнайце вагу гэтых навін для сьвету і тады ў іншым сьвятле зьявіцца Спукі й бяссонная Мэры Сміт. Спукі заслужыў на першую бачыну, а пакутнікі з Магілеву ці з Кітаю - на заднія.

А цяпер вернемся ў наш Сторывіл. Побач ля нашай хаты жыве Даналдзіха Макданалдзіха. Гэта афіцэрская ўдава і ўтрымоўваецца з пэнсіі. Выгадала й дала вышэйшую адукацыю сыну, што дзесьці працуе лекарам. Баба жыве нядрэнна. Гадоў ёй так вышэй пяцёх дзесятак, але, - ведаеце жанчын, - іх-жа не спытаешся. З выгляду яна ня з тых, каб каму ў вічы кінулася. А для нас яна - сьціплая й добрая суседка.

Калі перанесьліся мы ў сваю хату, дык хто, думаеце, першы заглянуў да нас? Макданалдзіха прынесла сьвежы чай, сухары, пазнаёілася, падзялілася цёплым суседзкім словам. Аж мы павесялелі, што гэтта-ж побач, за густымі прысадамі жыве такая мілая жанчына. Яна пасябравала з маей палавінай, любіць дзетак, і нашы часта да яе забягаюць. Варта дадаць, што ані ў шырокай палітыцы, навет у мясцовых грамадзкіх справах Макданалдзіха ня была зацікаўленая. Гавару пра час, калі мы сюды перабраліся, а пра ранейшую ня ведаю.

Мела наша суседка двое сабак: аднаго вялікага й мардатага бульдога, а другога маленечкага, як кацянё, мэксіканца. Радаводу іхнага ня ведаю, бо Макданалдзіхі ня пытаўся. І якое-ж сталася дзіва, калі аднойчы наша суседка падняла на ногі ледзь ня цэлы Сторывіл!

У вадзін прыгожы дзень, калі бальшавікі пусьцілі ў прастор свайго спутніка із сабакам у ім, па нашым мястэчку Сторывіл, па ўсей вялізнай Канадзе, Злучаных Штатах і Ангельшчыне, ды мо' й яшчэ дзе, сабакаводы паднялі аграмадны вэрхал пад клічам: "Ратуйце сабаку ў Спутніку. Божа, як гэта можна так зь цюцькі зьдзеквацца!"

Ускапашылася мясцовая сабакаводная грамада. Пасыпаліся пратэсты ў бальшавіцкую амбасаду, навет аж у Маскву. Пачалі сабакаводы насядаць на тры ўрады: местачковы, правінцыяльны й фэдэралны. "Рабеце-ж што-небудзь!. Ратуйце сабаку ў спутніку, ато прападзе! Як гэта так з сабакі зьдзеквацца!"

Калі народных абранцаў ва ўрадах не далося зь месца зрышыць пратэстамі й спануканьнем да дзейнасьці, паважылі паклікаць на помач самых сабак. І вось тады ў Сторывіл адбылося такое, што доўга запомняць жыхары, дзецям і ўнукам будуць пераказваць.

Даналдзіха Макданалдзіха гэтак ускіпела, так зактывізавалася, няйнакш ёй трыццаць годзікаў нехта зь ейнага веку адбавіў. Аббегала, аблётала ўсё мястэчка, тых, што ацялюгваліся, да акцыі пхнучы. Побач таварыства "апекі над бяздомнымі сабакамі" неўзабаве вырасла й новае пад назовам "Ратуйце сабаку ў спутніку".

Новая грамада арганізавала пратэстацыйны мітынг у вялікай залі ратушы, каб, як казалася ў афішцы: "паказаць усяму сьвету варварства Расейцаў і выратаваць сабаку ў спутніку".

У вызначаны час заля ратушы напоўнілася сабакаводамі, у бальшыні бабамі. Многія зь іх, ня могучы расстацца із сваймі любымі гадунцамі, цягнулі іх за сабой на павадках. Гледзячына гэтых, і ўсе іншыя папрыводзілі сваіх.

Вялікай радасьцю на гэным сабачым кірмашы зьзяў твар Даналдзіхі Макданалдзіхі, калі яна гаварыла сваё слова, лаячы варвараў Расейцаў і заклікаючы ратаваць сабаку ў спутніку. Здавалася ёй тады, што згода зь ейнымі разумнымі словамі сьвяцілася ня толькі ў вачох людзей, але і ў падоўжаных, аблавухіх і абвіслых мызах і вачох самых сабак.

Кончыліся гарачыя й гучныя прамовы. Із сцэны мела прагучэць прапанаваная рэзалюцыя гэтага гістарычнага сходу, калі праз заднія дзьверы нейкія штукары ўпусьцілі ў залю цэлую грамаду катоў. Праўда гэта ці не, - гаварылі пасьля, - што "сьвіньню падлажылі" "новыя Канадыйцы", значыцца, такія як і мы з вамі.

У зале пачалося паляваньне й гонкі. Каты, як звар'яцелыя, трапіўшы ў самую гушчу сваіх ворагаў, пяліліся на сьцены, на слупы, а сабакі паднялі такі брэх, што аж калацілася ад захапленьня старая будыніна ратушы. Падахвочаныя гонкамі за катамі, сабакі хапіліся ўдужкі міжсобку, а ці адна самлела зь перапалоху. Да ратушы пад'ехалі пажарнікі й амбулянсы, каб патрабуючым даць першую помач.

Пра гэны выпадак пасьля чулі далёка й шырака па цэлай краіне. А злосным сабакаводам Сторывілу ня было на кім злосьць спагнаць, бо нікога за руку не злавілі.

Даналдзіха Макданалдзіха адхварэла ўсю гэную прыгоду. Мая баба заходзіла да яе, каб выказаць спагаду. А я сказаў, што сьцягнулі яны, мусіць на сябе кару боскую, бо-ж гэтым людцам і ня думалася пратэставаць тады, калі бальшавікі міліёнамі марылі й забівалі людзей, ды мораць і забіваюць яшчэ й цяпер.

Але вось тут ці ня выявілася тая дзівосная англасакская натура ў вадносінах да сабак...

6

Некалі ў Тароньце, нашым беларускім цэнтры на Канаду й Антарыё, вельмі нашумела "вайна на кангрэсе міру". Гэтак назвалі тую падзею мясцовыя газэты. У той час, як гэна адбывалася я з бабай калупаўся ў французкім вінаградніку ў Бургундыі. Да нас, вядома-ж, рэха "вайны на кангрэсе міру" не даляцела і я нічога пра яе ня ведаў-бы, калі-б аднаго разу не пасуліў мне паслухаць пра гісторыю беларускага жыцьця ў Канадзе кумішча Яўтух. Сядзелі мы гэта, дальбог, як калісь на бацькаўшчыне, на маёй прызьбе. Толькі-ж тут гэта ня прызба, а выгодныя алюмінявыя, абцягнутыя палатном, крэслы. Як казаў кум, вудзілі піва й перакідалі старую трасянку. Трава ўжо пялася ўверх, гудзелі мухі й іншыя авадні, а на лехах у майго агародніка зелянеў мох рознага ворыва. Пакуль прыйшоў да тэй "вайны", кум закінуў вуду зводдаль, ад самых пачаткаў "беларускага руху".

- Трапіў, братка ты мой, я сюды, - кажа ён, - як нікагуткі з нашых яшчэ ня было. Упяклі, каб іх немач, на фарму, вілы мне ў рукі ды й заіванівай. Дух зь цябе вон! Як сьвет завязалі. А ты-ж знаеш: як чалавек гэтулькі пабадзяўся па сьвеце, дык дзе-ж ты ўседзіш? Цягне мяне ад таго гною ў людзі. Хоць ты гвалт крычы, мужык не пускаіць. Ну але пасьля трох месяцаў я ўсё такі вырваўся й трапіў у Таронта. Думаю-ж сабе так: Таронта - вялікі горад і калі дзе ў Канадзе нашы ёсьціка, дык напэўна тут.

- На першага "земляка" ў гатэлі наткнуўся. Гляджу, сядзіць за сталом ураднік, расейскую газэту чытае. Пытаюся яго: тут ёсьць дзе-небудзь нашыя Беларусы? А ён паказеліў на мяне, як цыган на каня, бельмы, дый кажа: - Да есьць зьдзесь многа белорусоф: і закарпацкіх, і валынскіх, і віленскіх, і гродзенскіх, і прочых сколька ўгодна...

Як жыву, ніколі ня чуў, каб Закарпацьце ці Валынь да Беларусі належалі. Думаю сабе, што гэта за такія новыя землякі тут напладзіліся. От і еду туды, куды мяне той "зямляк" накіраваў. Прыяжджаю. Дом той, як дом, трохпавярховы, на рагу вуліцы стаіць. На нізе крама малая, дзе ўсякая дробязь на продаж. Уваходжу. Дзядзькоў, старэйшых ужо гадамі, штук ці ня пяць на лавах бачу. Сядзяць і рассасуліваюць. А сьцены, - Божа мой! жахнуўся я, - гляджу: проста ад краю да краю бальшавіцкай прапагандовай поскудзяй абклееныя. Даўно-ж я гэтага "роднага" ня бачыў, дык аж скалатнула мяне. Сталінава мардаха на самым пачэсным месцы красуецца, а тут з бакоў і іншыя тучныя рашкі, што, як казаў той добры чалавек, цагліны просяць.

Кажу ім "добры дзень", а яны мне на гэта "здрасьце" адказваюць. Як толькі пранюхалі, адкуль я й хто, дык такая завязалася гаворка, што мяне часта аж у пот кідала. Знаеш, пачалі мне ў вочы асой назаляць, насядаць з усіх бакоў ды таксама бальшавікоў хваліць, як некалі ў трыццаць дзявятым у нас дома палітрукі. Братка ты мой! Ня мог-жа я гэтым "земляком" спуску ў языку даць. А дзе-ж ты раду дасі: у цябе адзін язык, а тутака дваццаць. Думаю, што возьмуць яшчэ морду наб'юць ды як жабу на вуліцу выкінуць. Ня ведаю, адкуль іх гэтулькі набралася. Не агледзіўся, як каля мяне, мусіць, чалавек ці не паўсотні. Адны гавораць, а другія кепікі строяць, навет фашыстам мяне называюць. Каторыя, што воддаль, ажно на лаўкі ўскарабкаліся, каб гэтага "фашыста" пабачыць. Каб вас немач, як успомню цяперака, дык дальбог страшнавата было. Але цэлы выйшаў...

- Дык, кажаш, пазнаў закарпацкіх, валынскіх і гродзенскіх?

- Самы зброд, ядроні іх ў палку. Ня чуў, каб хто пабеларуску гаварыў. У іх ці Беларус ці Расеец, дык гэта "усёраўно рускі". От і гавары ты зь імі. Такое-ж гэта ўсё завэдзганае бальшавіцкай заразай, такое цёмнае, што языка добраму чалавеку шкада зь імі мазоліць. Асінавым калом праўды ім у галаву ня ўб'еш.

- Але ведаеш, кумішча, добра, што паехаў і заглянуў у гэта асінае гняздо. Даведаўся, што тут наагул нічога беларускага няма. Тады, як толькі жменя нашых дзяцюкоў прыехала, адразу ўзяліся сваё будаваць. Пачаткі цяжкія былі. Ну але мушу табе пра гэтых расказаць. Ты калі чуў пра "вайну на кангрэсе міру"?

- Не, ня чуў.

- Пра гэта мушу табе, братка ты мой, расказаць, - гаварыў кум кульнуўшы яшчэ адну шклянку піва й зацягнуўшыся табачным дымам. Было гэта недзіка ў пяцідзесятым годзе. Чакай, так, пяцьдзесятым, бо тады якраз наш Пямелька жаніўся, а тое якраз зараз-жа пасьля ягонага вясельля перад Сёмухай. Дык знаеш, гэты бандзюга Сталін усюды гарлапаніў "даёш мір", людзям галовы дурыў, а сам ужо ў Карэі авантуру рыхтаваў. Ну, адным словам усхадзіліся гэтыя мясцовыя паўлюдкі ды давай тут свой "кангрэс міру" арганізаваць і чыстую ваду муціць. І вось яны, - знаеш што? - давай сьцягнуць на свой мітынг гэнага самага, каб ён запрапасьціўся, рыжабародага дзяка з Кантэрбэры, як яго?

- Таго, што Сталін яму залаты мэдаль даў?

- Ага, гэнага самага чорта, як-жа яго...

- Джансана?

- Так, яго. Яго самага, каб ён век з пекла ня выйшаў. Як пачулі мы пра гэта, дык давай тутака ў Тароньце ўсіх на ногі. Мы й раней былі зарганізаваныя, але як пачулі што гэты хлус руды мае прыехаць, дык увесь народ паднялі. Ды й не адзін народ, а ўсіх, што спад бальшавікоў. Давай, думаем, ядроні іх палку, усыплем гэтай заразе што называецца! Гэта так прыватна мы гаварылі, бо афіцыяльна няможна было, паліцыя не дала-бы. А рыхтаваліся мы добра. Тыя, што плякатныя дошкі ці палотны ладзілі, дык выбіралі такія палкі, каб паздаравей, каб можна было добра па якой чырвонай цьвёрдалобіцы смалянуць у выпадку чаго.

Перад мітынгам, за якую гадзіну ці раней, народ пачаў сьцягваць перад Мэсы Хол, дзе камуністычныя кузуркі спаўзаліся й дзе гэты руды замарак меў выступаць. Пазьбіраліся ўсе: і Беларусы, і Баўгары, і Ўкраінцы, і Прыбалтыйцы, і Славякі, Мадзяры, Казакі й іншыя. Так запрудзілі цэнтар гораду, што не праехаць, ані прайсьці. Паліцыі чалавек сто пяцьдзесят за парадкам сачылі, ды ўсяроўна радачкі ні далі...

Камуністы, каторыя спазьніліся, дык ужо празь пярэднія дзьверы ў залю не папалі, а ззаду, як пацукі, праз чорныя хады лезьлі. Нашы паслалі некалькі здаравеенных дзяцюкоў усярэдзіну. Як пачаў іхны "прадсідацель" гаварыць, дык яны яго адразу высьвісталі, а як гэты, узнагароджаны Сталіным, рыжы брыда выйшаў на сцэну, клаб сваю лухту шапялявіць, дык падняўся вялікі вэрхал, як усёроўна на цыганскім рынку. Нехта калі папусьціць яйцом сырым, дык яму проста на самыя грудзі, мусіць ці ня ў сталінскі залаты мэдаль.

Тады ўжо, братка ты мой, і пачалося. Шчапіліся. Калі тыя там усярэдзіне сабе, дык мы знадворку давай дзьверы штурмаваць. Паліцыя ледзь уходалася. Бойка трывала, мусіць, гадзіну, калі ня болей. Я стаяў недалёка ад дзьвярэй. Дабраўся да іх у самы разгар акцыі, але ў сярэдзіну гэта гадаўё паліцыянты ня пусьцілі. А адтуль нашых надвор выкідаюць. Ну й што ты зробіш? Іх замала было, каб абараніцца, калі гэта чырвоная шаранча насела. Дык мы давай тут камуністаў, каторыя на двары былі, хрысьціць. Пайшло ў рух, што ў каго ў руках было. Мне самому таўхялёў дасталася, але-ж і я па некаторых рашках сваім кругленькім кіем праехаў. Ядроні іх палку, чырвоныя бальшавіцкія морды, добра я ім даў. Але ня згледзіў калі мяне паліцыя зь іншымі ў каталажку ўпіхнула. Ноч у халоднай пасядзеў.

- І што засудзілі?

- Дзе там! - усьміхнуўся кум Яўтух. - Толькі судзьдзя пальцам памахаў, ды на волю выпусьціў.

- І што з таго кангрэсу выйшла?

- Вялікі пшык, братка, вось што! Лічы, што разагналі. Толькі газэты захапляліся такой падзеяй. На першай бачыне, помню, вялізнымі літарамі загаловак: "Вайна на кангрэсе міру. Чырвоныя, як мышы пад мятлою. Тысячы Новаканадыйцаў спараліжавалі цэнтар вялікага гораду". І падобнае.

- Дык вы можа камуністам зрабілі вялікую прапаганду, а сябе паганьбілі?

- Зусім не! - горача запярэчыў кум. - Яны дзясятаму заказалі. Ад таго часу, нячыстая сіла, асьцеражней пачалі. Так ім, нягоднікам, і трэба. А Канадыйцы першы раз у вялікім маштабе ўбачылі нас, абаронцаў паняволеных народаў, у акцыі супраць маскоўскіх падхалімаў. І мы гэтай чырвонай хэўры паказалі!

7

Канада абкружаная вадою й толькі з аднаго боку мае зямельную мяжу із Злучанымі Штатамі. Свайго паўдзённага суседа людзі рэдка калі называюць Амэрыкай, а найчасьцей кажуць: еду ў Штаты, быў у Штатах. Мяжа паўдзённая цягнецца на адлегласьці звыш шасьці тысяч кілямэтраў і найбольш па роўнай лініі.

Мы, што вырваліся з эўрапейскага катла, які вечна кіпіць і выбухае, ніколі не маглі ўявіць сабе выгляду канадыйска-амэрыканскай мяжы. Што за яна? Ці там слупы й калючы дрот на ей, як між некаторымі дзяржавамі-катухамі ў Эўропе? Ці там стаяць, із зброяй напагатове, на варце жаўнеры, як на кантыненьце, што выхваляецца нараджэньнем найбольшых мудрасьцяў?

Неўзабаве давялося быць міла рашчараваным, або, - бліжэй да праўды, - захопленым. Скора мы з кумам Яўтухом ня толькі тую мяжу перайшлі і ў Штаты схадзілі, каб іх паглядзець, але, - аж жах падумаць! - ледзь на гэнай мяжы бяспрытульнымі, безьдзяржаўнымі (значыцца як у Нямеччыне пасьля вайны "дыпісамі") не асталіся.

На мяжу трапілі мы таму, што захацелі пабачыць вадапад Ніягару. Самі-ж, паважаны чытачу, пэўне калі чулі пра такі вадапад? Як-жа ня чуць; адно зь ведамых цудаў сьвету. Справа такая, што цуда гэта разьмясьцілася на саменькай канадыйска-амэрыканскай мяжы і большая часьць яго, што завецца вадападам Конскае Падковы, належыць Канадзе.

Кажуць, што калі трапіш у Рым, сьпяшы пабачыць папу, а калі апынешся ў Канадзе, абавязкова зьезьдзі на Ніягару. Не пашкадуеш. Ад Таронта ў Ніягару па выдатнай шасе можна заехаць аўтам за паўтары гадзіны. І мы, якія жывём побач, ня мелі-б ніякага апраўданьня, калі-б Ніягары не наведалі. Як нашы людзі ў гэтай краіне атаўбаваліся, крыху агледзеліся, нейкія свае сьцежкі пратапталі й вехі далейшага падарожжа назначылі, адразу нарадзілася думка, каб паехаць на вадапад Ніягару. Думку народ падтрымаў а кум Яўтух прынадзіў і мяне. І я ня памятаю як і чаму так сталася, што мая баба й дзеткі ня выбраліся разам з намі: ці то баба ніякавата чулася, ці яшчэ якая іншая трасца... Пішу я гэта, паважаны чытач, нейкі час пасьля падзеі, дык цімала што з галавы выветрыць...

Зрэшты, дробязь гэта. Мяне кум Яўтух прынадзіў, каб паехаў разам з грамадой нашых суродзічаў з Таронта пабачыць Ніягару. Мала хто з нас меў тады аўтамабіль. Нанялі аўтобус, у які ўлезла якой паўсотні чалавек і ў дарогу. Памятаю пякнюсенькі ліпеньскі дзень, звонкія галасы хлопцаў і дзяўчат, гарэзьлівы сьмех, скрып гармоніка, песьні. Моладзь, а ў яе ліку можа адна чвэрць дзяўчат. Чамусьці Бог няроўна разьмяркоўвае, калі нас на чужыну з наседжаных гнёздаў выганяе: найбольш ідуць мужчыны й дзецюкі, а пасьля яны ўжо цягнуць сабе жонак ці дзевак, а калі няма каго дык і чужых шукаюць. Але я тут пра эміграцыйны працэс адно мімалётам...

Той ліпеньскі дзень стаіць у маей памяці ня толькі дзякуючы маей і Яўтуховай "экскурсіі ў Амэрыку", але й цэлай расьцвілай пышнасьці цудоўнага гарадка Ніягары. Заліты кветкамі й сонцам, аж па берагі перапоўнены турыстамі, сьвята намалявана на кажным амаль твары. А мой кумішча, разгледзеўшыся, паказвае на найбольш шыкоўны гатэль дый кажа:

- Ты знаеш, кум, колькі там за ноч дзяцей змайструюць?

- Ты гэта пра што? - намагаюся дадумацца, што "ў галоднага на ўме".

- Ну маладыя, ведаеш... мядовы месяц. Ха-ха-ха!

Я лёгка ўсьміхнуўся, паглядзеў на дзяцюка. А пра што-ж яму думаць?

Спачатку мы ўмовіліся ў якім месцы й часе маем спаткацца з аўтобусам, а пасьля ўжо пайшлі прыглядацца тым міліёнам галёнаў вады, якая падае із скалістага абрыву ўніз; а ля падножжа вадападу сачылі, бы малую шкарлупіну, турыстычны карабель Maid of the Mist. Адгэтуль, зьверху карабель выглядае дзіцячай забаўкай на магутных плячох узбушаванай воднай стыхіі.

Спагнаўшы першую ахвоту над гэтым сёмым ці каторым там цудам сьвету, стаім і думаем: што далей? І тады ў плённых Яўтуховых мазгох успыхае нейкая іскра:

- А ведаеш што, кумішча? Цікава было-б паглядзець, што там на гэным баку, - ківае кум галавой у бок Злучаных Штатаў.

- Праўда, цікава, - згаджаюся я.

- А чаму-б нам ен паглядзець? - прадаўжае Яўтух.

- Гэта як то? - няўцямна гляджу ў яго хітраватыя вочы.

- А зусім проста. Давай, пойдзем і паглядзім.

- А калі ня пусьцяць?

- Дык назад вернемся. Хіба-ж нас ня ўкусяць...

Сьмелая думка. Я адразу згадзіўся. Па Rainbow Bridge (Мост Вясёлкі) ехалі ў абодва бакі аўты, плыў паток людзей. Можа навет залішне асьцярожна, азіраючыся навокал, мы мінулі будкі канадыйскіх мытнікаў. Ніхто нас не затрымаў і ня пытаўся, куды вы й чаго. Пасьмялеўшы, мы ўжо зь нейкай упэўненасьцю, усьміхаючыся адзін да аднаго, маршыравалі ў "Амэрыку". Пасярэдзіне маста мы прыглядаліся сьцягом: з аднаго боку на машце - канадыйскі, пасярод Аб'еднаных Нацыяў, а зь іншага - Злучаных Штатаў. Калі дзе тут і была нейкай лініяй пазначана дзяржаўная мяжа, дык падноскі абутку й шыны аўтаў, пэўне, сьцерлі яе. Вось вам і адказ на пытаньне: як выглядае мяжа. Ніякага войска, ні дроту. Свабодныя людзі із двух вялікіх і прыязных народаў свабодна йдуць і едуць каму й куды трэба, няйнакш, можа, як у якім вашым мястэчку. Але, - чакайце, дабрадзеі, - яно мяжа то за намі, але недзе-ж наперадзе перад намі вушы й вочы іншай дзяржавы. Падыходзім.

- Адкуль вы? - пытаецца амэрыканскі мытнік. Голас яго ветлівы, бяз тэй экстра-шурпатасьці, за якую звычайны чалавек ненавідзіць ураднікаў.

- З Таронта, - адказваем адным голасам.

- Куды ідзеце? - пільна прыглядаецца нам ураднік у чорным.

- У Наегра Фолс, - адказвае кум.

- Наведаць каго?

- Ды не, проста паглядзець хочам.

- Маеце асабістыя пасьветкі?

У Канадзе, як і ў Злучаных Штатах, ніхто цябе ня змушае, каб ты меў асабістую пасьветку. Навошта? Пашпарты адно трэба, як за мяжу едзеш. А гэтта, відаць, нейкую пасьветку трэба. Кум зірнуў на мяне, паварушыў плячмі, урадніку нічога не адказаў. Той, зразумеўшы ў чым справа загадаў:

- Зайдзеце, калі ласка, у бюро.

Мы ўвайшлі ў паказаны пакой. За падоўжаным сталом, так вышыні да грудзей, стаяў іншы маладжавы ўраднік. Вочы й вушы магутнай дзяржавы. Улада. Бязь ніякіх прадмоваў, ён спытаўся:

- Вы адкуль?

За гэтым пайшлі іншыя пытаньні. І наапошку, найважнейшае:

- На вялікі жаль, у Злучаныя Штаты ня можам вас пусьціць так бязь ніякіх дакумантаў. Прыдзецца даведацца...

- Дык мы вернемся ў Канаду, - зусім быццам абыякава сказаў Яўтух.

- Вернецеся ў Канаду? - ледзь усьміхнуўся дзяцюк. - А вы пэўныя, што вас пусьцяць? Вы-ж без дакумантаў.

Простая й наіўная дурнота. Памятаю, што ў той час я, як і мой кумішча, ня мелі прывычкі насіць у кішэнях кашалькоў. Але-ж, бывала, што маеш пры сабе нейкі заадрасаваны табе ліст, ці што. А гэтта, як на ліха, ні ў мяне, ні ў кума нічога няма. Як быццам сяньня нарадзіліся. І запраўды: а што будзе, калі нас назад у Канаду ня пусьцяць? Адкуль ім нас ведаць? Дакладна памятаю, што па целе маім пачалі бегаць раптоўна мурашкі, а я зь няўцямнасьцю пазіраў то на кумішчу, то на ўрадніка. Яўтух, - было відаць па ім, - перажываў нешта падобнае.

У суседнім пакоі пачуўся званок тэлефону й неўзабаве адтуль паказалася фігура здаравеннага дзядзькі з вузкім тварам.

- Джоў, хадзі сюды, важнае нешта!

Наш маладжавы ўраднік шпарка рушыў у пакой. Мы асталіся самі.

- Давай, кумішча, бягом назад! - ледзь ня крыкнуў я.

Яўтух зірнуў навокал. Нікога няма. Зразумеў мяне адразу й мы борзда рушылі празь дзьверы. Ураднік у будцы кінуў на нас вокам, але ні слова не сказаў. Спачатку быццам нам не нагліла, але энэргічнымі крокамі мы накіраваліся на мост. А ўжо як крыху адыйшліся й амэрыканскага бюро ня відаць было, мы ледзь не бягом рушылі. Тут-жа й мяжа. І адкуль у кумішчы Яўтуха ў гэны час гумар браўся! Спыніўся пад сьцягам АН, выцягнуў папяросу, паволі прыкурыў, із смакам зацягнуўся дымком.

- Цьфу на вас! Ты ведаеш, а што, як гэтыя чэрці, - кіўнуў ён у бок канадыйскіх мытнікаў, - ня пусьцяць? Вось дзе мы будзем начаваць, на самай мяжы. Ты-ж толькі падумай сабе! Гістарычная падзея. Ці ты, Яўхімка Крайненькі, сьніў калі ці марыў, што будзеш на канадыйска-амэрыканскай мяжы адпачываць, зусім ад абедзьвюх дзяржаваў незалежны? Гэта-ж ні ахцінькі табе! Ха-ха-ха!

Шчыры рогат. Я ня бачыў камічнасьці нашай сітуацыі. Які табе тут сьмех, калі да сваіх ня ўдасца вянуцца? Сэрца ў пятках. Прыбліжаемся да будкі. Вочы канадыйскага мытніка свідруюць нашы твары.

- Вы адкуль? - пытаецца ў нас.

- З Таронта.

Ураднік, здаецца, спасьцярог нашы дрыжачыя галасы, але прадаўжае бязь зьдзіўленьня:

- Як доўга былі ў Штатах?

- Мы ня былі, - адказвае Яўтух.

- О-о? Як гэта разумець?

- Нас ня пусьцілі, бо дакумантаў ня маем.

Настаў жахлівы момант. Гэты чалавек ізь сьвідрамі-вачмі гэтта-ж вырашыць наш лёс. Першы раз мытнік усьміхнуўся.

- Гэта ваша група прыехала там аўтабусам?

- Ага, наша...

- Ведаеце што? Я бачыў, як вы тут міма праходзілі. Дык памятайце на будучыню, што лепш без дакумантаў не хадзіць. І падзякуйце мне, што вас бачыў. А так, магчыма... Зрэшты, уцякайце!

За намі стаяла чарга й мы не чакалі, каб мытнік нас спанукаў.

- Глянь ты, глянь на яго! - дзівіўся Яўтух. - Сотні людзей побач праходзяць, а ён во бачыў нас, як мы йшлі й запамятаў. Гэта-ж, падумай, кумішча, якое шчасьце!

- Ага, шчасьце, - уздыхнуў я с палёгкаю. - І навука.

Нас паглынуў сьвяточны настрой, цудоўнага канадыйскага гарадка. Быццам забыўшыся на нашу нязвычайную прыгоду, Яўтух пазіраў на шыкоўны гатэль воддаль і ўголас мяркаваў:

- Ты, кумішча мой дарагі, ведаеш колькі ў гэтым гатэлі народу плянуецца, а пасьля прадукуецца... Эх, брацец ты мой, якая-б гэта асалода была, каб і мне туды неяк із добрай бабёнкай забрацца!


1963-1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кастусь Акула. Усякая ўсячына. Выданьне "Пагоні", Таронта, 1984, ISBN 0-96908969-6-2
Падрыхтавана: Раман Кардонскі